Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
Партрэт пісьменніка і чалавека
Адам Мальдзіс
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 208с.
Мінск 2010
— Вялікую і святую справу трэба рабіць з адкрытым забралам.
Нарэшце ў другім — шостым нумарах часопіса «Полымя» за 1965 год раман пабачыў свет. На «сінкліце» сяброў (рэй вёў Рыгор Барадулін) было вырашана, што я зноў напішу рэцэнзію — толькі як мага дыпламатычней, са спасылкамі на гісторыкаў (« каб выбіць падрыхтаваныя козыры ў Герцовіча і іжэ з ім»). На гэты раз свой водгук я даў пачытаць Караткевічу, і ён, выкрасліўшы некалькі гучных эпітэтаў, блаславіў опус у друк. Рэцэнзія з’явілася даволі хутка, 6 жніўня таго ж года, у газеце «Літаратура і мастацтва» пад назвай «Праўда мастацкая і праўда гісторыі»:
«Стагоддзе аддзяляе нас ад гераічнага і шматпакутнага паўстання 1863 г., калі лепшыя сыны беларускай зямлі ўзняліся на барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае разняволенне супраць царскага самаўладства і прыгонніцтва. Сто год у народзе жыве памяць аб палымяным дэмакраце Кастусі Каліноўскім і яго баявых паплечніках. Іх подзвігі неаднойчы натхнялі нашых паэтаў, кампазітараў, мастакоў. Аднак за стагоддзе так і не была створана шырокая мастацкая панарама падзей 1863 г. Вось чаму беларускі чытач з такой нецярплівасцю чакаў, калі ж урэшце «Полымя» выканае свае абяцанні і пачне друкаваць раман УХадзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», прысвечаны легендарнаму паўстанню. Якой будзе яна, сустрэча з народным трыбунам Кастусём? Ці ўдасца аўтару паказаць усю веліч, складанасць, супярэчлівасць і трагізм паўстання? Урэшце, ці будзе мастацкая праўда ў рамане адпавядаць праўдзе гістарычнай?
I вось першая кнігарамана «Каласы пад сярпом тваім» убачыла свет (Полымя. № 2-6). Яна не можа даць поўнага адказу на пастаўленыя вышэй пытанні, бо аўтар яшчэ не давёў апавяданне да 1863 года. У першай кнізе гаворка пераважна ідзе пра падрыхтоўку паўстання, пра тую рэвалюцыйную сітуацыю, якая ўзнікла ў беларускай вёсцы напярэдадні і пасля адмены прыгоннага права. Думкамі аб паўстанні, прадчуваннем яго жыве і галоўны герой рамана Алесь Загорскі, і яго верныя сябры, якім «немагчыма бачыць рабоў і паноў, немагчыма напрактыкоўвацца ў цярпенні, бачыць, як другія надасканальваюцца ў ліслівасці». Алесь адчувае: «Бунт ідзе... Ідзе паўстанне... Ідзе рэвалюцыя, выбух шалёнага гневу і ярасці. Няўмольны пажар ад Гродні да Дняпра. Яго не можа не быць, такое зрабілі з людзьмі... Ідзе воля да майго народа і ўсіх народаў...» Першая кніга рамана — гэта апавяданне аб тым, як кроплі народнага гора паступова зліваліся, каб потым стаць магутнай ракой народнага гневу і помсты.
«Каласы пад сярпом тваім» пачынаюцца паэтычным апісаннем грушы, якая апошні год буяна цвіла на крутым беразе Дняпра — наступная повень павінна была кінуць яе галавой у хвалі. I гэтая груша ўспрымаецца як алегорыя, як сімвал усяго таго лепшага, што павінна было загінуць у хвалях паўстання. Узнімаючыся на барацьбу, паўстанцы не мелі амаль ніякіх шанцаў на перамогу — занадта няроўныя былі сілы. 3 аднаго боку — жменька такіх, як Алесь Загорскі, «блудных сыноў» свайго класа, якія шчыра хацелі заняволенаму селяніну дабра, але не змаглі, за рэдкімі выключэннямі, узняць сялян на барацьбу, жменька шляхецкіх рэвалюцыянераў, якія ў пераважнай большасці, як і дзекабрысты, былі ўсё ж далёкія ад народа. 3 другога боку — магутная махіна царскага самаўладства. Сіле царскіх штыкоў і гармат патрыёты маглі супрацьпаставіць толькі косы і паляўнічыя стрэльбы.
Разрозненае, дрэнна арганізаванае і заўчаснае паўстанне закончылася той змрочнай мураўёўскай ноччу, якая запанавала ў Беларусі з 1864 года. Гэтая ноч была такой бес-
прасветнай, а ахвяры такімі значнымі і беззваротнымі, што скептыкі пачалі лічыць паўстанне непатрэбным, рамантычным шаленствам. Скептычныя галасы раздаваліся і напярэдадні 1863 года.
«Мы ўзгубім усё прыдбанае з такой цяжкасцю», — перасцерагае Алеся Мсціслаў. I ўсё ж слушнасць была на баку Загорскага, які адказвае свайму сябру: «А зброю браць усё адно давядзецца... Зразумей, трэба... У рабстве гіне дух».
Так, паўстанне было неабходнасцю. Дзякуючы паўстанню ў Беларусі, Літве, Польшчы сяляне атрымалі зямлю куды на лягчэйшых умовах, чым у Расіі. Дзякуючы паўстанню тут была вымецена не адна куча феадальнага смецця, якое стрымлівала развіццё краю па капіталістычнаму шляху. Думка аб гістарычнай неабходнасці паўстання выказана, як мне здаецца, ужо ў самім загалоўку рамана, вельмі ёмістым і метафарычным. Падзеі 1863 года — гэта велічнае і трагічнае жніво, дзе серп гісторыі жне дзеля таго, каб наступныя пакаленні маглі правесці новы пасеў.
Хаця першая кніга «Каласоў пад сярпом тваім» завяршаецца толькі падзеямі 1861 года — сялянскай рэформай, расстрэлам маніфестантаў у Варшаве, — аўтар дакладна, у адпаведнасці з гістарычнай праўдай, вызначыў і прычыны, якія абумовілі паўстанне 1863 года і яго рухаючыя сілы. A гэта — нялёгкая справа. Варта прыгадаць, што аб характары паўстання 1863 года вядуцца даўнія спрэчкі. Раней царскія гістарыёграфы сцвярджалі, што ў 1863 годзе «бунтавалі» толькі польскія паны, беларускае ж сялянства заставалася верным «добраму цару-бацюшку». Уласна кажучы, такіх жа пазіцый прытрымліваліся і польскія буржуазныя даследчыкі. Яны характарызавалі рух 1863 года ў Беларусі выключна як нацыянальна-вызваленчы, шляхецкі рух. Потым, у гады культу асобы, некаторыя вульгарныя сацыёлагі кінуліся ў другую крайнасць. Яны абвясцілі паўстанне 1863 года выключна сацыяльным паўстаннем беларускіх сялян. 3 гістарычных даследаванняў такі пункт гледжання перавандраваў у некаторыя літаратуразнаўчыя працы і мастацкія творы.
Аднак, як гэта часта бывае ў спрэчках, ісціна была недзе пасярэдзіне. Факты сведчаць, што ў 1863 годзе беларускае сялянства так і не змагло ўзняцца на рашучае выступленне супраць самаўладства і прыгонніцтва. Больш таго, уведзеныя ў зман дэмагагічнай прапагандай сяляне часам самі выдавалі паўстанцаўурукі ўлад. Адзінае, на што была здольная непісьменная і неарганізаваная беларуская вёска з яе верай у «добрага царка», — гэта стыхійнае выступленне. Гэтая абмежаванасць сялянскага руху добра паказана ў рамане «Каласы пад сярпом тваім». Адзін з герояў рамана, стыхійны бунтар Корчак, сам разумее, што яму «не ўзняць грамаду» на вялікую справу, і тым не менш ён вядзе людзей у Гарыпяцічы, каб здабыць схаваную нібы ў царкве «сапраўдную царскую волю». 3 іроніяй і нават нянавісцю паглядае Корчак на князя Алеся Загорскага, не разумеючы, што той шчыра жадае дабра грамадзе і збіраецца павесці яе ў бой.
Паўстанне 1863 года ў Беларусі і Літве было вельмі складанае і супярэчлівае. Гэта пацвярджаюць і апошнія працы гісторыкаў А. Смірнова, М. Міско, Г. Кісялёва, А. Касцюшкі, В. Кардовіча, С. Кяневіча, П. Ясеніцы і інш. Яно мела адначасова і сацыяльны, і нацыянальна-вызваленчы характар. Яно разгортвалася ў цеснай сувязі (і ў гэтым — яго сіла, а не слабасць, як сцвярджалася раней) з польскім шляхецкім рухам, які, па вызначэнні У. I. Леніна, меў гіганцкае значэнне «з пункту гледжання дэмакратыі не толькі ўсерасійскай, не толькі ўсеславянскай, але і ўсееўрапейскай». На беларуска-літоўскіх землях паўстанне вызначалася большай паслядоўнасцю і бескампраміснасцю, чым на польскіх. Шляхецкі вызваленчы рух дапаўняўся тут сялянскімі выступленнямі. Абодва рэвалюцыйныя патокі тут перакрыжоўваліся, але рэдка калі спалучаліся, — асобна рыхтуе шляхецкую «змову» адзін з герояў рамана Яраслаў Раўбіч і асобна збіраюцца лясныя людзі» вакол сялянскага заступніка Корчака. I толькі такім дальнабачным кіраўнікам паўстання, як К. Каліноўскі, удавалася аб’ядноўваць дзеля агульнай мэты абедзве рэвалюцыйныя сілы. Будзем спадзявацца, што ў другой кнізе рамана гэта ўдасца зрабіць
і Алесю Загорскаму, які, па выбару нелегальнага цэнтра, павінен стаць камісарам атрадаў у ніжнім Падняпроўі.
Князь Алесь Загорскі выбіраецца адным з кіраўнікоў будучага паўстання ў Беларусі далёка невыпадкова. Гэта — адзін з прадстаўнікоў той «масы дваранства», звязанай з польскім вызваленчым рухам, пра якую У. I. Ленін пісаў, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя яна з’яўлялася рэвалюцыйнай. Алесь выйшаў якраз з той мясцовай шляхты, беларускай або апалячанай, якая была незадаволена і сабой, і ўмовамі жыцця ў «турме народаў». Гэтая шляхта разумела ўсю бязглуздасць прыгонніцтва і, наперакор афіцыйным уладам, дабівалася вызвалення сялян. Прыгадаем, з якой палымянасцю выступаюць у пэўны час за адмену прыгонніцтва прадстаўнікі ўсіх трох пакаленняў Загорскіх — стары Вежа, пан Юры і Алесь. He чакаючы царскага маніфеста, Алесь самастойна вызваляе сваіх сялян на выгадных для іх умовах. I мы ведаем гэтаму гістарычныя паралелі: у першай палавіне XIX стагоддзя адпускалі сялян на волю ў многіх беларускіх маёнтках — напрыклад, Храптовічы ў Шчорсах, Манюшкі ў Смілавічах. Як сведчаць дакументы, у 1850 годзе большасць віцебскага дваранства на сваім сходзе катэгарычна выказалася за адмену прыгонніцтва. За такую ж адмену галасуе большасць удзельнікаў «зборні» магілёўскага дваранства, якая каларытна апісана ў рамане Караткевіча. Намаганні перадавой і адукаванай часткі шляхты заўсёды сустракаліся ўштыкі не толькі царскімі ўладамі, але і кансерватыўна настроенымі прыгоннікамі, якія, як Кроер у pawane, лічылі, што мужык яшчэ не дарос да волі.
Аўтар досыць пераканаўча паказвае, што ў тагачасным грамадстве і, у прыватнасці, у «шляхецкім стане» не было і не магло быць адзінства. Загорскім, Раткевічам у рамане супрацьпастаўлены Кроер, які самавольна парушае звычаёвае права і павялічвае прыгон, супрацьпастаўлены графы Хаданскія, якія здзекуюцца з сялян. I прорва, якая аддзяляе Загорскіх і Раткевічаў ад Кроераў і Хаданскіх, бесперапынна пашыраецца: першыя, пераадольваючы свае каставыя забабоны, перамагаючы ў сабе, як гэта робіць Алесь,
«панскі дух», усё больш набліжаюцца да народа, да яго патрэб, другія ж распраўляюцца з кожным праяўленнем свабодалюбства пры дапамозе штыкоў.
Алесь Загорскі належыць да той мясцовай шляхты, якая ў сярэдзіне мінулага стагоддзя пачынала ўсведамляць сваю сапраўдную нацыянальную прыналежнасць. У дзяцінстве ён выхоўваўся, у адпаведнасці са старадаўнім прыдняпроўскім звычаем, у сялянскай сям’і Кагутоў, там навучыўся « мужыцкай » гаворцы, а потым, вярнуўшыся ў палац, пасля спрэчак са старым Вежай, сустрэч з Кастусём Каліноўскім усвядоміў, што гэтая гаворка з’яўляецца мовай цэлага народа, у якога нават ёсць імя — Белая Русь. 3 таго часу Алесь становіцца свядомым змагаром за сваю Бацькаўшчыну, абарона якой была ў свой час абаронай дэмакратыі, усяго прагрэсіўнага. Ен пачынае даследаваць мінулае свайго народа, яго мову, пісаць на ёй вершы. Адначасова ў хаце Кагутоў, у часе дзядзькавання, Загорскі вучыўся разумець народнае жыццё, глядзець на свет вачыма сялян. Усё гэта ўплывала на фарміраванне рэвалюцыйнай свядомасці ў Алеся, які ў канцы першай кнігі горда заяўляе: «Я мужык. Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне вярнула да народа. Да гнанага, да аббрэханага кожным сабакам. I я цяпер з ім, што б ні здарылася».