А можа, яны яго на гэта і штурхаюць. У Лукашэнкі быў адзіны козыр у вачох расейцаў, што ён абаронца заходняй мяжы. А калі Лукашэнка на гэта пойдзе, ён робіцца ворагам Расеі, лягічны і наступны крок — гэтага ворага трэба прыбіраць. Дракахруст: Расейскі палітоляг Сяргей Караганаў лічыць, што пэрспэктыва пазбавіцца сваіх ваенных базаў у Беларусі для Расеі непрыемная, але не крытычная. Караганаў: Калі нас папросяць, што ж, мы вымушаныя будзем іх кампэнсаваць. Але пакуль нам з Захаду ніхто не пагражае. Больш за ўсё нам з Захаду пагражае развал і дэстабілізацыя ў Беларусі ў выпадку працягу яе цяперашняй палітыкі. Так што ў Маскве, відаць, вырашылі прымусіць Беларусь распачаць рэформы, рызыкуючы пры гэтым ваеннымі базамі, тым больш што рызыка невялікая. Базы не спатрэбяцца, калі ў Беларусі ўсё разваліцца. Нас непакоіць, што будзе зь беларускім народам пры такім кіраваньні. Дракахруст: Раней у нашай размове Ўладзімер Падгол выказаў меркаваньне, што, магчыма, цяпе- рашні «газавы канфлікт» — частка шматкрокавай камбінацыі для адхіленьня ад улады Аляксандра Лукашэнкі. Дарэчы, меркаваньні наконт таго, што Лукашэнка — не найлепшы для Расеі кіраўнік Беларусі, падчас цяперашняга крызісу гучала з вуснаў расейскіх экспэртаў даволі часта. Бадай, першым з расейскіх экспэртаў пра міт безальтэрнатыўнасьці Лукашэнкі напісаў некалькі тыдняў таму наш калега Сяргей Караганаў. Як ён бачыць адпаведны сцэнар разьвіцьця падзеяў — Лукашэнка сыходзіць, прыходзіць чалавек Масквы і далучае Беларусь да Расеі? Караганаў: Нас цікавіць не далучэньне Беларусі, нас цікавіць выжываньне Беларусі і яе інтэграцыя з расейскай эканомікай. Калі б Лукашэнка праводзіў разумную палітыку, яго б падтрымлівалі, хаця мы наўрад ці падтрымлівалі б рэжым, які ідзе на трэці тэрмін, мяняючы Канстытуцыю. Таму трэці тэрмін Расея не падтрымае ў любым варыянце. Мы нікога не навязваем, Беларусь павінная абраць свайго лідэра, калі прыйдзе час. «Круглы стол», прысьвечаны аднаму з самых вострых момантаў у беларуска-расейскіх адносінах, варта суправадзіць як «перадгісторыяй», гэтак і «пасьлягісторыяй» падзеяў, аб якіх ішла гутарка ў гэтай перадачы. У красавіку 2002 г. Менск і Масква падпісалі пагадненьне, паводле якога Расея забавязалася пастаўляць Беларусі газ па цане Смаленскай вобласьці, a Беларусь абяцала прадаць «Газпрому» палову акцыяў «Белтрансгазу». У чэрвені 2002 г., празь некалькі дзён пасьля 10-гадзінных перамоваў з А. Лукашэнкам, У. Пуцін рэзка скрытыкаваў інтэграцыйныя прапановы Менску. Менавіта тады прагучала пажаданьне ў працэсе інтэграцыі аддзяліць «мух от котлет». У жніўні 2002 г. Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расейскай Фэдэрацыі ў якасьці 7 губэрняў. Адначасна як альтэрнатыва быў прапанаваны саюз паводле ўзору Эўразьвязу. Першая прапанова выклікала рэзкую адмоўную рэакцыю Лукашэнкі і пераважнай большасьці палітычных сілаў Беларусі. У 2003 г. высьветлілася, што ўяўленьні пра цану беларускага газатранспартнага прадпрыемства ў бакоў розныя: «Газпром» заяўляў, што гатовы заплаціць максымум 600 мільёнаў даляраў, Лукашэнка лічыў, што цана «Белтрансгазу» — 5 мільярдаў даляраў. У 2004-ты Беларусь увайшла без дамовы на пастаўку газу, «Газпром» — без дамовы на транзыт. Месяц «дзіркі» затыкаліся газам незалежных імпартэраў, а ў лютым Беларусь пачала адпампоўваць на свае патрэбы транзытны газ, і 18 лютага 2004 г. пастаўкі спыніліся наагул. Пасьля лютаўскай «газавай вайны» Менск саступіў у пытаньні цаны. Аднак толькі ў чэрвені бакі падпісалі кантракт на пастаўкі газу на 2004 г., дзе цана была вызначаная ў памеры 46,68 даляра за тысячу кубамэтраў. Гэтая цана, дарэчы, пратрымалася нязьменнай 2,5 году і падвысілася толькі на пачатку 2007 г. 7 верасьня 2004 г., на другі дзень жалобы па бэсланскай трагедыі, Аляксандар Лукашэнка абвесьціў правядзеньне рэфэрэндуму аб скасаваньні канстытуцыйнага абмежаваньня на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для адной асобы. Рэфэрэндум адбыўся 17 кастрычніка 2004 г., празь некалькі дзён афіцыйная Масква праз МЗС прызнала вынікі беларускага плебісцыту. Неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2006 г. «Газпром» паведаміў пра тое, што цана на газ на 2007 г. будзе істотна больш высокай, на працягу перамоваў, якія доўжыліся да канца году, называліся лічбы 200—250 даляраў за тысячу кубамэтраў. 31 сьнежня 2006 г., за дзьве хвіліны да Новага году, было падпісанае пагадненьне, паводле якога цана на газ для Беларусі ў 2007 г. усталёўвалася ў памеры 100 даляраў за тысячу кубамэтраў. Акрамя таго, была ўзгодненая формула паступовага, да 2011 г., падвышэньня цаны на газ для Беларусі да сярэднеэўрапейскага ўзроўню. Адначасна ў дамове Беларусь пагадзілася на продаж 50% акцыяў «Белтрансгазу» за 2,5 мільярда даляраў. Супярэчлівыя інтэграцыйныя настроі ў Беларусі, Расеі і ва Ўкраіне Расейцы ў найменшай ступені схільныя да інтэграцыі як з Эўропай, гэтак і з бліжэйшымі суседзямі, у беларускім грамадзтве колькасьць прыхільнікаў інтэграцыі на Ўсход і на Захад прыблізна роўная, да інтэграцыі ў межах Адзінай эканамічнай прасторы найбольш прыхільна ставяцца казахі, а да інтэграцыі ў Эўропу — украінцы. Такія вынікі дасьледаваньня, праведзенага ўтраўні 2005 году ў Беларусі, Казахстане, Расеі і ва Ўкраіне міжнародным кансорцыюмам «Эўразійскі манітор». Чым тлумачацца і што азначаюць параўнальна нізкія паказьнікі інтэграцыйных памкненьняў ва ўсіх 4-х краінах? Чым абумоўленае імкненьне людзей атрымаць усе плюсы інтэграцыі, пазьбегнуўшы ўсіх мінусаў? Ахалоджаньне да інтэграцыі на постсавецкай прасторы і правал Эўрапейскай Канстытуцыі на рэфэрэндумах у Францыі і Галяндыі — гэта падобныя ці розныя зьявы? 27 чэрвеня 2005 Удзел ьнікі: Ал яксандар Грыцанаў, Уладзімер Дорахаў, Валер Фёдараў, Валер Хмялько 3 кім хочуць аб'ядноўвацца беларусы і ўкраінцы? Дракахруст: На гэтым тыдні сышоўся шэраг падзеяў, зьвязаных з інтэграцыяй на постсавецкай прасторы. У Маскве прайшоў саміт Эўразійскай эканамічнай супольнасьці (ЭўрАзЭС), у Гомелі сабраліся дэпутаты саюзнага парлямэнту Беларусі і Расеі, напрыканцы тыдня ў Кіеве адбылося 21-е паседжаньне Групы высокага ўзроўню па фармаваньні Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстану, Расеі і Ўкраіны’. * Адзіная эканамічная прастора — праект эканамічнай інтэграцыі Беларусі, Казахстану, Расеі і Украіны. Упершыню ідэю Але за гэтым інтэграцыйным мільгаценьнем застаецца па-за ўвагаю пытаньне: «А як да гэтых разнастайных аб’яднаньняў ставяцца самі народы, якіх лідэры так старанна імкнуцца аб’ядноўваць?» Пэўны адказ даюць вынікі дасьледаваньня, праведзенага сёлета ў траўні адначасна ў Беларусі, Казахстане, Расеі і ва Ўкраіне. Лічбы — рэч сумная. Але ў дадзеным выпадку бязь іх не абысьціся. Паводле зьвестак «Эўразійскага манітору», у Беларусі прыхільнікі далучэньня да Эўразьвязу і жыцьця ў Адзінай эканамічнай прасторы падзяліліся амаль пароўну: 22% — за Эўропу, 24% — за АЭП. Яшчэ 14% беларусаў наагул мараць пра адроджаны СССР, a 21% хацелі б жыць проста ва ўласнай краіне. У параўнаньні з гэтым ва Ўкраіне — больш грамадзянаў за Эўразьвяз (30%) і крыху больш, чым у Беларусі, — за АЭП (26%). Расейцаў адносна мала вабіць што Эўропа, што саюз з блізкімі суседзямі — па 15%, затое там больш за іншых мараць пра аднаўленьне СССР — 27%. Нарэшце, у Казахстане большае за астатніх імкненьне да Адзінай эканамічнай прасторы і меншае — да Эўразьвязу. Свой погляд на гэтыя лічбы прапануе беларускі філёзаф Аляксандар Грыцанаў. Грыцанаў: Беларускія і ўкраінскія адсоткі — гэта не аднолькавыя рэчы. Украінскія адсоткі — гэта прага часткі грамадзтва, пераважна ў Заходняй Украіне, жыць у Эўропе, і жаданьне іншай часткі грамадзтва жыць наўпрост у Расеі. У Беларусі найбольшая доля — гэта савецкія грамадзяне, якія мараць пра былы Саюз і, мабыць, аб саюзнай дзяржаве Расеі і Беларусі. сфармулявалі кіраўнікі гэтых краінаў у лютым 2003 г. Аднак з прычыны нязгоды Ўкраіны перадаваць свае сувэрэнныя правы наддзяржаўным утварэньням праект так і ня быў рэалізаваны. Дракахруст: Аляксандар Грыцанаў гаворыць пра істотныя адрозьненьні ўкраінцаў і беларусаў, маўляў, беларусы больш савецкія. У пэўным сэнсе яно і так — з апытаньня вынікае, што паводле прагі да аднаўленьня СССР беларусы — трэція пасьля расейцаў і казахаў. Аднак варыянт адказу «за СССР» трохі блытае карціну, не дае магчымасьці вымяраць інтэграцыйныя памкненьні да рэальных утварэньняў. Вось меркаваньне былога намесьніка дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў Уладзімера Дорахава. Нагадаем, што рашэньне Вярхоўнага суда ліквідавала гэты беларускі дасьледчы цэнтар у красавіку 2005 году, цяпер ён дзейнічае як арганізацыя, зарэгістраваная ў Літве. Дорахаў: Па-першае, трэба сказаць, што адказы на пытаньні пра інтэграцыю істотна мяняюцца ў залежнасьці ад фармулёўкі пытаньня. Калі задаецца пытаньне: «Ці хочаце Вы інтэграцыі Беларусі ў Эўразьвяз», — атрымліваюцца адны лічбы, калі апытаным даецца магчымасьць выбраць паміж інтэграцыяй у аб’яднаную Эўропу і інтэграцыяй з Расеяй — лічбы заўважальна іншыя, значна ніжэйшыя. Калі ж дадаваць яшчэ нейкія магчымасьці — вяртаньне ў СССР, як варыянт адказу, то колькасьць прыхільнікаў аб’яднаньня хоць з Эўропай, хоць з Расеяй яшчэ зьменшыцца. У травеньскім апытаньні НІСЭПД 48% рэспандэнтаў з той ці іншай ступеньню ўпэўненасьці выказаліся за далучэньне Беларусі да Эўразьвязу. Гэта вельмі ўнушальная колькасьць, асабліва калі ўлічыць, што выказаліся супраць толькі крыху болей за траціну — 35%. Паводле нашых апытаньняў, імкненьне далучыць Беларусь да Эўразьвязу было найбольшым напрыкан- цы 2002 году, тады за гэта выказваліся нават 60% апытаных. Але і падчас іншых апытаньняў колькасьць нрыхільнікаў эўраінтэграцыі вагалася каля 50%. Здавалася б, гэтыя зьвесткі сьведчаць пра выразную перавагу праэўрапейцаў. Але насамрэч гэта ня так. Калі задаецца пытаньне, чаму б Вы аддалі перавагу: інтэграцыі з Эўразьвязам ці з Расеяй, колькасьць прыхільнікаў эўрапейскага вэктару істотна зьніжаецца. Напрыклад, у нашым леташнім лістападаўскім апытаньні 30% адказалі, што аддаюць перавагу аб’яднаньню з Расеяй, 20% — уступленьню ў Эўразьвяз, а яшчэ амаль 20% хацелі б і таго, і іншага. А калі пытаньне ставіцца рубам: тое ці тое — колькасьць прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй узрастае да 49%, з Эўразьвязам — да 33%.