Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча Партрэт пісьменніка і чалавека Адам Мальдзіс

Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча

Партрэт пісьменніка і чалавека
Адам Мальдзіс
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 208с.
Мінск 2010
47.35 МБ
Ну і, вядома ж, як сапраўднае свята заўсёды ўспрымаўся дзень нараджэння самога Караткевіча — 26 лістапада. Імяніннік апранаў белую кашулю. Рыхтаваліся рэдкія стравы (з дзічыны, з грыбоў) і настойкі («беларускалітоўскі крупнік»), Гасцям раздаваліся «буські», чыталіся новыя вершы. На тых днях нараджэння апрача Надзеі Васільеўны нязменна прысутнічалі Барадуліны, Грынчыкі (Люба Грынчык прыходзіла з гітарай), Адамчыкі, Прашковіч. Часам прыязджалі сваякі з Оршы — пляменніца Ляля з мужам Юркам («сапраўдным казаком»), Набіраўся цэлы стус парадыйна-гумарыстычных віншаванняў. Зачытвалася «газетка», згорнутая ў выглядзе папіруса.
Даволі часта збіраліся на кватэры ў Валянціны Ігнатаўны Гапавай, жанчыны, якая добра ведае і тонка адчувае паэзію. У добрым настроі Валодзя параўноўваў яе пакой з салонам княгіні Валконскай, Сюды прыходзілі супрацоўнікі Акадэміі навук Эльвіра Міхайлаўна і Віктар Уладзіміравіч Мартынавы, якія толькі што пераехалі з Украіны, «касмічны» Вячаслаў Кандратавіч Зайцаў, былы дацэнт Ленінградскага універсітэта, а тады даследчык беларускага Рэнесансу (а яшчэ ён пераклаў на рускую мову «Османа» I. Гундуліча), часам забягаў Сцяпан Гаўрусёў. Мартынаў іграў на фартэпіяна, Караткевіч падпяваў яму розныя арыі, заводзіў «Сядзеў дзед на пячы»,
«Нстопннка», «Парамоновну» (па словах Зайцава, у дзвюх апошніх песнях адбіўся лёс цэлага пакалення), маляваў дэманаў. Чыталіся вершы — свае і чужыя (Ясеніна, Цвятаевай, Еўтушэнкі, Вазнясенскага). Зайцаў пераконваў нас, цытуючы Біблію, што Хрыстос быў прышэльцам з космасу, прадстаўніком вышэйшай, чым зямная, цывілізацыі.
— Вячаслаў Кандратавіч, — пакепліваў Валодзя, — ну прызнайцеся нам па шчырасці! Вы — таксама адтуль?
Зайцаў не пярэчыў: яму падабалася выглядаць выключэннем. Былы асабіст, ён абвострана ўспрымаў многія тагачасныя з’явы і пратэставаў супраць іх, часам экстравагантна. Яго лекцыі «Космас і розум» збіралі вялікую аўдыторыю і заканчваліся «аргвывадамі» (асабліва не цярпеў іх тагачасны акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН БССР Ц. С. Гарбуноў). Караткевіч адносіўся да Зайцава з цікаўнасцю, але многія яго ідэі не ўхваляў:
— Падумаць толькі: чалавек — вынік чыйгосьці эксперыменту, зборшчык інфармацыі для вышэйшай цывілізацыі... Хоць ты ўзвый на месяц, стаўшы ракам!
А калі Зайцаў прывёз у Мінск сваю жонку, чэхістку Наталлю Ашкназі (ўдваіх яны зладжана спявалі сербскія, македонскія, чэшскія песні), Валодзя, прыглядаючыся да яе каўказска-ўсходняга аблічча, дапытваўся:
— Прызнайцеся, Наталі, вы часам не мурсіяначка? Бо ў зямлянак такіх чорных да сінечы валасоў не бывае.
Потым, калі Вячаслава Кандратавіча за яго крайнія погляды (ён сцвярджаў, што ў Брэжнева ўсяліўся дэман, які раней знаходзіўся ў Мао, што жанчыны не павінны нараджаць, пастаўляючы ваеннаму молаху гарматнае мяса) звольнілі з работы, Караткевіч і Гапава спачувалі яму, часам падкормлівалі. Але «касмічныя» ідэі Зайцава (дарэчы, выкладзеныя ім у фільме Дзёнікена «Успаміны аб будучым») па-ранейшаму выклікалі ў іх іранічную ўсмешку.
На вечарах у Валянціны Ігнатаўны Караткевіч часта разважаў аб законах мастацкай творчасці, называў і цытаваў сваіх літаратурных куміраў.
— Верш у мяне пачынаецца з думкі, — казаў ён. — Потым узнікае фраза — з сярэдзіны, з канца. А ўсё астатняе падганяецца пад яе.
Іншы раз, адказваючы на пытанне, якому памеру верша ён аддае перавагу, Валодзя канкрэтызаваў папярэдняе выказванне:
— Дальбог, ніколі не ведаю, якім памерам пішу. Для мяне важны асноўны радок. Радок бацька ці маці. Ён цягне за сабой іншыя — спераду ці ззаду. Яны могуць быць лепшыя ці горшыя. Але пачатак, аснова — у тым, першым.
19 снежня 1966 года Караткевіч уголас перачытваў Гапавай урыўкі з «Хаджы-Мурата» Л. Талстога:
— Во, сцярвец! Што я ў параўнанні з ім?! Г... пана бога, парэзанае на талеры!
I доўга спрачаўся з Валянцінай Ігнатаўнай наконт таго, патрэбен ці не патрэбен быў нам тады Каўказ як «заплечча» на потым.
У другі прыход Караткевіч гучна захапляўся Аксакавым, яго апісаннем зімы:
— Проста і здорава! Так не напісаў бы нават Талстой!
На пачатку 1967 года Гапава разам са сваёй сяброўкай Федзюковай завялі Караткевіча на канцэрт вядомага «ўгадвальніка думак» Вольфа Месінга. Апошняму была прапанавана картачка са спісам кніг, з якога трэба было выбраць Караткевічавы творы. Месінг выдатна справіўся з гэтай задачай, толькі прыпыніўся на «Каласах...», бо Федзюкова, складаючы спіс, сама добра не ведала, ці выйшлі яны асобным выданнем. Тут жа дадаў, што мае справу з творамі таленавітага чалавека. I пагадзіўся з прапановай Валянціны Ігнатаўны, каб назаўтра прыняць Караткевіча ў гасцініцы. Гаворка ў нумары працягвалася мінут сорак. Па дарозе на выступленне ў Вязынскую школу (туды ехалі на таксі, а назад, нягледзячы на мароз, у кузаве грузавіка) Валодзя расказваў мне, што Месінг літаральна ашаламіў веданнем самых патаемных ягоных спраў (у тым ліку кіеўскіх), даў некалькі парад. У першую чаргу — пазбягаць частых застолляў, асабліва з ворагамі (уласна кажучы, дзеля такога ўнушэння і
старалася Гапава). «Угадвальнік думак» прадказаў, што пасля ўсялякіх выпрабаванняў сітуацыя яго як пісьменніка зменіцца да лепшага, прыйдзе прызнанне («але будзе ўжо позна»). Расказваў Валодзю,як ён уцёк ад фашыстаў, за што яго неўзлюбіў Сталін... Па словах Валянціны Ігнатаўны, якая чакала канца размовы на калідоры, Караткевіч выйшаў з нумара задуменны. Месінг жа выбег, нібы звар’яцелы, усклікнуў:
— Вы правільна зрабілі, што прывялі яго. Гэта наш геній!
Побач з «салонам» Валянціны Ігнатаўны Гапавай тады быў вядомы «салон» Ірыны Платонаўны Крэнь, дзе збіраліся людзі, якім балеў заняпад усяго беларускага. Муж яе, Мікола Верабей, надрукаваў якраз у «Полымі» артыкул, у якім даказаў блізкасць некаторых публікацый «Нашай нівы» да палажэнняўУ. I. Леніна. Гэта выклікала адмоўную рэакцыю Л. Абэцэдарскага і іншых гісторыкаў. З’явіліся разносы ў рэспубліканскім друку. Караткевіч суцяшаў гаспадара:
— Нічога, яшчэ пагледзімо, на чыім баку будзе праўда. Прыйдуць да ўлады разумнейшыя людзі. He можа быць, каб наша славянская зямля збяднела на моцныя галовы!
12 снежня 1966 года ў Крэнь апрача Уладзіміра Караткевіча былі стрыечная сястра Максіма Багдановіча Ганна Кіпрыянаўна, Алег Лойка, Мікола Прашковіч, літаратуразнавец Лідзія Голубева. Гаварылі дапазна аб розным. Ганна Кіпрыянаўна згадвала абстаноўку ў доме Багдановічаў («Максім рос у адзіноце, галоўная прычына — эгаізм бацькі»). Успаміналі абставіны смерціЯнкі Купалы іЯкуба Коласа.
— Што гэта вы, даражэнькія даследчыкі, спіце ў шапку, — папракаў Валодзя супрацоўнікаў Інстытута літаратуры. — Пакуль жывуць яшчэ відавочцы таго, што здарылася летам 1942 годаў гасцініцы «Масква», сабралі б усе версіі, супаставілі, зрабілі высновы...
У той вечар Валодзя ахвотна гаварыў аб сваіх творчых справах. 3 рускай літаратуры найвышэй ставіў Чэхава, Льва
Талстога і Дастаеўскага. Казаў, што Някрасаву за яго верш, у якім усхваляецца Мураўёў-вешальнік, яшчэ можна дараваць, а вось Бялінскаму за яго нянавісць да Шаўчэнкі — нельга.
У тыя гады летам Караткевіч звычайна ездзіў да дзядзькі ў Рагачоў, дзе добра пісалася, падарожнічаў па Беларусі (з Брылём і Барадуліным — па іх радзімах, з групай творчай моладзі — на агітцеплаходзе па Прыпяці, да Грынчыкаў — у Бытэнь). Наняўшы аўтобус, аднойчы разам вандравалі па мясцінах Адама Міцкевіча (сам быў сведкам, як Валодзя пераплыў Свіцязь, а тыя, хто рашыў паўтарыць яго ўчынак, — не змаглі). Некалькі разоў і адзін, і з актрысай Б. Караткевіч пабываў на маёй Астравеччыне. Згуляўтут адно сялянскае вяселле (адстаў ад вясельнікаў, каб паглядзець у Зулове, ужо на літоўскім баку, месца, дзе нарадзіўся Пілсудскі). 3 ахвотай касіў сена і спрабаваў падаіць карову. Дюбіў хадзіць у Анелін, на месца, дзе стаяў легендарны маёнтачак, і ўсё падбіваў мяне напісаць «нешта такое». Збіраўся нават у Анеліне лакалізаваць апошнія сцэны «Каласоў...» (Марыська мелася тут пакутаваць ад таго, што ненаўмысна, з зайздрасці выдала Каліноўскага).
А аднойчы, калі мы прыехалі ў Гудагай разам сустрэць Новы год, з ім здарыўся такі анекдатычны выпадак. Назаўтра вечарам усе мы пайшлі ў клуб, каб паглядзець купалаўскіх «Прымакоў». Хтосьці з самадзейных артыстаў пазніўся, і Валодзя, стомлены чаканнем і папярэдняй бяссоннай ноччу, ціха прыдрамнуў. Перапоўненая зала гучна выказвала незадавальненне ўсёй затрымкай вядучай вечара, дачцэ гудагайскага ўчастковага міліцыянера Голубева, і яна, даведаўшыся ад маці, удзельніцы ўчарашняй сумеснай сустрэчы Новага года, аб прыездзе пісьменніка, выйшла на сцэну і гучна абвясціла:
— Таварышы! Сярод нас прысутнічае вядомы беларускі паэт УХадзімір Сямёнавіч Караткевіч! Просьба на сцэну.
Зала заапладзіравала. Хтосьці штурхнуў Караткевіча: цябе! I ён з яўным незадавальненнем выйшаў уперад. Але
на сцэну не ўзышоў, а толькі прысланіўся да яе. Пачаў пакрыўджаным голасам:
— Людзі добрыя! Учора быў Новы год, сёння таксама свята. Вы стомленыя, я змораны... To якога ж яшчэ выспятка ад пана бога вам трэба?!
Нейкая развясёлая і дзябёлая жанчына, што сядзела ў першым радзе, рашыла, што чалавек такім чынам крыўляецца, смяшыць публіку. I, каб было яшчэ смяшней, падбегла да Караткевіча, схапіла яго за ногі і кульнула на сцэну. Валодзя ўзняўся і неяк безнадзейна махнуўрукой:
— Калі так, то не трэба! — і вярнуўся на сваё месца.
Праўда, у канцы вечара, каб рэабілітаваць сябе і Голубеву, усё ж прачытаў пару вершаў, у тым ліку пра зайца, што варыць піва.
Назаўтра мы пачалі фантазіраваць на тэму, які цяпер душэўны стан у той жанчыны.
— Разумееш, Валодзя, а раптам яна ўсвядоміла, якога чалавека кульнула. Ці яе разыгралі адпаведна. Пасмяяліся, што ў гісторыю ўвойдзе, пакарана будзе... I яна сёння пакутуе. Думае, канчаць жыццё самагубствам ці не...
— Што ж мне рабіць? — Караткевіч яўна не зразумеў жарту.
— Узяць паўлітэрка і пайсці да яе. Вывесці з трансу... Вунь, праз акно відаць яе дом.
I трэба ж такому здарыцца, што, ступіўшы пару крокаў на вуліцу, Валодзя сутыкнуўся з той жанчынай. Разыграная кімсьці, мусіць, участковым, яна ішла да нас «мірыцца з пісацелем», несучы з сабой сумку з прыпасамі... Расчулены Караткевіч спыніўся, пацалаваў яе ў лоб.