Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
Аздоблен квас быў і грыбамі (Выключна ўсё баравічкамі).
Цыбуля, перчык, ліст бабковы — Ну, не ўясісь, каб я здаровы!
Са свайго апетыту беларус заўсёды пасмейваўся (уменне іранізаваць не толькі з кагосьці, але і з самога сябе — адна з самых, па-мойму, вартых рыс беларускага нацыянальнага характару):
«Прадаў на рынку кабана, пайшоў закусіць. З’еў тры міскі капусты з боханам хлеба, сала хатняга з фунт. Тут купіў яшчэ тры порцыі смажанай каўбасы ды ўмяў. Пасля бульбы змамоніў міскі тры. Зноў баршчу міску ўбіў з булкай. А пасля як успомніў што брат у салдатах, то як завязала».
Чуллівы чалавек, праўда? Есці не можа, калі брату цяжка.
...Першай стравы, здаецца, насёрбаліся. Пераходзім да другой. Нават не ведаю, з чаго пачаць. Занадта ўсяго. Ну, ясна ж, на другое кашы. Усякія. Робяць у місцы з кашай «калодзеж», наліваюць туды падлівы з мясам і чэрпаюць па краях. «Калодзеж», ясна, шырыцца, і туды даліваюць і даліваюць, аж пакуль не зробіцца адна суцэльная «студня» з мяса. Тады яе дабіваюць лыжкамі і просяць яшчэ.
I яшчэ назаву некалькі назваў без усякай сістэмы. Скажам, калдуны, нешта накшталт вялікіх і доўгіх пельменяў. Ну і,
вядома, яешня. Проста яешня «глазуха» і яешня, запечаная з мясам і салам у гаршку — «верашчака».
Або мачанка з блінамі. Своеасаблівая падліва з мяса, рабрынак і сала, падбоўтаная мукой, у якую «мачаюць» бліны. На поўдні і ў Прыдняпроўі вялікім поспехам карыстаюцца «кіяшы» — вараная маладая кукуруза. На кіяш кладуць кавалак масла і, пакуль не растаў, падсольваюць і ядуць.
Цяпер пра мяса. Беларус згодзен толькі з другой паловай украінскай прыказкі «рнба — лнннна, а м’ясо — свнннна». Лін у нас не лічыцца добрай рыбай, засалодкі. Але свініна надзейна займае першае месца. Раней галоўным было сала, прычым асаблівым шыкам было есці «сала на повен рот, a хлеба так толькі, для смаку». Цяпер сала ўсё больш саступае месца летнім і зімнім каўбасам, паляндвіцам і іншаму. Вэнджаную ў хатняй капцільні шынку і так ядуць, і закусваюць, і проста перакусваюць, калі раптам перад абедам забурчала ў жываце... Ядуць, вядома, і ялавічыну і бараніну. Ну і, вядома, птушка займае сваё месца на стале. У азёрных і балотных мясцовасцях, дзе і стрэльбы ёсць, і на рынак не дужа адвязеш. у сезон ядуць усё, аж да качак, запечаных з прыправамі ў гліне. Гэта на паляванні. I рэдка мне даводзілася есці нешта смачнейшае. Дужа смачная таксама качка з бруснічным варэннем, крышаньші бурачкамі і яблыкамі.
I,	ясна ж, рыба. 3 яе таксама ёсць шмат страў, і апісаць іх тут усе няма магчымасці. Толькі пару слоў пра цудоўную юшку, празрыстую, бурштынавую ад тлушчу і ад таго, што цыбулю туды кладуць, зняўшы толькі верхнія сухія жоўтыя лушпайкі. Ніжнія, таксама жоўтыя, але яшчэ жывыя, не здымаюцца. У юшку ідуць прыправы і прысмакі. Часам робіцца юшка «ў дзве ці ў тры рэдзі». Гэта значыць, што спачатку варацца акуні ці яршы, пасля іх вымаюць, і толькі тады ў адвар кладзецца «сапраўдная рыба», рыбцы, ляшчы, сцерлядзь, калі трапіцца.
У ежу ідуць амаль усе гатункі рыб і іхняя ікра (яе некаторыя соляць). He ядуць толькі ікры мірона, якая часам бывае атрутная. На поўдні ядуць яшчэ і ўюноў, якіх ловяць узімку так: устаўляюць у палонку кошыкі без дна, напханыя сенам. Але паўночней замест уюна часцей ідзе ў ход вугор. Яго
вараць у юшцы, часцей вэндзяць. Добрая таксама і сялява, якую смажаць ва ўласным тлушчы.
Ракаў ядуць далёка не ўсюды. Нядаўна, ловячы рыбу з жыхарамі вёскі Церабяжоў на Століншчыне, убачыў на беразе поўна ракаў, дзе жывых, а дзе і высахлых. Выявілася, што, калі выцягваюць нерат, ракаў выкідваюць, «каб не паскудзілі раку».
— Што ж вы робіце? Смакоцце такое!
— Гідка.
Але як наварыў, сабраўшы (цяпер ужо аддавалі мне), і паказаў, што і як, то ўмялі за добрую душу... I так у многіх мясцінах.
He гідуйце, але ёсць пара мясцін, дзе арцелі ловяць жаб (не рапух, а зялёных жабак) і маюць з таго добры прыбытак. Яны ідуць за мяжу.
Пра што яшчэ... Ага, малако. I сырое, і кіслае, і смятана, і тварог. Як пісаў у паэме «Новая зямля» Якуб Колас:
Тварог, запраўлены смятанай, Нясла з вялікаю пашанай.
Ну і, ясна, кісялі, узвары, яблыкі, свежыя і мочаныя і проста залітыя вадою з прыправамі, так што зімою як свежыя, але нібыта апушчаныя ў яблычны сок, памідоры і гуркі (узімку салёныя). На поўдні і ў Прыдняпроўі нават вінаград беларускіх гатункаў. Хто мае 20—30 лозаў, той часам зберагае яго да вясны, уторкваючы чаранкі кожнай гронкі ў дужа познія грушы, што аж да Каляд цвёрдыя, як кій. Або ўстаўляе чаранок кожнага грона ў бутэльку з разбоўтаным попелам... I п’юць мёд, вядома, калі ён ёсць.
I, ясна ж, суніцы і чарніцы. Чарніцы часта ядуць, заліўшы ў місе малаком. Рот робіцца чорны, як у злоснага сабакі, затое смачна.
Нацыянальныя беларускія напоі — гэта квас і, перш за ўсё, бярозавік. Сок бярозавы п’юць і свежы, і даўшы яму перабрадзіць і крыху закіснуць. Так ён зберагаецца ў бочцы да жніва, і яго бяруць у поле. Кіславата-салодкі (часам у яго дабаўляюць хатні парэчкавы ці яблычны сок), рэзкі, дужа до-
бры ў спёку. Робяць таксама віно з яблыкаў. Выціскаюць сок і даюць брадзіць. Любяць моцнае хатняе піва, а на паўночным усходзе — брагу. Заліваюць наліўкі. Папулярнасцю карыстаецца крупнік, звараны з мёдам, вострымі прыправамі, травамі і каранямі, а таксама «тройчы дзевяць», лячэбная настойка на дваццаці сямі травах. Рабінаўка, кмяноўка. Я ўжо не кажу аб настоях для лекаў, якіх сотні.
Ну і «жыватоўка» — тое, што ўкраінская «горілка з перцем». I зуброўка — на сапраўднай, пахучай і ільснянай зубровай траве.
I вось вам апісанне гулянкі багоў з «Тараса на Парнасе»:
Наперш дала яна капусту, Тады са скваркамі кулеш, На малацэ крупеню густу Дае уволю, толькі еж.
I з пастаялкай жур сцюдзёны, I з кашы сала аж цякло, Ды і гусяціны пражонай Уволю ўсім багам было. Як унясла ж на стол каўбасы, Бліны аўсяны ў рашаце, Аж слінкі пацяклі ў Тараса I забурчала ў жываце. Багі гарэлку піць пачалі, 3 насадкі' ў чаркі так і льюць, Падпіўшы, песні заспявалі.
Чаму я апісваю вам гэта? А таму, што ежа розных народаў, як і вопратка і жыллё, усё больш і больш падпадае стандарту.
I ў Маскве, і ў Кіеве, і ў Мінску, у хаце і ў сталоўцы — амаль паўсюль вы ясце тыя ж самыя катлеты ды біфштэксы, носіце тыповыя вопраткі з падобных матэрыялаў, усё больш забываеце непаўторнасць і адметнасць жыцця той мясціны, адкуль вы родам. А да канца забываць пра гэта нельга. Чалавек, што губляе памяць, губляе ўсё.
Але што гэта я? Ужо досыць пра ежу. Бо можна падумаць, што я нейкі Гарганцюа. А я ў гэтым сэнсе якраз нетыповы беларус.
1	Посуд з рыльцам.
КУФАР ЖЫЦЦЯ
...Пяройдзем цяпер да куфра. Ён зараз амаль выціснуты шафаю, але я кажу аб параўнаўча нядаўнім мінулым, і да таго ж ёсць мясціны, дзе куфар, або скрыня, яшчэ й зараз пануе ў хаце, іх нават яшчэ робяць сям-там. Лепшымі куфрамі лічацца тыя, што робяць у Іванаўскім раёне на Палессі.
Куфар у нас прыблізна такі, як і ў Расіі, і на Украіне, хіба што большы памерам. Часам нават на колцах, як палтаўская скрыня. Адрозненне — у колерах, якімі ён распісаны. Колеры беларускага куфра больш глухія: фіялетавы з чырвоным, карычневы з сінім і чырвоным і г. д. Ды акрамя кветак і «букетаў» на нашых куфрах ёсць япічэ стылізаваныя фігуркі людзей, коней і г. д.
Адкрыем куфар. I прабачце мне, што я скарыстаюся тым жа ходам думкі, які так удала ўжыла ў сваёй паэме «Куфар» беларуская паэтэса старэйшага пакалення Ларыса Геніюш. Толькі ходам думкі, толькі прынцыпам. Праз куфар — жыццё чалавечае.
Шырокі, высокі, акованы куфар, малёваны вокал, з клямкаю са сталі, не ўстыдно б такому і на панскі хутар. Куфар незамкнёны, бо у нас не кралі.
Гэта праўда. I зараз у далёкіх вёсках гаспадар, выходзячы з хаты, толькі прыпірае дзверы кійком, каб ведалі, што нікога няма дома, і каб часам не ўлезлі сабакі ці свіння.
У пахучым куфры важна ўсё ляжала, што сама бабуля працай рук прыдбала. Быццам водар з поля пранясло ля хаты, так запахла лугам, чабаром і мятай.
Вось ляжыць, на памяць, пялюшка першынца. У некаторых мясцінах яе кладуць маці ў труну, калі памрэ. Каб «памятала», як маладую маці на трэці дзень, на «ўзвары», наведвалі суседкі і прыносілі ёй розныя стравы, як «бабку» (нават калі маці была ў радзільным доме) садзілі ў санкі ці на воз і з песнямі везлі па сяле, а тая падганяла жанок доўгай
хлудзінай, як «бабка» частавала ўсіх «бабінай кашай», а тыя за гэта дарылі бабу.
Як мужчыны, «на шчасце кугакалу»1, стралялі за весніцамі са стрэльбаў у паветра (гэты звычай, між іншым, быў не ўсюды).
Як спявалі бясконцыя песні, у якіх, не заўсёды нявінна, даставалася бабцы, куму і куме.
А вось стаяць, як палі, сувоі белага льнянога палатна. I можна ўспомніць, як, дзяўчынаю ўжо, церла гэты лён і прала, віла і снавала і як у траўні ўвесь свет быў белы: ад вішань, ад яблынь, ад палотнаў на лузе пад сляпучым сонцам.
Цяпер саматканыя палотны робяць рэдка, але робяць, дый старое палатно берагуць. «Свая» тканіна і вопратка з яе лічацца самай здаровай для летняй спёкі.
Далей ляжаць «сцежкамі ў полі» розна вышытыя ручнікі. На іх «сінія валошкі з макамі ў вяночак, галубок і пеўнік, ягады каліны, нагаткі, рамонкі, гожыя юргіні. Па канцах карункі тонкім павуціннем...»
У кожнай мясціне вышыўка была непаўторнай, каларытнай, мясцовай, не такой, як у суседзяў, хаця, вядома, якой бы яна ні была, чалавек заўсёды скажа: «Вось польскі ручнік, вось украінскі, а вось гэта — беларускі». На Беларусі вядома больш за сто спосабаў і відаў вышыўкі.
Ручнікі на сценах, ручнікі ў мыцельніку.
А ручнік яшчэ ж і падарунак... Вось гэты падрыхтаваны для свата, каб лепей жартаваў на вяселлі.
Ляжаць белыя «кашулі» (сарочкі), вышытыя па каўняры, рукавах, поліках, а часам і па ўсёй пазусе. Чорна-чырвоныя візэрункі, зялёныя, калі травамі, зялёна-карычневыя, сінія, калі валошкі.
Тут жа безрукаўкі. У іх апраналіся паўзверх сарочкі, і называліся яны па-рознаму: «шнуроўка», «кабат», «станік», «гарсэт». Яны барвовыя, зялёныя, сінія, шнураваныя.
Звычайна безрукаўкі падпярэзваліся тонкім паяском, які ззаду завязваўся прыгожым бантам і спускаўся на спадніцу.
1 Крык дзіцяці і крык савы аднолькава перадаецца выклічнікам «ку-га!» (уа!), таму нават бытавала павер'е, нібыта крык савы прарочыць, што ў доме хутка народзіцца дзіця.