Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
кругам. Яны так зрасліся, што, каб адна не ўпала — унутр гэтага драўлянага круга нельга было б трапіць.
Як бачыце, амаль у кожнай беларускай вёсцы ёсць што паглядзець. Толькі трэба ведаць, што глядзець.
Пра воблік новага беларускага сяла, пра саўгасы і калгасы я раскажу крыху далей.
ІІРОСІМ У ХАТУ, ГОСЦЕЙКІ НАШЫ!
Але зойдзем у хату, якой яна была яшчэ не так даўно, а часам сустракаецца і зараз. Спачатку трапляем у сенцы. Яны і зараз служаць для гаспадарчых мэт. Тут вёдры, цэбры з рознай рознасцю, маслабойкі (цяпер часта сепаратар) і г. д. Дзверы насупраць вядуць у камору, дзе таксама рэчы для гаспадаркі і на паліцах розныя прыпасы. Другія дзверы вядуць у халодныя пакоі. Іх адзін ці два. Раней гаспадыня ўлетку выносіла сюды кросны, ткацкі станок, бо ў самой хаце горача. Тут жа ўлетку спалі старэйшыя (для маладых служыла і служыць адрына з сенам). Тут узімку ляжаць на аўсянай саломе яблыкі, рассыпаныя тоўстым пластом жалуды для свіней, іншыя прыпасы. Раней зрэдку, а цяпер досыць часта ў халоднай палове ёсць і грубка, так што пры выпадку (наезд гасцей ці яшчэ нешта) можна размясціць процьму людзей. У мінулым стагоддзі, калі шафаў, вядома, не было, а ў куфры (скрыні) не ўсё змяшчалася, тут стаялі і «кублы» з лішнім адзеннем і іншым дабром.
У некаторых хатах да халоднай паловы была прыбудова, у якой спалі ў зусім нясцерпную спёку тыя, хто не хацеў ісці проста ў садок, пад дрэвы. Часам яе можна ўбачыць і зараз. Я аглядаў некалькі такіх, і «абстаноўка» іх заўсёды была аднолькавая: нізкая, дужа шырокая і доўгая, «скрыня» на ножках, у ёй сяннік, набіты сенам, мякенькай аўсянай саломай ці гарахавіннем, радно, падушкі і полаг. Абавязкова. Ад камароў. Зроблены з радзіны, падобнай на марлю.
Вернемся ў сенцы. Ага, мы забылі яшчэ вось што. Лесвіцу, «драбіны», або проста бервяно з засечкамі, якое вядзе на гару, дзе вісяць шынкі і летнія каўбасы (зімнія каўбасы, залітыя салам, і само сала — у дзежках і гарлачах, у сенцах ці ў каморы).
Цяпер — у хату. Выгляд яе для кожнай мясцовасці быў розны. У даўніну бывалі хаты з комінам (цяпер комінам завецца пячны дымаход), плеценым і абмазаным глінаю конусам, пад якім на жароўні ці ў свечніку гарэла лучына, а дым ішоў комінам праз столь і страху. Бывалі хаты з вялізным, таксама абмазаным, каўпаком ля ачага, дзе ў зімнія ночы (там было цяплей) збіралася прасці і майстраваць уся сям’я. Ды і ў розных мясцовасцях хаты былі розныя. На два пакоі (трысцен і ўласна хата), на два пакоі з прыбудовамі і г. д. Але найбольш тыповы выгляд быў такі. 3 трысцена, дзе елі летам і, хто хацеў, спалі зімой і куды ўзімку бралі маладняк быдла, быў уваход у хату. Ля ўвахода, справа, мыцельнік, месца для мыцця посуду і кухонных рэчаў. Пасля печ. За печчу, па правай сцяне, пол (нары). Пад полам складалі розныя рэчы. Але ўжо тады замест пола часта стаялі шырокія ложкі, адзін з завескаю, для гаспадара. Уздоўж астатніх дзвюх сцен ішлі шырокія лавы, часам з тканымі налаўнікамі. На іх сядзелі і ноччу маглі спаць, асабліва калі бывалі госці. Часам гасцей клалі і пад лаўкі, залежна ад стану. У беларускай ананімнай паэме XIX стагоддзя «Тарас на Парнасе», дзе іранічна апісваецца гулянка «грэчаскіх» багоў, ёсць такія радкі:
I кожны бог так разгуляўся, Што аж не можна удзяржаць, А хто гарэлкі насцябаўся, Таго пад лаўку клалі спаць.
Перад лаўкамі — стол. Заўсёды дужа белы, бо яго часта скрэблі нажом. Стол і лаўкі часцей за ўсё былі з тоўстых дубовых дошак. Ля той сценкі, дзе дзверы, стаялі куфры і — узімку — гаспадыніны кросны.
3 упрыгожанняў былі — абразы на покуці. Бывалі сярод іх і лубачныя, але здараліся й дужа цікавыя. Ці старажытныя, ці наіўныя, уніяцкіх яшчэ часоў, дзе святыя былі ў беларускіх народных вопратках. Асаблівым поспехам карыстаўся святы Юры (патрон Беларусі), які забівае дракона, і святы Мікола за сваё сялянскае паходжанне і за тое, што (па беларускай легендзе) аднойчы ўратаваў адзіную кабылку беднага мужыка, якая заблукала ў лесе. He даў раздзерці ваўкам і памог
ажарабіцца, а пасля прывёў гаспадару. Згодна з павер’ем, калі жарабятка падрасце, то на ім паедзе той, хто дасць волю народу.
Цяпер ікон, вядома, зусім мала, але яшчэ трапляюцца, і сярод іх бываюць цікавыя.
I яшчэ адно ўпрыгожанне — тканыя посцілкі (у шашачкі, у шэсць, дванаццаць і дваццаць чатыры «ніты», чынаватыя і інш.).
I, вядома ж, ручнікі. Мноства. Раней вакол абразоў і акон. Цяпер каля карцін і партрэтаў. Ручнікі ў нас на Беларусі таксама розныя, па мясцовасці, і дужа разнастайныя. Узоры іншыя, чым у суседзяў, хаця ёсць і падобныя. Галоўная розніца — менш «раслін і кветак». Арнамент часцей геаметрычны. Меней чорнага колеру. Пераважае «вясёлка», жоўты, чырвоны, сіні, блакітны і іншыя такія колеры.
Ну вось. А цяпер паколькі я кепскаваты танцор, то пайду танцаваць ад печы. Печ — гэта цеплыня. Печ — гэта здароўе застуджанаму. Печ — гэта і гарачая, смачная ежа. На поўначы печ дужа вялікая і простая, хіба што з «пячуркамі» для запалак і лучыны на распал. Затое на поўдні яна меншая і часам нагадвае архітэктурную спаруду. Дзясяткі выступаў і ніш, у якіх гліняныя збанкі, ліверы (пасудзінка з дзвюма дзірачкамі, «цякло, бы з лівера, з вачэй»). Тут ёсць дзе ўстанавіць спарыш (два гаршкі, злучаныя ручкай, каб насіць на поле абед), паставіць і «ўдаву» — гаршчок, падобны на абаранак. Печ уся распісана кветкамі, дзяўчаткамі з каромысламі і коннікамі — улюбёны матыў. Зараз у наш час печ выцясняецца плітамі і плітамі газавымі, але пакуль ёсць у многіх хатах.
Дзе печ, там і тое, што з печы.
ХЛЕБ I ДА ХЛЕБА
Беларус любіць смачна паесціВось апісанне абеду з ананімнай паэмы XIX стагоддзя «Энеіда навыварат» (напісанай як наследаванне Осіпаву і Катлярэўскаму). Пра беларускія ананімы я яшчэ буду гаварыць.
За стол ўсе порадам садзілісь, Мялянік’ на стале ляжаў.
Дыдона варыва ўлівала, Шматкамі мяса ў місы клала I забяляла малаком.
Трупаціла яна крупеню, Яечню, руднік, жур, смажэню. Каму пячэню з часнаком;
Былі й салодкія пацешкі: Вяземскі пернікі, арэшкі, Мязгі й мязюму2 рашаты.
3 такой фламандскай сакавітасцю мог апісваць ежу толькі чалавек, які ўмее і любіць пад’есці і якому часам, што ўжо казаць, даводзілася і недаесці.
На куццю на стол ставілася 12, 18, а то і 24 стравы. I ўсё гэта трэба пакаштаваць. Некаторыя са страў я апішу. He сказаць каб усё гэта заўсёды стаяла на стале, але гэта стравы нацыянальнай кухні.
Перш за ўсё страва інтэрнацыянальная. Аснова ўсяго. Хлеб. Пшанічны, як на поўдні, у нас пякуць рэдка. Беларус любіць чорны хлеб і сумуе па ім, трапіўшы туды, дзе яго няма. Так што хлеб у нас жытні, вельмі духмяны. Пякуць яго на паду, на капусным або кляновым лісці, а пасля, спырснуты вадою, астывае хлеб пад ручніком, напаўняючы хату найлепшым у свеце пахам. Няма нічога смачней, як адрэзаць гарачую лусту, густа пасаліць яе і з’есці.
Дарэчы, ад хлеба і вылячэнне. У незапамятныя часы беларус заўважыў, што плесня, якая ўтвараецца ў дзежцы на рошчыне летам,— у гарачую пару, калі хлеб не пякуць,— загойвае нават раны, ад якіх вось-вось пачнецца гангрэна. Колькі трэба было ісці чалавецтву, пакуль яно вынайшла пеніцылін!
Улетку, калі дарагая хвіліна, елі праснакі (прэсны хлеб) і цацні. Да белага ставіліся ў даўніну крыху недаверліва, «нэндза прымусіць калачы есці» (г. зн. не здолеў пракарміцца з зямлі, пайшоў у горад на заробкі — апошняя справа! — a там, ясна ж, калачы). Але пірагі заўсёды любілі. 3 яблыкамі і
1 Гатунак пірага.
2 Разынак, ізюму.
ўвогуле з садавіной, з чарніцамі, кручаны з макам (струцаль). Калі пяклі іх, то рэшткі цеста раздавалі дзецям, каб кожны спёк сабе хаця б па маленькай булачцы, сваёй. I, як паўсюль у славян, існаваў «зайцаў хлеб», што бацька прыносіць з лесу ці з дарогі.
Хлеб даставаўся цяжка. Кінуць яго быў смяротны грэх. Абраніўшы, трэ было падняць кавалак, пацалаваць і сказаць: «Даруй, Божухна». Хлеб абагаўлялі. Была нават такая легенда. Нібыта раней колас быў на ўсё сцябло, аж да зямлі, і вось людзі зажэрліся. I нібыта Бог са сваёй світаю (а ён у беларускіх казках проста чалавек, толькі магутны, ходзіць па зямлі, начуе ў хатах, гарэлку п’е — прычым Мікола і Юры співаюцца) убачыў, як баба, жнучы, угледзела, што дзіця ўграшылася, і падцерла яго аладкай. Тады Бог узяў колас і пачаў абрываць яго знізу. Ледзь Маці Божая ўмаліла яго, каб пакінуў хаця вяршыньку «сабаку і кату».
Што б там ні было, а легенда вучыць павазе да хлеба.
Бульба. Другі хлеб. Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай на начлезе, якую так добра выкаціць з прыску, абскрэбці, разламаць і, калі яна яшчэ дыміцца, саліць і, захлынаючыся, глытаць — ад гэтай, печанай, і да «клёцак з душамі» (вялізныя клёцкі з цёртай бульбы, начыненыя мясам), да бульбы, фаршыраванай сушанымі грыбамі і запечанай у гарачай печы. Апісаць усе спосабы немагчыма. Але і проста вараная, з падгарэлымі вяршкамі, высыпаная на абрус на стале яна — дзіва! Бяры і еш. А да яе сала, салёныя агуркі (з кропам, халодныя) і селядзец (раней бульбу мачалі ў селядцовы расол — лёк). Або зялёны канапляны ці залаты сланечнікавы алей, масла каровіна ці міска кіслага халоднага малака, якое ў маёй мясцовасці падсольваюць. Кепска было раней, калі яшчэ не было бульбы. Тады замест яе былі параная рэпа, бручка ці нешта такое іншае.
Дарэмна нас дражняць бульбаю. Есць бульба, ёсць і да бульбы. Я не кажу пра ежу даўніх беларускіх магнатаў, усе гэтыя «ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце», «бабровыя хвасты» і іншае. Нават кухарская кніга XIX стагоддзя «Гаспадыня літоўская» (Беларусь тады часта называлі Літвою), кніга для сярэдніх класаў, дае тысячы рэцэптаў дужа складаных страў.
Добра. Ідзём далей. Што ў нас на першае?
Боршч раней у нас варылі досыць рэдка. Галоўнай была «капуста» з кіслай або свежай капусты. Затым ішлі «поліўка» — дужа тлусты гарачы суп, падбоўтаны мукой, «панцак» — пярловы суп з грыбамі. «Булён» — адкуль такая назва — невядома, бо гэта проста бульбяны суп, зашквараны салам, а зусім не французскі «бульён». Лапша з курынымі вантробамі. Супы па сезоне — шчаўе, маладая крапіва з яйкамі. Славуты халаднік з халодным мясам і гуркамі. Малочныя супы і сярод іх «гушча наліваная» — уласна, пшанічная каша, залітая гарачым малаком. I ўрэшце квас, род баршчу з буракоў. У чырвоны празрысты адвар клалі мяса, грыбы і іншае. Словам, як пісаў Я. Колас: