Ад Чачота да Багушэвіча
Генадзь Кісялёў
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 397с.
Мінск 1993
Тым не менш многае ўсё-такі паступова разбуралася, страчвалася (сажалка, часткова капліца). Унучка пісьменніка С. Тамашэўская, пабываўшы ў Кушлянах у 1972 г., пасля не без падставы пісала У. Содалю: «Не разумею, з аднаго боку, вы шануеце дзядулю, ставіце помнікі і надгробкі, з другога ж боку, нішчыце ўсё, што ўзнікла па яго задуме і ініцыятыве» 232.
У 1980 г., калі адзначалася 140-я гадавіна з дня нараджэння Багушэвіча, наша культурная грамадскасць захапілася ідэяй аднавіць сядзібу ў Кушлянах на сучаснай навуковай аснове і адкрыць там літаратурны музей песняра. Гродзенскі абласны гісторыка-археалагічны музей атрымаў заданне скласці план экспазіцыі, потым гэтая работа была даручана рэспубліканскаму літаратурнаму музею, дзе выканана пад кіраўніцтвам Н. Цвіркі. Навукова-вытворчыя майстэрні «Белрэстаўрацыя» распрацавалі праект аднаўлення дома і сядзібы. Аўтар праекта — архітэктар В. Слюнчанка 233. Пытанне жыва дыскутавалася ў прэсе 234. Багата клопатаў было ў першага дырэктара музея-сядзібы паэта і даследчыка Багушэвічавай спадчыны А. Жамойціна. Адкрыццё музея ў чэрвені 1990 г. стала значнай культурнай падзеяй у рэспубліцы 235.
Шмат зрабіў для вывучэння і папулярызацыі багушэвічаўскіх родных мясцін Уладзімір Содаль, змястоўныя публікацыі і кніжка якога «Кушлянскі кут» (1990), прасякнутыя любоўю да кожнага найменшага лапіка кушлян-
231 Кляшчук А. Кушлянскі руплівец // Беларусь. 1987. № 12. С. 25.
232 Полымя. 1990. № 3. С. 165.
233 Рэпрадукцыі некаторых эскізаў: Францішак Бенядзікт Багушэвіч: Жыццё і творчасць. С. 77—78; Маладосць. 1990. № 3. С. 4; Содаль У. Кушлянскі кут. Мн., 1990. С. 34, 44, 53. На заключным этапе працу В. Слюнчанкі працягвала Я. Ханіна.
234 Мальдзіс А. Аднавіць Багушэвічаву сядзібу ў Кушлянах // Літ. і мастацтва. 1986. 3 студз.; Карповіч Т. Была я з вучнямі ў Кушлянах... // Літ. і мастацтва. 1986. 8 жн.
235 Крук У., Марціновіч А. «Мы ўсе выйшлі з Багушэвіча...» // Літ. і мастацтва. 1990. 8 чэрв.
скай зямлі, сталі адметным укладам у багушэвічазнаўства. Што асабліва імпануе, даследчыку ўдалося выявіць нямала мясцовых рэалій, якія знайшлі тое або іншае адлюстраванне ў творчасці нашага песняра, правесці адпаведныя цікавыя паралелі.
Надзвычай прыцягальнымі для беларускай інтэлігенцыі, для кожнага свядомага беларуса з’яўляюцца Жупраны — месца апошняга спачыну песняра. Жупранам, як і Кушлянам, прысвечана нямала ўсхваляваных радкоў нашых паэтаў, пісьменнікаў. Вось, напрыклад, пачатак вядомай мініяцюры Янкі Брыля:
«Учора быў першы раз у Жупранах. Магіла, помнік, і, у касцёле, партрэт Багушэвіча.
Радасна, дзіўна, што ён — не легенда, не гістарычнае штосьці, а чалавек, які зусім паблізу жыў, памёр і пахаваны тут вось... на звычайных вясковых магілках, дзе на кожным помніку па некалькі пацешных памылак...» 236 Разнастайныя матэрыялы дазваляюць досыць паслядоўна прасачыць гісторыю ўпарадкавання Багушэвічавай магілы, ушанавання песняра ў Жупранах.
Магілы Багушэвіча і яго блізкіх, пахаваных побач на старых жупранскіх могілках, з навуковай стараннасцю адлюстраваны на згаданым малюнку Я. Драздовіча 1929 г. Мастак наступным чынам пералічыў асоб, пахаваных у гэтым кутку могілак: I — Францішак Багушэвіч, II — Казімір Багушэвіч, III — бацька паэта (тут нейкая загадкавая памылка, бо бацька Казімір ужо названы ў папярэднім пункце), IV — брат паэта Уладзіслаў, V — сын Тамаш, пахаваны ў бацькавай магіле (памёр у 1929 г.), VI — жонка Габрыеля (памерла таксама ў 1929 г.). У пасляваенны перыяд аб стане магіл не аднойчы пісала тагачасная прэса 237. У наш час магілы добраўпарадкаваны. У 1975 г. тут пастаўлены надмагільны помнік з барэльефам Багушэвіча (скульптары В. Данянкоў і В. Пятраеў) 238.
Як ужо гаварылася, неўзабаве пасля смерці пісьменніка яго памяць была ўшанавана адпаведнай мемарыяль-
236 Літ. і мастацтва. 1964. 16 чэрв.
237 Сорак пяць год з дня смерці Ф. Багушэвіча // Беларусь. 1945. № 4; Александровіч С. На Жупранскіх могілках//Беларусь. 1946. № 11 — 12.
238 У часопісе «Беларуская мова і літаратура ў школе» (1990, № 3, 3-я старонка вокладкі) аўтарам названы скульптар К. Асадаў.
най дошкай у Жупранскім касцёле. Апошнім часам яна знаходзілася ў Ашмянскім краязнаўчым музеі. Прынята слушнае рашэнне вярнуць яе ў касцёл. У 1958 г. у Жупранах на плошчы быў пастаўлены помнік Багушэвічу (бюст работы 3. Азгура на высокім пастаменце ружовага граніту) 239. Імя Багушэвіча носіць школа ў Жупранах (ёсць адпаведны школьны музей), краязнаўчы музей у Ашмянах, дзе таксама ёсць прысвечаная пісьменніку экспазіцыя.
Вывучаюцца і мемарыялізуюцца багушэвічаўскія мясціны на Украіне. У будынку былога Нежынскага юрыдычнага ліцэя (Чарнігаўская вобласць), дзе атрымаў у свой час вышэйшую адукацыю Багушэвіч, цяпер размяшчаецца педагагічны інстытут імя М. В. Гогаля. У 1960 г. тут адкрыта мемарыяльная дошка з надпісам на ўкраінскай мове: «У гэтым будынку з 1865 па 1868 год у ліцэі вучыўся выдатны беларускі паэт Францішак Казіміравіч Багушэвіч» 24°.
Нядаўна вуліца Францішка Багушэвіча з’явілася ў Канатопе (Сумская вобласць, былая Чарнігаўская губерня), дзе пісьменнік доўгі час (1874—1884) працаваў следчым, дзе ён спазнаў паўнату сямейнага жыцця, дзе нарадзіліся яго дзеці 241.
Як вядома, біяграфія нашага песняра была звязана таксама з Вільняй, Пецярбургам, многімі іншымі гарадамі, мястэчкамі і вёскамі Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі. Цікавая схема «Жыццёвыя дарогі Ф. Багушэвіча» (мастак В. Катовіч, 1984 г.) змешчана ў альбоме «Францішак Бенядзікт Багушэвіч: Жыццё і творчасць» (с. 101).Насхеме паказаны: Свіраны (1840—1846), Кушляны (1846— 1851, 1898— 1900), Вільня (1851 — 1861, 1864—1865, 1884—1898), Пецярбург (1861), Ліда і Доцішкі (1861 — 1863), Сувалкі і Аўгустоў (1863), Нежын (1865—1868), Чарнігаў (1868—1869), Кралявец (1869), Старадуб (1870), Волагда (1871), Гразявец (1871 —1872), Барзна (1872—1-874), Канатоп (1874—1884), Гродна (1887), нарэшце, апошні прытулак пісьменніка Жупраны. Няцяжка заўважыць, што тут зафіксаваны далёка не ўсе шляхі-
239 Содаль У. Помнік на вясковай плошчы // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989. № 10.
240 Александровіч С. Незабыўнымі сцежкамі. С. 54.
241 Карнюшчанка I. Імя Францішка Багушэвіча // Літ. і мастацтва. 1989. 11 жн.
дарогі нашага песняра, не ўсе мясціны, дзе — гаворачы высокім стылем — ступала яго нага. Скажам, прапушчана Вішнева, дзе Багушэвіч не раз бываў па справах свайго сябра Я. Карловіча. Зусім не ўлічана экскурсія на лодках па Віліі ў Коўна. He адлюстраваны польскія мясціны Багушэвіча (Варшава, Кракаў), яго замежныя паездкі. Варта ўдакладніць і некаторыя ўказаныя на схеме даты. Напрыклад, у змешчаных у тым жа альбоме «Асноўных датах жыцця і творчасці Францішка Багушэвіча» (с. 102) прыезд у Вільню ў сувязі з паступленнем у гімназію болын дакладна датуецца 1852 г., пачатак настаўнічання ў Доцішках 1862 г., што таксама больш адпавядае наяўным крыніцам.
Да нас дайшло некалькі асабістых рэчаў Багушэвіча, частка старадаўняй мэблі з кушлянскага дома. Збераглі іх кушлянскія старажылы, супрацоўнікі Дзяржаўнага музея БССР і Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча. Гэтаму пытанню прысвечаны спецыяльны раздзел пад назвай «3 Багушэвічавага дому» ў кнізе У. Содаля «Кушлянскі кут». Уцалелыя рэчы, піша Содаль, «не могуць не ўразіць нас: гэтулькі падзей пранеслася над Кушлянскім краем, гэтулькі пажараў адшугала над нашай зямлёй, а людзі ўсё ж такі збераглі нямала памятак па Багушэвічу. Гэтыя рэчы дапамагаюць уявіць побыт, у якім жыў паэт, зразумець яго час, эпоху, нават яго настрой, густ, душу» 242. Вось канкрэтны прыклад. Захаваўся настольны, у пазалоце, гадзіннік пісьменніка. Вядома, што некалі на ім была фігурка французскага паэта Беранжэ. «Думаецца, Багушэвіч не выпадкова набыў гадзіннік з постаццю славутага француза,— слушна разважае Содаль.— Мабыць, яму імпанавала творчасць гэтага паэта» 243. Сапраўды, творчасць Беранжэ блізкая беларускім літаратарам сваім дэмакратызмам і народнымі вытокамі, да яго вершаў звярталіся яшчэ старэйшыя сучаснікі Багушэвіча У. Сыракомля і В. Каратынскі.
Некаторыя асабістыя рэчы Багушэвіча ставяць перад даследчыкамі новыя загадкі, хаваюць нейкія таямніцы, якія раней або пазней будуць раскрыты. Вось, напрыклад, характэрная памятка — шматгранны з горнага базальту са светлым прожылкам настольны прэс-камень. Зверху на камені, на вузенькай шліфаванай палосцы значацца іні-
242 Содаль У. Кушлянскі кут. С. 45.
243 Там жа. С. 41.
цыялы Багушэвіча (дзве лацінскія літары) і дата «XII 1896». Якую падзею ў жыцці пісьменніка знамянуе гэтая дата — невядома. «Магчыма, на гэтым камені Багушэвіч увекавечыў дату атрымання спадка або час забудовы новага дома?» 244 — пытаецца У. Содаль. Але цалкам пераканаўчага адказу пакуль няма.
Апошнім часам са змястоўным літаратурна-краязнаўчым нарысам пра Багушэвіча выступіў Кастусь Цвірка. Ен заклікае працягваць вывучэнне багушэвічаўскіх мясцін, часцей бываць там, зноў і зноў вяртацца да вытокаў суровай і мужнай песні: «...гэта вялікая радасць — яшчэ раз прайсці ўсімі тымі дарогамі, дзе, прарываючы гнятлівую немату маўчання, на ўвесь голас грала чыстая і непадкупная беларуская дудка Мацея Бурачка» 245.
Родныя мясціны таленавітага сучасніка Багушэвіча Фелікса Тапчэўскага даследаваў у наш час Г. Каханоўскі. Кіруючыся, як самым дакладным арыенцірам, паэтавым псеўданімам «Хвэлька з Рукшэніц», даследчык адшукаў гэтыя Рукшэніцы, або Рукшаніцы, ва Ушацкім раёне. «Рукшаніцы амаль зліліся з вёскай Глыбачкай,— зазначыў вучоны ў сваіх дарожных нататках.— Мне здавалася, што Рукшаніцы большыя. Тут сельсавет, магазін, сталоўка, бальніца і нават прыпынак аўтобуса. Аказваецца, і аўтобус сюды ходзіць з Ушачаў, толькі Рукшаніцы сышлі з афіцыйных дакументаў і ўступілі месца Глыбачцы» 246.
Г. Каханоўскі запісаў успаміны старажылаў пра паэта. Фальварак самога Тапчэўскага, паводле гэтых успамінаў, быў на гары ва ўрочышчы Лёсава — вялікі драўляны дом, абнесены мураваным плотам. Пабываў Г. Каханоўскі і ў Вухвішчы, дзе Тапчэўскі служыў некалі ўпраўляючым. У дарожных нататках даследчыка ёсць па-майстэрску — некалькімі штрыхамі — зробленае лірычнае апісанне гэтай вёскі: «Вухвішча — прыгажосць якая. Возера, домікі наўкола туляцца да яго. Толькі адна вулачка адскочыла ўбок, нібы паказваючы дарогу на Полацк, а правільней — каб сустракаць і праводзіць гасцей» 247.