Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
Партрэт пісьменніка і чалавека
Адам Мальдзіс
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 208с.
Мінск 2010
«Дарагі Адам!
Даслалі мне твой артыкул. Прачытаў. Выдатна. Думаю, і надалей з тымі «Каласамі» ўсё абыдзецца. Хацелася б гэтага ад усёй душы.
Работу па рэдагаванні канчаю. Сёе-тое скараціў, сёе-тое дапісаў. Пасля сяду за трэці варыянт «Хрыста» і ўсё разам дашлю ў Мінск.
Вось ужо ідзе трэці тыдзень маёй службы. Акрамя сваіх спраў, нічога путнага не зрабіў. Для газеты я яшчэ, пакуль тое, тэра інкогніта. Хіба што здаў пераклад «Здратаваных магіл» у літаратурную старонку. Пераклаў адзін такі мясцовы паэта. Кепскавата пераклаў, ну ды ладна.
Пакуль што тут глухі туман і морась. Імжыць і імжыць. Варта кінуць на тры дні туфлі, як яны зацвітаюць. Прасціны прасыхаюць толькі да раніцы — клімат аж вельмі спрыяльны, асабліва для сухотных. Але днямі абяцаюць мора сонца: пачнецца залатая прыморская восень. Вось тады мы ўжо дамо раскрутку. Былі ў сакратара краёвага, Чарнышова (той раней быўу нас, на Беларусі), і ён паабяцаў нам даць на тыдзень машыну, каб паездзілі па краі, пазнаёміліся. Ну і на флоце, на караблях пабываем, паплаваем.
Шкада, але на Курылах і Камчатцы нам, відаць, пабываць не давядзецца.
Ну добра. На пачатку кастрычніка будзем у Мінску, зноў работа, а пасля Новага года паедзем, як дамаўляліся, у Вільню, пасядзім у архівах, ды трэба выпускаць з рук хаця трэцюю частку «Каласоў».
А як у цябе? Як пачалася праца, калі пачалася? Як здароўе Мальдзісовай, і Мальдзісяняткі, і мамы? Што новага бачыў? Перадавай прывітанне ўсім як адзін, акадэмікам і акадэмам. Ужо трохі скучыў па Мінску і па ўсіх вас, братове.
У Прымор’е, вядома, трэба ехаць не на дзяржаўны кошт, каб не сядзець па рэдакцыях, а швэндацца па краі.
Прывітанне табе ад Рыгора і Генкі.
Твой сябар Уладзімір».
У другім лісце, датаваным 14 верасня, падрабязна расказваецца аб паездцы па Прымор’і, па Усурыйскай тайзе. Сёння ён мае асаблівую цікавасць, бо дазваляе нам меркаваць, пры якіх акалічнасцях нарадзілася задума напісаць аповесць «Чазенія» — ці не самую рамантычную ў Караткевіча:
«Пане шаноўны Адомас!
Адказваю Вам аж на чатыры Вашыя цыдулы: паштоўку і тры лісты. Паштоўку і ліст пераслалі мне толькі што з Рагачова, яны яшчэ з ГІольшчы (бач, як «судьба нграет человеком, а человек нграет на трубе»), а астатнія два — нядаўнія.
Ну, польскія навіны, вядома, не вызначаюцца свежасцю, хаця паштоўка на праву зойме сваё месца ў альбоме, а з ліста, як заўсёды разумнага і цікавага, толькі тое, што наведвалі Вестэрплятэ. Ты, пры нагодзе, раскажы пра гэта Брылю. Яму будзе не тое каб прыемна, а цікава...
У рэстараны на чаўне мы не плаваем. Уладзівасток не залівае. Гэта Прыханкайскую і Суйфунскую даліны залівала ўжо два разы, а людзі сядзелі на дахах, чакалі верталётаў і пілі гарэлку. I нам не давалі, так што ніякія мы не мачыляпы і не мачыморды. Гэта вы там у Мінску распусціліся, як цыганскія пугі і як яшчэ нешта, мяркуючы па выразках, а мы тут цацы, лялі і ўвогуле. I хлопцы, каб былі ўдома, то абавязкова перадалі б табе прывітанне, як творча камандзіраваныя...
Мы нядаўна ездзілі па краіне з аператарам. Цераз Арсеньеў-Анучына, цераз перавалы, палохаючы коз, у Цецюхе. А наступнага дня, палазіўшы па сопках (там свінцовы руднік), пакаштаваўшы лімонніку, паперлі на мора, на Цецюхе-прыстань. Скалы, грозныя хвалі, прыліў, пацук, што кінуўся да мяне шукаць паратунку.
3 Цецюхе цераз Капцухінскі перавал — на Кавалераўку. Там начавалі, хадзілі на раку Луд’е, я пералазіў яе з апаратурай па бервяне ільма (экзотыка!!!), а аператар купнуўся не па сваёй ахвоце, а Грыц і Генка ўвогуле не палезлі, бо рака, як вір. А за ракой скала Халаза, а пад ёй бурундукі бегаюць і лётаюць блакітныя сарокі.
Адтуль паехалі цераз Малінавы перавал, які перайшлі Венюкоў, Пржэвальскі і Арсеньеў. Глядзелі там са стромы, ля якой тракт на р. Фудзін: кінеш камень — да самай ракі коціцца. Пілі на ім ваду (і толькі). Начавалі ў Чугуеўцы. Былі ў музеі Фадзеева, на пасецы, дзе пасечнікам беларус Лось, елі мёд і пілі медавуху, абкружаныя пчоламі. Тпглі тай-
гой, пераходзілі па дрэвах рэкі, былі на баштане, а вечарам на ўлазінах.
Раніцай я агледзеў Бахайскае гарадзішча, а пасля паехалі на Спаск («штурмавыя ночы»), Усурыйск і, цераз Чортаў перавал, на нізіну. Захад такі быў трывожны — д’ябал яго ведае які.
I ўначы прыехалі ва УХадзівасток. Днямі набяру работы на 2 дні, скажу, што на чатыры, і з’езджу ў запаведнік Кедравая Падзь, сплаваю на вос. Пуцяцін, а там і дадому.
Абрыдла ўжо тут да д’ябла. Хочам вырвацца 25-га, але можа быць так, што і не вылезем. Тады 30-га.
А што з тваім страўнікам, браце? Ты сцеражыся. A то Герцовічам занадта добра будзе (чытаў бездапаможную дурасць у «Сов. Бел.»?). Я плюю, нават рэклама, але матузы могуць насцеражыцца.
Перадай Зайцаву прывітанне, і ўсім хлопцам і дзяўчатам прывітанне. He кажу нават пра Марыю, а проста, з твайго дазволу, цалую яе. Ссумаваўся — страшэнна.
Твой Уладзімір».
У канцы ліста — малюнак (Караткевіч цудоўна маляваў): дзве стромкія скалы, а на вяршыні адной з іх — маленькая фігурка са стрэлкай. Унізе подпіс: «Я і рэчка Луд’е».
Трэцяе ж пасланне, датаванае 30 верасня, зусім кароткае. Напісана яно на паштоўцы з кветкаю жэньшэня:
«Адась, дарагі!
Трымайся, заўтра мушкецёры выязджаюць у свой набег на стольны беларускі горад. Здзічэлі без жанчын і таму небяспечныя, аж зубамі скрыгочам. Вязем табе васьмінога. Прывітанне Мальдзісісе і Мальдзісянятку. Цалуем.
Твой сябар Уладзімір».
Абяцанага васьмінога, аднак, я не атрымаў: «мушкецёры» з’елі яго, едучы цягніком праз Сібір. Замест яго прывезлі засушаных марскіх зорачак і пеўняў. А яшчэ — новыя вершы. А Караткевіч — падрабязны план «Чазеніі».
3 1965 года, пасля публікацыі «Каласоў...», %.адзіміра Караткевіча часта сталі запрашаць на розныя публічныя і «неафіцыйныя» вечары і сустрэчы. 27 кастрычніка памаёй ініцыятыве ў Інстытуце літаратуры адбылася першая чытацкая канферэнцыя па гэтым рамане. Прыйшлі гісторыкі, філосафы, мастакі. 3 Крывічоў прыехала Паўліна Мядзёлка, якая называла Валодзю сваім сынам. Хораша выступілі супраць таго, што мы сёння назвалі б нацыянальным нігілізмам, гісторык Міхаіл Біч і стары культурны дзеяч, з пецярбургскай «закваскай», Язэп Сушынскі. Яны гаварылі, што беларусы як нацыя яшчэ не пазналі сябе. На іх словы Караткевіч парыраваў: гэта мы не пазналі свой народ, пакутліва ідзем да яго. Былі і незадаволеныя, насцярожаныя галасы. А філосаф Я. прама назвала ўсё абмеркаванне «гадзючнікам».
19 лістапада 1966 года разам з іншымі пісьменнікамі маладзейшага пакалення — Юркам Голубам, Алесем Разанавым, Яўгеніяй Янішчыц — Уладзіміра Караткевіча і Рыгора Барадуліна запрасілі да сябе студэнты Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута. Сцены былі ўпрыгожаны вытрымкамі з Валодзевых вершаў, сімвалічнымі малюнкамі. На сцэне сядзеў «ганаровы прэзідыум»: Рыгор Шырма, Язэп Сушынскі, маці Караткевіча Надзея Васільеўна. У першым аддзяленні студэнты чыталі вершы Жылкі, Родзевіча, Барадуліна, Зуёнка, але найбольш Караткевіча (запомнілася «Трызненне мужыцкага Брэйгеля» ў выкананні Сашы Лабанка). Другое аддзяленне пачалося з майго ўступнага слова, дзе я асцярожна, спасылаючыся на класікаў, апраўдваў цікавасць да мінулага, а значыць, і з’яўленне «Каласоў...». Валодзя чытаў больш «змрочнае». Каб разрадзіць атмасферу, Рыгор Барадулін (пачаў ён з сардэчнага звароту да «ганаровага прэзідыума») стаў згадваць дасціпныя вершы, напісаныя ў час мінулагодняй паездкі на Далёкі Усход (памятаецца, слухачак шакіравала фраза: «Глядзяць зялёнымі вачыма, як незанятыя таксі»),
3 вечара ўсе разыходзіліся з прыўзнятым настроем, нібы са свята.
— Аказваецца, ёсць у нас моладзь! — радаваўся Караткевіч. Пасля вечара ён спяшаўся на вакзал, каб сустрэць акцёра Льва Дурава, выканаўцу галоўнай ролі ў фільме «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». — Значыць, стары, варта нам жыць і варта пісаць.
Аднак такія вечары тады здараліся не часта. Ды і арганізатараў іх потым чакалі розныя спагнанні. Таму ў тыя, застойныя, часы літаратурнае жыццё ў многім засяроджвалася на прыватных кватэрах — у Караткевіча, Барадуліна, Гапавай, Крэнь,у інтэрнацкіхпакойчыкахЛіса, Прашковіча. Нярэдка збіраліся ў нас. Карыстаючыся гасціннасцю Валодзі, у яго часта адзначалі дні нараджэння сябры і проста знаёмыя. Так на пачатку 1968 года тэатразнавец Сцяпан Міско, чалавек здольны, але беспардонны, справіў у яго свае «халасцяцкія імяніны». На іх выпадкова прысутнічала і Ларыса Антонаўна Геніюш, якой Караткевіч рэдагаваў паэтычны зборнік «Невадам з Нёмана». Падпіўшы, Міско пачаў кідацца фразамі накшталт:
— Ты добрая дзеўка, Ларыса!
Але гэта не дужа бянтэжыла Ларысу Антонаўну. Куды болып трывожыў яе багемны, «ясенінскі» стыль жыцця, якому паддаўся тады Валодзя. Абараняючыся, ён казаў, што вось няма належнага парадку, належнага настрою...
— Для мяне не існуе слова «няма»! — перапыніла гаспадара паэтэса. — Для мяне існуе слова «будзе»! Такая ж вера павінна быць і ў цябе, Валодзечка.
Ларысу Антонаўну горача падтрымала Надзея Васільеўна. Ёй таксама не падабаліся паводзіны сына, але пратэст яе быў больш інтэлігентна-пасіўны. Адчувалася, што яна прытамілася ў сваім ушчуванні.
Неўзабаве, ужо ў новай Караткевічавай кватэры па вуліцы Веры Харужай, наладзіў свой дзень нараджэння Сяргей Панізнік, якога гаспадар, зважаючы на ваенныя пагоны, называў «Лермантавым беларускай паэзіі». Застолле сабралася інтэрнацыянальнае: Чэхаславакію прадстаўляў верны сябар і прапагандыст нашай літаратуры Вацлаў Жыдліцкі, Польшчу — паэт і даследчык Алесь Барскі (Баршчэўскі),
Латвію — сястра Панізніка са сваім знаёмым, якога Валодзя ахрысціў «анёлкам», Беларусь — Барадуліны, Коўтун, Янішчыц, Сіпакоў, яшчэ нехта. Чыталіся вершы. Караткевіч запяваў і хораша вёў «Ой, косю мой, косю», «Ой, расцвіла ружа», «Ад панядзелка да панядзелка», старыя рэлігійныя гімны. Сваёй непасрэднасцю ўсіх, асабліва жанчын, зачароўваў Барскі: кожнай з іх ён адразу ж гаварыў «коціку» і тут жа дадаваў: «То я ўжо паню кахаю»... Але, калі сур езна, то ў той вечар завязаліся новыя творчыя кантакты, умацаваліся старыя. Толькі Вацлаў Жыдліцкі пераклаў тры кніжкі Ухадзіміра Караткевіча (у тым ліку раман «Нельга забыць», які ў Чэхаславакіі выйшаў асобнай кніжкай намнога раней, чым у Беларусі).