Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча Партрэт пісьменніка і чалавека Адам Мальдзіс

Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча

Партрэт пісьменніка і чалавека
Адам Мальдзіс
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 208с.
Мінск 2010
47.35 МБ
— А вы думаеце, мне гэта лёгка?! Любімых герояў — пад кулі, на вісельні, на катаргу, у ссылку... Вы ж ведаеце, чым скончылася паўстанне — суцэльным разгромам. Гэта ўсё роўна, што пад меч — уласных дзяцей... Неяк прыйшлі да мяне гуртам школьнікі і просяць: не забівайце Алеся Загорскага. I што я мог ім адказаць?!
Мы бачылі, што пасля баталій ваколрамана 1965-1967 гадоў Караткевіч паастыг у дачыненні да «Каласоў...». Балюча рэагаваў на пытанні пра іх. Пазбягаў гаворкі. Шукаў самаапраўданні (накшталт шкадавання герояў). Чаму? Адбілі ахвоту наскокі вульгарнай крытыкі? Адчуваў, што ў тагачасных умовах цяжка ці нават немагчыма будзе апублікаваць заканчэнне рамана ў такім выглядзе, як дыктавала творчае сумленне? Відаць, усё гэта таксама ўплывала. Ва ўсякім выпадку толькі на пачатку васьмідзясятых гадоў Караткевіч асмеліўся апублікаваць аповесць «Зброя», якая спачатку пісалася як адзін з раздзелаў рамана, а потым стала яго самастойным «адгалінаваннем». Стылёвыя асаблівасці сведчаць, што стваралася яна яшчэ ў гадах шасцідзясятых. Але Караткевіч ніколі пра яе не ўспамінаў, не
спрабаваў друкаваць, разумеючы, што не той яшчэ час: апісанні маскоўскіх нораваў маглі быць успрыняты крытыкай як абраза ўсяго рускага народа. Аднак вернемся да пытання, куды мог знікнуць чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг «Каласоў...». Неяк у галаву прыйшла думка, што аўтар знішчыў яго, як гэта зрабіў Гогаль з другой часткай «Мёртвых душ». Аднак адразу ж здалася яна недарэчнай. Бо такія экзальтаваныя ўчынкі проста не адпавядалі б натуры Караткевіча. He знішчыў жа ён рукапіс першай аповесці «У снягах драмае вясна», хоць бачыў немагчымасць яе апублікавання ў застойны перыяд... Наўрад ці мог знікнуць рукапіс і ў першыя месяцы пасля смерці пісьменніка: яго сястра, Наталля Сямёнаўна Кучкоўская, адразу зрабіла захады, каб да рэчаў пісьменніка — кніг, архіва, памятак — не мелі доступу пабочныя асобы.
Узважыўшы ўсе акалічнасці, я прыходжу да вываду, што чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг (калі ён існаваў) хутчэй за ўсё знік летам 1982 года, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі. Тады на гастролях там знаходзіўся віцебскі тэатр імя Якуба Коласа. Яго рэжысёр, Валерый Мазынскі, пасля «Званоў Віцебска» і «Кастуся Каліноўскага» збіраўся паставіць «Маці ўрагану». Караткевіч вылецеўтуды з жонкай, Валянцінай Браніславаўнай, каб пазнаёміць трупу са сваёй новай п’есай. Але яна здалася акцёрам задоўгай, несцэнічнай, і Валодзя вяртаўся адтуль у дрэнным настроі. А тут яшчэ аказалася, што ў адсутнасць гаспадароў кватэру абакралі. Забралі ўсе залатыя і сярэбраныя рэчы, крышталь. Заадно прыхапілі ўзнагароды, дакументы. Усяго страт набралася на некалькі тысяч (у апошнія гады жыцця Караткевіч ужо меў добрыя ганарары, у тым ліку і замежныя). Але не яны бянтэжылі гаспадара. Доўгі час ён хадзіў прыгнечаны, злаваў, калі ў яго пыталі, што ўзята:
— Ведалі, што браць, гады! Білі прама пад дых!
Але ад канкрэтызацыі ўхіляўся, пераводзіў гаворку на іншае, на Рыгора Семашкевіча, амаль суседа па кватэры, чыё жыццё недарэчна абарвалася, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі:
— Я ўсе транты аддаў бы, абы Рыгор быў жывы... 3 дакорам думаю, што ўжо больш не пабачу яго вінаватай усмешкі.
У росшук грабежнікаў былі ўключаны лепшыя мінскія шэрлакі холмсы (у іх асяроддзі было нямала добрых Валодзевых прыяцеляў). Але і яны не змаглі нічога зрабіць. Казалі, што папрацавалі тут «класныя спецыялісты», што не абышлося без наводчыка. Відаць, тады, побач з каштоўнымі рэчамі (не выключана, што іх бралі для адводу вачэй), знік і рукапіс другой палавіны «Каласоў...». Прынамсі, не прыпомню, каб пасля таго здарэння Караткевіч гаварыў пра заканчэнне і выданне «Каласоў...» як пра нешта рэальнае.
Хто мог зрабіць? Дзеля чаго? Рознае думаецца. I цепліцца надзея, што рукапіс недзе ўсплыве, што злачынства веку (пішу без іроніі) будзе калісьці раскрыта.
Аднак вернемся зноў у другую палову шасцідзясятых гадоў. Абмеркаванне «Каласоў...» у Саюзе пісьменнікаў БССР, галасы грамадскасці ўсё ж зрабілі сваю добрую справу. Алесь Адамовіч прайграў бы заклад, бо асобнае кніжнае выданне рамана пабачыла свет не праз пяць гадоў, а хутчэй — у 1968 годзе. На гэты раз Герцовіч змаўчаў (скардзіўся толькі на адной высокай нарадзе, што ў сувязі з яго артыкулам пра Караткевіча нават «Звязда» патрабуе, каб ён падпісваўся псеўданімам, на што Адамовіч падаў рэпліку: «Гэта робіць гонар «Звяздзе»). Затое «левая» і «ўмераная» крытыка (С. Андраюк, М. Ермаловіч, Г. Кісялёў) сустрэла кніжны варыянт рамана як творчую ўдачу аўтара, дасягненне ўсёй беларускай літаратуры. I сапраўды, «Каласы пад сярпом тваім», няхай і не закончаныя, з’явіліся адным з першых нашых гістарычных раманаў у поўным сэнсе гэтага слова. Лёс беларускай літаратуры склаўся так, што ў XIX стагоддзі ў ёй не было, не магло яшчэ быць свайго Вальтэра Скота, Генрыка Сянкевіча ці Алойза Ірасека. He з’явіліся яны ў нас і ў першай палове стагоддзя дваццатага, бо «Салавей» 3. Бядулі, «Спрадвечнае» Б. Мікуліча або «На шляху з варагаў у грэкі» Я. Дылы — гэта толькі nep-
шыя подступы да такога жанру. Аднак літаратура, як і прырода, не церпіць незапоўненай «пустаты», пераскоквання праз ступені развіцця. Раней або пазней, але гістарычны раманіст павінен быў прыйсці ў нашу прозу. I ён прыйшоў у асобе Уіадзіміра Караткевіча, стаў яваю дзякуючы «Каласам...». Яны — не выпадковасць, а заканамернасць, абумоўленая заканамернасцямі фарміравання самой літаратуры. У «Каласах...» нас здзіўляе ўменне пісьменніка пранікнуць у сутнасць, дух эпохі, аддаленай ад нас болып чым на стагоддзе, узнавіць колішняе жыццё, асэнсаваць яго, не мадэрнізуючы, — і адначасова з пазіцый сённяшняга дня. Для гэтага патрэбны былі не толькі глыбокія і разнастайныя веды, але і творчая інтуіцыя. Патрэбен быў вялікі талент. Неўзабаве раман быў перакладзены Валянцінай Шчадрыной на рускую мову і двойчы выдадзены ў Маскве. Да яго аўтара паступова прыходзіла не толькі ўсесаюзнае, але і міжнароднае прызнанне. Аналізуючы раман у артыкуле пад нязвычнай для нас назвай, якая павінна была «справакаваць» польскіх перакладчыкаў, — «Польска-беларуская эпапея Караткевіча», Фелікс Фарнальчык пісаў у кракаўскім штотыднёвіку «Жыце Літэрацке» 2 чэрвеня 1974 года: «Каласы пад сярпом тваім» — гэта адзін з самых амбітных гістарычных раманаў нашых усходніх суседзяў, асабліва важкі для нас, калі ўлічыць месца, якое ў ім займаюць польскія справы напярэдадні студзеньскага паўстання 1863 года. Нездарма Уладзіміра Караткевіча называюць «беларускім Сянкевічам», бо гэтую дылогію Караткевіча можна параўнаць з «Трылогіяй», як і з «Панам Тадэвушам», і з «Ганнай Карэнінай», і з іншымі гэтага роду вялікімі эпічнымі панарамамі».
Прымаючы пад увагу поспех, няхай і запознены, «Каласоў...», Караткевічу пісаць ды пісаць новыя гістарычныя раманы. Але ён на нейкі час, відаць, стомлены змаганнем за «Каласы...», адышоў ад прозы, амаль цалкам аддаўся кінематографу. У шасцідзясятыя гады з-пад яго пяра выйшлі сцэнарыі многіх мастацкіх і дакументальных фільмаў. Адны з іх — «Памяць», «Будзь шчаслівай,
рака...», «Сведкі вечнасці» — шчасліва выйшлі на экраны. Другія — «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — леглі на паліцы. Трэція — «Расказы з каталажкі», заснаваныя на магілёўскіх анекдотах, — увогуле не здымаліся, адхіляліся ў Мінску або Маскве. Было яшчэ некалькі кароткаметражак, якія адымалі многа часу і нерваў, але не давалі сцэнарысту нават маральнай сатысфакцыі, нават патыражнага ганарару.
— Навошта табе ўсе гэтыя скандальныя сітуацыі, паданне на калені ў імя нейкага эпізода?! — упікалі мы Валодзю. — Пішы найперш гістарычную прозу. Захочуць — экранізуюць.
— Hi чорта вы не шупіце ў кіно! — злаваў Караткевіч— Гэта ж магутная сіла! Раман у нашых беларускіх умовах прачытае ну дзесяць, ну дваццаць тысяч чалавек. А добры фільм паглядзяць мільёны. Разумееце, якая мажлівасць уздзейнічаць на народ, абуджаць яго годнасць, яго памяць. Вось выйдзе мой «Хрыстос» — тады ўзрыдаеце ад зайздрасці! — і, прымружваючы разнаколерныя вочы, выкладваў апошні козыр: — He забывайце, панове, што я канчаў сцэнарныя курсы. Навошта дзяржава мяне вучыла?!
Здымкі «Хрыста» праходзілі ў 1967 годзе, якраз тады, калі вырашаўся лёс кніжнага выдання «Каласоў...», і дужа адцягвалі Караткевіча ад работы з выдавецкім рэдактарам. Праходзілі яны пераважна на ўзбярэжжы Чорнага мора, у Сімеізе, і аўтар сцэнарыя некалькі разоў лятаў туды, каб уносіць у яго бясконцыя змены. Памятаецца, 18 верасня ён вярнуўся з Крыма і прама з аэрапорта, нагружаны рукзакамі, стомлены, загарэлы, разам з артыстам Уладзімірам Паначэўным і аднакурсніцай з Кіева Рэгінай прыехаў на пяцідзесяцігоддзе Вячаслава Зайцава, на яго напаўхаласцяцкую кватэру. Быў пахмурны: прапанавалі змяніць назву фільма на «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка», выкідваліўсю «філасофію», увесь здаровы сэнс.
— Вечна ім здаецца, што мой Хрыстос нешта не тое гаворыць, — скардзіўся. — Занадта сучасны.
Акрамя таго, на здымках Караткевіч згубіў частку вершаў з крымскага цыкла.
— Суцэльная трагедыя! — бурчэў, гуляючы з кацянём, якое невядома адкуль («ці не з космасу?») прыбілася з акальцаванай лапкай. — Уявіце сабе, што Міцкевіч згубіў «Крымскія санеты»! Тая ж непапраўная страта!
Потым аказалася, што не ўсё згублена. Некалькі вершаў знайшлося ў адной з кішэняў рукзака. I Валодзя, супакоіўшыся, прачытаў нам адзін — пра Чуфут-Кале. Потым — пераклад з Лоркі.
— Хацеў жыць, калі яго вялі расстрэльваць, — успамінаў недзе вычытанае пра іспанскага паэта-змагара. — Чапляўся за крыло аўтамашыны. Во быўхлопец! — I потым пра Лорку і Мачада: — Калі бог захоча пакараць краіну, ён дае ёй дзесяць цудоўных паэтаў, а потым адбірае іх.
Гаспадар паказваў нам нейкі італьянскі здымак Месяца, на якім нібыта віднеліся чалавечыя сілуэты. Але яны былі настолькі цьмяныя, што Караткевіч не стрываў:
— 3 такім жа поспехам я магу заявіць, што гэта сапсаваны кадр з майго «Хрыста», — і зноў пра фільм: Ой, рэжуць, бязбожна рэжуць прама па-жывому. Адно «піфпаф» застаецца. 3 філасофскай трагедыі — баявік.
Нарэшце «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка» было закончана. На кінастудыі, а затым у Саюзе пісьменнікаў БССР адбыліся прагляды. I мы пераканаліся, што Караткевіч шмат у чым меў рацыю. Сапраўды, як намякаў мне ў інтэрв’ю сам аўтар сцэнарыя, перамогу пад Тылем Уленшпігелем у фільме атрымаў Лама Гудзак. Кудысьці зніклі філасофскія разважанні аб сэнсе гісторыі, чалавечага быцця. I галоўнае, у фінале не аказалася самога «ўзнясення» — узыходжання «Хрыста» на Галгофу, яго распяцця ў поўнай адзіноце, — калі ўсе апосталы яго баязліва пакідаюць, а ля крыжа застаецца адзін Іуда.