Ад Чачота да Багушэвіча
Генадзь Кісялёў
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 397с.
Мінск 1993
Невыпадкова метрычныя дакументы прыцягваюць увагу крыніцазнаўцаў, якія, даследуючы гісторыю і прыроду гэтай дакументацыі, зноў жа адзначаюць яе непасрэдную сувязь з праблемай ідэнтыфікацыі асобы. «Сутнасць працы органаў запісу актаў грамадзянскага стану,— чытаем у адным са спецыяльных артыкулаў,— заключаецца найперш у фіксаванні інфармацыі, неабходнай для стварэння як бы «пошукавага вобраза» асобы, запісе ў дакументах таго мінімуму адметных адзнак, якія дазволілі б адрозніваць кожную пэўную асобу ад іншай» 44. Словам, пытанні, дзе і калі нарадзіўся чалавек, дзе і калі ён памёр і пахаваны, маюць не толькі чыста знешняе, пазнавальнае зна-
42 Гл.: Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 118— 121, 132—136.
43 Мнроненко С. В. Бнографнческнй справочннк декабрнстов: Прннцнпы нзданвя//Декабрнсты: Бнографнческнй справочннк. М., 1988. С. 385.
44 Елпатьевскнй A. В. К нсторнн документнровання актов гражданского состояння в Росснн н СССР: с XVIII в. по настояіцее время // Актовое нсточннковеденне: Сб. статей. М., 1979. С. 56.
чэнне, але і больш глыбокі, схаваны (у пэўнай ступені — юрыдычны) сэнс.
Нельга думаць, што ўстанаўленне дакладных зыходных дат у адносінах пісьменнікаў далёкага мінулага лёгкая справа. Нават у рускім літаратуразнаўстве, якое мае куды большы вопыт біяграфічных росшукаў і даследаванняў, ёсць яшчэ нямала нявысветленых і спрэчных пытанняў, звязаных з вызначэннем асноўных дат жыцця самых буйных пісьменнікаў. Напрыклад, існуюць даволі вялікія разыходжанні адносна даты нараджэння А. Грыбаедава (у навуковых працах і крыніцах называюцца самыя розныя даты: ад 1790 да 1796 г.). Указаўшы на гэты разнабой і няўдалае прыняцце ў якасці найбольш верагоднай даты 1795 г. (яна пазначана на пастаўленым у савецкі час помніку аўтару «Гора ад розуму» у Маскве), пісьменнік і даследчык Г. Шторм слушна пісаў: «Замацаванне памылковай даты нараджэння A. С. Грыбаедава — прыклад уяўна дакладных звестак, з якіх нярэдка складаюцца біяграфіі вядомых і знакамітых асоб» 45. Задача біёграфакрыніцазнаўца — якраз выявіць усе гэтыя спрэчныя мясціны, не пацверджаныя дакладнымі дакументамі і не падмацаваныя — да чаго трэба заўсёды імкнуцца — усёй сукупнасцю аб’ектыўных звестак.
ЦІто датычыць дат нараджэння і смерці, то адшукаць аўтэнтычную метрыку — неабвержную, так сказаць, у даным выпадку «царыцу доказаў»,— на жаль, не заўсёды, па розных прычынах, удаецца.
Для Беларусі цяжкасць адпаведных росшукаў заключаецца не толькі ў тым, што значная частка метрычнай дакументацыі загінула, але і ў рознай канфесійнай прыналежнасці літаратараў (католікі, праваслаўныя, да 1839 г. уніяты і г. д.). Пэўную цяжкасць складае рознамоўе дакументацыі. Метрычныя запісы рабіліся святарамі на розных (лацінская, польская, руская) мовах. Мова залежала не толькі ад канфесійнай прыналежнасці, але і ад перыяду, калі рабіўся запіс. Скажам, у касцельных кнігах на пачатку стагоддзя мы бачым лацінскія запісы, потым польскамоўныя, а ў другой палове стагоддзя — на рускай мове (давалася ў знакі царская палітыка асіміляцыі, імперскае імкненне да аднастайнасці). Пры ўстанаўленні дакладных дат неабходна таксама ўлічваць,
45 Шторм Г. Потаённый Радніцев: Вторая жязнь «Путешествяя яз Петербурга в Москву». М., 1965. C.132.
што на Беларусі пасля далучэння яе да Расіі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, святары (і праваслаўныя свяшчэйнікі, і ксяндзы) карысталіся старым стылем. Каб перавесці знойдзеную дату на новы стыль, да даты XVIII ст. дадаецца 11 дзён, для кожнага наступнага стагоддзя гэтая розніца павялічваецца яшчэ на 1 дзень (для XIX ст. розніца складае 12 дзён, для XX ст.—13). Існаванне дат рознага стылю, а таксама нярэдкія памылкі даследчыкаў пры пералічэнні дат з аднаго стылю на другі выклікаюць дадатковыя цяжкасці і блытаніну.
Разам з тым памылкі робяць не толькі даследчыкі. Самі пісьменнікі не заўсёды дакладна ведаюць некаторыя факты сваёй біяграфіі, а часам наўмысна садзейнічаюць стварэнню пэўных легенд вакол сябе. Гэта датычыць і звестак пра час і месца нараджэння.
Любіў ахутаць свой жыццяпіс вэлюмам фантазіі і шматзначнасці В. Савіч-Заблоцкі. Ен называў свой род графскім, паводле яго слоў, маці яго паходзіла з княжацкага роду. Гэта не знаходзіць пакуль пацвярджэння ў архіўных дакументах, звязаных з яго дзяцінствам. У аўтабіяграфічнай нататцы пісьменнік падае, здаецца, дакладную дату нараджэння —3 сакавіка 1850 г. (Пачынальнікі, 452), але паводле іншых матэрыялаў можна меркаваць, што ён быў, прынамсі, на год старэйшы.
А вось характэрны прыклад з больш блізкіх нам часоў. Яшчэ зуеім нядаўна лічылася, што вядомая паэтэса Канстанцыя Буйло нарадзілася ў 1898 г. на Ашмяншчыне. Так сцвярджала сама пісьменніца. Цяпер, на падставе выяўленай метрычнай дакументацыі, якая добра ўзгадняецца з іншымі разнастайнымі матэрыяламі, высветлілася, што нарадзілася яна ў 1893 г. у Вільні46. Істотная, як бачым, папраўка. Але, беручы за аснову дакументальныя звесткі, аддаючы ім рашучую перавагу, біёграф, зразумела, павінен так або інакш улічваць і версію, якой прытрымліваўся сам пісьменнік або пісьменніца, бо гэта (само існаванне версіі) таксама надзвычай цікавы рэальны факт біяграфіі. Словам, даследчыка цікавіць усё — і дакумент, і легенда, і ўвесь паступовы, часам даволі пакручасты і пакутлівы, працэс пошукаў ісціны даследчыкамі многіх пакаленняў.
4 Чаркасава Д. <Не хачу варушыць попелу»; Старонкі жыцця паэтэсы Канстанцыі Буйло//Голас Радзімы. 1988. 14 студз.; Гардзіцкі А. Расказвае сын: Гутарка з Яўгенам Калечыцам // Літ. і мастацтва. 1990. 26 студз.
Такім чынам, можна зрабіць асноватворны метадалагічны вывад: як у юрыспрудэнцыі прызнанне падследнага само па сабе не можа служыць канчатковым доказам віны і патрабуе іншых грунтоўных пацвярджэнняў, так і ў навуковым крыніцазнаўстве звесткі, якія паходзяць ад асобы, чыю біяграфію мы даследуем, таксама патрабуюць уважлівай крытычнай праверкі. I ў юрыспрудэнцыі, і ў крыніцазнаўстве вырашальнымі з’яўляюцца не асобныя, няхай, на першы погляд, самыя аўтарытэтныя сведчанні, a ўся сукупнасць фактаў. Як юрыст, так і крыніцазнавец заўсёды павінен пакінуць месца для сумненняў, быць гатовым для перагляду пытання ў выніку з’яўлення новых сведчанняў, высвятлення новых, не вядомых раней акалічнасцей. Кола доказаў павінна заўсёды быць як бы рухомым, заставацца адкрытым для новых магчымых аргументаў, звестак, меркаванняў і г. д.
У нашым літаратуразнаўстве назапашаны значны вопыт, існуюць цікавыя распрацоўкі, звя' аныя з устанаўленнем дакладных дат жыцця стар ішых беларускіх пісьменнікаў новага часу. Пачнём перл за ўсё з Яна Баршчэўскага і Яна Чачота.
Асноўнымі крыніцамі для біяграфіі Яна Баршчэўскага з’яўляюцца артыкулы Рамуальда Падбярэскага «Беларусь і Ян Баршчэўскі» (1844) і Юльяна Барташэвіча «Ян Баршчэўскі» (1851). Абодва аўтары асабіста ведалі Баршчэўскага. Барташэвіч паўтараў у многіх частках сваёй працы Падбярэскага, што дазволіла пры публікацыі гэтых матэрыялаў у кнізе «Пачынальнікі» зрабіць у тэксце артыкула Барташэвіча скарачэнні за кошт такіх паўтораў.
Архіўныя біяграфічныя матэрыялы пра Баршчэўскага зусім невядомыя. Адзінае выключэнне, відаць,— пахавальная метрыка, знойдзеная апошнім часам у Жытомірскім абласным архіве 47.
Розныя гады нараджэння Баршчэўскага (1794 і 1790), указаныя Падбярэскім і Барташэвічам, даюць падставу для спрэчак па гэтаму пытанню. Р. Зямкевіч у брашуры «Ян Баршчэўскі першы беларускі пісьменнік XIX ст.» (1911) і Н. Перкін у працы «Літаратурная спадчына Яна Баршчэўскага і Яна Чачота» (напісана ў 1946, апублікавана ў 1980 г.) прымаюць 1790 г. 48 Іншай думкі пры-
47 Табачнік Б. Ян Баршчэўскі на Валыні // Літ. і мастацтва. 1981. 10 крас.
48 Перкін Н. Абсягі думкі. Мн., 1980. С. 184.
трымліваецца А. Мальдзіс. «Каму ж аддаць перавагу? — пытаецца ён.— Відаць, усё-такі Падбярэскаму: ён чэрпаў інфармацыю з першых вуснаў — ад самога пісьменніка. Апрача таго, ёсць і ўскосны доказ. Вядома, што ў 1809 годзе, будучы вучнем Полацкай езуіцкай калегіі, Баршчэўскі напісаў свой першы вершаваны твор — псеўдакласічную паэму на польскай мове «Пояс Венеры». А наўрад ці мог быць вучнем калегіі дзевятнаццацігадовы юнак...» 49
На гэта можна было б запярэчыць, што і Барташэвіч быў асабіста знаёмы з Баршчэўскім, але несумненна, што дата 1794 г. прастаўлена Падбярэскім з ведама Баршчэўскага: не забудземся, што артыкул Падбярэскага — гэта прадмова да кнігі Баршчэўскага, і Баршчэўскі павінен быў бы ім пацікавіцца, «аўтарызаваць» змешчаныя там звесткі. Аднак, нягледзячы на гэта, 1790 г. здаецца нам больш верагодным. Насуперак словам А. Мальдзіса, мы не знайшлі ў крыніцах указання на тое, што паэма «Пояс Венеры» напісана Баршчэўскім у 1809 г. Падобнае ўказанне ў Падбярэскага ёсць, але адносіцца яно да беларускага верша «Да чым жа твая, дзеванька, галоўка занята?» і гучыць наступным чынам: «...склаў песеньку... напісаную ў Марогах з нагоды залётаў да маладой панны Максімавічанкі, калі яшчэ будучы студэнтам, каля 1809 г., меў не больш 18 год» (Пачынальнікі, 66). Такім чынам, у артыкуле Падбярэскага была храналагічная супярэчнасць, заўважаная, дарэчы, у свой час акадэмікам ЯКарскім (Карскнй, 3/3, 46): нарадзіўся пісьменнік нібыта ў 1794 г., а каля 1809 г. меў 18 год. Так што другое ўказанне на ўзрост у артыкуле Падбярэскага гаворыць хутчэй на карысць 1790 г. нараджэння. Характэрна, што 1794 г. у якасці даты нараджэння Падбярэскі падаў у кнізе 1844 г., магчыма, таму, каб не вельмі старыць яе аўтара, каб аўтар не пераступіў пяцідзесяцігадовы рубеж жыцця. Цікава, што 1790 г. нараджэння Баршчэўскага падаваўся па свежых слядах у Энцыклапедыі Аргельбранда (1860). Улічваючы ўсё сказанае, у кнізе «Пачынальнікі» (гл. шмуцтытул, с. 39) мы прынялі 1790 г. за асноўны, 1794 даецца там як дадатковы. У дванаццацітомніку БелСЭ (артыкул А. Мальдзіса), наадварот, 1794 г, бярэцца за асноўны, 1790 г. — дадатковы. Ў «Кароткай энцыклапедыі» захаваны толькі адзін 1794 г.
49 Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969. С.25.
Пасля знаходкі пахавальнай метрыкі да сказанага дабавілася яшчэ адна акалічнасць. Ў гэтым дакуменце адзначана, што Баршчэўскі памёр 28 лютага 1851 г., маючы ад роду каля 54 год. «Калі верыць у дакладнасць лічбы «54», то выходзіць, што Ян Баршчэўскі нарадзіўся ў 1797 годзе, а верагодней— 1796. Гэта ўжо новая дата нараджэння, аб якой дасюль нідзе не ўпаміналася» 50,— разважае Г. Каханоўскі. Новы атрыманы факт гаворыць на карысць даты Падбярэскага, але, з другога боку, у Чуднаве на Валыні, дзе памёр Баршчэўскі, маглі і не ведаць яго сапраўднага ўзросту і вызначаць яго вельмі прыблізна. У кожным разе прыняць за дату нараджэння Баршчэўскага 1797 г., як прапануе ў сваёй новай публікацыі Г. Каханоўскі , наўрад ці правільна. Для канчатковага вырашэння пытання неабходна прыцягнуць новыя архіўныя матэрыялы. Калі не захаваліся касцельныя метрычныя кнігі, то хросную метрыку можна паспрабаваць знайсці ў радаводных дваранскіх справах у гістарычных архівах Мінска і Ленінграда. Такой спробы, наколькі нам вядома, не рабілася.