гэтак станецца, хоць, можа, давялося б чакаць тысячу гадоў, яны будуць жыць насуперак усім нягодам, як птушкі, перадаючы ад цела да цела сваю жывучасць. якой не стае Партыі і якую Партыя не можа знішчыць. Памятаеш, сказаў ён. як дрозд спяваў нам у той першы дзень. на ўзлеску? Ён спяваў не нам, — адказала Джулія. Ён спяваў сабе на ўцеху. Ды нават не. Ён проста спяваў. Птушкі спявалі, пролы спявалі, толькі Партыя не спявала. Ва ўсім свеце, у Лондане і Нью-Ёрку, у Афрыцы і Бразіліі. і ў таямнічых забароненых краях за мяжою, на вуліцах Парыжа і Берліна, у вёсках бясконцых раўнін Расіі, на базарах Кітая і Японіі — паўсюль стаяла тая самая магутная непераможная постаць, знявечаная працай і нараджэннем дзяцей, прыгнечаная горам ад народзінаў да смерці. і спявала. 3 гэтага волатавага ўлоння аднойчы выйдзе род свядомых стварэнняў. Вы — мёртвыя, і будучыня належыць ім. Але вы маглі мець сваю долю ў той будучыні, калі б захавалі розум, як яны захавалі цела, і перадалі б нашчадкам сакрэтнае вучэнне аб тым, што двойчы два — чатыры. — Мы мёртвыя. — сказаў ён. — Мы мёртвыя, — пакорліва згадзілася Джулія. Вы мёртвыя, — прамовіў сталёвы голас. Яны адскочылі ў бакі. У Ўінстана пахаладзела ў жываце. Ён бачыў бель вачэй Джуліі вакол зрэнак. Твар у яе зрабіўся белы, як малако. Плямкі румяны ўсё яшчэ рэзка выдзяляліся на шчоках, нібы адстаўшы ад скуры. — Вы мёртвыя, — паўтарыў сталёвы голас. Ён быў за карцінай, — прашаптала Джулія. Ён быў за карцінай, — сказаў голас. — Заставайцеся на сваіх месцах. Ніводнага руху без загаду. Пачалося, нарэшце пачалося! Яны не маглі зрабіць нічога і толькі стаялі і ўзіраліся адно аднаму ў вочы. Уцячы. выбрацца з дому, пакуль не позна, — такая ідэя нават не прыйшла ім у галаву. Нельга было і падумаць пра тое, каб не паслухацца сталёвага голасу са сцяны. Штосьці пстрыкнула, нібы адсунулася засаўка, пачуўся звон бітага шкла. Карціна ўпала, адкрыўшы схаваны за ёй тэлегляд. — Цяпер яны могуць нас бачыць, — сказала Джулія. - Цяпер мы можам вас бачыць, — сказаў голас. Выйдзіце на сярэдзіну пакоя. Станьце спінай адно да аднаго. Рукі за галаву. He дакранайцеся адно да аднаго. Яны не дакраналіся, але яму здавалася, што ён адчуваў, як дрыжыць цела Джуліі. А можа, дрыжала ягонае цела. Ён яшчэ мог сціснуць зубы, каб яны не ляскалі, але каленямі ён валодаць ужо не мог. Пачуўся тупат ботаў знізу, знутры і звонку дома. Здавалася, што ў двары поўна людзей. Нешта цяжкае валаклі па бруку. Жанчына раптоўна абарвала сваю песню. Тады пачуўся доўгі гулкі грукат, быццам балею кінулі праз увесь двор, а пасля гамана незадаволеных галасоў, якая скончылася крыкам ад болю. — Дом абкружаны, — сказаў Ўінстан. — Дом абкружаны, — сказаў голас. Ён пачуў, як Джулія з ляскатам сціснула зубы. — Думаю, мы ўсё ж можам развітацца, — сказала яна. - Вы можаце развітацца, — сказаў голас. А за ім другі голас, зусім іншы, тонкі, культурны, які Ўінстан ужо недзе чуў, уставіў: — Дарэчы, пакуль мы не адышлі ад тэмы. Нешта цяжка ўпала на ложак за спінай ва Ўінстана. Канец лесвіцы ўткнуўся ў акно і выбіў яго разам з рамай. Нехта залазіў праз акно. Са сходаў пачуўся грукат ботаў. Пакой напоўніўся дужымі людзьмі ў чорнай уніформе, у падбітых жалезам ботах і з дубінкамі ў руках. Ўінстан болей не дрыжаў. Нават вочы яго глядзелі нерухома. Цяпер было важна адно: стаяць спакойна, стаяць спакойна і не даваць ім зачэпкі збіць яго! Чалавек з гладкай баксёрскаю сківіцай, дзе рот быў адно вузкаю шчылінай, спыніўся насупраць яго, задумліва пагойдваючы дубінкай, якую ён трымаў двума пальцамі. Іх позіркі сустрэліся. Пачуццё галізны, безабароннасці, калі рукі за галавою, а твар і цела адкрыты для ўдараў, было амаль нясцерпнае. Чалавек высунуў кончык белага языка, аблізнуў тое месца, дзе мусілі быць вусны, і пайшоў далей. Зноў пачуўся грукат. Нехта ўзяў са стала шкляное прэс-пап’е і разбіў яго на друзачкі аб камінную пліту. Кавалачак каралу, маленькая ружовая галачка, як цукровая ружачка з торта, пакаціўся па дыване. Якім жа маленькім, падумаў Ўінстан, ён заўсёды быў! Ззаду пачулася задышлівае дыханне і глухі ўдар, і нехта балюча выцяў яго па хворай назе так, што ён ледзь не ўпаў на падлогу. Адзін ударыў кулаком Джуліі ў жывот, і яна сагнулася, як складны метр. Яна качалася па падлозе, хапаючы ротам паветра. Ўінстан баяўся павярнуць галаву нават на міліметр, але часам яе смяротна-бледны задышлівы твар трапляў у поле яго зроку. Нават гэтак застрашаны, ён быццам адчуваў боль у сваім целе, жахлівы боль, які, аднак, быў не такі невыносны, як смяротная задышка. Ён ведаў гэтае пачуццё: страшны, пакутлівы боль, які не сунімаецца ні на хвіліну, цярпець які няма змогі, бо найперш трэба здолець аддыхацца. Тады двое паднялі яе за калені і за плечы і вынеслі, як мех, з пакоя. На нейкі момант Ўінстан убачыў яе твар, бледны і скрыўлены пакутлівымі сутаргамі, перавернуты дагары, з заплюшчанымі вачамі, з плямкамі румяны на шчоках. Ён бачыў яе апошні раз. Ён стаяў нерухома, як мёртвы. Яго яшчэ не білі. Думкі, што ўзнікалі самі па сабе, але здаваліся зусім нецікавымі, пачалі праносіцца ў галаве. Ці схапілі яны пана Чэрынгтана, падумаў ён. Што яны зрабілі з жанчынаю ў двары? Ён адчуў, што яму нясцерпна хочацца справіць малую патрэбу, і здзівіўся, бо зрабіў гэта дзве-тры гадзіны таму. Ён заўважыў, што гадзіннік на каміннай палічцы паказваў дзевяць, гэта значыць дваццаць адну гадзіну. Але на дварэ было занадта светла. Хіба жнівеньскім вечарам у дваццаць адну гадзіну ўжо не цямнее? Ён падумаў, што, можа, яны з Джуліяй пераблыталі час — праспалі поўны абарот гадзінніка і думалі, што яшчэ дваццаць трыццаць, калі ў сапраўднасці было ўжо нуль восем трыццаць наступнае раніцы. Але ён не скончыў гэтае думкі. Яна была яму нецікавая. У калідоры пачуліся яшчэ нечыя, цішэйшыя крокі. У пакой увайшоў пан Чэрынгтан. Людзі ў чорнай уніформе раптам пачалі паводзіць сябе больш стрымана. Штосьці ў выглядзе пана Чэрынгтана змянілася. Яму на вочы трапілі асколкі шклянога прэс-пап’е. — Прыбярыце гэта, — абрывіста сказаў ён. Нехта з прысутных выканаў загад. Прастамоўнае лонданскае вымаўленне некуды знікла — Ўінстан раптам пазнаў голас, які ён пачуў незадоўга перад тым з тэлегляда. Пан Чэрынгтан усё яшчэ быў у сваім старым аксамітным фрэнчы, але валасы ў яго, раней амаль белыя, цяпер зрабіліся чорнымі. He было на ім і акуляраў. Ён кінуў на Ўінстана адзін востры позірк, нібы апазнаючы яго асобу, і болей не звяртаў на яго ўвагі. Яго яшчэ можна было пазнаць, але гэта быў ужо зусім іншы чалавек. Ён пазграбнеў і здаваўся вышэйшым. У твары адбыліся вельмі дробныя змены, але ён стаў зусім іншы. Чорныя бровы парадзелі, зморшчыны зніклі, усе лініі твару неяк перамяніліся, нават нос здаваўся цяпер карацейшым. Гэта быў насцярожаны халодны твар чалавека гадоў трыццаці пяці. Ўінстан падумаў, што ўпершыню ў жыцці ён дакладна ведаў: перад ім стаіць супрацоўнік Паліцыі Думак. ЧАСТКАТРЭЦЯЯ 1 Ён не ведаў, дзе ён. Можна было здагадвацца, што ён быў у Міністэрстве Любові, але праверыць гэта не было як. Ён быў у камеры без вокнаў, з высокай столлю, са сценамі з бліскучае белае кафлі. Схаваныя лямпы залівалі яе халодным святлом, аднекуль чулася нізкае няспыннае гудзенне, звязанае, як меркаваў Ўінстан, з падачай паветра. Вузкая. толькі каб сесці, лава цягнулася ўздоўж сцен і перарывалася толькі дзвярыма і, ля сцяны, што насупраць дзвярэй, унітазам без драўлянага седала. У камеры былі чатыры тэлегляды, па адным на кожнай сцяне. Ён адчуваў глухі боль у жываце. Жывот пачаў балець з таго моманту, як яны запхнулі яго ў закрыты фургон і некуды павезлі. А яшчэ яго мучыў голад, нейкі агідны, угрызлівы голад. 3 таго часу, як ён еў, прайшло ўжо, мабыць, дваццаць чатыры гадзіны, а можа, і трыццаць шэсць. Ён усё яшчэ не ведаў і, відаць, ніколі ўжо не даведаецца, калі яго арыштавалі, — раніцай або вечарам. 3 таго часу, як ён быў арыштаваны, яго не кармілі. Ён сядзеў ціха, як толькі мог, на вузкай лаве, склаўшы рукі на каленях. Ён ужо навучыўся сядзець ціха. Калі зрабіць нечаканы pyx, яны закрычаць з тэлегляда. Але голад рабіўся ўсё больш нясцерпны. Болып за ўсё ён марыў цяпер пра лустачку хлеба. Ён падумаў, што ў кішэні камбінезона павінна быць трохі хлебных крошак. Магчыма нават — ён падумаў так, бо час ад часу здавалася, быццам нешта казытала ягонае сцягно, — што там быў ладны акрайчык. Урэшце спакуса праверыць перасіліла ягоны страх. Ён засунуў руку ў кішэню. — Сміт! — закрычаў голас з тэлегляда. — 6079 Сміт У.! Рукі прэч з кішэняў! Забараняецца засоўваць рукі ў кішэні ў камеры! Ён зноў ціхенька сеў і склаў рукі на каленях. Перш чым трапіць сюды, ён прабыў нейкі час у іншым месцы — гэта была звычайная турма або проста часовая арыштоўня, куды патрулі завозілі затрыманых. Ён не ведаў, колькі часу ён там прабыў, але некалькі гадзін то пэўна. Без гадзінніка і без дзённага святла вельмі цяжка было вымераць час. Гэта было тлумнае смуроднае памяшканне. Яны кінулі яго ў камеру, падобную да той, у якой ён быў цяпер, але агідна брудную і ўвесь час запоўненую дзесяццю-пятнаццаццю людзьмі. Большасць з іх былі простыя крымінальнікі, але было сярод іх і некалькі палітычных зняволеных. Ён ціхенька сядзеў, прыціснуўшыся да сцяны, штурханы бруднымі целамі, занадта засяроджаны на сваім страху і на болі ў жываце, каб зважаць на тое, што адбываецца навокал, і. аднак, яму кінулася ў вочы дзіўная розніца ў паводзінах паміж членамі Партыі і астатнімі зняволенымі. Партыйцы былі заўсёды маўклівыя і напалоханыя, а звычайным крымінальнікам, здавалася, было на ўсё напляваць. Яны лаяліся на ахоўнікаў, зацята супраціўляліся, калі тыя спрабавалі канфіскаваць іх рэчы, пісалі непрыстойнасці на падлозе, елі кантрабандную ежу, якую яны выцягвалі з таемных схованак у вопратцы, і нават заглушалі сваімі крыкамі тэлегляд, калі той спрабаваў навесці парадак. 3 другога боку, здавалася, што некаторыя з іх былі ў добрых адносінах з ахоўнікамі, звалі іх па імені і спрабавалі выцыганіць у іх цыгарэты праз вочка ў дзвярах. Дый ахоўнікі таксама ставіліся да крымінальнікаў з нейкай спагаднасцю, нават калі мусілі абыходзіцца з імі сурова. У камеры шмат гаварылася пра лагеры прымусовай працы, у якія, як меркавалася, мелі выслаць большасць зняволеных. Як з гэтых размоў, дык у лагерах было «нішто сабе», калі маеш добрае знаёмства і трохі клёку ў галаве. Там буяла хабарніцтва, фаварытызм і вымаганне ўсіх гатункаў, там існавала мужаложства і прастытуцыя, там нават падпольна гналі спірт з бульбы. Важныя пасады там давяралі толькі крымінальнікам, асабліва рабаўнікам і забойцам, якія складалі нешта накшталт арыстакратыі. Усю брудную працу рабілі палітычныя.