Ці магчымая расейскамоўная незалежная Беларусь? Дракахруст: Спадарыня Вяжбоўска-Мязга казала пра дзіўную для яе зьяву: беларускія чыноўнікі, нават тыя, што гавораць па-расейску, сьцьвярджаюць: «Мы — беларусы, мы — не расейцы». Наколькі наагул зрусіфікаванасьць Беларусі ёсьць пагрозай беларускай незалежнасьці? Вяжбоўска-Мязга: Я буду вельмі шчасьлівай, калі ад маладых беларусаў ня буду чуць: «У нас на дыскатэцы ёсьць музыка расейская і замежная». Ці калі я змагу купіць у Беларусі беларускамоўныя дэтэктыўныя раманы. Але галоўнае — гэта ідэнтыфікацыя зь дзяржавай, каб беларусы шанавалі сваю дзяржаву, шанавалі яе незалежнасьць. Дракахруст: Наколькі культурная, моўная зрусіфікаванасьць Беларусі ёсьць пагрозай яе незалежнасьці? Радзіхоўскі: Справа ў тым, што гэтая незалежнасьць не была заваяваная, не была выпакутаваная, яна была атрыманая, як кажуць, па недарэчнасьці. Калі ўва ўсіх рэспубліках былога СССР, нават у паснулай Сярэдняй Азіі, былі нейкія рухі супраць Масквы, то ў Беларусі яны былі, на мой погляд, мінімальнымі. У пэўным сэнсе гэта быў бясплатны падарунак. Але такі падарунак, што потым ад яго, калі і захочаш, дык не пазбавісься. Нават калі народ хоча аб’яднаньня з Расеяй і лёгка аддасьць сваю дзяржаўнасьць. Уявім сабе, што гэта так. Але палітычная кляса, якой бы яна ні была, ніколі не аддасьць сваю незалежнасьць і дзяржаўнасьць. Да таго ж далучэньне Беларусі да Расеі было б надзвычай небясьпечным і для самой Расеі. Гэта прывяло б да такога велізарнага клубка невырашальных супярэчнасьцяў унутры Расеі, настолькі сапсавала б стасункі зь іншымі краінамі Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў і ўскладніла б адносіны з Эўропай ды Амэрыкай, што Расеі проста не пад сілу было б утрымаць такі падарунак. Гэта кавалак, які немагчыма перастравіць. Пуцін сьвядома вядзе палітыку на зрыў інтэграцыйнай гульні, са свайго боку тую ж палітыку вядзе і Лукашэнка — гэта цалкам лягічна і зусім натуральна. А тое, што няма культурнай, мэнтальнай незалежнасьці, што беларусы не адчуваюць сябе асобнай краінай, — гэта цалкам магчыма. Тым больш што пачуцьцё мэнтальнай незалежнасьці звычайна ўзьнікае супраць кагосьці. Напрыклад, у Заходняй Украіне такія пачуцьці ёсьць, у Прыбалтыцы яны вельмі моцныя, яны існуюць нават у Армэніі, хаця яна — самая прарасейская ў Закаўказьзі. А ў Беларусі іх сапраўды няма з прычыны моўнай блізкасьці і блізкасьці да расейскай культуры. Але гэта абсалютна нічога ня значыць. Адсутнасьць псыхалягічнага, мэнтальнага самавызначэньня, ці самавызначэньня, што мы бліжэй да Расеі, чым да саміх сабе, зусім не азначае, што зь юрыдычнай і палітычнай незалежнасьцю будзе скончана. Дракахруст: Моўная праблема ва Украіне падобная да беларускай. Як гэтая праблема зьвязаная з умацаваньнем незалежнасьці? Пяхоўшэк: Мне падаецца, што моўная праблема ўяўляе сабой невялікую пагрозу, калі параўнаць зь іншымі пагрозамі, якія існуюць у Беларусі. Чаму? Бо ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах найважнейшым фактарам, які мацуе фармальную незалежнасьць ад Расеі, ёсьць карупцыя. Злодзеі крадуць у сваіх краінах і ня хочуць пускаць да сябе расейскіх злодзеяў. Іранічна кажучы, карупцыя выступае фактарам канцэнтрацыі дзяржаўніцкіх памкненьняў эліты. Мне здаецца, што такі фактар мае істотна большае значэньне, чым тое, як арыентаваныя беларускія выбарнікі. Дракахруст: А цяпер літоўскі погляд на суадносіны культурнай і палітычнай незалежнасьці Беларусі. Бялініс: Зразумела, моўны фактар вельмі важны для дзяржаўнасьці, бо бяз мовы, без усьведамленьня, што мая мова адрозьнівае мяне ад іншых народаў, нацыянальная дзяржава існаваць ня можа. Хаця дзяржаўнасьць залежыць ня толькі ад гэтага—ёсьць выпадкі, калі некалькі дзяржаваў гавораць на адной мове, але людзі адчуваюць сябе рознымі нацыямі. Але ж беларуская гісторыя паказвае, што на працягу стагодзьдзяў Беларусь, якая раней была часткай Вялікага Княства Літоўскага, геапалітычна была супрацьпастаўленая Расеі. Расейскае стаўленьне да беларусаў традыцыйна ўтрымлівае жаданьне зьнішчыць любую магчымасьць адраджэньня гэтай геапалітычнай структуры, якая існавала гадоў 200—300 таму. Мэта палягае ў тым, каб выкрасьліць з грамадзкай сьвядомасьці беларусаў усё, што магло б весьці да фармаваньня дзяржаўнага мысьленьня, нацыянальнай палітычнай самасьвядомасьці. Цяпер шмат беларусаў сапраўды сымпатызуюць расейскай мове, расейскай культуры і вельмі часта не разумеюць, ці існуе беларуская мова і культура як асобныя. Некаторыя беларусы глядзяць на беларускую мову як на сродак моўнай камунікацыі ніжэйшага ўзроўню, што памылкова. Гэта — вынік доўгай культурнай і сацыяльнай палітыкі імпэрскіх сілаў. I такая палітыка мела плён, значная частка беларусаў усьведамляюць сябе як расейскамоўных людзей, a расейскую культуру як сваю. I гэта няблага. Кепска тое, што яны не выдзяляюць сваёй беларускай адрознасьці, сваёй тоеснасьці. Відаць, людзі павінныя перажыць гэты этап, які ёсьць самым крытычным, — этап аднаўленьня, этап успаміну сваёй культурнай каштоўнасьці. Лукашэнка — гарант незалежнасьці ці «гарант» яе страты? Дракахруст: Раней спадар Бялініс выказаў меркаваньне, што пагрозай незалежнасьці Беларусі ёсьць дзейны аўтарытарны рэжым. Нядаўна ў расейскай «Незавнснмой газете» палітоляг Дзьмітры Трэнін выказаў меркаваньне, што пры новай, болып актыўнай палітыцы Пуціна адносна краінаў СНД усе яны захаваюць сваю незалежнасьць*. Усе, акрамя Бела- * Дмйтрйй Тренйн. Realpolitik Москвы: Россня замыкается в постсоветском пространстве II Незавнснмая газета. 2004. 9 февраля. русі — пасьля сыходу Лукашэнкі, мяркуе Дзьмітры Трэнін. Дык калі пагроза страты незалежнасьці большая: пры інтэгратары Лукашэнку ці пасьля яго? Радзіхоўскі: Лукашэнка — гэта наймацнейшы гарант беларускай незалежнасьці. I, зразумела, ён аніводнай сэкунды ня думаў аб’ядноўвацца з Расеяй ці ўлівацца ў Расею. Ён надта шмат сілаў паклаў на ўмацаваньне сваёй асабістай улады. Адзіны варыянт, на які ён мог бы пагадзіцца — стаць «царом» аб’яднанай Расеі і Беларусі. Але паколькі такі варыянт абсалютна немагчымы, і ўсе, у тым ліку і ён, гэта ўжо зразумелі, то ні пра якое аб’яднаньне, пакуль ён палітычна жывы, і размовы быць ня можа. Ён, зразумела, гарант незалежнасьці, бо гэтае пытаньне — пытаньне ягонай асабістай незалежнасьці, ягонай асабістай улады, і нікому і ніколі ён гэтай улады і кроплі не аддасьць. Што тычыцца пэрыяду пасьля Лукашэнкі: калі прыйдуць празаходнія сілы, то яны ня пойдуць ні на якое аб’яднаньне з Расеяй з-за ідэалягічных чыньнікаў. Але хай сабе перамогуць колькі заўгодна прарасейскія сілы. Хай сабе народ будзе ня супраць аб’яднаньня. Хай нават палітычная кляса, узначаленая нейкім вельмі дзіўным палітыкам, будзе гатовая да аб’яднаньня. Кажу — дзіўным, бо не было прэцэдэнту аб’яднаньня на працягу апошніх ста гадоў. Адзіны прэцэдэнт — аб’яднаньне дзьвюх Нямеччынаў. Але яно адбылося выключна паводле аднае прычыны: пасьля падзеньня сацыялізму палітычная кляса Ўсходняй Нямеччыны была зьнішчаная пад корань, і ГДР проста абрынулася як дзяржава. Але ня будзем нават зважаць на прэцэдэнты. Уявім сабе, што беларуская палітычная кляса будзе настолькі прарасейскай і схільнай да капітуляцыі, што папросіць аб’яднаньня. Я ўпэўнены, што гэтага ніколі не адбудзецца, бо на такое ніколі ня пойдзе Расея. Аб’яднаньне зь Беларусьсю для Расеі — занадта «дарагое задавальненьне». А калі знойдзецца такі вар’яцкі расейскі прэзыдэнт, які захоча гэты кавалак узяць, то гэта будзе азначаць вялікія забурэньні для Расеі і Беларусі, якая стане яе часткай, а скончыцца справа ўсё роўна развалам. На наступны дзень пасьля аб’яднаньня ўзьнікне Беларускі нацыянальны фронт, які павядзе змаганьне за аддзяленьне, за адмысловыя правы, і Расея атрымае другую Чачэнію. He такую крывавую і ваяўнічую, але палітычна — менавіта Чачэнію. Навошта гэта Расеі — незразумела. Дракахруст: Дэмакратыя і незалежнасьць—рэчы ня тоесныя. Цяперашні Туркмэністан — пачварная ўсходняя дэспатыя, але наўрад ці ёсьць сумневы ў яе незалежнасьці. Дарэчы, значны час даваеннай гісторыі Літвы прыпаў на аўтарытарны рэжым Антанаса Сьмятоны. Бялініс: Я б хацеў інакш павярнуць гэтую лёгіку. Менавіта аўтарытарызм, цэнтралізаванасьць кіраваньня, жорсткі палітычны рэжым у Беларусі стварылі немагчымасьць збалянсаваць беларускае грамадзтва, каб у болып крытычных умовах яно вытрымала ціск звонку. 3 аднаго боку, Лукашэнка робіцца нібыта адзіным выратавальнікам незалежнасьці беларускай дзяржавы. Але калі мы паглядзім на іншыя дзяржавы, у тым ліку на даваенную Літву, дзе быў аўтарытарны рэжым, мы ўбачым, што менавіта з прычыны сваёй аўтарытарнасьці такія дзяржавы і страцілі сваю незалежнасьць, бо не было створана іншых сілаў, якія маглі стаць супрацьвагай сілам звонку. У Беларусі цяпер аналягічная сытуацыя. Парасткі іншых, адрозных ад улады, эканамічных і палі- тычных сілаў за 10 гадоў былі зьнішчаныя ці амаль зьнішчаныя. I ўсё абапіраецца на адміністрацыю Лукашэнкі. Прыбраць гэтую адміністрацыю -— значыць прыбраць падмурак дзяржавы. У такім сэнсе Дзьмітры Трэнін мае рацыю. Але ён ня мае рацыі ў тым, што аўтарытарная дзяржава ёсьць выйсьцем для такіх краінаў, як Беларусь. Магчымасьць быць незалежнымі пры Лукашэнку — гэта ілюзія незалежнасьці, бо будучыня ў такіх умовах вельмі крохкая. Дракахруст: На думку Вячаслава Пяхоўшэка, варыянты будучыні Беларусі не вычэрпваюцца стратай незалежнасьці пасьля сыходу Лукашэнкі. Пяхоўшэк: Трэнін аналізуе гіпатэтычную сытуацыю, бо мы ня ведаем, як і калі адбудзецца сыход Лукашэнкі, ці адбудзецца ён увогуле і хто прыйдзе на месца Лукашэнкі. Я з такім жа посьпехам магу спрагназаваць і процілеглы сцэнар: Лукашэнка выбірае сабе спадкаемцу і перадае яму ўладу, якую мае цяпер. Гэта, як правіла, дастаткова складаны сцэнар, бо чалавек, умантаваны ў сыстэму так, як Лукашэнка, ня можа мэханічна знайсьці сабе замену. Але і гэта выключыць нельга. Тады будзе сцэнар, калі цяперашні status quo адносінаў Пуціна і Лукашэнкі захаваецца, толькі зь іншымі ўдзельнікамі. Вяжбоўска-Мязга: Відавочна, што Лукашэнка гатовы аддаць частку незалежнасьці, калі гэта спатрэбіцца для захаваньня яго ўлады. Але, як ні парадаксальна, Лукашэнка сёе-тое робіць для беларускай незалежнасьці. Усе яго канфлікты з Масквой, на маю думку, у сьвядомасьці беларусаў азначаюць, што Беларусь — гэта не Расея, што ў яе ёсьць свае ўласныя інтарэсы.