Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
...Так і здарылася, што ад першабытных лясоў, асабліва шырокалістоўных, ад старажытных зубрыных дуброў, ад мядзведжых пушчаў над махавамі балотамі і ціхімі бабровымі рэкамі засталіся тры-чатыры бастыёны.
Адзін з іх на поўначы Украіны і поўдні Беларусі. Палессе. Астатнія — на Беларусі. Лясы ў вярхоўях Бярозы-ракі. Налібокі. I самы стары і цікавы бастыён — Белавежа.
Цяпер той, хто хоча на свае вочы бачыць, які быў Шэрвудскі лес у часы Робін Гуда, Ардэнскі лес у часы рыцараў Круглага Стала і казачых волатаў, Тэўтабургскі лес у часы Армінія, не павінен шукаць такога ў сябе, у Англіі, Францыі, Германіі, а павінен ехаць сюды, у спрадвечны лясны аплот.
Некалькі стагоддзяў назад пушча цягнулася з захаду на ўсход на сто з лішнім кіламетраў, аж да самага Кобрына, a з поўначы на поўдзень — кіламетраў на сто трыццаць — сто пяцьдзясят. Цяпер адлегласць між паўдзённай і паўночнай межамі — 65 кіламетраў, між заходняй і ўсходняй — да трыццаці. Даўжыня межаў 500 кіламетраў, плошча — 79 171 гектар.
Здаўнаў веснюю повень, калі Брэсцкае і Прыпяцкае Палессе, старадаўняе «мора Герадота», ператваралася ў сапраўднае мора, у якім па шыю стаялі лясы,— усё звяр’ё ратавалася на Мазырскай градзе і на Загароддзі, але пераважна на больш узвышанай Прыбугскай раўніне, на якой ляжала пушча. У сонечных грабавых і бярозавых лясах звінелі птушкі, над рэкамі было аж цёмна ад качыных чарод, у змрочных ельніках блукалі мядзведзі, у спрадвечных дубровах пасвіліся сотні тысяч дзікоў, аленяў, коз і зуброў. Тады пушчу насяляла дзікае і ваяўнічае балцкае племя яцвягаў. Першая вартавая вежа, узведзеная славянамі ў абарону ад іх, нязвыкла бялела
ў нечапаным лесе ашкураным, свежаабчасаным бярвеннем. Ад гэтай белай вежы, мабыць, пушча і атрымала назву Белавежскай.
Пазней, у XIII стагоддзі, князь Уладзімір загадаў вопытнаму мужу, дойліду Алексе, замкнуць яцвягам выхад з пушчы, пабудаваўшы на ўзгорках ля ракі Лясная «стоўп каменны», вежу ў трыццаць метраў вышыні. Колеру тэракоты, са слядамі позняй пабелкі (нейкі невук пастараўся), яна і дагэтуль ганарліва высіцца над маленькім мястэчкам Камянец. Некаторыя няправільна гавораць, што яна і ёсць Белая вежа, хаця ніхто яе даўней так не называў, ды й колер яе зусім іншы.
Беларусы даўно асімілявалі яцвягаў, а Пушча ўсё была месцам паляўнічай забавы, спачатку для мясцовых князёў, a пасля для польскіх каралёў. Але не толькі для гэтага. Кожнай вайне яна плаціла даніну, кормячы беларуска-літоўскае войска. Князь Вітаўт, ідучы пад Грунвальд, учыніў тут вялізнае паляванне. Былі забіты тысячы дзікоў, зуброў і аленяў, каб забяспечыць войска мясам на ўвесь час вайны.
Калі гэта было збольшага патрэбнай мерай, то каралеўскія і царскія паляванні ў пушчы былі вандалізмам. Паляванне Аўгуста III у 1752 годзе, калі звяроў выганялі праз калідор з жэрдак на вытанчанага забойцу і ягоную світу, перапалавініла звярынае насельніцтва Пушчы. На схіле XIX стагоддзя рускі цар Аляксандр (таксама трэці), кат свайго і іншых народаў, алкаголік з хамскім абліччам, арганізаваў тут такую ж самую планамерную і абыякавую бойню. Сотні аленяў, ласёў, дзікоў. Дзясяткі фатаграфій ганарлівых поз сярод трупаў, і за чаркай «паляўнічай гарэлкі», і на ўрачыстым банкеце, і сярод «удзячных» сялян. Раскошна выдадзеная ў памяць аб гэтым подзвігу кніга з малюнкамі лепшых расійскіх ілюстратараў таго часу — шэдэўр паліграфічнага майстэрства.
Пушча аглухла ад стрэлаў. Хрыпелі праз кроў дзікі, біліся ў сутаргах алені і рахманыя даніэлі, цяжка валіліся на зямлю і моўчкі паміралі зубры (зубр заўсёды памірае моўчкі, не прыніжае сябе нават у смяротны час, трымаецца гонару). I так вось Пушча змоўкла і сцішылася перад тым, як зрабіцца нямой Пушчай.
Дапамагалі не толькі «ўладары народаў», але і купцы, якія дзе яўна, а дзе і таемна скуплялі шкуры. Собаля (праўда, гэта было раней, у XVI—XVII стагоддзях) прадавалі ў Мінску і Навагрудку звязкамі па 40 штук, а гарнастая — звязкамі па 100—250 штук. Тысячы такіх звязак ішлі ў глыб краіны і за мяжу. Напрыклад, у мінулым стагоддзі на Беларусі за адну аблаву нярэдка забівалі да 4 мядзведзяў. Ужо ў XX стагоддзі бабровыя калоніі можна было лёгка пералічыць, і ўсё ж іх бязлітасна знішчалі.
Немцы ў першую акупацыю знішчылі чвэрць апошняга «Uhrwald’y» ў Еўропе. За польскім часам англійская фірма (тая, ад якой засталіся насыпы вузкакалеек) ледзь не даканала астатняе. Бедны лес!
Усё гэта свінства, увесь гэты беспардонны разбой бачыла Камянецкая вежа. 3 яе адбіваліся атакі яцвягаў і крыжаносцаў, на ёй былі царскія ўрадавыя пасты ў часе паўстанняў Касцюшкі і Каліноўскага. Пушча заўсёды хавала сваіх сыноў (між іншым, і партызан у Айчынную вайну), сыноў свабоды. I вось вежа глядзела, як гэты аплот свабоды высякаюць.
У 1921 годзе нехта Барталамей Жпакоўскі забіў апошняга зубра, у 1923 годзе на Парыжскім міжнародным кангрэсе аховы прыроды выявілі, што на зямлі засталося 52 зубры, прададзеныя ў свой час з Белавежы ў заапаркі і паркі заходніх арыстакратаў і магнатаў прамысловасці. Некаторых з іх купілі і ў 1929 годзе зноў завезлі на радзіму, адкуль калісьці прадалі, у Пушчу.
Зараз на беларускай палове запаведніка (частка Пушчы ляжыць на тэрыторыі ПНР) налічваецца семдзесят (па звестках 1970 года) зуброў, ды шмат яшчэ перавезлі ў некаторыя другія запаведнікі краіны і за мяжу. Каб разводзіліся. Каб не рызыкаваць «адзіным месцам пражывання» каштоўнай жывёлы.
Белавежскія зубры, якія нарадзіліся ў Польшчы, носяць імёны, якія пачынаюцца на літару «п». Тыя, што нарадзіліся на Беларусі, маюць імёны, першая літара якіх — «б» (напрыклад, Борус).
...Зубр дужа цікавы звер. Засведчаны, напрыклад, такі факт з пачатку XIX стагоддзя. Нейкі шляхціц вяртаўся дужа п’яны з гулянкі пушчанскай дарогай і, вядома, заснуў у санках, зашыўшыся ў сена. Зубр падышоў, асцярожна паддзеў чалавека рагамі і выкаціў у снег. У таго адразу ж і хмель прапаў. Коні не збаяліся зубра. Як ступалі дагэтуль, так ступалі і далей. Зубр ішоў за санкамі і еў сена. А шляхціц валокся за ім па снезе і гарлаў:
— Жываціна ты подлая! Карова ты халерная! Аддай, кажу! Апсік (як на ката)! Каб цябе самога так выкаціла, як ты мяне выкаціў...
Зубр, не звяртаючы ўвагі, «уклаў» (з’еў) усё сена і пайшоў у лес.
Раскажу яшчэ некалькі выпадкаў, сведкам якіх быў я сам.
У пушчы зуброў трымаюць па-рознаму. Ля галоўнага будынка (там гасцініца, рэстаран, музей) ёсць нешта накшталт заапарка: вялікія вальеры, у якіх звяры жывуць у максімальна прыбліжаных да натуральнага свайго жыцця ўмовах (калі яны вытапчуць траву, агароджа пераносіцца на новае месца, пакуль старое не зарасце). Тут некалькі зуброў, дзікі, алені, лані і іншыя жывёлы пушчы. Гэта каб людзі маглі паглядзець жывёл, не ад’язджаючы далёка, не забіраючыся ў глыб пушчы. Каб не калясілі, не палохалі звяроў, каб сэрца пушчы засталося нечапаным.
Другі спосаб утрымання зуброў — на вялізных агароджаных участках лесу. Так, у прыватнасці, трымаюць матак з маленькімі лабастымі цяляткамі, якія так непаразумела глядзяць на цябе, калі ты падыходзіш.
I, урэшце, значная частка зуброў жыве проста на волі. Едзеш і раптам бачыш сярод зялёнай-зялёнай паляны бурую вялізную тушу. Метры тры даўжынёю, высачэнную, вагою да тоны. Магутны, цяжкі, як гара, горб. Рагатая, лабастая і барадатая галава апушчана. Пасвіцца.
...У адзін з першых прыездаў у Пушчу я і мае сябры — мясцовы настаўнік і пісьменнік з Брэста — дужа хацелі ўбачыць зубра на волі. «Дзе мы яго знойдзем? Ходзіць недзе,— сказалі нам.— Куды захацеў — туды і пайшоў. Шукайце. Пашанцуе, то ўбачыце. А лепей ідзіце туды. Там тарпаны!»
Рабіць няма чаго, пайшлі ў нетры глядзець тарпанаў. Маленькія мышастыя конікі з раменьчыкам на хрыбціне. Ідзём уздоўж агароджы вялізнага загона. На дарозе — елкавыварацень. Агромністая. Карані з зямлёю стаяць блінам вышынёю паверхі на два. Падыходзяць тарпаны. Нас дзеліць вузкая агароджа. Ідзём да іх, мінаем елку, голасна клічам, смяёмся. I тут я, азірнуўшыся, аж пахаладзеў. За спіною (з-за елкі не бачылі), метры за чатыры, мілая сямейка: баця, здаравенны, мама, крыху меншая, і цялятка. Што рабіць? Каб адзін зубр, то хаця вакол дрэва можна было бегаць. А так двох, з двух бакоў дастануць. Скакаць да тарпанаў? Невядома, як яны да гэтага паставяцца. Ды й што зубру такая лядаштая загародка?.. На шчасце, звяры не звярнулі на нас увагі. Тады я асмялеў, выйшаў з-за елкі, і сябар сфатаграфаваў мяне і іх. Тыя толькі пакасіліся, аддаляючыся ў гушчу.
Пазней, калі мне давялося памногу бываць там, я заўсёды браў з сабою некалькі газет. Ідзеш, а ён стаіць на паляне, на самой дарозе, і ў вус не дзьме. Адчувае сябе гаспадаром. Адчувае, што галоўны тут ён, а не ты. Запаліш газету і ідзеш, махаеш. Тады ён неахвотна — «ат, не варта звязвацца з рознаю дробяззю» — адыходзіць, дае дарогу...
Да аўтамашыны зубр ставіцца памяркоўна, але матацыклаў цярпець не можа, яны яго нервуюць. Некалькі разоў зубр так гнаўся за матацыклістамі, што няшчасным ледзь удавалася ўцячы.
Вельмі любіць чыстую ваду. Аднойчы студэнтка-практыкантка ўмывалася ля студні, з якой пояць зуброў (каб не хадзілі далёка на вадапой), паклала на зруб мыла, а яно ўзяло ды і ўпала ўніз. Ужо і мыла клятае дасталі, і ваду некалькі разоў да дна вычарпалі, а зубры ўсё адно некалькі тыдняў не пілі з гэтай студні.
Значэнне загарадак вакол вялікіх загонаў, дзе ходзіць частка зуброў, чыста сімвалічнае. Зубр лёгка разбівае лбом іхняе бярвенне дыяметрам у 15—20 сантыметраў. Егер казаў мне: «Як кінецца на агароджу — не ўцякайце далей. Усё адно не ўцячэце».
I вось які выпадак здарыўся з намі, калі мы здымалі там фільм аб пушчы. Ці то зубра раз’ятрыў строкат «Конваса», ці
проста мы яму абрыдлі — кішыць вакол нейкая драбяза! — але ён раптам з цалкам спакойнага стану адразу перайшоў у атаку. Мы, ясна ж, кінуліся хто куды, урассыпную. Добра, што гэта быў проста дэмарш: бык хацеў папалохаць, а не дагнаць. Але рэзультат атрымаўся такі, што мы пасля не маглі апамятацца ад здзіўлення.
Я паспеў скочыць цераз агароджу, асістэнт аператара, уцякаючы, наляцеў на сук і выбіў сабе пярэдні зуб. А аператара доўга не маглі знайсці, і толькі потым, як з неба, даляцеў да нас ягоны голас. А адбылося вось што.