Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
Партрэт пісьменніка і чалавека
Адам Мальдзіс
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 208с.
Мінск 2010
У сваім змаганні «за праўду» Караткевіч увогуле быў паслядоўны і бескампрамісны. Асабліва калі гэта датычылася неягосамога.аіншых. Неяку 1973 годзе «Літаратура і мастацтва» змясціла абразлівую рэпліку Я. Герцовіча, скіраваную супраць празаіка Яўгена Васілёнка. Той расхваляваўся да інфаркту і неўзабаве памёр. На пахаванні Караткевіч падышоў да рэдактара газеты Хведара Жычкі і ледзь не даў яму аплявуху. Прысутныя далучыліся да асуджэння. I Жычка адышоў, апусціўшы галаву. У тыя гады «Літаратура і мастацтва» згубіла ранейшыя добрыя традыцыі, стала казённа шэрай. I гэта турбавала Караткевіча. На пленуме Саюза пісьменнікаў БССР у чэрвені 1974 года, у час прыняцця рэзалюцыі, ён перапыніў старшыню рэплікай:
— Калі пры Пашкевічу «ЛіМ» быў проста цікавы, калі пры Прокшу яго можна было часам чытаць, то цяпер, пры Жычку, чытаць яго проста немагчыма! Да якога часу будзем цярпець?! — і яшчэ нешта пра Васілёнка, сумленнасць.
Старшыня абарваўяго:
— He перашкаджайце працаваць. На гэта Валодзя:
— Гэта ён, Хведар Жычка, перашкаджае ўсім нам працаваць!
Аднак прынцыповасць Караткевіча не мела нічога агульнага з максімалісцкай упартасцю, якую ён лічыў «уделом туполобых». Там, дзе гэта не датычылася асноўных жыццёвых і творчых прынцыпаў, ён ішоў на дыпламатычныя ўступкі. У маіх нататках ёсць такі запіс. 25 студзеня 1970 года нечакана да Валодзі ўвалілася цэлая група «кіношнікаў»: сімпатычны і таленавіты аператар Анатоль Забалоцкі, любімы ў гэтай кватэры, драматург Фёдар Конеў, яшчэ колькі асоб. Быў сярод іх і «максімаліст» Уладзік у скураных портках і тоўстым ваўняным світэры. Ён адразу накінуўся
на гаспадара: чаму ён дазволіў рэжысёру змяніць, па патрабаванні начальства, адзін з эпізодаўу «Хрысце»:
— Я б трымаўся да канца!
— А колькі табе год? — спытаў Караткевіч.
— 3 трыццаць дзявятага.
— О, то тады не пабачыў, не спазнаў бяды... А што загадаеш рабіць, калі людзі на здымках у роспачы, калі зноў прастой, а значыць, і зарплаты няма...
Юнак не здаваўся. Паказваў сваю дасведчанасць у сучасным заходнім кіно, у французскім жывапісе. Але Валодзя зноў абсекяго:
— Дарэчы, у слове Монпарнас чацвёртая літара «т» не вымаўляецца. Пара б ведаць! — і бачачы збянтэжанасць хлопца: — Вось бачыш... Так што давай не задзірацца.
Караткевіч не любіў агульных гучных слоў, балбатні і цаніў канкрэтныя справы. Неяк мы разгаварыліся з ім пра сітуацыю з беларускай мовай. Я расказаўяму пра свой ліст на імя тагачаснага Міністра асветы БССР Рыгора Якаўлевіча Кісялёва (ён прыняў мяне, і паміж намі адбылася канструктыўная на той час размова), і Валодзя нечакана ўспомніў вялізныя статуі на востраве Вялікадня (вычытаў пра іх у сваім любімым часопісе «Вокруг света»):
— Разумееш, стары, вучоныя рашылі высветліць, аякжа іх, такія аграмадзіны, ставілі старчаком далёкія продкі, якія шчэ не ведалі розных там пад ёмных кранаў. Паспрабавалі ўзнімаць рыўком — нічога не выйшла: рваліся тоўстыя тросы, статуі падалі ніцма. Нарэшце здагадаліся: тыя падкладвалі пад галаву і спіну плоскія каменні. Так і нам трэба...
I калі ў прысутнасці Караткевіча заводзілі размовы, як бы «рыўком» змяніць усё тое, што сёння называецца застоем, Караткевіч злаваў, лічачы гэта правакацыйнай дэмагогіяй, што толькі шкодзіць справе. Памятаецца, калі ў 1970 годзе адзначалася Валодзевых «сорак», назаўтра, каб «паправіць галовы», прыйшоў Сцяпан Міско з нейкім матэматыкам. Апошні пачаў бесцырымонна выкладаць розныя нерэальныя планы. Караткевіч пахмурна перапыніў яго:
— У маім доме пра палітыку, такую палітыку, не гавораць! Зарубі гэта, хлопча, на носе!
— Што ж рабіць? Цярпець?
— Дзеларабіць! Сілы збіраць! Розум назапашваць! Каб вытрываць.
I Валодзя трываў, дапамагаў сваім словам і прыкладам вытрываць іншым. Праўда, не раз паддаваўся дэпрэсіі, не раз (што ўтойваць) змрочна (як сказаў Адамовіч, «з ідэяй») пачынаў піць. Але знаходзіў сілы, каб перамагчы сябе, зноў вярнуцца за пісьмовы стол, зноў быць вясёлым і дасціпным.
Зрэшты, тагачаснае быццё, як і жыццё наогул, не складалася толькі з адных маральных пакут. Яно было, па словах Караткевіча, паласатае, як зебра: паласа цёмная, паласа светлая. Згадваецца некалькі такіх «светлых палос» другой паловы шасцідзясятых гадоў. У 1967 годзе Валодзю нарэшце выдзелілі двухпакаёвую кватэру на другім паверсе (з увагі на ўзрост маці) у пяціпавярховым панельным доме пад нумарам 48 на вуліцы Веры Харужай. Заехаўшы (усе мы дружна памагалі яму пакаваць і цягаць кнігі), ён цешыўся, што побач — Старажоўскі рынак, дзе па нядзелях чулася сакавітая вясковая гаворка, прадавалі пеўняў, сабак і нават коней, а за ім — Камсамольскае возера. Перажываў, што я застаюся ў інтэрнаце.
— Нічога, стары, — суцяшаў, выйшаўшы на балкон. I тыцнуў пальцам у недабудаваныя дамы насупраць: — Во добра было б, каб табе далі вось там.
Сваё прадбачанне ён разглядаў як рэальнасць і нават прапанаваў «за адным заходам» купіць аднолькавыя кніжныя стэлажы:
— Складзеш пакуль што ў мяне. А пераносіць будзе недалёка, пабачыш.
I якое ж было наша ўсеагульнае здзіўленне, калі восенню таго ж года мне сапраўды выдзелілі кватэру ў адным з дамоў насупраць. Мы сталі часцей бываць адзін у аднаго. Пакуль не было тэлефонаў, «пераміргваліся» настольнымі лямпа-
мі. Тады ж у мяне і здарылася «рыначная» сцэна, апісаная потым у рамане «Чорны замак Альшанскі».
Аднойчы раніцай, на самым пярэдадні Кастрычніцкіх свят 1967 года, Караткевіч прыбег да мяне ўзбуджаны:
— Разумееш, стары, я, здаецца жанюся!
— I хто ж тая, што нарэшце цалкам запаланіла тваё сэрца?
— 3 Брэста. Валя. Валянціна Браніславаўна. Разумная жанчына. Гісторык, дакладней, археолаг, і дысертацыю абараніла.
I ён расказаў нам такую гісторыю. Уладзімір Калеснік запрасіў яго ў Брэст на чытацкую канферэнцыю па рамане «Каласы пад сярпом тваім». Разам са студэнтамі свайго курса, як куратар, прыйшла туды і Валянціна Браніславаўна. Канферэнцыя не дужа цікавіла яе, і яна, адседжваючы «мерапрыемства», чытала нейкі польскі дэтэктыў (дэтэктывы былі яе слабасцю). I калі ў прафесарскай Укадзімір Калеснік пазнаёміў іх, яна спытала:
— А чаму б вам не напісаць які дэтэктыў?
— Які, да прыкладу? — Валодзя сам страшэнна любіў добрыя дэтэктывы. Як і фантастыку.
— Ну, хаця б такі, як «Дзікае паляванне караля Стаха»... — аказваецца, Валянціна Браніславаўна неяк чытала ў цягніку часопіс з гэтай аповесцю, але не звярнула ўвагу, хто яе аўтар.
— Гага! Тры: га! — разрагатаўся Валодзя. — Дык гэтаж я напісаў «Стаха»!
Валянціне Браніславаўне стала ніякавата, і яна прапанавала:
— Тады пайшлі піць каву...
Валодзя расказваў усё гэта з гумарам і, здаецца, быў задаволены.
— Дык што ж тады цябе бянтэжыць? — не стрывала мая Марыя.
— Разумееце, старыя, я запрасіў яе на свята да сябе і толькі ў цягніку ўспомніў, што мы ўсе запрошаны ў Ракаў, на вяселле Рагойшавага Славы.
— To вазьмі i яе з сабою.
— А выпадае?
— Чаму ж...
Вяселле маладога беларускага літаратуразнаўцы Вячаслава Рагойшы з украінкай Таццянай Кабржыцкай, таксама філолагам, усе мы дружна найменавалі «вяселлем веку». 3 Львова прыехалі бацькі маладой — урач і заслужаны артыст. 3 Мінска — Міхась Дарчанка, Алег Лойка, Язэп Семяжон, Фёдар Янкоўскі. Захоўваліся многія старыя абрады, у тым ліку і выкраданне нявесты, дзяльба караваю. Спяваліся беларускія, украінскія, рускія, польскія песні. УХадзімір Караткевіч жвава вытанцоўваў полечку з Валянцінай Нікіцінай і ўвогуле быў завадатарам усялякіх «хохмаў». Аднак яго сяброўка прыйшлася не даспадобы некаторым маладзейшым «максімалістам»:
— Раз дрэнна гаворыш па-беларуску, то ты яму не пара, — заявілі яны за сталом, прама ў вочы.
Пачаліся жаночыя слёзы. Караткевіч вымушаны быў вярнуцца ў Мінск. А мы пачалі сарамаціць нявыхаваных хлопцаў:
— Толку, што вы гаворыце!
Да гонару Валянціны Браніславаўны трэба сказаць, што яна, жанчына рашучая, настойлівая і, як пісаў пра яе А. Ліс, «з запасам цярплівасці», неўзабаве стала гаварыць па-беларуску лепей, чым тыя, хто яе папракаў. Больш таго, аказалася, што яна апантаней аддадзена беларускай культуры, чым іншыя аматары гучных слоў. Тое, што зрабіла Валянціна Браніславаўна Караткевіч для падрыхтоўкі «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», для таго, каб ён ішоў «без купюр», можна смела назваць навуковым подзвігам, грамадзянскай мужнасцю. Яна бясконца ездзіла ў экспедыцыі, абараніла не адзін помнік архітэктуры, пісала сама артыкулы і брашуры і рэдагавала чужыя. Аўтарытэт яе ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, дзе яна працавала, і ўвогуле ў навуковых колах быў высокі.
А пакуль што Валянціна Браніславаўна працягвала жыць у Брэсце, чытаць там лекцыі па гісторыі КПСС. Даволі часта прыязджала ў Мінск, узважвала розныя варыянты абмену кватэры, шукала новую работу. Нарэшце 18 лютага 1971 года, роўна ў 110 гадавіну адмены прыгоннага права, адбыўся іх шлюб.
— Сялян вызвалілі, а мяне, стойкага ворага ўсялякага прыгону, звязалі путамі Гіменея, — жартаваў Валодзя, ідучы ў загс, размешчаны ў суседнім доме. Сведкамі маладых былі гісторык мастацтва Людміла Лапцэвіч і я. Работніца загса аказалася родам з Оршы, свайго земляка ведала па творах — і таму віншавала маладажонаў вельмі сардэчна.
Па розных прычынах аб дакладнай даце шлюбу Караткевічы асабліва нікому не казалі. За сталом сядзелі толькі сваякі і бліжэйшыя сябры: Надзея Васільеўна (нявестку яна дужа ўпадабала), яе кіеўская сястра з мужам, Грынчыкі (Мікола Грынчык звязаў маладых поясам «на ўсё жыццё»), Рагойшы, Лапцэвічы, Мікола Прашковіч, тэатразнавец Іза Гатоўчыц, гісторык архітэктуры ЮраЯкімовіч, яшчэ хтосьці. Валодзя быў узбуджана-прасветлены, задаволены, што нарэшце прыняў рашэнне. Шкадаваў, што няма многіх сяброў, асабліва Барадуліных.
— Нічога, разжывуся грашыма — тады зробім бэнц для ўсіх.
Але, не чакаючы бэнца, Рыгор Барадулін з’явіўся назаўтра. I не адзін, а з паэтам і кінасцэнарыстам Юрыем Лакербаем. Апошні ўзнімаў дасціпныя «кароткія» тосты, расказваў пра сваю родную Абхазію. I Валодзя жартаўліва, патрапляючы яму ў тон, знаходзіў многа агульнага ў лёсах Абхазіі і Беларусі.
Абяцаны бэнц адбыўся 27 сакавіка. На ім прысутнічалі Рагойшы, Лапуці, Пушкіны, Алеся Ігнатаўна Смоліч, удава вядомага беларускага географа. З’явіўся і Сцяпан Міско, хаця Валянціна Браніславаўна не ўхваляла многія яго выхадкі. Я трапіў на баль «з карабля» — з Днепрапятроўска, дзе тады адбываліся Дні культуры савецкіх народаў. Прывёз адтуль маладым вялізны ўкраінскі каравай.