222 альбомы беларускага року... і ня толькі  Вітаўт Мартыненка, Анатоль Мяльгуй

222 альбомы беларускага року... і ня толькі

Вітаўт Мартыненка, Анатоль Мяльгуй
Выдавец: Медысонт
Памер: 448с.
Мінск 2006
105.26 МБ
альбом назваў не «Корзинка» ці «Лу­кошко», а да болю натуральна — «Кошык». I што ж мы знойдзем у гэтым кошыку?
Адразу трэба сказаць, што аналёгіяў музыцы «Князя Мышкіна» вы ня знойдзеце ні на FM-радыё, ні ў базарным кіёску. Для пільных дасьледчыкаў рок-музыкі магу нагадаць хіба маштабныя сымфа-рокавыя праекты гуртоў кшталту брытанскага «King Crimson», польскага «SBB», чэскага «Collegium Musicum», дзе аль­бом складаўся з 2-3 кампазыцыяў па 15-20 хвілінаў. Акурат дзьве кампазыцыі таксама ў новым прадукце «Кня­зя Мышкіна». Прычым запісаны яны рознымі складамі гурта.
Склад 1998 году, якім запісваўся той самы загалоўны «Кошык» (25.00 хвілінаў), дык і ўвогуле расчуліць самага загартаванага фэна беларускага року: зь Лявонам Нарушэвічам (гітара) над творам працавалі Іван Кірчук (дуда, гусьлі, дудкі, жалейкі) і Юрась Паўлоўскі (розныя ўдарныя інструмэнты, уключна з капытамі казы). Карацей кажучы, амаль поўная «Troitsa». A пробліскі вакалу — ці не таго ж Івана Кірчука? Але ён нешта не пазначаны ў гэтым амплюа на зыходных зьвестках. Затое днём запісу гэтага самага «Кошыку» пазначаны 29 верасьня 1998 году — дзень, калі аўтару гэтых радкоў стукнула 39 гадоў. Ня надта кругленькая дата, але я нават ня ду­ма^ сабраўшы за сьвяточным сталом сяброў і родных, што недзе ў другім кутку Менску тым жа часам сабраліся колішнія мае апанэнты, каб стварыць прадукт, які й мяне прымусіць адчуць беларускі кантэкст пад брэндам «Князь Мышкін» ды гадоў празь пяць напісаць пра яго некалькі старонак.
Юрась Паўлоўскі быў і ў 1996 годзе, калі запісваўся «Гарачы фінскі зарціпос» (33.12 хвілінаў), а стандартнаму кантынгэнту «Князя Мышкіна» (гітара Л. Нарушэвіча, сінтэзатар У. Сівіцкага, сэмплы А. Назарава) дапамагаў таксама знакаміты басіст многіх беларускіх праектаў Валер Вашкоў. Незнаёмае слова самой назвы таксама павінна нагадаць рок-заўзятару слэнг беларускіх рокераў 8о-х і культавы гурт «Зарціпо» (PartylsOver, ПарцІзОўвэ, Зарціпоўвэ, карацей — партыіўзурпатару хана і шоргі на бонду).
Музыку «Князя Мышкіна» часта называюць авапГарднай, завёрнутай, нагрувашчанай, а я вось слухаю ды адчуваю натхняльны плён экспэрымэнтаў гурманаў гукавога смаку. Про­ста гэта не папсовая музыка, мо таму й лёс ейны быў ня надта простым (гэ­та ж трэба — каля дзесятка гадоў праваляцца ў студыі!).
Але й нешчасьлівым ня быў тэты лёс, бо знайшоўся рызыкант, які верыць у камэрцыйную вартаснасьць нестандартнага прафэсіяналізму — маскоўская фірма «Геометрия». Адно бяда: ці шмат экзэмпляраў з тых 25000 дойдзе да Радзімы выканаўцаў, бо нямецкіх, амэрыканскіх дыскаў «Князя Мышкіна» мы так і ня бачылі, таму што ў нашых кіёсках пануе просьценькі братні шырспажыў.
«Наша слова» №9, 03.03.2005, Менск-Ліда, В.М.
КАМАЕДЗІЦА
Дзеці лесу
2004, Strong Music Productions
Вось жа бываюць парадоксы лёсу: магілёўскія, гарадзенскія, гомельскія выканаўцы дзеля болыпай раскруткі свайго рэлізу стараюцца выдавацца ў сталіцы, але вось менскі doomdeath-мэталёвы гурт «Камаедзіца» знайшоў сабе выдаўца ажно ў Рэчыцы. «BMAgroup» ім, бач ты, не хапіла. Але ў Рэчыцу пацягнуў ня толькі смак «Лібен біра».
I хоць у Супрановіча хлопцы таксама пасьпелі пабываць, калі ён быў татальна загружаны інпіымі выдавецкімі праектамі, хай ня радуюцца аматары плётак пра незгаворлівасьць лідэра «BMAgroup»: у буклеце шыкоўнага рэчыцкана CD-выданьня адзначана адмысловая падзяка ня толькі ўсяму менскаму лэйблу агулам, але й Віталю асабіста. Не пакрыўдзіліся «камаеды» на нерашучасьць знакамітага прад’юсэра даць ім старт, задаволіўшыся толькі адной кампазыцыяй у ягоным зборніку «Hard Life — Heavy Music III» («Падымайся, брат!»), затое рэчыцкі лэйбл «Strong Music Productions» забясьпечыў ім пранікненьне ў мэталёвы рынак Расеі,
Украіны, Балтыі (хоць і шляхам бартэру, але ўсё ж...).
Зрэшты, праблемаў з рэалізацыяй у хлопцаў з «Камаедзіцы» і не прадбачвалася: варта толькі ў рукі ўзяць іхні зграбненькі CD, як адразу адчуваеш і валоданьне тэмай, і няўрымсьлівасьць творчай фантазіі, і ўпэўненае самаадчуваньне. А ставіш дыск на плэер і разумеет, што швадронаў беларускага паган-мэталёвага афіцэрства прыбыло. Невыпадкова ўжо ў лютым 2005 году альбом выйшай паўторным на­кладам і — дзякаваць Богу — з падкарэктаванай колеравай гамай вокладкі.
Што да мастацкай аздобы гэтага дэбютніка, дык нямала каго зьдзівіла таямнічасьць пададзенага імя дызайнэра — SlavaZ. Але пільны прыхільнік беларускага экстрыма добра ведае, што гэта — гітарыст рэчыцкага гур­та «Dialectic Soul», які мабыць і сасватаў менчукоў за рэчыцкі лэйбл, калі яны разам прыймалі ўдзел у маштабным сталічным канцэрце-прэзэнтацыі «Hard Life — Heavy Music III».
Слухаючы тэты альбом («Дзеці ле­су»), я міжволі прыгадваю падзеі 10гадовай даўніны, калі нават я дзівіўся неверагодным ідэям «Зьніча» паяднаць суровыя мэлёдыі беларускага дахрысьціянскага фальклёру з экстрэмальнымі рытмамі мэталёвай музыкі, а тут, аказваецца, кінутае Таболічам зерне дае ўсё новыя й новыя прыклады плёну.
Праўда, у падзяках багатага 12старонкавага буклета «Зьніч» прыгаданы толькі ў асобе адной з вакалістак — Натальлі Валынец, у той час як глыбокая павага да гомельскага «Gods Tower» адчуваецца і ў гэтых са­мых падзяках, і ва ўласнай спробе вяр-
нуць у беларускі кантэкст іхнюю песьню «Twilight Sun» (цяпер яна мае назву «Сонца ў змроку», што па сутнасьці тое самае). Падзякаваць тут можна й перакладчыцы Кацярыне Пінчук, якая вельмі трапна рэтрансьлявала анГельскі тэкст:
Ўсё роўна мне, калі памру,
Усё роўна мне, калі ілгу:
Убачыць бы нябёсаў твар, Але ў вачах агонь ня згас.
Трэба сказаць, што музыкі «Камаедзіцы» ў сваім thank-сьпісе не забылі гэтую асобу. А што да саміх музыкаў, дык я нават ня ведаю, як іх леней называць: паводле іхніх рыцарскіх паганскіх мянушак, якія пададзены пад здымкамі (Радан Люты, Ведзяслаў Ліха, Белямір, Барута Чорны, Баравіт Ветран) ці ўсё ж паводле імёнаў сучаснай традыцыі (вакаліст, флейтыст і тэкставік Алег Губіч, бубнар Антон Кагаткоў, басіст Максім Шыфрын, гітарыст і клявішнік Ігар Шэсьцернеў, гітарыст Павал Котаў). Ва ўсялякім разе пакінутыя мной абодва сьпісы кожны можа супаставіць як заўгодна, бо парадак я захаваў адпаведны.
Наконт стылю, па шчырасьці, былі ў мяне спачатку перасьцярогі, бо занадта распладзілася на айчыннай мэтал-сцэне аматараў пакрычаць гроўлам аж да нечытэльнага хрыпу. Уключаю — і адразу ўражваюць сакавітыя думаўскія гітарна-клявішныя акорды («Шлях»), потым крыху ўсё ж натыкаюся на гроўл, але ў антуражы прыгожых і выразных мэлёдыяў ды з наяўнасьцю тэксту ў буклеце ён зусім не расчароўвае («Дзеці лесу», «Мой продак — мядзьведзь»), тым болып, што і Генадзь Сыракваш (студыя «XNoise factory») адмыслова папрацаваў над яго чыстым прачытаньнем. А ў
прыфалькаванай песьні «Вясна ідзе!» вакал дэманструе нават традыцыі песьнясьпеву старажытнай Русі, дый тэкст Радана Лютага можна было б пазнаць за чыстакроўны фольк, толькі ў згубленых ягоных плястах («Сонейка сьвеціць/Ярыла ляціць»).
Пантэон паганскіх пэрсанажаў (Ярыла, Карачун, Вялее, Дзяды) ды сьвятыняў (Вырай, Сьвет Хваляваньня, Неба, Сонца) ажывае ў гэтых тэкстах надзвычай арГанічна (гл. творы «Ўхваленьне Вялесу», «Пабраўшы мячы», «Песьня ў полі»). Тут нават гроўл адыйшоў на задні плян, а вакаліст выявіў наяўнасьць рэальнага голасу. А інструмэнталка «Вышэй за зоры» настолькі чароўная ды прыгожая, што яе нават дзеткам на ноч можна і варта ставіць (я ўжо не кажу пра ўсялякія радыёфарматы).
Так што калі хочаце спасьцігнуць беларускую Калевалу ці адшукаць айчынную Камасутру — слухайце «Камаедзіцу». У паганстве гэта сьвята Сьвятога Бера (гл. фота на вокладцы), жытлом якога была БерЛога (логава Бера) і які Мёд ведаў (таму й звалі яго ў прастамоўі Мёдведам). Усё гэта гурт «Камаедзіца» даводзіць у сваім рэлізе вельмі сур’ёзна.
«Краязнаўчая Газэта» №6,
11.02.2005, Менск, В.М.
TESAURUS
Аднова тэзаўруса
2004, Parachia records
Пра гурт «Tesatirus» пачалі актыўна пісаць ужо зь лютага 2004 многія газэты ня толькі Беларусі. Узяць хоць бы тую ж варшаўскую «Gazeta Wyborcza» (№148 за 26.06.2004, на­кладам 515 тыс.). Рэч у тым, што гурт, які прыкметна засьвяціўся на шэрагу салідных фэстываляў, выдаў тады свой відавочна неардынарны дэбютны альбом. I вось нарэшце ў нашых ру­ках той таямнічы дыск, тытульную вокладку якога ўпрыгожваюць ня фоткі, не рэквізыты калектыва, а проста ёмісты сымболь жыцьцёвай сутнасьці, складзены з мудрагелістага спляценьня літараў грэцкага альфабэту — «альфа й амэга» (A i fl). Памятаеце біблійнае «Я ёсьць альфа й амэга!»?
Цікава, што тэты сымболь выкарыстоўваў у сваёй творчасьці й наш знакаміты кампазытар на эміГрацыі Мікола Равенскі, які нават паўстагодзьдзя таму свае дыскі ў Бэльгіі выпускаў пад лэйблам «Omega records». А ў наяўнасьці нейкай патаемнай повязі тут я пераканаўся, калі бачыў, як гітарыст гурта «Tesaurus» Зьміцер Гошка на адной з музычных імпрэзаў
купляў найноўшы CD Міколы Равенскага «Магутны Божа».
He, «Tesaurus» працуе ня ў плыні сымфанічнай ці камэрнай музыкі, як Мікола Равенскі. Гэта мэтал-бэнд. Але акурат магутны Божа іх і аб’ядноўвае. «Tesaurus» — хрысьціянскі рок-гурт. I справа ня толькі ў тым, што хлопцы добрую вестку нясуць хоць і ў жорсткіх рытмах, але такую ж чыстую ды таксама на беларускай мове. Гэта істотная й вельмі прывабная ды арыгінальная прычына, але ў дадзеным выпадку ўсё значна глыбей.
Ці ня раз вам даводзілася шукаць арГумэнты, калі недасьведчаныя Бе­ларусь!, якіх — згодна тэлерэкляме — «называюць лохамі Эўропы», абыякава сьцьвярджаюць: «Ну какая разница на каком языке?». Вось гурт «Tesaurus» і дае сваймі песьнямі арГумэнтаваны адказ на такія пытаньні.
Лідэр калектыву гітарыст Мікола Пташнікаў ня раз мне асабіста прыводзіў у поўным філязофскім кантэксьце добра знаёмую ледзь не да банальнасьці выцінку зь Бібліі пра тое, што нібыта «напачатку было сло­ва». Дык вось зьвярніце ўвагу, у чым рэальны сэнс і што падкрэсьлівае цэнз загалоўных літараў цытаты: «На­пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога спрадвеку. Усё празь яго сталася й безь яго нічога не было з таго, што сталася» (1-шы разьдзел Сьвятога ЭванГельля паводле Яна ў перакладзе Антона Луцкевіча). Пасьля гэтага, пэўна, кожны здолее адэкватна зразумець і сынаніміку паняцьцяў аднае з малітваў: «Слова Ойчае, адзіны дасканалы Ісусе Хрысьце!..»