Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча Партрэт пісьменніка і чалавека Адам Мальдзіс

Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча

Партрэт пісьменніка і чалавека
Адам Мальдзіс
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 208с.
Мінск 2010
47.35 МБ
Раман «Нельга забыць» прынясе карысць чытачу, таму што ён абуджае багатыя думкі і пачуцці. He, ён не «мабілізуе» на выкананне нейкай канкрэтнай, вузкай задачы.
Раман робіць большае: выхоўвае культуру пачуццяў, абуджае роздум аб сэнсе жыцця. Так, нельга забыць пра тое, што ў жыцці ўсё ўзаемазвязана, што мінулае цесна пераплятаецца з сучасным і будучым. Нельга забыць ні Усяслава Грынкевіча, які аддаў жыццё «за вашу і нашу свабоду», ні таго асколка ў калясэрцавай сумцы Ірыны Горавай, які застаўся з часу вайны. У жыцці кожнага з нас можа быць такая вераб’іная ноч, кожнаму з нас, магчыма, прыйдзецца дапамагчы некаму, каб той не спазніўся на жахлівыя дзесяць мінут.
Уражанні, якія ўзнікаюць, калі дачытваеш апошнюю старонку рамана, хочацца выказаць словамі самога ж Караткевіча: «Вось, здаецца, і нічога не здарылася, а адразу неяк лягчэй стала жыць на зямлі».
Хаця ў гэтай, першай рэцэнзіі на раман з празмернай сур’ёзнасцю даказвалася відочнае, хаця некаторыя папрокі сёння выглядаюць дробязнымі, але ўсё ж Уладзімір Караткевіч, відаць, застаўся задаволены ёю. Бо на пленуме (ці нейкім іншым сходзе) у Саюзе пісьменнікаў БССР (месціўся ён у будынку насупраць цяперашняга кінатэатра «Піянер») ён спытаўуЯнкі Брыля:
— А хто ды хто той рэцэнзент? Пазнаём мяне з ім.
Янка Брыль паклікаў мяне і прадставіў высокаму і плячыстаму мужчыну, амаль яшчэ юнаку. Ен прымружана і дапытліва глядзеў рознакаляровымі (адно шэраватае, а другое сіняватае) вачыма і шырока, крыху іранічна ўсміхаўся. Мы неяк збянтэжана паціснулі ўзаемна рукі. I Караткевіч тут жа, неяк вельмі натуральна перайшоўшы на «ты», запрапанаваў:
— To пасля ўсяго пойдзем да мяне, паседзімо. Згодзен?
I мы пайшлі ў кватэру, якую ён толькі што атрымаўу блочным, «хрушчоўскім», доме па вуліцы Чарнышэўскага пад нумарам 7. У доме жылі і іншыя пісьменнікі (на пятым паверсе, помніцца, Валодзя паказаў мне кватэру Адамчыкаў). Халасцяцкае жытло Караткевіча было на «Парнасе» — на пятым паверсе і складалася з аднаго пакоя і цеснай кухні.
Пра адзін пакой згадваю спецыяльна, бо нядаўна ў цікавых успамінах Арсена Ліса напаткаў сцвярджэнне, нібы тая кватэра была двухпакаёвая. Аўтара ўспамінаў, відаць, падвяло тое, што потым, пасля пераезду з Оршы маці Валодзі, Надзеі Васільеўны, «хата» была перагароджана шафай з прыбітай даяе шырмай: злева, ля акна, месціўся «габінэт» з раскладным крэслам, справа, ад увахода — мікраскапічная спаленка з тахтой... Але тады, у нашу першую сустрэчу, пакой быў яшчэ не разгароджаны, не застаўлены кніжнымі паліцамі.
— Кнігі яшчэ засталіся ў Оршы, — тлумачыў гаспадар, паказваючы сціплую «хату». — Цеснавата тут.
Але я стаў супакойваць яго, параўноўваючы свой прыватны пакойчык на Сельгаспасёлку з ягоным «цывілізаваным» жыллём. Зрэшты, потым Валодзя не раз казаў, што нідзе яму не пісалася так хораша, як на Чарнышэўскага. Ды яшчэ ў Оршы.
У той вечар, аднак, мы не спыніліся ў пакоі, а пайшлі на кухню, «самае ўтульнае і зручнае месцейка», дзе Валодзя запарыў у «турцы» каву (гэта ён умеўрабіць як ніхто), выцягнуў з «затыркі» бутэльку сухога віна. I прасядзелі мы разам аж да трох гадзін ночы. Натуральна, я распытваў пра раман «Нельга забыць». Караткевіч прызнаў, што ён сапраўды вельмі аўтабіяграфічны. Ды і ў іншых герояў ёсць рэальныя прататыпы. Яніс — гэта, да прыкладу, цудоўны латышскі паэт Еранім Стулпан. Няўхвальна, з унутраным болем Валодзя гаварыў толькі пра М„ маскоўскую даследчыцу гісторыі мастацтваў, выведзеную ў рамане пад прозвішчам Горавай, — здалося, з ёю былі звязаны сур’ёзныя пачуцці і няздзейсненыя надзеі... Без непатрэбнай сціпласці аўтар лічыў раман сваёй удачай і спадзяваўся хутка пабачыць яго ў выглядзе асобнай кніжкі.
Потым мы сталі ўзаемна расказваць, што было «да таго». Валодзя згадваў Оршу, дзе прайшлі яго дзяцінства і школьныя гады, ваеннае ліхалецце, калі ён апынуўся ў Арэнбургу (урэзаліся ў памяць вярблюды, якія, раззлаваўшыся, дужа пляваліся), разбураны пасляваенны Кіеў, дзе
ён жыў у цёткі, вучобу ў Кіеўскім універсітэце, адкуль яго ледзь не выключылі за нацыяналізм... украінскі. Гэтаму ўніверсітэту Караткевіч быў асабліва ўдзячны: там ён сустрэў верных сяброў, мудрых настаўнікаў накшталт прафесара Бялецкага, там, удалечыні ад Беларусі, зразумеў, што такое Радзіма.
— Калі б гэта ад мяне залежала, то кожнага вучня, дзесьці ў класе дзявятым, пасылаў бы на які час у іншую рэспубліку, каб адчуў тугу па сваім. Рос патрыётам.
Потым гаворка пайшла пра першыя крокі ў літаратуры. «Непісьменным» Валодзя сябе не памятаў. Рыфмаваць, дзеля забавы, пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Першы верш напісаў дзесьці год у чатырнаццаць («але гэта было яшчэ дзеля смеху»). Сур’ёзна заняўся паэзіяй пасля ўніверсітэта, калі працаваў настаўнікам у Тарашчы на Украіне, а потым у Оршы. 3 Оршы паслаў некалькі вершаў сябру (здаецца, Валянціну Краўцу, потым выкладчыку політэхнічнага інстытута) у Мінск, а той, без ведама аўтара, аднёс іх у «Полымя». Такім чынам у 1955 годзе пабачыў свет караткевічаўскі «Машэка». Амаль адначасна ў зборніку пра Янку Купалу былі апублікаваны ўражанні з паездкі ў Вязынку (Валодзя лічыў іх «сапраўдным дэбютам»),
— Некалькі вершаў, — працягваў Караткевіч, — я неабачна аддаў у аршанскі «Ленінскі прызыў». Неабачна, бо не падумаў, як іх успрымуць дамарошчаныя «знаўцы». A яны, аказалася, дыхалі яшчэ сталінскім духам. Вядома, былі там і слабаватыя вершы. Але мне папала за іншае — за безнадзейнасць, чорную меланхолію, захапленне гісторыяй. Адным словам — за безыдэйнасць. Супрацоўнік рэдакцыі Высоцкі напісаў (мусіць, яму «падказалі») супраць мяне разносны артыкул «Не ў нагу з жыццём». Гэта ён — у нагу, заўсёды ў нагу, паводле загада, як былы вайсковец, a я — не... Найбольш лаяў ён верш «Вадарод» — нібы я прадракаю там пагібель нашай краіны. А я ж толькі хацеў папярэдзіць: атам — магутная, карысная, але і небяспечная сіла. Дураксы, а дураксаў на свеце многа, могуць знішчыць зямлю... Што пасля таго артыкула пачалося! Арганізаваныя
лісты ў рэдакцыю, спецыяльная канферэнцыя «абураных» чытачоў на льнозаводзе. Нават дайшло да таго, што аршанская газета пачала вучыць розуму самога Броўку: замест таго, каб прызнаць крытыку «знізу» і паўшчуваць мяне за памылкі, ён сказаў на адным сходзе, што я падаю цікавы голас... У школе працаваць стала ну проста немагчыма. I тады я рашыў падацца ў Маскву — на Вышэйшыя літаратурныя курсы. А потым — сцэнарныя. Многа там спазнаў новага... Так што цяпер, выходзіць, я павінен нават дзякаваць таму салдафону Высоцкаму. Ворагаў мне ён прыдбаў, але — і сяброў. Пасыпаліся абураныя лісты ў Мінск, Глебка з Казекам выступілі ў маю абарону ў «Звяздзе». У Саюз мяне прынялі.
Праўда, па словах Караткевіча, і ў Мінску не ўсім яго вершы прыйшліся даспадобы. Палохала смеласць думкі, нязвычная форма. Некаторыя старэйшыя паэты ўвогуле адмаўлялі яго здольнасці.
— К. сказаў, — крыўдаваў Валодзя, — што з маім талентам толькі каменне на бруку біць...
У адказ я расказаў Караткевічу пра некалькі падобных выпадкаў з мінскага літаратурнага жыцця, з уласнага, няхай і небагатага аспіранцкага вопыту. Мы пагадзіліся, што тыя змены, якія пачаліся пасля смерці Сталіна і асабліва пасля XX партыйнага з’езда, ідуць са скрыпам. Занадта многа людзей, не зацікаўленых у іх. А іншыя баяцца, не ведаючы, чыя возьме. Таму адседжваюцца, чакаюць.
Перад развітаннем Валодзя, нібы спахапіўшыся, пачаў распытваць пра мае «аўтабія». Даведаўшыся, што я з заходняй, «каталіцкай», часткі Беларусі, з беларуска-літоўскага памежжа, ён усклікнуў:
— Ты глядзі! Я з Оршы, з самага ўсходу, а ты — з-пад Вільні — і нішто не перашкаджае нам у гамонцы. А некаторым жа хочацца падзяліць беларусаў на «ўсходнікаў» і «заходнікаў», на праваслаўных і католікаў. Сіл жа і так мала... А тут гэтая праклятая, наканаваная лёсам раз’яднанасць. Хіба хто з католікаў не можа быць беларусам?! Памятаю, была ў мяне нянька-каталічка. Гаварыла чысцютка па-бе-
ларуску. Пасля яды вучыла складваць ручкі і дзякаваць: «Ацю, божанька».
— Ацю — гэта ад літоўскага ачу, дзякуй.
— Бач ты, куды трапіла літоўскае слоўца. А я і не ведаў.
Вярнуўшыся дамоў, я, нягледзячы на позні час, занатаваў на гаспадаровай кухні найбольш істотнае з таго, што пачуў у той дзень. I даў сабе слова завесці дзеля гэтага асобны сшытак. На жаль, стрымаў яго не адразу. I таму пра нашы наступныя сустрэчы — на нашай прыватнай кватэры (Валодзя выклікаў фурор сярод суседзяў, стаўшы пасярод вуліцы на калені перад маёй Марыяй за нязначнае спазненне), у Юльяна Пшыркова, дзе яго жонка, Нона Іванаўна, частавала нас самаробнымі стравамі і напоямі, у Алега Лойкі, якому Караткевіч быў вельмі ўдзячны за рэцэнзію ў «Маладосці» на «Вячэрнія ветразі», — не магу сёння сказаць нічога пэўнага. Памятаецца толькі, што Валодзя спяваў старыя беларускія і ўкраінскія песні, з гумарам расказваў пра свайго гаспадара ў Тарашчы, гэтакага народнага філосафа («калі свінню не есці, то яна стане есці людзей»), каларытна падносіў забаўныя эпізоды з аршанскіх, кіеўскіх і маскоўскіх часоў.
Пра тое, як складвалася жыццё Уладзіміра Караткевіча ў першыя трыццаць год, даволі падрабязна і вельмі эмацыянальна расказаў ён сам у аўтабіяграфіі « Дарога, якую прайшоў», напісанай у 1964 годзе і апублікаванай у 1966 годзе ў зборніку «Пра час і пра сябе». Таму я не буду тут падрабязна апісваць часы, калі мы яшчэ не былі знаёмы. Таго, хто цікавіцца імі, адсылаю да ўказанай кнігі. Тут жа, каб потым не вяртацца назад, зраблю толькі некалькі ўдакладненняў і дапаўненняў. Некаторыя з іх унесены самім Караткевічам у мой экземпляр зборніка «Пра час і пра сябе». Іншыя ж узяты з нашых пазнейшых размоў, з успамінаў і лістоў ягоных сяброў.
Радавод. Караткевіч не раз падкрэсліваў, што яго бацька, Сямён Цімафеевіч, паходзіў са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду, якому належаў засценак Караткевічы.
У зборніку «Пра час і пра сябе» ў адпаведным месцы дапісана чорным чарнілам: «Род падстарасты Бабруйскага і Пінскага, захудалы да ўсёру».
Пра даўнасць Караткевічаў сведчыць і выпіска з кнігі В. Манковіча «Беласток і ваколіцы» (1986), нядаўна прысланая з Кракава сябрам пісьменніка Здзіславам Нядзеляй. «У перыяд шведскага патопу (восенню 1655 г.), — гаворыцца там, — у Беластоку знаходзіліся літоўскія харугві, падпарадкаваныя Радзівілам. Узнялі яны, аднак, бунт супраць шведаў, пасля чаго пад кіраўніцтвам Караткевіча далучыліся да войскаў, якімі камандаваў Павел Сапега». Відаць, таго ж Караткевіча, робіць заключэнне Нядзеля, згадваў у сваім дзённіку князь Багуслаў Радзівіл.