Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
Партрэт пісьменніка і чалавека
Адам Мальдзіс
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 208с.
Мінск 2010
— Мусіць, колеру табакі, — зрабіў заключэнне.
Асабліва Караткевічу спадабаліся падзямелле, дзе пахаваны польскія каралі і вялікія літоўскія князі, багата аздобленая капліца з металічнай труной святога Казіміра, звезеныя з прыдарожжаў драўляныя скульптуры-«смуткялісы» і часовая выстаўка, прысвечаная гадавіне вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў. Экспанаваныя там творы прываблівалі смеласцю, наватарствам пошукаў у нацыянальным рэчышчы.
— He дай бог, каб гэта пабачыў Мікіта Сяргеевіч, — уздыхнуў Валодзя. — Разнёс бы ўшчэнт — як аднаўленне Тракайскага замка...
Шукаючы Шутовіча, мы зайшлі да яго на кватэру па вуліцы Антакальнё, дзе нас сустрэла яго жонка, літоўская паэтэса і перакладчыца Она Міцюце (яна дзесяць год чакала з турмы рэпрэсіраванага мужа, хоць ёй і прапаноўвалі адмовіцца ад яго). Гаспадара дома не аказалася — паехаў на нейкі засценак. Але затое гаспадыня расказала нам многа цікавага — пра сумесныя даваенныя беларуска-літоўскія вечары, пра свае пераклады вершаў Максіма Танка.
— Пад уплывам Янкі я і сама спрабавала пісаць па-беларуску, — прызналася Она Міцюце. — У акадэмічнай бібліятэцы вы можаце знайсці маю рукапісную п’еску «Чароўная скрыначка», прызначаную для беларускага школьнага тэатра.
У тым жа двухпавярховым доме, што і Шутовіч, жыў таленавіты беларускі мастак Пятро Сергіевіч. Мы не прамінулі аказіі зайсці да яго ў майстэрню. Дзядзька Пятро, як яго называў Караткевіч, аказаўся нездаровы, але, даведаўшыся, што прыйшлі госці з Мінска, хутка падняўся, выйшаў у прадпакой, сардэчна павітаўся і павёў далей. У майстэрні якраз вісела ў рабоце карціна пра Паўлюка Багрыма. Юны паэт стаяў перад высокім начальствам са сшыткам у руках, a на ўсё са страхам пазіралі маці і сястра. У вачах, усёй постаці галоўнага героя былі выклік, дзёрзкасць.
— Якраз такім я ўяўляў яго, калі пісаў свайго «Паўлюка Багрыма», — пахваліў карціну Караткевіч.
Потым Сергіевіч паказаў нам увесь свой запаснік. А таксама дзівосныя карціны Язэпа Драздовіча, амаль невядомага яшчэ ў Мінску. Асабліва ўразіла фантастычнае «Вітанне вясны на Сатурне»: сотні зусім аднолькавых незямных істот стаялі ў строгіх шарэнгах і чагосьці чакалі.
— Глядзі ты, прадбачыў! — адрэагаваў Валодзя, думаючы пра нешта сваё.
Ну і вядома ж, мы многа сядзелі ў гістарычным архіве на Добрай Радзе. Кісялёў прыносіў Караткевічу, здаецца, нават без належнага афармлення, дакументы пра паўстанне 1863 года, Кастуся Каліноўскага. Валодзю было цікава ўсё: і папера, і подпісы, і паўстанцкія пячаткі. Здавалася, што ён бачыць тых, хто іх ставіў, і нават размаўляе з імі, варушачы засмяглымі ад курэння губамі.
У тую паездку Караткевіч здзівіў мяне сваёй здольнасцю быць натуральным, цікавым і не паўтарацца ў самых розных кампаніях — пісьменнікаў, вучоных, з абслугай у гасцініцах і прадаўшчыцамі ў кніжных магазінах (куплены аднатомнік япопца Руноске Акутагава на нейкі час стаў яго настольнай кнігай). Мы хадзілі па старых вулках, узбіраліся на вежу Гедымінаса. Доўга стаялі каля Вострай брамы, Святадухаўскай царквы, у Базыльянскіх мурах («во дзе была талеранцыя: зусім побач мірна сужылі каталіцкая, праваслаўная і ўніяцкая святыні»). Зайшлі «пад галю» — на калгасны рынак, які, мабыць, памятаў Багушэвіча, каб купіць там кветак і ўскласці іх на пліту, устаноўленую на месцы пакарання смерцю Каліноўскага (каля касцёла святога Якуба па Лукішках). Нанеслі колькі візітаў маім сваякам (цётка Жукоўская цярпліва вучыла нас, як з мёду, спірту і спецый варыць стары беларуска-літоўскі крупнік). Хадзілі ў кіно на фільмы «з дрыжыкамі».
Наша прабыванне закончылася даволі камічна. Грошы неяк нечакана зніклі, а пазычаць не дазваляў гонар. I тады праз Мацявічуса Караткевіч дамовіўся, што нам дадуць мінут дваццаць у літаратурным тэлечасопісе. Ледзь не на апошпі рубель паабедалі. Валодзя апрануў свой эфектны,
блакітны з белым, світэр. Галантна цалаваў ручкі рэжысёркам і дыктарцы. Узнёсла гаварыў, як шукаўу Вільнюсе сляды Каліноўскага. Я ж расказваў пра дружбу нашых літаратур... Вярнуліся мы ў былыя людскія па вуліцы Рашытою, папілі чаю і ўлягліся спаць з ціхай надзеяй, што нашы фінансавыя справы заўтра палепшацца.
— Званіць у бухгалтэрыю будзеш ты, хоць паздароўкаешся па-літоўску.
— Але «лабас рытас» нас не ўратавала. На маё пытанне, ці нельга было б атрымаць ганарар за ўчарашняе тэлевыступлепне, у трубцы пачулася:
— А вы — савецкія грамадзяне?
— Безумоўна! — узрадаваўся я.
— Тады атрымаеце пераводы ў канцы месяца ва ўстаноўленым парадку. Адразу мы плацім толькі замежным грамадзянам...
Давялося паступіцца сваім гонарам і звярнуцца за субсідыяй да сваякоў.
У наступны свой прыезд у Вільнюс, у канцы лютага і пачатку сакавіка 1966 года, мы былі болып абачлівымі: загадзя дагаварыліся пра пакой у больш дэмакратычнай гасцініцы «Гінтарас», а потым перабраліся на кватэру да майго школьнага сябра Часлава Мекіна на вуліцы Дзуку («у краіне Дзукіі», «у дзукаў»,як паўтараў Валодзя).
У Літоўскім драмтэатры якраз паставілі гістарычную драму Вінцаса Крэве «Скіргайла». Яна выклікала вострыя спрэчкі: аўтар памёр у эміграцыі, доўгі час быў ледзь не пад забаронай, ды і на гістарычную праблематыку тады накладвалася табу... Таму Мацкявічусы рашылі звадзіць нас на гэтую пастаноўку. Білеты ім удалося здабыць з цяжкасцю, бо ўсе былі раскуплены загадзя. Аднак для «беларускага Сянкевіча і яго сяброў» усё ж знайшлася бронь. Караткевіч быў у захапленні ад маналогаў Скіргайлы пра тое, якім багамяму пакланяцца, ад «несіметрычнасці» драмы:крыжак аказваецца героем, а літовец — здраднікам. Разам з усімі Валодзя доўга апладзіраваў стоячы, а потым, у гардэробе, узрушана сказаў:
— Трэба перакласці для купалаўцаў! — Ды тут жа аціх: — Хто ў нас цяпер такое паставіць?!
На наступны дзень вядомая літоўская фалькларыстка Ванда Ёнаўна павезла нас у Каўнас. Валодзя быў не ў гуморы: напярэдадні, адыходзячы ў тэатр, жонка Мацкявічуса прыпудрыла яму рассечанае пры рэзкім тармажэнні аўтобуса брыво, і сёння ў невялікай ранцы пачалася злая інфекцыя. I таму на карціны Чурлёніса ў Каўнасе глядзеў ён неяк адным вокам, прымружана. Асабліва ўразіла Валодзю нарастанне змроку, беспрасветнасці ў цыкле «Хаўтуры». Ён доўга стаяў перад карцінамі, нешта шаптаў (пасля з усяго гэтага нарадзіўся верш «Чурлёніс»). Дужа шкадаваў, што лепшыя творы літоўскага генія знаходзяцца ў цёмным запасніку: пісаныя дрэннымі фарбамі, на святле яны хутка губляюць колер. Затым нам паказалі скульптуры Даўгвілене, прысвечаныя паўстанцам 1863 года (у тым ліку дзеду мастачкі). Кавалкі кары (здаецца, дубовай), наклееныя на нацягнутае палатно, стваралі незвычайны эфект.
— Якое адзінства формы і зместу! — захапляўся Караткевіч. — I кім зроблена: не прафесіяналам, а швачкай.
А яшчэ спадабаліся яму скульптуры Рымшы, асабліва праект помніка лётчыкам Дарусу і Гірэнасу, якія перад вайной пераляцелі Атлантыку, але загінулі ў аварыі над прускім ці літоўскім лесам. Таму ўся скульптурная група нібы вырастала з лясной гушчэчы.
Паколькі музей вітража (музея чарцей тады, здаецца, яшчэ не было) аказаўся на рамонце, Караткевіч запрасіўся ехаць назад, аднак абачлівая Ванда Ёнаўна прымусіла, каб ён зайшоў у паліклініку і даўся зрабіць «самую маленькую ў свеце аперацыю». Хірургічнае ўмяшанне пайшло на карысць, і па дарозе назад Валодзя ўжо сыпаў анекдотамі і нават пахваліў (а з раніцы лаяў) сучасную архітэктуру Электрэнай.
У абодва прыезды Караткевіч любіўхадзіцьумаленькую кавярню па вуліцы Татору (цяпер Палецкіса), дзе за буфетам стаяла («пры ўсіх уладах») магутная жанчына родам з-пад Мсціслава. Калі яна злавалася, вока ў яе мружылася ў
нервовым ціку. Казалі, што ў выпадку чаго яна не выклікала міліцыю, а сама хапала дэбашыра за шкірку і выкідвала за дзверы. Валодзю, які галантна цалаваў ёй ручкі і па-зямляцку называў «мамусяй», яна паважала і магла нават даць «на борт крупніку». У доўг, да зарплаты ці ганарару, бралі і іншыя — пісьменнікі, акцёры. Потым, па неасцярожнасці Караткевіча, кавярню прыкрылі: ён, захапіўшыся нейкім сюжэтам, расказаў пра норавы, якія там пануюць, аднаму высокапастаўленаму літоўцу, а той рашыў: хопіць!
Праз два дзесяцігоддзі рысы вільнюскай «мамусі» я пабачыў у шынкарцы з караткевічаўскай драмы «Маці ўрагану».
Ці не апошні раз мы пабывалі разам з Караткевічам у Вільнюсе ў жніўні таго ж 1966 года. Рэжысёр Юрый Цвяткоў тады здымаў па яго сцэнарыю дакументальны фільм «Памяць» — пра помнікі архітэктуры. У Гудагай, дзе я тады адпачываў, уся кінагрупа прыехала «рафікам». Спачатку я павёз яе ў Варняны, паказаў ансамбль XVIII стагоддзя. Валодзю захапіла вежа, узведзеная невядома дзеля чаго на востраве пасярод ставоў. Яна здалася яму маленькім паўтарэннем Камянецкага стаўпа. I сцэнарыст запатрабаваў, каб вежу дадаткова ўвесці ў фільм, ганяў галінай буслоў, каб яны трапілі ў кадр і «прыўкрасілі» яго. Потым быў касцёл аўгустынаў у Міхалішках, упрыгожаны скульптурамі знакамітага італьянца Перці — таго самага, што абяссмерціў сабор святых Пятра і Паўла ў Вільнюсе. Уражаны Караткевіч, перафразаваўшы назву аповесці Івана Шамякіна, раз-пораз усклікаў:
— Ах, Міхалішкі, Міхалішкі!
Заехалі мы і да дубовага крыжа, што стаяў на старым гасцінцы ля былога маёнтачка Анелін. Мясцовая легенда (расказваў яе стары «баечнік» з Палушаў Грыва) сведчыла, што сюды, да сваёй Марыські, няшлюбнай дачкі сялянкі і паніча, прыязджаў «правадыр» паўстанцаў 1863 года. I крыж быў асвечаны ў яго прысутнасці. Паглядзеўшы на прыступкі, што засталіся ад анялінскага дома і ўжо нікуды не вялі, на старое гумно, высокія дрэвы над берагам Лошы
і густы шыпшыннік («здзічэлыя ружы»), Караткевіч узважыў усе акалічнасці і прыйшоў да вываду:
— Ну, вядома, тут быў ён, Каліноўскі! Бо хто ж яшчэ? — і папрасіў Цвяткова дадаткова зняць крыж для фільма (не памятаю, ці засталіся гэтыя кадры ў стужцы).
Па дарозе з Аняліна ў Гудагай Валодзя стаў пераконваць мяне:
— Давай пра ўсё гэта напішам па аповесці. Паглядзім, што выйдзе.
— Але ж я не пішу прозу. Толькі навуковае, крытыку. He атрымаецца!
— Атрымаецца! I ведаеш, чаму? Ты любіш разыгрываць людзей. Бывае, і не вельмі дасціпна... Памятаеш, як званіў Барадуліну ад імя польскага перакладчыка Антоняга Ольхі, як Рыгор бегаў па гасцініцах, шукаючы яго?! А ведаеш, чаму ? Таму, што не зганяеш ахвоту, разыгрываючы сваіх герояў. Даказана гісторыяй...