Андрэй за ўсіх мудрэй
Выдавец: Юнацтва
Памер: 148с.
Мінск 1983
— Ды не, не тая,— не здаецца Іван.— Ваша вам засталася. Я чужых не бяру.
— Няхай сабе і так,— кажуць швагры,— але ты нам пераступі гэтую. Мы табе што хочаш дамо.
I як пачалі прасіць—рады няма. Здаўся Іван:
— Добра, бярыце, але адрэжце мне за яе па мезенаму пальцу з правай рукі.
Шкада было шваграм пальцаў, ды Іван цвёрда на сваім стаіць. Параіліся швагры між сабою.
— Што ж,— кажуць,— дактары ў нас свае, лекі свае — як бачыш усё загоіцца: адрэжам па пальцу!
Вярнуўся Іван дадому ні з чым.
— Скажы хоць, дзе ты бацькаву кабылку падзеў? — пытаецца жонка.
— Як дзе? Здохла! Што ж ты думаеш: сам ехаў ды яшчэ бязменішча гэткі вёз...
Праз колькі часу прыводзяць швагры тую кабыліцу. Рады, што і не выказаць: вядома, царства цяпер ім будзе!
Тут ужо трэба цару паперу пісаць — царства зяцям перадаваць.
— He,— кажа цар,— я перадумаў. He ўсё яшчэ вы зрабілі. Ёсць у адным царстве, у адной старане, за сінімі марамі, за высокімі гарамі, леў. Сядзіць ён пры студні, дванаццаццю ланцугамі прыкуты. А яму, як дзень, так ноч, дванац-
цаць чалавек ваду са студні цягаюць; леў усю яе выпівае і ўсе хваробы і з народу і са скаціны ў сябе ўбірае. Калі вы гэтага льва дастанеце і прывядзеце ў наша царства — тады ўсё ваша будзе!
Падумалі швагры: «Можа, дурань і гэтага льва дастане, а мы ўжо як-небудзь у яго вымарачым».
— Добра,— кажуць,— прывядзём ільва!
Сабраліся і паехалі. А жонка напала на Івана:
— I што ты, дурань, сабе думаеш? Ляжыш толькі ды на жалейцы іграеш. Бачыш, швагры вунь па льва паехалі. Бацька ім усё царства адпіша, а мы з табою жабраваць пойдзем!
— Ах, любая жонка,— кажа Іван,— хіба ж людзі не жабруюць? Неяк будзем жыць і мы.
Жонка на гэтым і супакоілася.
Вось пражылі яны з месяц ці два, Іван зноў просіць жонку, каб ішла да бацькі па кабылку.
— He,— кажа жонка,— цяпер ужо не пайду. Калі хочаш — выпраўляйся пехатою: усё роўна адзін з цябе толк!
Іван спрачацца не стаў, развітаўся з жонкаю ды рушыў у дарогу. Выйшаў у чыстае поле, паклікаў сваіх коней. Сівы конь і кажа яму:
— Цяпер ты паедзеш на гнедым. Як пад’едзеш да сталіцы, каня пускай, а сам ідзі да
студні і скажы, што ты адзін бярэшся льва паіць. А калі цар нойме цябе, дык не спі ў шапку. Вось табе малаток — ён любы ланцуг разаб’е...
Ці доўга Івану — гадзіны за тры апынуўся ён каля студні.
— Добры дзень, малайцы! — прывітаўся Іван да работнікаў, што ваду чэрпалі.
— Добры дзень!
— Цяжка вам тут працаваць?
— Ой цяжка!
— Дык давайце я за вас адзін буду льва паіць.
— Што ты! — адказваюць работнікі.— Нас дванаццаць і то не спраўляемся.
— Нічога, я спраўлюся. Далажыце вашаму Цару.
Пайшоў старшы работнік, далажыў цару. Цар зарадаваўся: аднаму менш плаціць трэба.
— Пастаўце яго,— кажа цар,— на тры дні: справіцца адзін, тады і дамаўляцца будзем.
Работнікі адышліся ад студні, а Іван ухапіўся за работу. I так у яго гладка пайшло, што лепш і не трэба.
Старшы работнік пабег да цара.
:— Дзіва!—кажа.—Леў не паспявае ўсяе вады выпіць, што ён адзін падае.
— Ну што ж,— кажа цар,— паглядзім яшчэ, як заўтра будзе.
Уночы Іван кажа льву:
— Ведаеш што: давай уцячом адгэтуль.
У маім царстве табе лепш будзе.
I так расхваліў ён сваё царства, што леў адразу згадзіўся ўцякаць з ім.
— Толькі,— кажа леў,— ты не адарвеш ланцугоў, якімі мяне да студні прыкавалі.
— Нічога, адарву.
Узяў Іван малаток, як стукнуў, дык і рассыпаўся адзін ланцуг. Дванаццаць разоў стукнуў — дванаццаць ланцугоў рассыпалася.
Сеў тады Іван на льва і памчаўся ў сваё царства. Сустракае па дарозе швагроў. Убачылі тыя, што Іван на льве едзе, пачалі яго маліцьпрасіць.
— Аддай нам гэтага льва...
— Ого,— не згаджаецца Іван,— усё вам ды вам! Дайце ж і мне хоць каго прывесці да цесця. A то вунь жонка мяне лае: кажа, вы царства будзеце мець, а нам жабраваць давядзецца.
— Мы табе, Іване, што хочаш дамо, аддай толькі нам ільва.
I гэтак пачалі ўгаворваць, што Іван здаўся.
— Добра,— кажа,— але цяпер я з вас даражэй вазьму: выражце мне па палосцы скуры са спіны...
Швагры не сталі пярэчыць. «Дактары свае, лекі свае — залечым,— думаюць.— Затое цяпер
ужо напэўна царства будзем мець. А тады і старога цара і дурня гэтага вытурым прэч!»
Узяў Іван дзве палоскі скуры, скруціў у трубачкі ды паклаў у сваю каліту. Потым, як ад’ехаліся швагры з ільвом вярсты дзве, паклікаў гнедага каня, сеў і гайда дамоў!
Вярнуўся Іван дадому.
Слугі царскія смяюцца з яго.
— Вось,— кажуць,— за тры дні па льва пехатою схадзіў. I куды дурню за разумнымі пяцца!
А жонка плача:
— Што ты сабе думаеш? 3 цябе людзі смяюцца.
— Няхай смяюцца: не ўсім жа плакаць!
— Нябось паплачаш, як бацька шваграм царства адпіша, а нам нічога не будзе.
— Ат, навошта нам тое царства! Дасць які кавалак зямлі, і хопіць з нас.
Жонка і супакоілася: не будзеш жа ўвесь час плакаць! Слёз не хопіць.
Прыводзяць швагры таго заморскага льва — з музыкай, з песнямі. 3 усяго царства пазбіраліся князі ды паны дзіва глядзець. А цар ад радасці такі баль наладзіў, што свет не бачыў.
Тры дні і тры ночы балявалі. А як скончыўся баль, паклікаў цар зяцёў. Прыйшлі да яго зяці з жонкамі і меншая царская дачка. Толькі Іван не пайшоў.
— А дзе ж твой дурань? — пытаецца цар у меншай дачкі.— Чаму ён не ідзе? Хоць бы паслухаў, як я царства дзяліць буду.
Пайшла яна па мужа:
— Іван, ідзі да бацькі, паслухай, як там і што.
— А чаго мне хадзіць?
— Пайдзі папрасі ў яго хоць кавалак зямлі.
Пайшоў Іван у царскі пакой, стаў ля парога і стаіць.
Цар кажа да старэйшых зяцёў:
— Вось, зяці мае любыя, аддаю я вам усё сваё царства, а сам застаюся ў вас на ласкавым хлебе. Будзеце мяне карміць па чарзе да смерці.
— Дзякуем, татулька,— пакланіліся зяці.
— А мне што даеш, бацька? — пытаецца Іван з парога.
— Нічога табе не даю! На печы царства не зарабляюць.
Іван паглядзеў на швагроў і кажа:
— А яны што такога зрабілі, што ты ім царства аддаеш?
— Як што? — здзівіўся цар.— Яны мне заморскія дзівы дасталі.
— Дзе дасталі? У мяне выенчылі! Паглядзі, бацька, ці ёсць у іх на правых нагах мезеныя пальцы.
— Ану, скідайце боты!—загадаў цар зяцям.
Зяці скінулі — праўда: няма ў іх на правых нагах мезеных пальцаў.
Адкрыў Іван сваю каліту і дастаў адтуль пальцы.
— Вось яны! Гэта за свінку я ў іх узяў. А цяпер паглядзі, бацька, ці ёсць у іх на правых руках мезеныя пальцы.
Паглядзеў цар — няма! А Іван з той жа каліты іх дастае:
— А гэта — за кабыліцу я ў іх узяў. Але ж яны цябе ашукалі: прывялі толькі дзевяць коней. А дзе ж яшчэ тры?
— Але,— пачухаў цар патыліцу, — ашукалі: не хапае трох коней...
Тут Іван выйшаў з палаца, крыкнуў поўным голасам, свіснуў маладзецкім посвістам — і сталі перад ім тры залатагрывыя кані. Цар аж вочы вытрашчыў. А зяці як палатно збялелі.
— А цяпер,— кажа Іван,— паглядзі, бацька, на спіны сваіх зяцёў: ці цэлыя яны?
Паглядзеў цар: не хапае па палосцы скуры...
Іван выняў з каліты дзве палоскі, прыклаў да спін — іх скура!
— Гэта, бацька, я ім за льва памятку зрабіў.
Бачыць цар: усё праўда! Прагнаў ён сваіх зяцёў-ашуканцаў, а Івану ўсё царства аддаў.
Жыў дзед з бабай. Былі яны вельмі бедныя: ні насіць няма чаго, ні варыць.
Вось баба і кажа дзеду:
— Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, ссячы дубок, завязі на рынак, прадай і купі гарчык мукі. Спячом хлеб.
Сабраўся дзед, паехаў у лясок, пачаў секчы дубок. Выскачыў з дуба каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзед, дзед, што табе трэба?
— Ды вось, кдточак, мой галубочак, паслала мяне баба ссекчы дубок, завезці на рынак, прадаць і купіць гарчык мукі на хлеб.
— Едзь, дзед, дахаты: будзе ў вас мука!
Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго мукі повен засек!
Спякла баба хлеб, сама наелася, дзеда накарміла ды кажа яму:
— He шкодзіла б цяпер і заціркі наварыць. Ды солі няма. Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго солі.
Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзед, дзед, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ёсць — солі няма!
— Едзь, дзед, дахаты, будзе соль!
Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго солі цэлая дзежка стаіць!
Наварыла баба заціркі, сама наелася, дзеда накарміла ды кажа яму:
— He шкодзіла б цяпер і капусты паспытаць. Вастры, дзеду, тапарок, едзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго капусты.
Навастрыў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзед, дзед, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ёсць, соль ёсць — капусты няма!
— Едзь, дзед, дахаты: будзе капуста!
Прыехаў дзед дахаты, а ў яго капусты поўная кадушка!
Баба кажа:
— Ай, як добра! Вось каб цяпер яшчэ сальца... Мы б з табою капусты наварылі, сальцам закрасілі б. He палянуйся, дзеду: вазьмі тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго сальца.
Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзед, дзед, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак: просіць баба яшчэ сальца да капусты.
— Добра, дзед, едзь дахаты: будзе сала!
Прыязджае дзед дахаты, а ў яго сала цэлы кубелец! Рады дзед, рада баба. Сталі яны жыць ды пажываць, дзецям казкі казаць.
I цяпер жывуць, хлеб жуюць, капустаю з салам закусваюць.
Вось вам казка, а мне абаранкаў вязка.
СТРАЛЕЦ I РЫБАК
Былі ў бацькі два сыны. Выраслі яны як дубы, а бацьку ўсё няма палёгкі.
Большы, праўда, старанны быў хлопец, ды вось бяда: змалку ўсё розныя пасткі майстраваў, а як падрос, дык дастаў сабе стрэльбу і не разлучаецца з ёю. Людзі на работу ідуць, а ён стрэльбу на плячо ды шмыг у лес ці на балота. Цягаецца ўвесь дзень, дахаты ж з пустымі рукамі ідзе, галодны як воўк. Топча лапці, а прыбытку ніякага. Калі ж часам і ўпалюе якое зайчаня, дык хутчэй нясе пану, каб той даў пораху.