• Газеты, часопісы і г.д.
  • Акцэнты Свабоды  Юры Дракахруст

    Акцэнты Свабоды

    Юры Дракахруст

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 430с.
    2009
    86.48 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Дракахруст: Нягледзячы на істотную адрознасьць палітыкі Беларусі і Ўкраіны, на супрацьлеглыя геапалітычныя прыярытэты, дэкляраваныя лідэрамі абедзьвюх краінаў, стаўленьне да інтэграцыі на Захад і на Ўсход украінцаў і беларусаў насамрэч даволі падобнае. Пункт гледзішча дырэктара Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі Валера Хмялька такі.
    Хмялько: Тое, што ўкраінцы хочуць мець сваю дзяржаву — адназначна, за гэтае большасьць. Але яно не выключае магчымасьці ўваходжаньня нашай дзяржавы ў іншыя міждзяржаўныя аб’яднаньні. Тут усё залежыць ад таго, як ставіцца пытаньне. Калі мы ставім пытаньне: «Ці пагодзіцеся Вы, каб Украіна ўвайшла ў Эўрапейскі Зьвяз?», то крыху болып за палову рэспандэнтаў (52%) пагаджаюцца з такім выбарам. Але калі мы ставім пытаньне: «У якім саюзе дзяржаваў было б лепш жыць народу Ўкраіны: у Эўразьвязе ці ў Саюзе Расеі і Беларусі?», то каля
    40% аддаюць перавагу Эўразьвязу, а каля 50% — усе ж Саюзу Расеі і Беларусі. Іншыя хістаюцца ў выбары.
    Дракахруст: Як бачым, падабенства навідавоку: калі пытаньне ставіцца рубам, у абедзьвюх краінах ад траціны да 40% — за Захад, амаль палова — за Ўсход. Праўда, украінцаў толькі пытаюць пра беларуска-расейскі саюз, а беларусы ўжб там.
    Адметны шлях Расеі
    Дракахруст: А зараз вернемся да апытаньня «Эўразійскага манітору» ў Расеі, выканаўцам якога быў Усерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦНОМ). Гаворыць дырэктар Цэнтру Валер Фёдараў.
    Фёдараў: Тут назіраецца пэўны максымалізм у намерах расейцаў. Ці ўсё, ці нічога. «Усё» — гэта ў дадзеным выпадку адроджаны Савецкі Саюз. Але ўсе разумеюць, што казаць сёньня пра гэта — фантазіі. Для людзей былы Савецкі Саюз — ня толькі саюз нацыяў, але і ўстойлівыя жыцьцёвыя пэрспэктывы, магчымасьць плянаваць жыцьцё на некалькі дзесяцігодзьдзяў наперад, усьведамленьне сваёй дзяржавы як адной зь вялікіх усясьветных дзяржаваў, зь якой павінны лічыцца ўсе ў сьвеце, прыблізная роўнасьць даходаў. Аднак людзі цьвяроза да гэтага ставяцца і разумеюць, што толькі цуд можа вярнуць нас туды. Але калі ў якасьці альтэрнатываў «залатому веку», хутчэй за ўсё незваротна мінуламу, прапаноўваюцца іншыя формы інтэграцыйных аб’яднаньняў — гэта для расейцаў занадта мала.
    Другі аспэкт палягае ў тым, што зашмат было спробаў аб’яднацца, занадта многа было розных
    формаў — і СНД, і ЭўрАзЭС, вось зараз Адзіная эканамічная прастора зьявілася. Але вельмі мала рэальнай інтэграцыі, вельмі мала даверу да тых палітыкаў, якія вылучаюць аб’яднаўчыя ініцыятывы, мала веры ў тое, што гэтае аб’яднаньне станоўча адаб’ецца на жыцьці людзей.
    Ёсьць і трэці чыньнік. Для расейскай палітычнай эліты, якая ўзьнімае на шчыт усе інтэграцыйныя праекты, галоўным зьяўляецца зьнешні кірунак — нашыя палітыкі вядуць працу зь беларускімі, казахскімі, украінскімі палітыкамі, але яны мала працуюць з уласным электаратам, мала тлумачаць неабходнасьць і мэтазгоднасьць інтэграцыі, мала гавораць пра тое, як яна адаб’ецца на жыцьці людзей, калі яна адбудзецца. Паводле вынікаў дасьледаваньня, Расея — ядро, рухавік інтэграцыйных праектаў — сёньня на ўзроўні грамадзкай думкі ў найменшай ступені гатовая да рэалізацыі такога аб’яднаньня.
    Ад чаго залежаць інтэграцыйныя памкненьні?
    Дракахруст: А чым адрозьніваюцца ў трох краінах тыя, хто схіляецца да таго ці іншага кірунку інтэграцыі?
    Дорахаў: Залежнасьці тут вельмі жорсткія. Моладзь, людзі з высокай адукацыяй, гараджане ў большай ступені, чым насельніцтва ўвогуле, аддаюць перавагу эўрапейскаму вэктару, людзі сталага веку, зь нізкім узроўнем адукацыі, сяляне — расейскаму. Асабліва моцная сувязь з узростам: сярод моладзі праэўрапейцы складаюць болей за палову, сярод пэнсіянэраў колькасьць прыхільнікаў аб’яднаньня з Расеяй перавышае 60%.
    Дракахруст: Паводле Валера Хмялька, падобная сувязь паміж узростам і пажаданым кірункам інтэграцыі існуе і ва Украіне.
    Хмялько: Сярод тых, каму 60 гадоў і болей, за Эўрапейскі Зьвяз выказваюцца 24%, а за саюз з Расеяй і Беларусьсю — 53%. А сярод тых, каму да 30 гадоў, за Эўрапейскі Зьвяз — 51%, больш за палову, a за саюз з Расеяй і Беларусьсю — 35%. Такім чынам, і ў гэтым аспэкце ёсьць заўважальныя адрозьненьні ў стаўленьні да інтэграцыі на Захад і на Ўсход.
    Дракахруст: Ува Украіне надзвычай значны і вызначальны ў сэнсе інтэграцыйных памкненьняў тэрытарыяльны чыньнік. Тут адрозьненьні велізарныя.
    Хмялько: Калі на Усходзе задаём пытаньне: «У якім саюзе лепш?», то тут толькі 13% называюць Эўразьвяз, a 77% аддаюць перавагу расейска-беларускаму саюзу.
    Іншая рэч — Заходняя Украіна, там толькі 11% аддаюць перавагу саюзу з Расеяй і Беларусьсю, і 73% — Эўрапейскаму Зьвязу.
    Гэтыя паказьнікі паступова мяняюцца пры пераходзе з Усходу на Захад. Усход і Захад сталіся крайнімі паводле вынікаў галасаваньня і на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах паміж кандыдатам, які прапанаваў эўрапейскі выбар, і кандыдатам, які прапанаваў усё ж такі больш расейскі выбар.
    Такая праблема існуе, і трэба яшчэ шмат што зрабіць, каб знайсьці кансэнсус, які б задаволіў большасьць украінцаў.
    Дракахруст: У Расеі — трэці варыянт залежнасьці, не падобны ані на беларускі, ані на ўкраінскі.
    Фёдараў: У Расеі «карцінка» даволі простая і лягічная. Людзі старэйшага ўзросту — тыя, каму
    мінула 45 гадоў, больш настальгуюць па савецкім часе, маладзейшыя, хто ўвайшоў у жыцьцё пасьля распаду СССР ці калі стала зразумела, што адзінай краіны хутка ня будзе, болып рэалістычна ставяцца да сытуацыі, і яны настроеныя на тое, каб Расея разьвівалася па самастойным сцэнары, ішла па ўласнай траекторыі, не ўступаючы ні ў якія формы міждзяржаўнага аб’яднаньня.
    Што тычыцца прыхільнікаў інтэграцыйных аб’яднаньняў — ці то Эўразьвяз, ці то Адзіная эканамічная прастора — гэтыя групы ў асноўным сканцэнтраваныя зь людзей сярэдняга ўзросту і маюць сярэдні ўзровень адукацыі. Тыя, хто больш адукаваны і больш заможны, схіляюцца да эўрапейскага вэктару інтэграцыі, да Эўразьвязу, а тыя, хто мае ніжэйшую адукацыю і горшае матэрыяльнае становішча, больш сымпатызуюць эўразійскаму вэктару.
    Дракахруст: Як бачым, расейцы сталага веку больш схільныя да СССР, маладыя — не да Эўразьвязу, як іх беларускія і ўкраінскія раўналеткі, а да самадастатковай Расеі. Вяртаючыся да Беларусі і Ўкраіны, варта адзначыць даволі вялікую катэгорыю насельніцтва зь дзіўнымі геапалітычнымі арыентацыямі — адначасна і на Захад і на Ўсход.
    Хмялько: Гэта выяўляецца тады, калі асобна ставіцца пытаньне пра Эўропу і асобна — пра Ca­ros Расеі і Беларусі. Калі Вы фармулюеце пытаньне асобна, то больш за 50% выказваюцца за Эўразьвяз, а калі пытаеце: «Ці пагодзіцеся Вы, каб мы ўвайшлі ў Саюз з Расеяй і Беларусьсю?», то больш за 60% апытаных выказваюцца станоўча. Атрымліваецца, значная частка насельніцтва выказваецца і за адно і за другое.
    Тэрытарыяльна гэта найбольш распаўсюджанае ў Цэнтральнай Украіне. Такі амбівалентны выбар часьцей сустракаецца сярод людзей, якія ідэнтыфікуюць сябе адначасна і як украінцы, і як расейцы. Каля 20% насельніцтва адчуваюць сябе належнымі да двух этнасаў. Гэта, як правіла, зьвязана са зьмяшанымі шлюбамі, у нас больш за траціну шлюбаў былі міжэтнічнымі. Гэтым людзям цяжка выбіраць штосьці адно.
    Дракахруст: Спадар Хмялько мяркуе, што прычына падобнай падвойнай геапалітычнай арыентацыі — у падвойнай этнічнай ідэнтыфікацыі многіх украінцаў, якія адчуваюць сябе і ўкраінцамі, і расейцамі. У Беларусі такіх людзей менш, бо расейцаў значна менш. А вынік — падобны.
    «Шматвэктарная» інтэграцыя
    Дорахаў: Грамадзкая думка пра ролю Беларусі ў сьвеце выяўляе надзвычайную супярэчлівасьць*. Гэта мы бачым нават на ўзроўні прынцыпаў — ад пятай часткі да чвэрці нашых суграмадзянаў хацелі б быць разам і з Эўропай, і з Расеяй, прычым людзі ня надта дакладна ўсьведамляюць нават для саміх сябе, што азначае гэтае «разам». Але такія супярэчнасьці, як паказвае дасьледаваньне «Эўразійскага манітору», выяўляюцца ў стаўленьні да канкрэтных тэмаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяньня: мы хочам, каб у нас было шмат замежных тавараў, у тым ліку з Расеі, Украіны, каб у нас быў выбар, але мы таксама хочам, каб гэтая плынь імпарту не падрывала нашую вытворчасьць, дзе мы працуем і зарабляем грошы.
    * Гл. зноску да дыскусіі Сямёна Букчына з Андрэем Дыньком, с. 33.
    Людзі нібыта хочуць інтэграцыі, але да пэрспэктывы скупкі айчынных прадпрыемстваў ставяцца ня надта добра. А што такое свабодны рух капіталу, як не магчымасьць менавіта такой скупкі? Прычым цікава: паводле зьвестак апытаньня «Эўразійскага баромэтра», беларусы ставяцца да скупкі сваіх прадпрыемстваў гэтак жа кепска, як расейцы і казахі, але беларусы найбольш спрыяльна глядзяць на тое, каб нашыя, айчынныя бізнэсоўцы скуплялі ўласнасьць у Расеі, Украіне, Казахстане. Такая вось мадэль зьнешняй эканамічнай экспансіі.
    Часткова гэта тлумачыцца тым, што беларусы і цяпер больш за іншых уключаныя на асабістым узроўні ў эканамічныя ўзаемадзеяньні з гэтымі краінамі. На пытаньне: «Ці даводзілася Вам ці Вашым родным у апошнія 5 гадоў працаваць у іншых краінах Адзінай эканамічнай прасторы», — у Расеі «так» адказала 4%, у Казахстане — 15%, ва Ўкраіне — 24%, у Беларусі — 34%. Заўважце, болын за траціну, прычым зразумела, што размова ідзе пераважна аб працы ў Расеі.
    Дракахруст: Спадар Дорахаў пачаў размову пра яшчэ адзін цікавы аспэкт інтэграцыйных настрояў — супярэчлівае стаўленьне народаў да наступстваў інтэграцыі.
    Грыцанаў: 3 гэтых матэрыялаў вынікае вельмі істотная выснова, што інтэграцыя не падрыхтаваная на ўзроўні сьвядомасьці простых людзей. Тут мы бачым, што простыя людзі ня ведаюць і палохаюцца наступстваў інтэграцыі. А калі цяпер мы бачым пляны ўвайсьці ўва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю з боку Расеі і Беларусі, то гэта жорсткая пэр-
    спэктыва.
    Больш танны імпарт, але й цяжкія выпрабаваньні для нацыянальнай прамысловасьці. Людзям ніхто нічога не тлумачыць.
    Дракахруст: А можа, такое супярэчлівае стаўленьне да наступстваў інтэграцыі, эканамічнага ўзаемадзеяньня зь іншымі краінамі — рыса, уласьцівая толькі народам постсавецкай прасторы, якія страцілі адну ідэнтычнасьць — савецкую, і яшчэ толькі набываюць новую?
    Фёдараў: Я б не сказаў, што гэта асаблівасьць тых, хто жыве на абшарах былога СССР. He, гэта даволі распаўсюджаная тэндэнцыя, калі людзі хочуць атрымаць усе плюсы, пазьбегнуўшы ўсіх мінусаў. Гэта можна назіраць у стаўленьні людзей да глябалізацыі. Людзі хочуць атрымліваць інфармацыю, магчымасьць свабодна перасякаць мяжу, шукаць і атрымліваць працу за межамі бацькаўшчыны, але разам з тым выступаюць супраць такіх наступстваў глябалізацыі, як імклівая іміграцыя ў іх уласную краіну, свабодны рух капіталу, скупка замежнымі прадпрымальнікамі прадпрыемстваў на тэрыторыі іх краіны.