1984  Джордж Оруэл

1984

Джордж Оруэл
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 338с.
Мінск 2022
61.86 МБ

 

Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
Ён не здолеў перамагчы прыступ панікі. Сэнсу ў гэтым не было, бо напісаць гэтыя словы было не больш небяспечна, чым пачаць весці дзённік, але на нейкі момант яго ахапіла жаданне вырваць спісаныя старонкі і ўвогуле кінуць гэтую задуму.
Але ён не зрабіў гэтага, бо ведаў, што ў гэтым не было сэнсу. Напісаў бы ён або не ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА — было не істотна. Працягваў бы ён або не пісаць свой дзён-
нік — было не істотна. Ва ўсялякім разе, ад Паліцыі Думак яму не ўцячы. Ён учыніў і ўчыніў бы, нават калі б ніколі не ўзяў у рукі пяра і паперы, — найстрашнейшае злачынства, якое змяшчала ў сабе ўсе іншыя. Злачынства думкі, або, як казалі, — думзлачын. Думзлачын немагчыма было хаваць вечна. Нейкі час, можа, нават некалькі гадоў яшчэ можна было неяк выкручвацца, але раней ці пазней наступала расплата.
Арыштоўвалі заўсёды ўначы. Нечаканае абуджэнне, дужая рука, што трасе за плячо, ліхтарыкі слепяць вочы, суровыя твары вакол ложка. У пераважнай большасці выпадкаў не адбывалася ніякіх судоў, не складалася ніякіх пратаколаў. Людзі проста знікалі, і заўсёды ўначы. Імя выкрэслівалі са спісаў, усе сляды чалавека знішчалі, усё папярэдняе жыццё выкасоўвалі, і яно забывалася. Чалавека сціралі з памяці, ператваралі ў нішто, рабілі параю, яго выпарвалі — так гучала звычайна ўжыванае слова.
На хвіліну яго ахапіла нібы істэрыка, і ён зноў пачаў пісаць крывымі нязграбнымі літарамі:
яны прыкончаць мяне мне напляваць яны стрэляць мне ў патыліцу напляваць далоў вялікага брата яны заўсёды страляюць у патыліцу мне напляваць далоў вялікага брата...
Трохі збянтэжаны, ён выпрастаўся і адклаў пяро. Раптам ён здрыгануўся: нехта пагрукаў у дзверы!
Няўжо так хутка! Ён сядзеў ціха, як мышка, песцячы марную надзею, што той, хто стаіць за дзвярыма, пойдзе пасля няўдалай спробы. Але ж не. пагрукалі яшчэ раз. Цяпер ужо нельга было марудзіць. Сэрца біла, як барабан, але Ўінстанаў твар, напэўна, ад доўгай звычкі, заставаўся абыякавы. Ён падняўся і, цяжка ступаючы, пайшоў да дзвярэй.
2
Ўінстан ужо ўзяўся за ручку, каб расчыніць дзверы, калі раптам убачыў, што пакінуў разгорнуты дзённік на стале. ДАЛОЎ ВЯЛІКАГА БРАТА — было там напісана на палову старонкі такімі вялікімі літарамі, што можна было прачытаць нават ад дзвярэй. Гэта была недаравальная памылка. Ўінстан, аднак, адзначыў, што, нават так спалохаўшыся, ён не наважыўся загарнуць дзённік, пакуль не высахла чарніла, каб не забрудзіць чыстую паперу.
Стаіўшы дыханне, ён адчыніў дзверы. I адразу па целе прайшла цёплая хваля палёгкі. За дзвярыма стаяла бледная, памятая з выгляду жанчына з рэдкімі раскудлачанымі валасамі і зморшчаным тварам.
— Ой, таварыш, — пачала яна хваравіта-пісклявым голасам, — мне падалося, што я чула, як вы прыйшлі. Ці не зойдзеце вы на хвілінку паглядзець, што з нашай ракавінай на кухні? Яна забілася і...
Гэта была пані Парсанз, жонка суседа па паверсе. (Зварот «пані» не надта ўхваляўся Партыяй, патрабавалася, каб усе звярталіся адзін да аднаго «таварыш», але ў дачыненні да некаторых жанчын слова «пані» неяк само прасілася на язык.) Ёй было гадоў трыццаць, хоць выглядала яна значна старэйшай. Здавалася, што ў зморшчынах яе твару збіраўся пыл. Ўінстан прайшоў з ёй праз калідор. Такая саматужная рамонтная праца была ледзь не штодзённым заняткам. Жылы комплекс «Перамога» быў старым, пабудаваным у 30-я гады мікрараёнам, будынкі якога з часам самі па сабе паволі руйнаваліся. Гадамі ад сцен і столяў адвальвалася тынкоўка, вадаводныя трубы лопаліся падчас добрых маразоў, дах прапускаў ваду, як толькі пачынаў падаць снег, цэнтральнае ацяпленне звычайна працавала на палову напругі, калі яго ўвогуле не выключалі
дзеля ашчаднасці. Рамонтам, апроч таго, што можна было зрабіць самому, мелі займацца нейкія далёкія таямнічыя ўстановы. якія, каб, напрыклад, памяняць шыбы ў вокнах, марудзілі часам па два гады.
Вядома ж, я прыйшла да вас, бо Том цяпер на працы, няясна прамармытала пані Парсанз.
Кватэра Парсанзаў была большая за Ўінстанаву, але таксама па-свойму ўбогая. Усё ў ёй было нейкае абшарпанае, патаптанае, быццам кватэру толькі што наведаў нейкі вялікі драпежны звер. Спартыўныя прылады — хакейныя клюшкі, баксёрскія пальчаткі, лопнуты футбольны мяч, прапацелыя, вывернутыя навыварат спартыўныя штаны — усё гэта валялася грудам на падлозе, а на стале быў звалены ў кучу нямыты посуд разам з падранымі школьнымі падручнікамі. На сценах побач з партрэтам Вялікага Брата ў поўны рост віселі чырвоныя сцяжкі Саюза Моладзі і гэтак званых Юных Разведчыкаў. Тут, як і ва ўсім доме. у паветры стаяў капусны смурод, але да яго яшчэ дадаваўся рэзкі пах поту, які — гэта было чуваць з першага понюху, аднак цяжка было сказаць чаму, — належаў некаму, каго якраз цяпер не было. У другім пакоі нехта спрабаваў на грабеньчыку, абкручаным туалетнай паперай, тураваць вайсковым маршам, што ўсё яшчэ грымелі з экрана тэлегляда.
Гэта дзеці... сказала пані Парсанз, баязліва зірнуўшы на дзверы. — Яны сёння не выходзілі з дому. I вядома ж...
Яна мела звычку абрываць фразы пасярэдзіне. Кухонная ракавіна была поўная да краёў брудна-зеленаватай вады, якая смярдзела капустай болып, як што іншае. Ўінстан стаў на калені і агледзеў выгнутае калена адводнай трубы. Ён страшэнна гідзіўся ручной працы, і яму было непрыемна нахіляцца, бо амаль заўсёды ў гэткіх выпадках ён
заходзіўся кашлем. Пані Парсанз бездапаможна глядзела на яго.
Вядома ж, калі б дома быў Том, ён бы хутка ўсё наладзіў, — сказала яна. — Ён любіць такую працу. Ён жа такі здольны, мой Том, у яго залатыя рукі...
Парсанз, як і Ўінстан, працаваў у Міністэрстве Праўды. Гэта быў тоўсценькі, але вельмі жвавы чалавечак, неверагодна дурны і поўны ідыёцкага энтузіязму, — адна з тых бяздумна адданых працоўных жывёлін, якія ніколі не ставяць лішніх пытанняў і ад якіх — нават болей, чым ад Паліцыі Думак, — залежала трываласць Партыі. Хоць яму было ўжо трыццаць пяць гадоў, ён толькі нядаўна і з вялікай неахвотай развітаўся з Саюзам Моладзі, а перад тым, як стаць членам Саюза Моладзі, ён схітрыўся на цэлы год болей прадугледжанага статутам тэрміну затрымацца ў шэрагах Юных Разведчыкаў. У Міністэрстве ён займаў нейкую другарадную пасаду, дзе не патрабавалася шмат розуму, аднак разам з тым ён быў адным з чынных дзеячаў Спорткамітэта і ўсіх іншых камітэтаў. што займаліся арганізацыяй калектыўных вандровак, спантанных дэманстрацый, тыдняў ашчаднасці і ўсіх іншых добраахвотных мерапрыемстваў. Поўны спакойнага гонару, пыхкаючы люлькай, ён любіў пахваліцца, што апошнія чатыры гады ён кожны вечар праводзіў у Доме Культуры. Незнішчальны пах поту спадарожнічаў яму паўсюль, нібы неадступны сведка яго напружанага грамадскага жыцця, пах гэты заставаўся ў пакоі нават тады, калі Парсанз выходзіў.
— Ці ёсць у вас гаечны ключ? — спытаўся Ўінстан, патузаўшы гайку на пераходным калене.
— Гаечны ключ, — сказала пані Парсанз, імгненна страціўшы адвагу. — He ведаю. Можа, дзеці..
Пачуўся тупат ног і дудзенне на грабеньчыку — у пакой уварваліся дзеці. Пані Парсанз прынесла гаечны ключ.
Ўінстан спусціў ваду і, стрымліваючы агіду, дастаў з трубы камяк валасоў, якія забілі праход. Ён вымыў начыста рукі халоднаю вадой і вярнуўся ў другі пакой.
— Рукі ўгору! — закрычаў дзікі голас.
Прыгожы, здаровы з выгляду хлопчык гадоў дзевяці выскачыў з-за стала і навёў на яго цацачны аўтамат, а ягоная сястрычка, на два гады маладзейшая, паўтараючы за братам, наставіла на Ўінстана кавалак дрэва. Абое былі ў кароткіх блакітных портачках, шэрых кашулях, з чырвонымі хусткамі на шыі — гэта была ўніформа Разведчыкаў. Ўінстан падняў рукі над галавой з нейкім непрыемным пачуццём, бо хлопчык трымаўся так злавесна, быццам усё гэта было нешта большае, чым проста гульня.
Ты здраднік! — закрычаў хлопчык. — Ты думзлачынец! Ты еўразійскі шпіён! Я заб'ю цябе, я выпару цябе. я сашлю цябе на саляныя капальні!
Абое пачалі скакаць вакол Ўінстана і крычаць: «Здраднік! Думзлачынец!», пры гэтым дзяўчынка паўтарала за братам кожны рух. Ўінстану зрабілася страшна — гэта было падобна да вясёлых гульняў маладых тыграў, што неўзабаве зробяцца людаедамі. Вочы хлопчыка блішчэлі нейкай разважлівай жорсткасцю. відавочным жаданнем ударыць Ўінстана, і ён адчуваў сябе дастаткова дарослым для гэтага. «Добра, што ў яго не сапраўдны аўтамат», падумаў Ўінстан.
Пані Парсанз з неспакоем пазірала то на Ўінстана, то на дзяцей. У вялікім пакоі пад ярчэйшым святлом Ўінстан заўважыў, што ў зморшчынах яе твару сапраўды сабраўся пыл.
— Ад іх такі вэрхал, — сказала яна, — яны вельмі злуюцца, што іх не пускаюць паглядзець, як будуць вешаць, таму і дурэюць. Я вельмі занятая, каб пайсці з імі, а Том сёння позна вяртаецца з працы.
Чаму нам нельга пайсці паглядзець, як вешаюць? — зароў хлопчык сваім магутным голасам.
Паглядзець, як вешаюць! Паглядзець, як вешаюць! — залапатала малая. што ўсё яшчэ скакала навокал.
Ўінстан згадаў, што гэтым вечарам у парку меліся павесіць некалькі еўразійскіх палонных, абвешчаных ваеннымі злачынцамі. Такія публічныя пакаранні адбываліся прыблізна раз на месяц і былі папулярным відовішчам. Дзеці заўсёды прасіліся, каб іх бралі з сабою паглядзець. Ён развітаўся з пані Парсанз і пайшоў да дзвярэй. Аднак ён не паспеў яшчэ спусціцца на шэсць прыступак па сходах, як нешта балюча ўдарыла яго ў шыю. Быццам у цела ўваткнулі распалены дрот. Азірнуўшыся, ён яшчэ паспеў убачыць, як пані Парсанз запіхвае ў дзверы сына, які хавае рагатку.
— Гольдштэйн! — крыкнуў хлопчык яму ўслед, і дзверы зачыніліся. Больш за ўсё Ўінстана ўразіў бездапаможны, спалоханы твар жанчыны.
Вярнуўшыся ў сваю кватэру, ён праскочыў міма тэлегляда і зноў сеў за стол. Ён пачухаў шыю, што ўсё яшчэ балела. Музыка ў тэлеглядзе сціхла. Замест яе зухаваты вайсковы голас пачаў з нейкай грубай асалодай зачытваць апісанне ўзбраення новай Плывучай Крэпасці, якая толькі што стала на якар паміж Ісландыяй і Фарэрскімі выспамі.
«3 гэтымі дзецьмі ў беднай жанчыны не жыццё. а пекла», — падумаў Ўінстан. Пройдзе яшчэ год або два, і яны ўдзень і ўначы пачнуць высочваць паўсюль праявы нядобранадзейнасці. Цяпер амаль усе дзеці былі такія. Найгорш было тое, што пад уплывам такіх арганізацый, як Разведчыкі, яны непазбежна вырасталі неўтаймоўнымі дзікунамі. I, аднак. гэта ніякім чынам не спараджала ў іх імкнення паўстаць супраць партыйнай дысцыпліны. Наадварот, яны горача любілі Партыю і ўсё, што з ёй было звязана.