Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
ЗА ВЁСКАЮ РАЗЛІВЫ КАЛАСОЎ
За вёскамі палі. Зноў жа розныя. Поўнач. Мядзелыпчына з яе азёрамі і перакатамі ўзгоркаў. Гэта менавіта тут склалася загадка: «Поле ў паясках, поле ў піражках, поле ў дзірачках». Ты ломіш галаву над тым, што гэта такое, a адказ нечаканы: «поле». Паяскі — межы, піражкі — камяні, дзірачкі — дзірачкі сцяблін на ржышчы. Палі не дужа вялікія. Валуны значнага памеру сцягваюць на межы трактарамі ці спіхваюць бульдозерамі, і таму на межах цэлыя каменныя валы, крэпасці. 3 валуноў, расколатых берталетавай соллю, будавалі і часам будуюць і цяпер стайні, свірны, пуні.
Чаго-чаго, а каменю тут хопіць. Як сказаў паэт П. Панчанка: «Аматар трымаць чорны камень за пазухай тут мог бы набраць іх на дзесяць вякоў». Здавалася — прыбралі. He, пасля кожнага ворыва лезуць з зямлі, кожны дождж выбівае іх наверх.
На гэтых палетках лілавее канюшына, варушыцца вусаты ячмень, цягнецца, чапляе за ногі вільготнае і сакавітае сіло гароху.
Лубіну менш, затое сінія хвалі льноў літаральна бясконцыя.
Сярэдняя паласа. Тут разнастайнейшы рэльеф і такія ж палі. На Навагрудчыне з яе высачэзнымі ўзгоркамі — меншыя, на раўніннай багатай Случчыне — шырокія і раздольныя. Паўдзённы ўсход шмат займаецца гародніцтвам: капуста, цыбуля, радыс, морква, памідоры, гуркі, часнок, салата. Тут буйныя парнікова-цяплічныя камбінаты, якія працуюць не толькі на Беларусь.
Поўдзень. Палескае роўнае поле. To спрадвечнае, то нядаўна асушанае. На гарызонце зубчасты сілуэт лесу. На дрэвах пасярод поля па адной, па тры, па пяць пчаліных калод на кожным. Тут іх называюць «свепет». I зусім няма камення. Захацеў бы ў ворага кінуць, і то не знайшоў бы.
I ячменю мала. Яго, мужыка, нягледзячы на вусы, перамаглі грэчка і проса. I тут жа да іх у хаўрус уціснулася салодкая кампанія: кармавы лубін (паўсюль), цукровы бурак (на паўднёвым захадзе) і нязлічаныя каноплі (на паўднёвым
усходзе). Ну і яшчэ тытунь. А раз так, то ясна, што ёсць цукровыя заводы і тытунёвыя фабрыкі.
Гэта мы ўсё займаліся пакуль што паважанай, але не самай важнай кампаніяй. Цяпер пра галоўнае.
Бульба. Яна паўсюль, яна — універсал. За выключэннем некаторых паўночных раёнаў, дзе яе пасевы складаюць 15,8 працэнта ад пасяўной плошчы,— паўсюль яе да 20 працэнтаў. А значыць, тут жа працуюць заводы спіртавыя і крухмальныя.
33,3 працэнта плошчы збожжавых захапіла і самаўладна размясцілася там асноўная культура — азімае жыта. Падцясніла менш ураджайную ярыну, а пшаніцу, разлівы якой так шырока расцякліся па Сібіры, Кубані, Украіне, увогуле трымае ў чорным целе — усяго 17,4 працэнта, хаця сеюць пшаніцу па ўсёй рэспубліцы.
Пра ячмень я ўжо казаў раней. Яму аддадзена менш плошчы. Такі сабе падпанак. Ведае, што беларус не можа абысціся без ячнага супу з грыбамі і піва.
Нават авёс крыху болын пан, чым пшаніца, хаця пасевы яго і скараціліся за апошні час у тры разы. Ён служыць кормам для хатняй жывёлы, а ў басейне Бярэзіны — і для мядзведзяў, якія прыходзяць уначы ласавацца на аўсяныя палі. Нашморгаюць поўныя жмені, высмакчуць «малако», a жмакі раскідаюць па полі. Мясцовыя калгаснікі гэтага разбою дуж-жа не любяць.
Шмат у краіне кармавых культур, бо добра развіта мясамалочная вытворчасць. Таму тут табе і кармавы лубін, і кукуруза на сілас, і канюшына, бручка, турнэпс, рэпа.
У рэспубліцы амаль 6 мільёнаў буйной рагатай жывёлы, з іх 2 мільёны 592 тысячы кароў. Пераважна чорна-белыя і бурыя, латвійскія, але ёсць і швіцкая, сіментальская, яраслаўская пароды.
...Сядзіш над Дняпром. Сонца набліжаецца да гарызонту. На дрэвах, на вадзе, на гліне адхонаў аранжавы водбліск. I раптам у вадзе з’яўляюцца нейкія незразумелыя кропкі. Бліжэй-бліжэй, і вось ясна ўжо, што гэта рагатыя галовы. Плыве цераз раку вялізная чарада. Пярэднія ўжо выйшлі на бераг, чорна-бела ільсняцца на сонцы, і вада сплывае з іх,
заднія яшчэ плывуць. А за імі, стоячы ў чоўне, плыве пастух. Гэта пераганяюць статак на новую пашу, на паплавы са свежай, кветкамі апырсканай травой. У аднаго майго знаёмага дядзькі было аж сем коз. «Дядзька, навошта вам іх столькі?.. Ды яшчэ чацвёра — казлы».— «Ды не купляе ніхто, а рэзаць нейк рука не падымаецца. Занадта на чорта падобныя»,— «Ну а свінню вы ясцё?» Адказ пасля нядоўгага роздуму: «Свінню ем. Калі б свінню не есці, яна б... увесь свет запаланіла».
Дык вось, у некаторых раёнах Беларусі трымаюць 60— 100 свіней на адзін гектар пашы. У 1972 годзе свініна складала 47,7 працэнта ўсяго мяса, якое атрымала Беларусь.
...Сцэнка на пашы. Два пастухі пасвяць авечкі. Адзін ля лесу, другі — наводдаль. Воўк схапіў адну. Той, што далей, крычыць:
— Што гэта? Воўк?
— Анягож, халера твайму бацьку, заяц?!
— To што ён, авечку панёс?!
— Анягож, трасца тваёй матары, табе прынёс?!
To вось і ваўкоў павыбілі, і засталося іх мала, але і авечак паменела таксама. Гэтаму ёсць прычыны. Раней ледзь не адна авечка давала чалавеку вопратку: кажух, катаная світка, ваўняны бурнос, бурка, зімовыя порткі, андаракі, валёнкі. Цяпер на змену ўсяму гэтаму прыйшоў крам, ды яшчэ й сінтэтыка дапамагла. Ва ўсякім разе на кожны раён трычатыры-восем гаспадарак з невялікімі авечымі фермамі, і рэдка дзе можна ўбачыць ферму болей чым на 400 галоў. Ды і ў гэтых гаспадарках авечкі не галоўнае.
Дужа распаўсюджана птушкагадоўля. На Беларусі 28 мясных птушкафабрык. Гэта буйныя прадпрыемствы. Напрыклад, птушкафабрыка імя Н. К. Крупскай атрымала на 1973 год 180 мільёнаў яек, 2384 тоны птушынага мяса, па 274 яйкі на курыцу-нясушку.
Пры гэтай фабрыцы аж 1100 гектараў сельгасугоддзяў. Есць і міжкалгасныя птушкафермы.
А ёсць і зусім новая галіна — зверагадоўля. Чорныя і серабрыстыя лісы, пясцы, норкі.
...Я ўжо казаў, наколькі пабольшала ў нас садоў. Зараз іх у калгасах і саўгасах больш чым 167 тысяч гектараў. Славіцца
садамі Случчына, Міншчына, Мазыршчына, Бабруйшчына і асабліва маё Прыдняпроўе. Тут не рэдкасць сады ў некалькі сот гектараў... Я ўжо не кажу, што ледзь не кожная большменш «пажылая» хата тоне ў садзе. Нават дзецям, для якіх набег на сад заўсёды быў нібыта выпрабаваннем удаласці, цяпер нецікава гэта рабіць. У досыць далёкай ад горада вёсцы мех яблыкаў, бывае, прадаюць літаральна за капейкі, з умоваю, што ты здымеш гэтыя яблыкі сам. Бо рукі не заўсёды даходзяць. I гэта кепска. Таму што, значыць, дрэнна арганізавана скупка, мала садавінаапрацоўчых і кансервавых заводаў, ды й для тых не заўсёды хапае баначнай белай бляхі, якую ў нас вытварае ледзь не адзін толькі Магнітагорскі камбінат. Які б магутны ні быў манапаліст — задаволіць усе кансервавыя заводы ён не можа.
Цяпер сельская гаспадарка пераважна механізаваная. Ручной засталася прарыўка парасткаў цукровага бурака, збор садавіны і ўсё такое, дзеля чаго не прыдумана машын. А рэспубліка выпускае шмат відаў машын для сельскай гаспадаркі: сіласаўборачныя камбайны, ільнамялкі, бульбаўборачныя машыны, сенакасілкі, жняяркі і многае іншае. I, самае галоўнае, універсальныя калёсныя трактары «Беларусь». Кожныя шэсць хвілін — трактар з маркай «МТЗ». У нас, ды й не толькі ў нас, трактары гэтыя ласкава называюць «беларус».
Калі ўлічыць, што ў 1910 годзе зямлю скраблі ў значнай ступені сахою, што, напрыклад, у Мінскай губерні было каля 60 тысяч сох і 198 тысяч драўляных барон,— каментарыяў, як кажуць, не трэба.
Ёсць у беларуска-польскага мастака Фердынанда Рушчыца геніяльная карціна «Зямля». Паўкруглы ўзгорак увесь у ільсняных глыбокіх барознах. I вось з-за гэтага бугра, падобнага на вяршыню зямнога шара, выпаўзае запрэжка валоў і магутны чалавек, схілены над сахою. Вялізнае напружанне, упартасць: усё ўбіта ў гэтую неласкавую зямлю, усё жыццё і ўсе сілы. У гэтым веліч, але ў гэтым і трагізм.
Па гэтых узгорках замест валоў ходзяць зараз машыны. A астатняе — што ж, і напружанне, і ўпартасць, і веліч працы земляроба — яны засталіся.
ЗА РЭЧКАЮ, ЗА БЫСТРАЮ АЗЯРЦО МІЛЬГАНУЛА
Наша з вамі зямля, можна сказаць, сочыцца вадою. Крыніцы, азёрцы, вымачыны, балоты, ручаі, рачулкі, магутныя рэкі і вялікія азёры. Мая карта рэк (а на ёй памечаны толькі рэкі даўжэйшыя за пяць кіламетраў) уся пранізана сінімі жылкамі, мабыць, гусцей, чым плоць чалавечая капілярамі. Такіх рэк на Беларусі дзве тысячы дзевяцьсот.
Усе рэкі Беларусі належаць да басейнаў двух мораў: Чорнага і Балтыйскага. Басейн Балтыйскага — гэта сістэмы Нёмана, Заходняй Дзвіны, Буга і Ловаці. Басейн Чорнага — сістэма Дняпра з Бярэзінай, Сожам, Прыпяццю і іншымі, болып дробнымі рэкамі. Рэкі, за выключэннем некаторых, плывуць па раўнінах і таму павольныя. Але бываюць і невялічкія рэчкі, што бяруць вытокі з узвышшаў і таму бягуць досыць хутка. У такіх рачулках і водзіцца стронга.
Першымі адчуваюць подых вясны Прыпяць і Нёман. Яны бліжэй да Атлантыкі, да яе мяккага подыху. Пасля — Дняпро і толькі потым — Дзвіна з прытокамі. Гарматны грукат ляціць над ракою. Ільды спачатку пасоўваюцца, пасля ідуць трэшчынамі, ламаюцца — і пайшло.
Крыгі грувасцяцца адна на адну. Вокамгненна ўзнікаюць і так жа хутка бурацца ледзяныя замкі, вежы, валы. Ледзяныя гмахі рвуць берагі, калоцяць іх. Рацэ досыць ледзянога прыгону. Яна хоча дыхаць, вольна каціць свае празрыстыя воды, без перашкод адбіваць у сабе сіняе неба і сліпуча-белыя веснія аблокі і жаўрукоў, што трапечуць, прывязаныя да гэтых аблокаў нябачнаю гумкай.
У сярэднім на пачатку красавіка рэкі ўжо чыстыя. Пачынаецца повень. Цягнецца яна два месяцы з чымсьці, а на Прыпяці часам больш за тры. Мы ўжо гаварылі аб разліве на Прыпяці і плывучых кірмашах. Што дзіўнага, шырыня вады бывае там у трыццаць і болей кіламетраў. Але і Дняпро ў повень бывае нішто сабе, разліваецца ў некаторых месцах кіламетраў на дзесяць. Дзед мой сам бачыў, як такі разліў нёс на сабе вялікую драўляную капліцу. Так стаймя і нёс, бо стаяла, відаць, у нізіне, а таму на драўляным памосце, які замяніў плыт. «Проста хоць ты прывозь папа, стаў свечкі і пачынай малебен тут жа, на вадзе».
...Суровае неба. Нізавы вецер развёў на амаль чорнай вадзе Дняпра высокія, у рост чалавека, хвалі. I яны ідуць і ідуць, шоргаючы белымі грабянцамі. Крочыш высокім берагам, і тут твой спаніэль, малады яшчэ і таму дурны, сарвецца, пагоніць хатніх гусей. Тыя бягуць, ратуюцца, зрываюцца з высокай стромы і, раскінуўшы крылы, белыя-белыя, з хрыплым крыкам лятуць над свінцовай вадой. Апускаюцца на яе недзе за кіламетр ад берага і — ух, як жа іх загайдала!