• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ад Чачота да Багушэвіча  Генадзь Кісялёў

    Ад Чачота да Багушэвіча

    Генадзь Кісялёў

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 397с.
    Мінск 1993
    128.75 МБ
    аб спадчыне Ф. Багушэвіча. А цяпер пяройдзем да іншых пісьменнікаў, да іншых пакручастых і загадкавых шляхоў беларускіх літаратурных рукапісаў.
    Амаль нічога невядома нам пра архіў і рукапісную спадчыну таленавітага, самабытнага паэта Фелікса Тапчэўскага. Як устанавіў Г. Каханоўскі, «бібліятэку паэта ў дваццатыя гады людзі разнеслі па руках, ад яе не засталося ніякага следу» 59. Яго творы дайшлі да нас толькі ў копіях, зробленых у свой час Б. Эпімах-Шыпілам. Больш шырокая вядомасць паэта пачалася пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі ў савецкім друку з’явіліся публікацыі яго твораў (па згаданых копіях Эпімах-Шыпілы).
    Архіў Янкі Лучыны пасля смерці паэта (1897) знаходзіўся ў яго жонкі Ганны Неслухоўскай з Грыневічаў. Відаць, па гэтых матэрыялах (прынамсі, з іх прыцягненнем) былі выдадзены паэтычныя зборнікі Лучыны на польскай (1898) і беларускай (1903) мовах. Я. Карскі ў свой час паведамляў: «Ва ўдавы Неслухоўскага некаторыя яго вершы захаваліся ў рукапісным выглядзе, напрыклад, «Усёй трупе пана [дабрадзея] Старыцкага Беларускае слова» (Карскнй, 3/3, 213). А вось сціслае паведамленне «Польскага біяграфічнага слоўніка»: «Шмат (дагэтуль не адкрытых) твораў на польскай і беларускай мовах засталося ў рукапісах у жонкі Н [еслухоўска]га ў Мінску, у тым ліку паэмы «Гануся», «Віялета», «АнДрэй»...»60
    У нашаніўскі перыяд архівам Лучыны цікавіўся Р. Зямкевіч. У 1910 г. «Наша Ніва» ў «Паштовай скрынцы» змясціла наступны адказ на яго запытанні, звязаныя з культурнымі навінамі і пошукавымі клопатамі: «Р. Зямчу. Каляндар выйдзе з друку каля 5 чысла снежня. Адрас удавы нашага песняра: Мінск, Упраўленне Л [ібава-] Р[оменскай] ж. дар. Несл-кай»61. 3 цягам часу ў рукі надзвычай паваротлівага калекцыянера-шукальніка трапіў шэраг аўтографаў паэта. 3 паметкай «3 архіва Зямкевіча» вядома публікацыя верша Лучыны «Заходзіць сонца...» (Вольная Беларусь. 1918. №29). Вялікую публікацыю на падставе матэрыялаў сваёй калекцыі Зямкевіч зрабіў у 1932 г. у віленскім альманаху «Нёман»: былі
    59 Каханоўскі Г. Па сцежках Фелікса Тапчэўскага // Беларусь. 1972. № 9. С. 28.
    60 Gajkowska С. Niesluchowski Jan // Polski Slownik Biograficzny. Wroclaw etc., 1978. T. 23. Z. 1. S. 64.
    61 Наша Ніва. 1910. 2 снеж.
    надрукаваны вершы «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага...», «Дабрадзею артысту Манько», сцэнічны ўрывак; прыгадваўся рукапіс Лучыны з апісаннем мінскай батлейкі.
    Асноўная частка архіва пісьменніка трапіла да пляменніцы Лучыны, жонкі вядомага польскага буржуазнага дзеяча У. Рачкевіча, і была вывезена ў Вільню або Варшаву. Спачатку Рачкевічыха дала згоду пазнаёміць з гэтымі рукапісамі беларускіх літаратараў, але потым вырашыла, што «беларускасць» яе дзядзькі можа зашкодзіць мужавай кар’еры. Неапублікаваныя творы Лучыны нібыта засталіся ў сямейным архіве Рачкевічаў, які ў першыя дні другой сусветнай вайны перавандраваў разам з уладальнікамі ажно ў Лондан62. У 1982 г. А. Мальдзіс вёў пошукі рукапісаў Лучыны ў Англіі, але •	«	63
    адшукаць іх не удалося .
    Даўно цікавіць нашых даследчыкаў лёс рукапіснай спадчыны Альгерда Абуховіча.
    Цяпер вядомы толькі два лісткі з аўтографамі Абуховіча, якія захоўваюцца ў бібліятэцы АН ЛітССР, куды трапілі разам са зборамі Беларускага музея ў Вільні64. Гэта тэксты баек «Старшына» і «Ваўкалак», напісаныя рукой паэта чарнілам, з алоўкавымі праўкамі. Аўтографы без даты, але з подпісам і паметкай «Слуцк». Ды яшчэ ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, у папцы пад назвай «Розныя паперы са збораў А. Валіцкага», ёсць пераклады напольскую мову баек «Вяльможа» і «Малпа і люстэрка» за подпісам: «Альгерд гр. Бандынэлі. Мазыр» 65.
    У свой час рукапісаў Абуховіча было вядома куды больш.
    У 1913 г. у нашаніўскім артыкуле «Памажыця!» Власт (В. Ластоўскі) пісаў пра Абуховіча: «Рэдакцыя «Нашай
    62 Зямкевіч Р. Ян Неслухоўскі (Янка Лучына) і яго невядомыя вершы // Нёман. 1932. № 2. С. 60; Мальдзіс А.' 3 кагорты пачынальнікаў: Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Лучыны // Літ. і мастацтва. 1981. 3 ліп.
    63 Мальдзіс А. За Ла-Маншам, сярод беларусаў: 3 «Англійскага дзённіка» // Голас Радзімы. 1984. 16, 23 лют.; Ен жа. 3 літаратуразнаўчых вандраванняў. Мн., 1987. С. 96, 176.
    64 ЦБАН ЛітССР, ф. 21—431. .
    65 Мальдзіс А. Пісьмы Я. Лучыны да 3. Пшасмыцкага // Садружнасць літаратур. Мн., 1968. С. 153.
    Нівы» мае 10 сшыткаў яго памятнікаў, у каторых там і сям ёсць чарнавікі вершаў».
    Годам раней «паперы, астаўшыяся па Абуховічу», Ластоўскі прыгадаў у артыкуле пра У. Сыракомлю ў «Нашай Ніве», № 36. Ен прывёў з гэтых матэрыялаў чатырохрадкоўе «У гаворцы ёсць ружніца...», якое сведчыць, што меліся на ўвазе вядомыя цяпер мемуары Абуховіча.
    Праз чатыры гады гэтыя мемуары былі апублікаваны пад загалоўкам «3 папераў Альгерда Абуховіча» ў віленскай беларускай газеце «Гоман» (1916. №33—40). У № 49 пад такой жа рубрыкай «3 папераў Альгерда Абуховіча» надрукаваны верш «Дума а Каралю XII». Спасылкі на лексікаграфічныя матэрыялы Абуховіча ёсць у руска-беларускім слоўніку В. Ластоўскага (1924, с. 533—534). Такім чынам, у рэдакцыях «Нашай Нівы» і «Гомана», у В. Ластоўскага былі ў свой час важныя матэрыялы з архіва Абуховіча. Цяпер лёс гэтых рукапісаў, на вялікі жаль, невядомы. 3 публікацыі А. Сідарэвіча (Літ. і мастацтва, 1991, 25 студз.) стала вядома, што А. Луцкевіч яшчэ ў 1928 г. збіраўся расшукваць Абуховічавы мемуары.
    Па ўспамінах беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча Я. Дылы, які пазнаёміўся з Абуховічам у Слуцку будучы гімназістам, Абуховіч даволі нядбайна захоўваў рукапісы сваіх перакладаў: «У пісьменніка склалася прывычка класці ў кнігу побач з арыгіналам і яго пераклад. Гэта заўважылі, акрамя мяне, Ярэміч і Карповіч, і яны часта прасілі Абуховіча пачытаць свае пераклады і спасылаліся пры гэтым:
    — У вас жа шмат закладак! Значыць, ёсць што нам пачытаць!» (Пачынальнікі, 446—447).
    Прыехаўшы ў родны Слуцк у 1921 г., Дыла пра лёс рукапіснай спадчыны Абуховіча даведаўся наступнае: «Сваю бібліятэку і рукапісы А. Абуховіч аддаў Казіміру Аколаву, які жыў тады ў Слуцку і часта наведваў яго, асабліва калі ён захварэў. Па словах Федаровічыхі (кватэрнай гаспадыні Абуховіча.— Г. К.), кнігі і пісьмовы стол пасля пахавання прыяцеля Аколаў перавёз да сябе. Я спадзяваўся, што хоць што-небудзь магло застацца ад бібліятэкі Абуховіча, і прасіў дазволу дачкі Казіміра Аколава агледзець свіран, у якім была складзена бібліятэка. Аднак ніякага следу ад яе я там не знайшоў» (Пачынальнікі, 449).
    Далей Дыла пісаў: «Дачка Казіміра Аколава расказвала, што яе брат, які працаваў у Варшаве, запрасіў бацьку прыехаць жыць да сябе. Казімір Аколаў, забраўшы з сабою бібліятэку і рукапісы Абуховіча, пераехаў са Слуцка ў Варшаву, дзе ў 1913 ці 1914 г. і памёр. Разам з кнігамі, напэўна, у Варшаву трапілі і шматлікія закладкі — пераклады пісьменніка. Было б, вядома, вялікаю ўдачай, калі б цяпер (успаміны Дылы датуюцца 1958 г.— Г. К.) пры дапамозе польскай Акадэміі навук і польскіх пісьменнікаў удалося знайсці ў Варшаве Аколавых, бібліятэку і рукапісы Альгерда Абуховіча...» (Пачынальнікі, 449).
    Пра гэта ж Я. Дыла пісаў у 1963 г. у пісьме А. Мальдзісу. Даследчык адшукаў у Варшаве сваякоў Аколавых (з гэтага ж роду быў, дарэчы, польскі пісьменнік і літаратуразнавец, дырэктар музея А. Міцкевіча ў Варшаве Леанард Падгорскі-Аколаў, які памёр у 1957 г.), якія пра лёс бібліятэкі і архіва Абуховіча нічога не маглі сказаць. А. Мальдзіс не выключаў магчымагці, што паперы Абуховіча засталіся ў Слуцку 66.
    Пазней пошукамі Абуховічавага архіва рупліва займаўся слуцкі краязнавец Р. Родчанка, які паступова прыйшоў да вываду, што «шукаць трэба ўсюды — у Слуцку (і яго ваколіцах), Вільнюсе, Польшчы...» 67 Ен устанавіў, што значная частка пісьменніцкага архіва і бібліятэкі засталася ў Слуцку, у доме, дзе Абуховіч жыў апошнія гады. Гэты дом у 1928 г. быў набыты Барташэвічамі, якія расказалі краязнаўцу, што «на гарышчы купленага дома былі стосы кніжак, пакетаў і скруткаў пажоўклых папер, а таксама шэсць сллеценых з лазы карзін, з сярэдзіны абшытых палатном. У асобных з іх былі пачкі спісаных папер, а ў некаторых — кніжкі...»
    «3 цягам часу,— працягвае Р. Родчанка,— з усім гэтым скарбам, пра паходжанне і вартасць якога яны нічога не ведалі, Барташэвічам давялося расстацца.
    У той час існаваў Інбелкульт (Інстытут беларускай культуры) ,які пазней быў ператвораны ў АН БССР. Ці не туды трапілі рукапісы і кніжкі пісьменніка? А можа, у нейкі архіў ці бібліятэку?» 68
    66 Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX стагоддзе. С. 174—175.
    67 Родчанка Р. Альгерд Абуховіч-Бандынэлі: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1984. С. 77.
    68 Родчанка Р. Альгерд Абуховіч-Бандынэлі. С. 85.
    Гэтым пытаннем скончым і мы сваю спробу сістэматызаваць звесткі нашых літаратуразнаўцаў і краязнаўцаў пра архіў Абуховіча і яго пошукі.
    Мабыць, найлепш з усёй пісьменніцкай рукапіснай спадчыны XIX ст. захаваўся архіў Адама Гурыновіча, які звязаў свой лёс з рэвалюцыйным рухам і трагічна скончыў жыццё ў маладым узросце.
    Гэта не значыць, што яго рукапісная спадчына не мела страт. Страты былі — і вялікія. Вядома, што пры вобыску ў 1893 г. у паэта былі адабраны восем сшыткаў з рукапісамі на беларускай мове. Спачатку яны трапілі ў Пецярбургскае губернскае жандарскае ўпраўленне. На пачатку снежня 1893 г. начальнік гэтага ўпраўлення пераслаў іх у Дэпартамент паліцыі. 14 снежня Дэпартамент звярнуўся да начальніка Віленскага губернскага' жандарскага ўпраўлення з просьбай аб перакладзе гэтых рукапісаў на рускую мову, але атрымаў адказ, што «ў ліку служачых ва ўстановах Віленскай губерні і ў навучальных установах Віленскай навучальнай акругі няма такіх асоб, якія ведалі б беларускую гаворку» 69. Зразумела, гэта быў фармальны адказ. Знаўцы беларускай мовы ў Вільні ў тыя часы, як і заўсёды, былі — дастаткова ўспомніць, што адвакатам (прысяжным павераным) пры Віленскім акруговым судзе працаваў тады Ф. Багушэвіч.
    Сшыткі накіроўваюцца ў Мінск. 3 лютага 1894 г. начальнік Мінскага губернскага жандарскага ўпраўлення пісаў у Пецярбург: «...з 8 сшыткаў на беларускай гаворцы, адабраных у Гурыновіча, уважліва разгледжаны толькі чатыры, якія пры гэтым і прадстаўляюцца. У адным з іх, пазначаным мною № 1, змешчаны артыкулы яўна рэвалюцыйнага зместу ў сэнсе польскага паўстання. Адносяцца яны да часу паўстання 1862 г. (так у дакуменце.— Г. К.). Сшытак гэты перакладзены падрадкова. Пра змест астатніх 3 сшыткаў, паколькі ў ім няма нічога заганнага, выкладзена коратка. 4 сшыткі, што засталіся ў мяне, прагледжаны толькі павярхоўна і, відаць, нічога палітычнага не змяшчаюць. Пасля больш уважлівага іх разгляду будуць прадстаўлены мною дадаткова тыдні праз два» 7 .