• Газеты, часопісы і г.д.
  • Акцэнты Свабоды  Юры Дракахруст

    Акцэнты Свабоды

    Юры Дракахруст

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 430с.
    2009
    86.48 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Дракахруст: Расеец Станіслаў Бялкоўскі прагназуе хуткае замарожваньне канфлікту.
    Бялкоўскі: Я мяркую, што канфлікт на пэўным этапе замарозіцца, і гэты этап даволі блізкі. Разрыву дыпляматычных адносінаў і санкцыяў ня будзе, будзе рэжым узброенага, нядобразычлівага, але ўсё ж нэўтралітэту. Польшча па-ранейшаму праз Украіну і няўрадавыя арганізацыі будзе спрабаваць уплываць на Беларусь і рыхтаваць зьмену рэжыму ў патрэбным для яе кірунку. Але мяркую, што польскія палітыкі выдатна разумеюць, што, у адрозьненьне ад Украіны, у Беларусі рэальнай альтэрнатывы Лукашэнку, хочам мы таго ці не, няма. Таму пакуль Лукашэнка будзе прызнаны ў якасьці адзінай рэальнасьці, здольнай кантраляваць сытуацыю ў Беларусі, зь ім будуць падтрымлівацца фармальныя адносіны і ціск не пяройдзе пэўнай мяжы.
    Дракахруст: Аляксандар Фядута зьвязвае дынаміку двухбаковых адносінаў з выбарамі — спачатку ў Польшчы, потым у Беларусі.
    Фядута: На мой погляд, да разрыву дыпляматычных адносінаў ня дойдзе. У Польшчы наперадзе выбары, польскія беларусы — грамадзяне Польшчы, і іх галасоў даволі шмат, каб іх можна было ігнараваць. Тым больш што гэта электарат аднаго з самых уплывовых кандыдатаў на прэзыдэнта, маршалка Сойму Ўладзімежа Цімашэвіча.
    А вось што будзе пасьля выбараў у Беларусі?.. Лукашэнка, калі застанецца на трэці тэрмін, атрымае ад польскага боку ўсё, на што ён ня мог разьлічваць нават у самым страшным сьне.
    Эўразьвяз і Беларусь пасьля беларускага рэфэрэндуму 2004 году
    Якой будзе палітыка Эўразьвязу ў дачыненьні Беларусі пасьля рэфэрэндуму і выбараў 17 кастрычніка? Якой хацелі б бачыць гэтую палітыку дэмакратычныя сілы Беларусі? Ці варта рабіць заклік «Беларусь — у Эўропу» галоўным лёзунгам перадвыбарчай кампаніі апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году?
    18 лістапада2004
    Удзельнікі: Ганс-Георг Ві к, Кляўдыя Нолыэ, Яраслаў Раманчук, Павал Севярынец
    Эўрапейскі Эдып перад беларускім сьфінксам
    Дракахруст: На гэтым тыдні адбылося некалькі палітычных скандалаў, якія сьведчаць пра тое, што пасьля рэфэрэндуму і выбараў афіцыйны Менск не зьбіраецца адмаўляцца ад канфрантацыі з Захадам, у тым ліку і ад канфрантацыі з Эўропай. У Беларусь не пусьцілі кіраўніка рэгіянальнага аддзелу нямецкага Фонду Эбэрта Гэльмута Курта, а з краіны былі дэпартаваныя карэспандэнты францускай тэлевізіі.
    У сваю чаргу, у Эўропе даволі актыўна абмяркоўваюць беларускае пытаньне. Абурэньне тым, як прайшлі выбары і рэфэрэндум, спараджае і адчуваньне тупіковасьці ранейшай эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі. А што ўзамен? Якой павінная быць гэтая новая эўрапейская палітыка?
    Раманчук: Перш за ўсё, мы хацелі б, каб эўрапейская палітыка адносна Беларусі нагадвала амэрыканскую палітыку. Мы хацелі б, каб Эўразьвязам быў прыняты такі ж «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», які быў прыняты Злучанымі Штатамі, каб Эўразьвяз адкрыў місію ў Менску, каб Эўразьвяз не трапляў
    у працэдурную пастку немагчымасьці працаваць у Беларусі з-за таго, што беларускі ўрад ня хоча працаваць з Эўразьвязам. Мы хацелі б, каб Эўразьвяз зразумеў, што Беларусь зьяўляецца апошняй аўтарытарнай краінай на мапе Эўропы, што гэта стварае нестабільнасьць у рэгіёне, што 10 мільёнаў людзей трапілі ў такую пастку, і што грамадзянская супольнасьць Беларусі вельмі чакае дапамогі Эўразьвязу, a ў адказ мы бачым індыфэрэнтнасьць, абыякавасьць да нашай краіны, спробы схавацца за працэдурнымі рашэньнямі.
    Мы настойваем і просім Эўразьвяз, каб у канцэпцыі разьвіцьця ўзаемаадносінаў з нашай краінай ён прыняў першы этап, якога няма ў ніводным рамачным дакумэнце пра стасункі зь іншымі краінамі — этап дэмакратызацыі. Гэтыя нашыя пажаданьні, на жаль, вельмі далёкія ад рэалізацыі. Рэчаіснасьць такая, што нам перш за ўсё трэба тлумачыць эўрапейскім партнэрам, што беларускае пытаньне варта вырашаць праз дыялёг менавіта з грамадзянскай супольнасьцю і палітычнымі партыямі Беларусі, а не празь нейкія кулюарныя дамоўленасьці з Масквой, не праз прызму эканамічнага імпэрыялізму расейскага газу.
    Дракахруст: Павал Севярынец, спадар Раманчук мяркуе, што эўрапейская палітыка адносна Беларусі павінная быць такой жа, як і амэрыканская. Аднак, здаецца, ніхто не імкнецца далучыць Беларусь да ЗША. У той жа час заклікі наконт далучэньня Беларусі да аб’яднанай Эўропы гучаць даволі часта. Пры гэтым варта заўважыць, што на сёньняшні дзень беларуская дзяржава існуе толькі адна — лукашэнкаўская. Калі эўрапейская палітыка будзе тоесная амэрыканскай, у якой ступені гэта будзе спрыяць набліжэньню Беларусі да Эўропы?
    Севярынец: Шкада, што з геаграфічных і геапалітычных прычынаў мы ня можам папрасіцца ў Злучаныя Штаты. Але калі сур’ёзна, то Беларусь — гэта частка Эўропы, Эўропа — гэта натуральны стан Беларусі, таму мы заклікаем не да таго, каб перасунуць Беларусь кудысьці на Захад, а каб вярнуць Беларусь да таго першапачатковага стану, зь якога нашая краіна, уласна кажучы, і ўзьнікла. «Беларусь — у Эўропу» — гэта супольныя хрысьціянскія карані, супольная духоўная й культурная прастора. I таму «Беларусь — у Эўропу» — гэта заклік да натуральнага стану.
    Што магла б зрабіць Эўропа для Беларусі? Гэта, у першую чаргу, цьвёрда адказаць на пытаньне, ці патрэбная Беларусь Эўропе. Самы страшны стэрэатып, які пануе сярод беларускага насельніцтва: «Нас у Эўропе ніхто не чакае». Калі Эўропа хоча бачыць нас у сябе, варта пра гэта заявіць і паставіць адназначную цьвёрдую ўмову: «Беларусь чакаюць тады, калі зьменіцца рэжым Лукашэнкі». Наконт іншых захадаў — перш за ўсё, трэба было б на сустрэчы з Расеяй заявіць пра непрымальнасьць падтрымкі лукашэнкаўскага рэжыму з боку Расеі. Палітычная, маральная, эканамічная падтрымка, якая ажыцьцяўляецца цяпер рэжымам Пуціна, нягледзячы на ўсе акалічнасьці, трымае Лукашэнку. Безумоўна, Эўропа павінная дапамагчы беларускай дэмакратыі інфармацыйна. Некалькі тэлеканалаў, якія б трансьлявалі на Беларусь, зрабілі б больш, чым дзясяткі заяваў Эўрапарлямэнту. Іншымі словамі, болей канкрэтыкі, мэтанакіраванай стратэгіі. Тут я згодны са спадаром Яраславам — амэрыканская палітыка выглядае больш стратэгічнай і канцэптуальнай.
    Шлях «задобрываньня» Лукашэнкі, шлях ускоснай падтрымкі Лукашэнкі, перамовы з Лукашэнкам дадуць яму магчымасьць балянсаваць паміж Расеяй
    і Эўропай, дадуць магчымасьць захоўвацца. Тады мы можам атрымаць дзясяткі гадоў з Лукашэнкам. Таму мне здаецца, што час флірту Эўропы з Лукашэнкам скончыўся — трэба пераходзіць да рашучых дзеяньняў.
    Дракахруст: А як гэтыя контуры новай палітыкі Эўразьвязу, «рашучыя захады» бачацца з Заходняй Эўропы, прынамсі — з Бэрліну?
    Вік: Эўразьвяз у часе свайго апошняга саміту вызначыў палітыку новага суседзтва. Пра двухбаковыя дачыненьні зь Беларусьсю не вялося размовы, паколькі беларускае кіраўніцтва не зрабіла ніякіх крокаў на шляху дэмакратызацыі краіны. Тым часам на саміце была вызначаная лінія на ўзмацненьне супрацоўніцтва зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю.
    Эўрапейскія міністры зоймуцца беларускім пытаньнем дзесьці ў апошняй дэкадзе лістапада. Супрацоўніцтва зь беларускім рэжымам застанецца, але на стрымана-абмежаваным узроўні, будзе інтэнсіўная праца з грамадзянскай супольнасьцю. Наколькі мне вядома, у «партфэлі» эўрапейскага кіраўніцтва шмат прапановаў на гэты конт.
    Але пакуль няма нейкай адзінай пазыцыі. Вядома таксама, што ёсьць нямала прапановаў з боку вядомых эўрапейскіх арганізацыяў і палітычных фондаў — напрыклад, Фонду Конрада Адэнаўэра. Усё гэта гучала на апошніх міжнародных форумах у Варшаве, Брусэлі, Вільні. Наколькі я магу меркаваць, ніколі раней Эўразьвяз ня вёў такой інтэнсіўнай працы ў дачыненьні Беларусі, як цяпер, пасьля выбараў і гэтага адыёзнага рэфэрэндуму.
    Ці патрэбны эўрапейскі «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі»?
    Дракахруст: Амэрыканскі «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» прадугледжвае некаторыя эканамічныя санкцыі. Праўда, санкцыі гэтыя досыць стрыманыя і лібэральныя, і, як патлумачыў амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол, галоўны сэнс Акту зусім ня ў іх. А наколькі эфэктыўнымі маглі б быць эканамічныя санкцыі з боку Эўразьвязу?
    Вік: На працягу сваёй дзейнасьці я ўвесь час быў супраць эканамічных санкцыяў, паколькі яны ня ёсьць эфэктыўнымі. У часы «халоднай вайны», калі міжнародная сытуацыя была значна больш складанай, чым цяпер у канфлікце зь Беларусьсю, існавала гандлёвае супрацоўніцтва з СССР. Тады, безумоўна, не магло быць ніякага стратэгічнага супрацоўніцтва ў галіне тэхналёгіяў. Аднак жыцьцёва важныя для Савецкага Саюзу тавары: збожжа, харчаваньне — экспартаваліся ў СССР, а адтуль на Захад ішлі газ і нафта.
    Іншая рэч, што ў дачыненьні Беларусі існуе шэраг палітычных абмежаваньняў з боку Захаду. Напрыклад, пагадненьні аб супрацоўніцтве паміж Эўразьвязам і Беларусьсю не ратыфікаваныя. Эўразьвяз чакае, калі Беларусь трансфармуецца ў дэмакратычную краіну. У якасьці палітычных санкцыяў дзейнічаюць візавыя абмежаваньні для высокіх беларускіх чыноўнікаў, ня выключаная і іншая стратэгія.
    Дракахруст: Гэтым летам падчас сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Эдынбургу кіраўніца працоўнай групы Асамблеі ў справах Беларусі Ута Цапф падпісала з кіраўніком беларускай парлямэнцкай дэлегацыі Міхаілам Ардой мэмарандум пра будучыя беларускія выбары. Выбары адбыліся, іх ацэнкі вядомыя. Сябрам нямецкай парлямэнцкай дэлегацыі была дэпутатка Бундэстагу ад Хрысьціянска-дэмак-
    ратычнай партыі Кляўдыя Нольтэ. Ці ня быў мэмарандум памылкай, і калі так, то які ўрок можна зь яе зрабіць?
    Нольтэ: Што да падпісаньня мэмарандуму зь беларускім бокам у Эдынбургу, то гэта быў вельмі напружаны момант на саміце Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Напярэдадні нямецкія парлямэнтары атрымалі ліст ад беларускага амбасадара, у якім гаварылася, што беларуская дэлегацыя на саміце АБСЭ, парлямэнтары зробяць усё, каб супрацоўнічаць, каб правесьці выбары ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ. Мы далі беларускаму боку такі шанец, прадэманстравалі гатоўнасьць да перамоваў. Аднак у выніку былі вельмі расчараваныя тым, што і выбары, і рэфэрэндум у Беларусі ў любым выпадку не былі ані дэмакратычнымі, ані свабоднымі, ані празрыстымі.
    За перамовы зь Менскам у Эдынбургу выступіла мая калега па Бундэстагу ад Сацыял-дэмакратычнай партыі. Гэтую прапанову падтрымала парлямэнцкая большасьць Асамблеі. Я асабіста магу зазначыць, што мае чаканьні ў гэтым сэнсе не былі высокімі. 3 досьведу былой ГДР мне вядома, што ва ўмовах таталітарнай сыстэмы парлямэнтары ня маюць ніякай самастойнасьці. Галоўнай матывацыяй для прыняцьця таго рашэньня было: Захад ня мае на мэце ізаляваць Беларусь.