Апавяданні
Іван Чыгрынаў
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 207с.
Мінск 2007
Машына спынілася ля пякарні, амаль у самым цэнтры гарадка, дзе жылі заатэхнікавы сваякі, і заатэхнік першы вылез з кабіны, глянуў у кузаў на валоў і, нібы нечакана ўбачыўшы там старую жанчыну, зарагатаў. Тады і яна нібы ачомалася, заварушылася між валоў і пачала прабірацца да задняга борта.
I шафёр вылез з кабіны. Гэта быў таксама не свой, а прышлы, і яна яго не ведала, хоць некалькі разоў бачыла ў вёсцы, калі той праязджаў па вуліцы на машыне. Шафёр абышоў машыну, пастукаў ботам па коле.
— He змерзла, цётка? — спытаў ён.
— Дзякуй табе, дзетка. Падабраў, даў бог, даехала.
Яна хацела даць грошы, але шафёр пачырванеў і адмовіўся. Тады яна паправіла свой хатыль на спіне і, узрадаваная, пайшла да сквера, за якім былі магазіны. На станцыю яна цяпер ужо не спяшалася і
паехала туды аўтобусам толькі пасля абеду, калі асталося гадзіны дзве да прыходу цягніка з Варажбы. Дзіва, але сёння яна чамусьці не адчувала ў сабе ніякай стомы — столькі пахадзіла, столькі пацерлася, а трымалася, як маладая.
На станцыі народу было небагата, і яна хутка пазнала там сваю знаёмую — Куліну Карзянкову з Баханоў. Быў час, калі яны разам жылі і разам гулялі на вечарынках. Куліна пазнала яе таксама і кінулася да яе, пасля пацягнула на пустую лаўку, далей ад акенца білетнай касы.
— Якая неспадзеўка, якая неспадзеўка! — пляскала рукамі Куліна.— Ты таксама на таксі прыйшла садзіцца? — Яна і праўда была вельмі рада.— Сёння дажджу няма, таксі павінна пайсці. Гэта ўчора нешта ў ім паламалася. Але ж, пэўна, паспелі паправіць. Цягнік гэты вось як прыйдзе, тады і таксі паедзе. Нас тут небагата. Забярэ ўсіх.
— А я не дамоў.
— ПІто ж гэта?
— Сын жа ў мяне ў горадзе. Да нявесткі з’ездзіць надумалася.
— Значыць, к сыну едзеш...— Куліна сказала гэта нібы з неахвотай і раптам пацішэла, як збянтэжаная.— А мае развяліся,— сказала яна праз момант і паківала галавою.— He ўжыліся. Але я дык свайго не віню. Гэта, мусіць, тая...— Счакала трохі і зноў пачала: — Казала ж дурню, бяры якуюнебудзь ад нас, цішэй будзе. Дык не, пагнаўся за гарадской. А што яны там, гарадскія, могуць? Hi цягавітасці, ні руплівасці. А твой што, таксама на гарадской жанаты?
— Ага, у горадзе жыла.
— А як жа яны, дружныя?
— А хто іх там ведае? Гэта ж каб з імі жыў, то знаў бы. А так — не жаляцца, ну і слава богу.
— Але ж яны там, у горадзе, адразу як лейчына пападае пад хвост, то і бягуць разводзіцца. Бывала ж, самі таксама жылі, і пасварышся, не без таго, нават з сінякамі паходзіш, і ты яму, і ён табе, але ж маўчыш, бо жыць трэба. А гэтыя адразу бягуць па судах. Сходы нейкія прафсаюзныя выдумалі, суды, сядзяць там і судзяць адзін аднаго. А які суд можа быць між сваімі? Паліваюць там адзін аднаго гразёю. Вядома, калі людзі пасудзяць языкамі, то жыць не захочаш, ну, то і... разводзяцца. Гэта ж добра, што Бог пакуль засцярог ад гэтага вёску.
* * *
У горад яна прыехала на другі дзень к вечару. Ішоў дождж, і ёй доўга не ўдавалася сесці на аўтобус. Яна ўжо ведала, на які ёй трэба садзіцца, каб трапіць у новы мікрараён; нават падказалі людзі, дзе бульвар Каліноўскага; але кожны раз, як яна спрабавала зайсці ў аўтобус, яе адпіхвалі ўбок — людзей на прыпынку было многа, таму, можа, што ішоў дождж, і ўсім чамусьці трэба было на адзін аўтобус. Спярша яна была разгубілася і пакрыўдзілася на людзей, але неўзабаве нехта падказаў ёй, каб заходзіла ў аўтобус праз пярэднія дзверы. Яна так і зрабіла. У аўтобусе нейкая добрая душа ўступіла ёй сваё месца, і яна села ля акна, паклаўшы хатыль на калені. Плюшаўка яе размякла на дажджы, і да яе цяпер брыдка было дакрануцца. Народу ў аўтобусе было паўнютка, людзі шумелі, чамусьці лаяліся з правадніцай, а тая таксама не давала спуску і ўсё казала, каб яны гаварылі пра гэта не ёй, а старшыні гарсавета. Седзячы ехаць было ўтульна, хоць і цеснавата. Побач сядзеў нейкі гарадскі дзядзька. Ён цяжка, са свістам у грудзях, дыхаў, але яна не вельмі слухала і ўсё глядзела праз акно на гарадскія
вуліцы, якія ўжо свяціліся, як размаляваныя. Яна бачыла людзей, якія, нягледзячы на макрэчу, хадзілі па вуліцы і, здаецца, нават не спяшаліся.
Аўтобус доўга кружыў па горадзе, быццам на адным месцы, і ёй здавалася, што ён будзе ехаць цэлую ноч.
За спіною ў яе нехта пачаў наракаць:
— Цяпер не дачакаешся сухога. Будзе да самага снегу ліць без перашчуку.
Але другі чалавек супакоіў:
— He, гэта ненадоўга. Перадавалі сёння, што маразы пачнуцца.
— Лепш ужо маразы, чым гэтак.
Нарэшце правадніца крыкнула:
— Наступная — бульвар Каліноўскага.
Яна была ўсхапілася са свайго цёплага месца. Але дзядзька, які ўсю дарогу праехаў з ёй, павярнуўся да яе і сказаў:
— Мне таксама цяпер сходзіць.
Тады яна села зноў, але ўся насцярожылася, быццам не паверыла чалавеку. Нарэшце дзядзька таксама заварушыўся, падняўся. Аўтобус спыніўся, і людзі, прыціхшы пад канец, зноў зашумелі, пачалі пасоўвацца да дзвярэй.
Яна выходзіла з аўтобуса апошняя.
Дождж, мусіць, не збіраўся перашчукаць.
Вуліца тут ужо не так свяцілася, як у цэнтры горада. Хоць і гарэлі ўсюды ліхтары, але было цёмна навокал.
Яна адышлася трохі далей ад аўтобуса, пачала азірацца. Трэба было шукаць той дом, дзе жыла нявестка. Тым часам людзі, з якімі яна ехала, хутка разыходзіліся, хаваючыся за дамамі. Яна пастаяла яшчэ ля аўтобуса, нібы баялася адысціся ад яго, каб не згубіцца, пасля перайшла вуліцу і падалася за людзьмі.
— Дзе тут сто пятая кватэра? — спытала яна ў чалавека, які ўжо адчыняў дзверы ў пад’езд.
Чалавек спыніўся, падумаў і спытаў:
— А па якой вуліцы?
— Па гэтай, па Каліноўскай.
— А дом які? Які нумар дома?
— Дваццаць сёмы.
— Тады гэта праз дом. Вось ідзіце туды.
Яна прамінула адзін дом, падышла да другога. Людзей не відаць было. Нават спытаць няма ў каго. Тады яна зайшла ў пад’езд ад дажджу, спадзеючыся таксама, што хто-небудзь выйдзе.
Хвілін праз дзесяць яна ўсё ж адважылася і пастукала некаму ў дзверы.
— Хто там? — пачулася з кватэры.
Яна разгубілася і сказала:
— Гэта я.
Але дзверы не адчыніліся.
— Хто ты? — дапытваўся мужчынскі голас з-за дзвярэй.
Нарэшце яна сабралася і сказала:
— Мне сто пятую кватэру.
— Так бы і гаварыла,— з палёгкай уздыхнуў нехта за дзвярмі.— Гэта ў чацвёртым пад’ездзе.
Сто пятую кватэру яна знайшла на пятым паверсе.
Адчыніла ёй нявестка. Спачатку нявестка быццам і не пазнала свякрухі, але, пазнаўшы, здаецца, не абрадавалася.
— Што гэта вы так раптам? — паціснула плячамі нявестка.
— Надумалася вось і прыехала,— сказала свякруха.
Нявестка прапусціла яе ў калідорчык.
— Распранайцеся тут.— I зноў сказала, як недавольная: — Такая мокрая ўся.
Свякруха сцягнула з сябе сваю плюшаўку і, як прысаромленая, здранцвела ў калідорчыку. Тады нявестка ўзяла з яе рук мокрую апратку і занесла на кухню.
— А на ногі надзеньце Андрэевы тапкі,— сказала нявестка.
Свякруха патрохі пераадзелася, зайшла ў пакой. Яна і да гэтага ведала, што ў сына кватэра на адзін пакой. Казаў, што на два пакоі не дайшла чарга. У кватэры было чыста і цёпла. Пасярэдзіне стаяў круглы стол, засланы абрусам. Ля сцяны, бліжэй да акна, былі выстаўлены крэслы. На невысокім століку амаль на куце стаяў прыёмнік. Акно было занавешана — ад столі да падлогі — клятчастай занавескай.
— А дзе ж мая Ніначка?
— Ды вось, на канапе,— паказала нявестка.
Сапраўды, на канапе, якая была ля сцяны, што насупраць акна, сядзела з кніжкаю ў руках маленькая дзяўчынка і насцярожана глядзела на госцю сваімі бліскучымі вачанятамі.
— А мая ж ты ўнучачка! Дык ты ўжо і чытаеш?
— Малюнкі гляджу,— сказала дзяўчынка.
— А бабку сваю пазнала?
— Бабка паехала ў Маскву, да Генкі.
— Што ты там гаворыш? — паправіла Ніну недавольная маці.— Гэта таксама твая бабка.
— Мая? — здзівілася дзяўчынка.
— Пастой-тка, вось я дам зараз табе цукерак, тады ты па-другому загаворыш...
Але цукеркі дзяўчынка не стала есці, паклала побач з сабой і зноў пачала гартаць кніжку. Пасля сказала:
— А мне баба Каця прыносіла, як ехала да Генкі, вафлі і дзве шакаладкі.
— I я табе заўтра куплю шакаладку. Ну, хадзі да мяне.
Дзяўчынка не паварушылася. Тады бабка сама памкнулася ўзяць яе на рукі. Але ўнучка раптам заплакала. 3 кухні на плач яе выскачыла маці, падхапіла дачку на рукі і пачала суцяшаць яе:
— Ну, што ты, маленькая мая, гэта ж праўда твая бабка, не палохайся.
Дзяўчынка супакоілася, і маці яе сказала:
— Будзем піць чай, a то наша бабка з дарогі, холадна ёй.
— Я ўжо нагрэлася,— сказала свякруха.
— А што гэта вы такім надвор’ем надумаліся ехаць? — спытала нявестка.
— Каб жа знаццё, што яно такое будзе, то ўжо і не паехала б. Але ж Андрэй прыслаў пісьмо...
— Што ён там такое напісаў?
— Нічога, але я падумала, што чалавек трывожыцца за сям’ю. Дык вось і прыехала.
— А што сям’я? Я цэлы дзень на рабоце, а Нінка Ў садзіку.
— Гэта добра, але ж яму, пэўна, рупіць там...
Ужо за сталом дзяўчынка спытала:
— А ты, мама, тэлевізар пойдзеш сёння глядзець?
— Што ты гаворыш? — як ад прыкрасці, паморшчылася яе маці.— Маме тваёй няма калі дыхнуць. Вось і бабка твая прыехала.
— А я паглядзела, як вы тут жывяце, магу заўтра і назад збірацца,— пакрыўдзілася раптам свякруха.
— Што вы, што вы! Я не падганяю вас,— нібы спахапілася нявестка.— Жывіце ў нас.— I закрычала на дачку: — Я вось зараз пастаўлю цябе ў кут. Ты ў мяне пагаворыш!
Дзяўчынка прыціхла, нагнулася над сваім кубкам. А маці яе стала апраўдвацца.
— Дзеці растуць хутка,— сказала свякруха.
Дзяўчынка пасядзела трохі насупленая, потым падняла вочы на бабку і спытала:
— А вы праўда мая бабка?
— Ці ж ты мяне не помніш?
— He.
— А як прыязджала да мяне і з таткам і з мамкай?
Дзяўчынка перавяла позірк на сваю маму:
— Праўда, мама?
— Праўда.
— Але ж ты ніколі не гаварыла, што ў мяне ёсць другая бабка.
* * *
Уначы яна прачнулася на кухні ад таго, што раптам на ўсю кватэру рыпнула пад ёю раскладушка, на якой паклала яе спаць нявестка. Хацела павярнуцца на другі бок, але раскладушка пачала рыпець зноў, і яна спалохалася, каб, крый бог, не разбудзіць нявестку і ўнучку.
Ляжала, не варушылася і думала, як хутка, можа, нават заўтра, паедзе на станцыю па білет: у аўтобусе ўчора гаварылі пра маразы, якія нарэшце пачнуцца, дык трэба спяшацца дамоў — у яе на гародзе яшчэ сядзелі ў зямлі буракі. Але пра гэта думалася без сялянскай нецярплівасці, быццам цяпер яна засынала ў сваёй вясковай хаце, на печы, а не на раскладушцы ў кухні ў сынавай гарадской кватэры.