• Газеты, часопісы і г.д.
  • Акцэнты Свабоды  Юры Дракахруст

    Акцэнты Свабоды

    Юры Дракахруст

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 430с.
    2009
    86.48 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Я думаю, што для маіх калегаў па Парлямэнцкай Асамблеі той мэмарандум стаў неблагім досьведам. Калі яны прыбылі ў Менск на выбары, іх двойчы выставілі з выбарчых участкаў з дапамогай міліцыянтаў. Пазьней мы дамовіліся, што распрацуем іншую сумесную рэзалюцыю адносна Беларусі і пададзім яе на абмеркаваньне Бундэстагу. Гэта будзе магчымым альбо на апошнім сьнежаньскім паседжаньні Бундэстагу альбо, калі спатрэбіцца больш часу на падрыхтоўку, на першым паседжаньні ў студзені.
    Навошта Эўропе дэмакратызаваць Беларусь?
    Дракахруст: Нядаўна Эўразьвяз прыняў вельмі важнае рашэньне пра пачатак перамоваў з Турэччынай аб яе ўступленьні ў Эўразьвяз. Гэтае рашэньне сьведчыць пра тое, што Эўразьвяз не абмяжоўваецца гістарычнымі, культурнымі, рэлігійнымі перадумовамі — ён пачынае перамовы пра ўступленьне з краінай, якая ніколі не была часткай Эўропы, якая на працягу стагодзьдзяў была жахлівай пагрозай Эўропе. На першы плян выходзяць палітычныя, эканамічныя і іншыя ўмовы, якія трэба выканаць, каб уступіць у Эўразьвяз.
    Але ў гэтага рашэньня ёсьць і іншы бок. Зь яго можна зрабіць выснову, што калі нейкая краіна, наадварот, мае супольныя культурныя і гістарычныя карані з Эўропай, але абсалютна не адпавядае палітычным і эканамічным умовам, то і размаўляць няма пра што. Ці не падаецца Вам, што гэтае рашэньне адносна Турэччыны, як ні дзіўна, можа адбіцца на нашай краіне ў тым сэнсе, што Эўразьвяз скажа Беларусі: «Калі вы не адпавядаеце канкрэтнаму набору ўмоваў, то вашая культура, вашае колішняе Вялікае Княства Літоўскае ня ёсьць прадметам для размоваў»? Спадар Раманчук, якое Вашае меркаваньне?
    Раманчук: Каб дыялёг з Эўразьвязам, з нашымі эўрапейскімі калегамі быў пасьпяховым, трэба зыходзіць з рэальнасьці. Тое, што мы належым да Эўропы, ведаем толькі мы самі, у Эўропе вельмі шмат звычайных людзей, на якіх, аднак, і арыентуюцца палітыкі, якія проста ня ведаюць нашай краіны, лічаць„ што яна знаходзіцца ў зьвязе з Расеяй. Мы можам гаварыць пра нашую супольную культуру, традыцыі, але гэта сапраўды не зьяўляецца падставай для таго, каб нам быць сябрамі Эўразьвязу. Галоўная праблема на наступныя два гады — каб Эўразьвяз,
    перш за ўсё Нямеччына і Францыя, зразумелі, што мы не дамагаемся, каб у 2006 годзе Беларусь пачала размовы пра сяброўства ў Эўразьвязе, каб Эўразьвяз быў пастаўлены перад фактам, што гэта трэба зрабіць да 2010 году.
    Мы разумеем, што на працягу 15—20 гадоў нам трэба шмат прайсьці, каб уступіць у Эўразьвяз. I на сёньняшні дзень трэба пераканаць Эўропу, што Беларусь тэарэтычна мае такую магчымасьць. Ані наконт Украіны, ані наконт Малдовы, ані наконт Беларусі такое рашэньне яшчэ не прынятае нават у прынцыпе. Прамежкавай мэтай для Беларусі магло б быць сяброўства ў Радзе Эўропы. Мы не павінныя палохаць эўрапейскіх палітыкаў, што мы ледзь ня заўтра зьбіраемся ехаць у Брусэль падпісваць дамову пра далучэньне да Эўразьвязу. Мы мусім паказаць, што добра разумеем сытуацыю, у тым ліку й праблемы самога Эўразьвязу. У адносінах з Эўразьвязам Расея пайшла значна далей, чым Беларусь.
    Я мяркую, што трэба перавесьці дыялёг паміж беларускай дэмакратычнай апазыцыяй і Эўропай з тэмы сяброўства Беларусі ў Эўразьвязе, якой эўрапейцы палохаюцца, на тэму дэмакратызацыі нашай краіны. Я ведаю па шматлікіх размовах з дэпутатамі Эўрапарлямэнту, зь іншымі эўрапейскімі палітыкамі, што калі нашая апазыцыя пачынае казаць пра мэту — быць у Эўразьвязе, — яны адразу «закрываюцца», для іх псыхалягічна непрымальная такая пастаноўка пытаньня.
    Дракахруст: Наступнае пытаньне прагучыць як пытаньне «адваката д’ябла»: навошта Эўропе наагул рабіць нейкія спробы па дэмакратызацыі Беларусі? Магчыма, праводзячы Realpolitik, яна магла б атрымаць больш спрыяльныя ўмовы суіснаваньня са сваім дыктатарскім суседам — а беларускую дыкта-
    туру, можа, варта было б палічыць праблемай саміх беларусаў?
    Вік: Мы скончылі з «халоднай вайной», з савецкім інтэрвэнцыянізмам у Сярэдняй Эўропе — Чэхіі, Славакіі, Вугоршчыне, Польшчы, адбылося аб’яднаньне Нямеччыны. У 1990 годзе мы сумесна падпісалі ў Капэнгагене Каталёг дэмакратычных прынцыпаў, сярод якіх былі свабодныя й дэмакратычныя выбары, правы чалавека, незалежныя суд і мэдыі. Потым у Парыжы была прынятая Хартыя, якую падпісалі краіны былога Варшаўскага пакту і НАТО. Па ўсёй Эўропе, ад Атлянтыкі да Ўралу, вядзецца назіраньне за выкананьнем гэтых прынцыпаў. Мы канстатуем, што Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі вельмі аддаленая ад усяго гэтага. I таму ў кампэтэнцыі эўрапейскіх арганізацыяў, уключна з Радай Эўропы і Эўразьвязам, нагадваць Беларусі пра неабходнасьць адпавядаць дэмакратычным нормам. У меншай ступені гэта дасягаецца праз дыялёг з афіцыйным Менскам, у болыпай — праз супрацоўніцтва зь сілайі грамадзянскай супольнасьці.
    Пасьля выбараў 2000 і 2001 гадоў Беларусь стала палітычна расколатай краінай. У часе мінулых прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка атрымаў мінімальную большасьць. Цяпер яго папулярнасьць яшчэ больш зьнізілася, што даказваюць апытаньні падчас рэфэрэндуму. Яны таксама паказваюць, што беларускае насельніцтва не зацікаўленае ў тым парадку, які стварыў Лукашэнка. Магчыма, для вэтэранаў, пэўных грамадзкіх слаёў, асабліва ў правінцыі, гэта нармальны парадак, аднак для большасьці насельніцтва — гэта анамалія. Калі б эканамічна ў краіне быў сапраўдны ўздым, то не спатрэбіліся б фальсыфікацыі падчас апошніх выбараў і рэфэрэндуму.
    Дракахруст: Калі Эўропа прыме нешта падобнае да амэрыканскага «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі», ці ня выкліча гэта ў беларускім грамадзтве рэакцыю, адваротную чаканай — прывядзе да росту падтрымкі Лукашэнкі?
    Вік: Такое пытаньне, я думаю, нават не стаіць. Усе гэтыя захады дзейнічаюць ужо некалькі гадоў пасьля першага рэфэрэндуму, калі ў Беларусі быў усталяваны аўтарытарны рэжым. Сёньня беларускае насельніцтва добра ставіцца і да Расеі, і да краінаў Эўразьвязу. Сёньня ніхто не выключае для Беларусі пэрспэктывы сяброўства ў Эўразьвязе. Стаўлен ьне да Эўропы ў Беларусі за апошнія 8 гадоў істотна зьмяніліся. I важную ролю адыгрывае той момант, што Беларусь зьяўляецца непасрэдным суседам Зьвязу.
    Дракахруст: Спадар Вік прыгадаў, што пэўныя санкцыі адносна Беларусі пачалі дзейнічаць яшчэ пасьля першага канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году. Тады Палата прадстаўнікоў не атрымала месца ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, у Асамблеі быў рэпрэзэнтаваны Вярхоўны Савет — дакладней, яго дэпутаты, якія не пагадзіліся з вынікамі рэфэрэндуму і не ўвайшлі ў Палату прадстаўнікоў. 3 прычыны недэмакратычнасьці рэфэрэндуму і выбараў 17 кастрычніка 2004 году ці ня можа быць зьменены статус новаабранай Палаты прадстаўнікоў у Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ?
    Нольтэ: У мяне пакуль няма ніякай інфармацыі, як Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ будзе разглядаць надалей пытаньне сяброўства Беларусі ў сваім складзе. Цяпер, наколькі я ведаю, няма нейкіх праўных магчымасьцяў зьмены статусу. Што да мяне, то я не магу адназначна сьцьвярджаць, было б гэта добра ці дрэнна. Я перакананая, што ў любым выпадку беларускаму кіраўніцтву трэба выразна даводзіць, што
    яго антыдэмакратычная палітыка — непрымальная. Заўсёды хочацца мець апошнюю надзею на тое, што ўсё ж існуе нейкі ўзровень, на якім можна весьці перамовы. Вядома, на вялікі посьпех тут ня варта спадзявацца. Але ж трэба ўлічваць, што Беларусь больш не належыць да нейкіх іншых эўраструктураў. АБСЭ і яе Парлямэнцкая Асамблея — адзіныя эўрапейскія структуры, у якіх Беларусь засталася.
    Дракахруст: Пасьля галасаваньня 17 кастрычніка ў апазыцыйных колах Беларусі атрымала распаўсюд думка, што шляхам выбараў немагчыма вырашыць праблемы Беларусі. Гэтая выснова здаецца вельмі важнай у любых дыскусіях адносна 2006 году. Пытаньне Гансу-Георгу Віку: ці згодны ён зь меркаваньнем, што з дапамогай выбараў беларускія праблемы вырашыць немагчыма?
    Вік: Самае важнае, каб у межах грамадзянскай супольнасьці ствараліся контуры палітычных і грамадзкіх альтэрнатываў, якія ў любы момант, калі ў гэтым будзе неабходнасьць, прыйдуць на зьмену ўрадавым праграмам. Выбары — гэта адзін са шляхоў да пераменаў. Было б вельмі важна, каб у часе выбараў функцыянавала разгалінаваная сыстэма незалежнага назіраньня, каб праводзіўся паралельны падлік галасоў, экзыт-полы і гэтак далей. Выбары — гэта натуральная, арганічная форма зьмены ўлады, аднак ва ўмовах Беларусі могуць быць выкарыстаныя іншыя формы — адстаўка, штосьці іншае. Але ж падкрэсьлю: самае важнае цяпер — гэта здольнасьць грамадзтва да дзеяньняў. I менавіта на гэтым моманце трэба канцэнтравацца, а не спэкуляваць на тэму, пры якіх уладных перастаноўках магчымыя палітычныя перамены.
    Эўропа як тэма прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году
    Дракахруст: Сярод тых беларускіх дэмакратычных палітыкаў, якія ўсё ж спадзяюцца на перамены ў выніку прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, няма адзінства наконт таго, як гэтага посьпеху дасягнуць. На апошніх парлямэнцкіх выбарах поўнага аб’яднаньня апазыцыі не адбылося. Прынамсі фармальна, паводле вэрсіі кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Міколы Статкевіча, прычынай гэтага сталася тое, што кааліцыя «Пяцёрка +» адмовілася прыняць канцэпцыю «Эўрапейскай кааліцыі», што пытаньне эўрапейскага выбару мусіла быць галоўным лёзунгам перадвыбарчай кампаніі. Як вынікае з апошніх заяваў спадара Статкевіча, ён і на прэзыдэнцкія выбары будзе прапаноўваць тую ж ідэю.
    Раманчук: Калі б мы, сядаючы за стол перамоваў, запатрабавалі, каб у супольнай перадвыбарчай плятформе было напісана, што лібэралізм — мэта Беларусі, гэта было б пазыцыяй канфрантацыі. Нашыя супярэчнасьці са спадаром Статкевічам і партыяй БСДП зусім ня ў тым, што нібыта мы прынцыпова разыходзімся ў пытаньні, ці павінная Беларусь быць сябрам Эўразьвязу. Мы разыходзімся ў прыярытэтах: на наш погляд, дэмакратычныя сілы Беларусі павінныя вырашаць адно пытаньне, на погляд спадара Статкевіча — другое. I ён суне гэтую эўрапейскую карту туды, куды яна не пасуе: мы гуляем у прэфэранс, а ён спрабуе гуляць у падкіднога. Па сутнасьці, такі падыход разбурае падмурак нармальных адносінаў якраз з Захадам. Бо калі Захад чуе Статкевіча, што задача № 1 для Беларусі — гэта эўрапейская інтэграцыя, Захад шарахаецца ад такога падыходу. Статкевіч такім чынам не набліжае Беларусь да Эўропы, а ізалюе Беларусь ад Эўропы.