1984  Джордж Оруэл

1984

Джордж Оруэл
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 338с.
Мінск 2022
61.86 МБ

 

Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
ДЖОРДЖ
ОРУЭЛ
ДЖОРДЖ ОРУЭЛ
GEORGE ORWELL
1984
ДЖОРДЖ ОРУЭЛ
1984
Пераклаў з англійскай Сяргей Шупа
Мінск
Выдавец A. М. Янушкевіч 2022
УДК 821.111(410)-31
ББК 84(4Вел)-44
0-70
Пераклад з англійскай паводле выдання: George Orwell. 1984.
New York: Harcourt Brace Jovanovich. 1990.
Оруэл, Дж.
0-70	1984 : [раман] / Джордж Оруэл ; пер. з англ.
Сяргея Шупы. — Мінск : A. М. Янушкевіч, 2022. — 338 с.
ISBN 978-985-7210-56-5.
Перавыданне на беларускай мове легендарнага рамана Джорджа Оруэла «1984». Самая знакамітая антыўтопія ў сусветнай літаратуры. раман-папярэджанне пра пагрозу. якую нясуць аўтарытарныя і таталітарныя рэжымы сучаснаму грамадству.
УДК 821.111(410)-31
ББК 84(4Вел)-44
ISBN 978-985-7210-56-5 © George Orwell. 1949
© Шупа С. А., пераклад на беларускую мову, 1992
© Выданне на беларускай мове. афармленне. Выдавец A. М. Янушкевіч, 2022
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
1
Быў халодны і пагодлівы красавіцкі дзень, гадзіннікі білі трынаццаць гадзін. Ўінстан Сміт, утуліўшы галаву ў плечы, спрабаваў схавацца ад злога ветру. Ён праслізнуў праз шкляныя дзверы ў жылы комплекс «Перамога», але стаўбур пылу і пяску ўсё ж паспеў увіхурыцца за ім у прачыненыя дзверы.
У калідоры пахла варанай капустай і старымі дыванкамі. У канцы калідора да сцяны быў прыпнуты недарэчна вялікі каляровы плакат. Увесь гэты плакат займаў вялізны — больш за метр ушыркі — твар чалавека гадоў сарака пяці, з чорнымі густымі вусамі і грубавата-прыгожымі рысамі. Ўінстан накіраваўся да сходаў. Выклікаць ліфт не было сэнсу — нават у найлепшыя часы ён працаваў рэдка. Дый да таго ж цяпер удзень электрычнасць выключалася — ішла кампанія эканоміі ў сувязі з падрыхтоўкай да Тыдня Нянавісці. Кватэра была на восьмым паверсе. Ўінстану было трыццаць дзевяць гадоў. над костачкай на правай назе ў яго была варыкозная язва, і таму паднімаўся ён павольна і колькі разоў прыпыняўся, каб адпачыць. I на кожным паверсе з плаката, прычэпленага да сцяны
насупраць ліфта. у яго пільна ўзіраўся той самы вялізны твар. Ён нібы пасвіў позіркам кожнага, хто ішоў па сходах. Пад партрэтам стаяў надпіс:
ВЯЛІКІ БРАТ ГЛЯДЗІЦЬ НА ЦЯБЕ.
Зайшоўшы ў кватэру. Ўінстан пачуў саладжавы голас, што пералічваў шэрагі лічбаў — нешта звязанае з вытворчасцю чыгуну. Голас ішоў з выцягнутага металічнага экрана, падобнага да бляклага люстэрка, умураванага ў правую сцяну. Ўінстан пакруціў ручку, і голас прыціх, але словы ўсё яшчэ былі добра чутныя. Гук у апараце (або, як казалі, у тэлеглядзе) можна было прыглушыць. але цалкам выключыць было немагчыма. Ўінстан падышоў да акна. Ён быў невысокі і кволы. і ягоную хударлявасць яшчэ болей падкрэсліваў сіні камбінезон партыйная ўніформа. Ён меў бялявыя валасы, чырванаваты ад прыроды твар, скуру, агрублую ад жорсткага мыла, тупых лёзаў і зімовых халадоў, якія толькі што мінуліся.
Знадворку, нават за шыбай зачыненага акна, свет здаваўся халодным. Злы вецер вірамі ўздымаў у паветра пыл і шматкі паперы. I хоць у густа-блакітным небе свяціла яркае сонца, усё навокал здавалася бясколерным, апроч расклееных паўсюль плакатаў. Чарнавусы твар пазіраў з кожнай віднай мясціны. Адзін плакат вісеў на сцяне насупраць. ВЯЛІКІ БРАТГЛЯДЗІЦЬ НА ЦЯБЕ, паўтараў надпіс, і цёмныя вочы з плаката пранікліва глядзелі на Ўінстана. На вуліцы ўнізе вецер шкуматаў яшчэ адзін плакат з абарваным ражком, на ім то адкрывалася. то зноў закрывалася адзінае слова: АНГСОЦ. Удалечыні паказаўся верталёт. Ён уціснуўся ў шчыліну завулка, павісеў хвілінку ў паветры, нібы сіняя мясная муха, пасля рвануўся ў неба і знік. Гэта быў паліцэйскі патруль. які зазіраў у вокны.
Але патруль быў не страшны. Адзіна страшная была Паліцыя Думак.
Голас з тэлегляда ўсё нешта балбатаў пра чыгун і пра перавыкананне Дзявятага Трохгадовага Плана. Тэлегляд працаваў адначасна на перадачу і на прыём. Ён улоўліваў усе гукі, што ішлі ад Ўінстана. акрамя хіба што ціхага шэпту. Больш таго, пакуль Ўінстан быў у полі зроку экрана, ён мог быць убачаны гэтаксама добра, як і пачуты. Вядома ж, было немагчыма даведацца, ці ў гэты момант за табою сочаць. Як часта і паводле якога графіку Паліцыя Думак уключалася ў чыйсьці індывідуальны канал — можна было толькі здагадвацца. Магчыма нават, яна сачыла за ўсімі бесперапынна. Але, у кожным разе, яна магла ўключацца ў ваш канал, калі толькі хацела. Аднак трэба было неяк жыць, і неяк жылі, і звычка рабілася інстынктам, калі ты ведаў, што кожнае тваё слова будзе пачутае, кожны твой рух, калі толькі не ў цемры, будзе заўважаны.
Ўінстан стаяў спінай да тэлегляда. Хоць ён і ведаў, што спіна таксама можа здрадзіць, так усё ж было спакайней. За нейкі кіламетр белай грамадзінай над змрочным краявідам уздымалася Міністэрства Праўды, дзе ён працаваў. «Вось Лондан», падумаў ён з няяснай агідай, «Лондан, галоўны горад Узлётна-пасадачнай паласы № 1, трэцяй паводле колькасці насельніцтва правінцыі Акіяніі». Ён паспрабаваў выціснуць з памяці хоць якія ўспаміны дзяцінства, каб параўнаць. ці заўсёды Лондан быў такі самы, як цяпер. Ці заўсёды існавалі гэтыя доўгія праспекты спарахнелых дамоў дзевятнаццатага стагоддзя. падпёртыя бэлькамі сцены, кардон у вокнах замест шыб. крытыя пакарабачанай бляхай, струхлелыя і пахіленыя ў розныя бакі садовыя агароджы? Ці заўсёды існавалі бамбардаваныя пазіцыі, дзе ў паветры стаіць пыл ад тынку. а на завалах
друзу буяе скрыпень? Ці існавалі тыя пляцы, дзе бомбы вызвалілі трошкі прасторы і дзе павырастала безліч брудных драўляных буданоў, падобных да курнікаў? Але нічога не прыгадвалася: у Ўінстана не засталося ад дзяцінства нічога, акрамя нейкіх бязладных, яркіх карцінак.
Міністэрства Праўды — Мінпраў на навамове’ — уражвала сваёй адметнасцю сярод навакольных будынкаў.
Гэта была велізарная піраміда са сляпуча-белага бетону. Яна грувасцілася на трыста метраў у вышыню. Нават з акна сваёй кватэры Ўінстан мог прачытаць на фасадзе надпіс — тры галоўныя партыйныя лозунгі:
ВАЙНА ГЭТА МІР
СВАБОДА ГЭТА РАБСТВА НЯВЕДАННЕ ГЭТА СІЛА
У будынку Міністэрства Праўды, паводле чутак, было больш за тры тысячы пакояў у надземных паверхах і адпаведныя адгалінаванні ў падзем’і. У розных канцах Лондана было яшчэ тры будынкі такіх самых памераў і выгляду. Яны настолькі панавалі над усёю навакольнаю архітэктурай, што з даху жылога комплексу «Перамога» можна было ўбачыць усе чатыры будынкі адначасна. У іх мясціліся чатыры Міністэрствы, што дзялілі паміж сабою ўсю ўрадавую ўладу. Міністэрства Праўды займалася інфармацыяй, забавамі, адукацыяй і мастацтвам. Міністэрства Міру займалася вайной. Міністэрства Любові сачыла за выкананнем законаў і захаваннем парадку. Міністэрства Дастатку адказвала за эканоміку. На навамове яны называліся: Мінпраў, Мінмір, Мінлюб і Міндаст.
* Навамоў — афіцыйная мова Акіяніі. Пра яго структуру і этымалогію гл. Дадатак. (Заўв. аўт.)
Найстрашнейшае з іх было Міністэрства Любові. У будынку не было ніводнага акна. Ўінстан ніколі туды не заходзіў і нават ніколі не падыходзіў да яго бліжэй за паўкіламетра. Гэта было месца, праход куды быў закрыты, калі толькі не з афіцыйнаю справай. Каб туды трапіць, трэба было прайсці праз заблытаныя лабірынты калючага дроту, сталёвыя дзверы, прамінуць замаскаваныя кулямётныя гнёзды. Па вуліцах, што вялі да Міністэрства, хадзілі вартавыя ў чорных мундзірах з нялюдскімі тварамі, з кіямі ў руках.
Ўінстан рэзка павярнуўся. Ён удаў на твары спакойны аптымізм — так было надзейней, калі стаіш тварам да тэлегляда, — і прайшоў праз увесь пакой у невялічкую кухню. Пайшоўшы так рана з Міністэрства, ён ахвяраваў сваім абедам у сталоўцы. хоць ведаў, што на кухні не знойдзе нічога, апроч акрайчыка чорнага хлеба, пакінутага на заўтрашняе сняданне. Ён узяў з паліцы бутэльку з празрыстай вадкасцю. На белай налепцы стаяў надпіс: «Джын Перамога». Ад вадкасці патыхала алеістым смуродам, агідным, як пах кітайскай рысавай гарэлкі. Ўінстан наліў амаль поўны кубак, набраўся духу. як перад ударам, і пракаўтнуў джын, нібы нейкі лек.
Умомант твар яго пачырванеў. у вачах заблішчалі слёзы. Пітво было моцнае, як азотная кіслата, і, як глынеш, здавалася, што нехта выцяў цябе па патыліцы гумовым кіем. Праз хвіліну, аднак. пякотка ў страўніку сунялася. і свет зрабіўся весялейшым. Ён выцягнуў цыгарэту са скамечанага пачка з надпісам «Цыгарэты Перамога», але. праз неасцярожнасць, узяў яе старчма, і тытунь высыпаўся на падлогу. 3 наступнай цыгарэтай яму пашэнціла болей. Ён вярнуўся ў пакой і сеў за маленькі столік злева ад тэлегляда. Сеўшы, дастаў з шуфляды асадку з пяром. чарніла, чысты тоўсты том ін-кварта з мармуроваю вокладкай і чырвонаю спінкай.
Тэлегляд у пакоі быў чамусьці ўсталяваны ў нязвыклым месцы. Замест таго каб быць, як гэта здавалася б нармальным. у дальняй сцяне, адкуль ён ахапляў бы зрокам і слыхам увесь пакой, ён мясціўся ў даўжэйшай сцяне, насупраць акна. Збоку. там, дзе цяпер сядзеў Ўінстан, была неглыбокая ніша, якая, відаць, планавалася пад кніжныя паліцы. Усунуўшыся як мага далей у гэтую нішу, Ўінстан мог заставацца па-за дасягальнасцю тэлегляда. Яго можна было пачуць. але пакуль ён так сядзеў, ён быў нябачны. Гэтыя асаблівасці пакоя таксама нейкім чынам прычыніліся да нараджэння ідэі, якую ён збіраўся зараз ажыццявіць.
Але ідэя гэтая была выклікана яшчэ й існаваннем альбома, які ён дастаў з шуфляды. Гэта была надзвычай прыгожая кніга. Гладкая, ільсняная папера, трохі пажоўклая ад часу, была незвычайнае якасці, такое не выраблялі ўжо гадоў сорак. Ўінстан, аднак, меркаваў, што кніга гэтая значна старэйшая. Аднойчы, ідучы праз стары брудны квартал (ён ужо не памятаў, дзе дакладна гэта было), ён убачыў гэтую кнігу ў вітрыне занядбанай антыкварнай крамы, і яго ахапіла неадольнае жаданне яе займець. Членам Партыі не дазвалялася заходзіць у простыя крамы (гэта называлася «купляць на вольным рынку»), але правіла гэтае строга не выконвалася, бо былі рэчы, як, напрыклад, матузкі да чаравікаў або лёзы, якія немагчыма было здабыць інакш. Ўінстан кінуў паспешлівы позірк у адзін і другі бок вуліцы, пасля хуценька ўвайшоў у краму і купіў гэты тоўсты альбом за два з паловай даляры. Тады ён яшчэ не ведаў. што будзе з ім рабіць. Нібы некага саромеючыся, ён схаваў яго ў партфель і прынёс дадому. Альбом, нават чысты, быў ужо сам па сабе рэччу небяспечнай для захавання.