• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ад Чачота да Багушэвіча  Генадзь Кісялёў

    Ад Чачота да Багушэвіча

    Генадзь Кісялёў

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 397с.
    Мінск 1993
    128.75 МБ
    Пасля гэтай уводнай заўвагі можна перайсці да агульнага агляду крыніц па асноўных групах-катэгорыях.
    Першую, надзвычай важную групу або катэгорыю гісторыка-літаратурных крыніц складаюць самі мастацкія творы, якія дайшлі да нас у розных выглядах: друкаваныя
    выданні (асаблівае значэнне маюць першадрукі), аўтографы, спісы.
    Спецыялісты справядліва ўказваюць, што «мастацкія творы з усімі ўласцівымі рысамі — тыпізацыяй, вобразамі, паэтычнай формай, своеасаблівасцю жанраў і мовы» патрабуюць ад даследчыка асобага падыходу і ў гэтым сэнсе адрозніваюцца ад усіх іншых крыніц 3.
    Літаратурна-мастацкія тэксты бываюць аўтарскія або ананімныя. Есць творы, вядомыя пад псеўданімамі, творы, якія толькі прыпісваюцца пэўнаму аўтару, але гэтае аўтарства не атрымала агульнага прызнання. Паўней гэтыя выпадкі разглядаюцца намі ў раздзелах «I дух, і літара», «Даўняя загадка літаратуразнаўства».
    Кніг беларускіх пісьменнікаў XIX ст. параўнальна няшмат. Найперш гэта кнігі Я. Чачота, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, раннія выданні паэмы «Тарас на Парнасе». Поўны (ці амаль поўны) іх спіс ёсць у зводным каталогу «Кніга Беларусі» (1986). Часцей за ўсё яны друкаваліся лацінкай, толькі нямногія («Вязанка» Лучыны, асноўныя выданні «Тараса на Парнасе») выкарыстоўвалі «гражданку». Перапыненая гістарычнымі акалічнасцямі некалі багатая традыцыя беларускага нацыянальнага кнігадрукавання ў XIX ст. толькі пачынала ўзнаўляцца. Выкарыстоўвалася своеасаблівае «прыкрыццё». Многія кнігі, асабліва ў першы перыяд, складаліся як з беларускіх, так і з польскамоўных тэкстаў, мелі тытулы, прадмовы, «талкаванні» на польскай (у канцы стагоддзя — на рускай) мове. Але з’яўляліся таксама кнігі, цалкам або амаль цалкам аформленыя па-беларуску. Адной з першых быў марцінкевічаўскі пераклад «Пана Тадэвуша» (кніга была надрукавана, але не прапушчана цэнзурай). Частка кніг па цэнзурных меркаваннях выходзіла за мяжой ананімна або пад псеўданімамі. Цяпер гэтыя кнігі-першадрукі вялікая бібліяграфічная рэдкасць, у буйных навуковых бібліятэках, у прыватных калекцыях іх засталіся літаральна лічаныя экземпляры. Як прыклад нагадаем, што яшчэ нядаўна былі вядомы тры экземпляры марцінкевічаўскага перакладу «Пана Тадэвуша» (выданне 1859 г.). Цяпер вядомы чатыры (два ў Вільнюсе і па аднаму ў Ленінградзе і Кракаве). Як бачым, усе гэтыя неацэнныя рарытэты ў да-
    3 Бельчнков Н. Ф. Лнтературное нсточннковеденне. М., 1983. С. 128.
    ным выпадку захаваліся за межамі рэспублікі. Але ў Мінску таксама ёсць унікалыіыя выданні — назавём хаця б пераклад «Сігнала» У. Гаршына 1891 г. з дарчым надпісам перакладчыка (Ядвігіна Ш.) М. Янчуку. Кніга выяўлена ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У. 1. Леніна 4.
    Паколькі беларускіх кніжак мінулага стагоддзя захавалася надзвычай мала, важнае значэнне набывае сёння падрыхтоўка факсімільных выданняў. Першая ластаўка ў гэтых адносінах — выпуск факсімільнага выдання Багушэвічавай «Дудкі беларускай» да 150-годдзя з дня нараджэння песняра (1990; зроблена па экземпляру вільнюскай акадэмічнай бібліятэкі). Між тым сваёй чаргі чакаюпь іншыя першынцы друкаванага беларускага мастацкага слова. «Ці многія з нас бачылі і трымалі ў руках кнігі Яна Чачота, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча? А іх з’яўленне было сапраўдным пераломам у гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Яны таксама чакаюць сваёй сустрэчы і з сённяшнім чытачом» 5,— слушна піша Уладзімір Казбярук. I працягвае: «Наш абавязак сёння — дамагчыся таго, каб тыя кнігі нарадзіліся яшчэ раз у сваім першародным выглядзе, такім, у якім яны пайшлі да чытача, вучылі яго, прымушалі цешыцца і пакутаваць, рваць «духа путы», кажучы словамі Алеся Гаруна, будзілі чалавечую годнасць і нацыянальную свядомасць».
    У часы Каліноўскага з’явіліся друкаваныя беларускія адозвы-лістоўкі, палымяная «Мужыцкая праўда».
    Былі таксама спарадычныя публікацыі беларускіх твораў у тагачаснай польскай і рускай перыёдыцы.
    У цэлым жа наша літаратура мінулага стагоддзя спадзявалася не столькі на друкарскі станок, колькі на звычайнае агульнадаступнае чарніла. Рукапіснае бытаванне літаратурных твораў было характэрнай рысай эпохі — дзейнічаў своеасаблівы тагачасны «самвыдат». Власт (В. Ластоўскі) згадваўу 1913 г. у артыкуле «Памажыця!»: «Усім вядома, што па нашых вёсках у тыя часы, калі было забаронена друкаваць беларускія кніжкі, хадзілі рукапісныя сшыткі з рознымі беларускімі вершамі, сатырамі і паэмамі. Хто іх пісаў і хто шырыў, невядома было. Толькі на ўсякае выдатнае здарэнне ў жыцці народа,
    4 Кушнерава Н. Нечаканая знаходка // Вячэрні Мінск. 1982. 9 чэрв.
    5 Казбярук У. 3 клопатам пра спадчыну // Літ. і мастацтва. 1988. 24 чэрв.
    у жыцці грамады, аколіцы, вёскі складаліся вершы і расходзіліся перапісаныя з рук у рукі» 6. А вось сведчанне другога выдатнага знаўцы роднай культуры. «Прыкладаў рукапіснага пісьменства беларусаў — надта многа...,— пісаў у 1920 г. М. Гарэцкі.— Здаўна пашыраюцца ў народзе рукапісы макаранічных вершаў («Як ценцерук у лесе балбоча»), паэм вядомых і невядомых аўтараў: «Энеіда», «Тарас на Парнасе», «Рабункі мужыкоў», перакладаў А. Міцкевіча «Конрад Валенрод», «Пані Твардоўская» і жартаўлівых апавяданняў, як «Сведка», «Дзядзіна» і інш., а пазней — рукапісы «Панскага ігрышча», твораў А. Абуховіча, нелегальных вершаў Цёткі, ЯКоласа і г. д. 3 гутарак карысталі й карыстаюць папулярнасцю творы невядомых беларусаў: «Гутарка Паўлюка», «Гутарка Кузьмы з Апанасам», цікаўнае ўсходнебеларускае «Казанне» («Вось цяпер якій люд стаў...»), «Маладзікова гутарка», «Вяселле Сапрона» і іншыя рэчы, то болейменей запісаныя, то вымагаючыя ад свядомых беларускіх вучыцялёў лепшых запісаў у розных кутках бацькаўшчыны. Наша рукапіснае пісьменства — жычка, што звязавала і звязуець наш народ і яго творчасць з нашай творчасцю і з намі, яго мужыцкай інтэлігенцыяй і яго мужыцкімі пісьменнікамі» 7.
    Частка гэтых разнастайных спісаў і копій з твораў беларускай літаратуры мінулага стагоддзя вядома і цяпер. Як прыклад можна назваць немалую колькасць спісаў паэмы «Тарас на Парнасе», што дайшлі да нашага часу. Усё гэта надзвычай каштоўны тэксталагічны матэрыял.
    Сярод рукапісных крыніц асаблівае значэнне маюць пісьменніцкія аўтографы (праўда, ад XIX ст. іх захавалася няшмат). Аўтарскія чарнавікі, варыянты дазваляюць зазірнуць у творчую лабараторыю пісьменніка, прасачыць калі не ўвесь ход, то нейкія этапы яго работы над творам. Падобны матэрыял ёсць, напрыклад, у архіве А. Гурыновіча. Вялікую цікавасць уяўляюць таксама цэнзурныя рукапісы, некалі пададзеныя аўтарам у цэнзуру, каб атрымаць дазвол на апублікаванне. Гэта могуць быць белавыя аўтарскія рукапісы або пісарскія копіі, зацверджаныя аўтарам. Вядомы цэнзурны рукапіс-аўтограф 1-й песні-быліцы марцінкевічаўскага перакладу
    6 Власт. [Ластоўскі B] Памажыця!//Наша Ніва. 1913. 12 верас.
    7 Гарэцкі М. Кароткі агляд беларускай літаратуры // Полымя. 1990. № 5. С. 222.
    «Пана Тадэвуша», такі ж рукапіс польскамоўнай паэмы А. Вярыгі-Дарэўскага «Гавэндка аб сваяку». Цэнзурныя рукапісы даюць магчымасць устанавіць купюры і іншыя змены тэксту, унесеныя ў твор цэнзарамі.
    Важнымі тэксталагічнымі крыніцамі з’яўляюцца старадаўнія альбомы і рукапісныя хрэстаматыі. Сярод падобных дакументальных помнікаў XIX ст. асабліва вылучаюцца так званы «Раптуляр» Я. Чачота, Альбом А. ВярыгіДарэўскага, Хрэстаматыя Б. Эпімах-Шыпілы.
    «Раптуляр» Чачота, які захоўваецца ў Асалінэуме ў Вроцлаве, часткова ахарактарызаваны намі ў папярэднім раздзеле. Найбольш ён згадваецца навукоўцамі як крыніца тэксту васьмі Чачотавых балад. Але, як паказаў нядаўна У. Казбярук8, гэта наогул надзвычай цікавы рукапісны зборнік, куды пачынаючы з 1808 г. і да 40-х гадоў XIX ст. заносіліся тэксты беларускіх твораў. Там прадстаўлены такія яскравыя мастацкія помнікі беларускага сярэднявечча, як «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі», выдатны ананімны твор нашай паэзіі першай паловы XIX ст. «Віншаванне Савасцея». Паводле гэтай крыніцы, «Віншаванне Савасцея» апублікавана нядаўна У. Казберуком у другім выданні хрэстаматыі беларускай літаратуры XIX ст. (1988).
    Альбом Вярыгі-Дарэўскага — унікальны помнік беларускай культуры сярэдзіны XIX ст., своеасаблівы рукапісны літаратурна-грамадскі альманах таго часу. Альбом заведзены Вярыгам у кастрычніку 1858 г. у час паездкі з Віцебска ў Вільню. Запісы ў ім рабіліся на працягу 1858—1863 гг. у Вільні, Мінску, Магілёве, Віцебску і іншых месцах. У Альбоме пакінулі свае аўтографы, вершы, празаічныя і нотныя запісы многія вядомыя пісьменнікі, вучоныя, дзеячы культуры (У. Сыракомля, А. Адынец, А. Рэніер, А. Кіркор, I. Ходзька, гісторыкі М. Балінскі і М. Маліноўскі, гітарыст М. Сакалоўскі і інш.). Альбом данёс да нас імёны людзей, якія спачувалі слову і справе, творчасці і грамадскай дзейнасці Вярыгі-Дарэўскага. Сярод асоб, чые запісы прадстаўлены ў Альбоме, шмат удзельнікаў вызваленчага руху, прыхільнікаў перадавых ідэй. Як і сам уладальнік Альбома, многія з іх прынялі ўдзел у паўстанні 1863 г.
    Асобае значэнне маюць беларускія тэксты, упісаныя
    8 Казбярук У. Заняпад і адраджэнне // Полымя. 1990. № 6. С. 222—224.
    ў Альбом. Яны сведчаць аб поспехах маладой беларускай літаратуры, аб вялікай цікавасці тагачаснага грамадства да беларускага слова. Такіх запісаў дзевяць. Назавём іх у храналагічнай паслядоўнасці:
    1)	В. Каратынскі. Верш «Далібог-то, Арцім...» (Вільня, 1858).
    2)	М. Рэніер. Верш «Арцёмка дарагенкі...» з дадатковымі (пасля даты) строфамі «Мамертка, літоўскі цікун...» (Вільня, 1858)
    3)	Эдвард Г	 (крыптанім да канца не расшыфраваны 9). Празаічны запіс: «Ну, браточык! прагукаў ты панашэму...» (Вільня, 1858)
    4)	В. Дунін-Марцінкевіч. «Некалькі урыўкаў з перакладу «Пана Тадэвуша» Міцкевіча на беларускую гаворку». (Мінск, 1858)
    5)	М. Караткевіч. Верш «Бялорускі Дудару...» (Мінск, 1858)
    6)	Якуб Т....КІ (крыптанім не расшыфраваны). Верш «Словна з неба божый дар...» (Магілёў, 1859)
    7)	Я. П. Вуль. Верш «К дудару Арцёму ат наддзвінскага мужыка». (Віцебск, 1859)
    8—	9) А. Рыпінскі. Вершаваная прыпіска «Ты ж сам, суседзька, хацеў...» да польскага верша «Для Арцёма Вярыгі ў альбоме» (Кукавячын пад Віцебскам, 1860) і, апрача таго, празаічная запіска без даты і месца: «Іду, брат, па-твойму на мужыцкую свадзьбу...»