Апавяданні  Іван Чыгрынаў

Апавяданні

Іван Чыгрынаў
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 207с.
Мінск 2007
40.26 МБ
1966
ЗА ТРЭЦІМ РАЗАМ
Пра гэта расказваў майму знаёмаму, былому старшыні сельсавета, ажно тры разы адзін і той жа чалавек. А знаёмы ўжо мне, калі ездзілі нядаўна ў Латакі.
— Няйначай,— казаў ён,— чалавек той, можа, і сам не помніў, што раней гаварыў. Цяпер яго няма на свеце.
Быў ён у нашых Латаках прышлы, а з’явіўся тут недзе адразу пасля вайны. Звалі яго Парфёнам, і прозвішча ён меў зусім мясцовае — Канапелькін. У Латаках з такімі прозвішчамі было ажно ці не дзесяць двароў. Прынамсі, я добра помню цяпер, як у першую за вайною восень хадзіў ён па нашай вёсцы ўжо брыгадзірам, з «казой» на плячах. Мне чамусьці найчасцей выпадала бачыць Парфёна, калі ён шыбаваў з самага канца вёскі, дзе жыў, у Чыкавы печы. Там знаходзіліся так званыя наддаткі, гэта значыць, палосы, якія яшчэ ў дваццатыя гады наразалі сялянам з панскай зямлі да асноўных надзелаў. Спярша зямля там была ворная, але гадоў праз колькі, здаецца, са згоды ўсяе вёскі, залужэла, і пры калгасах на ёй ужо разлівалася шырокае мора каляровай аўсяніцы. He чапалі ў Чыкавых печах зямлю і ў акупацыю, калі зноў дзялілі палеткі на двары; няйначай, шкода было людзям пазбаўляцца багатай сенажаці, густога травастою, дарма што зноў усё перамералі на палосы. Але гэта так, паміж іншым.
Цяпер я спрабую хоць збольшага прыгадаць тое, што ведаў пра Парфёна Канапелькіна. Так, сапраўды, ён быў, як кажуць у нас, прышлы. Але ж не прымак, дакладней, не прыставаў да нашай кабеты, каб завесці сям’ю, хоць у вёсцы пасля вайны хапала і вольных удоў, і маладых дзяўчат, якія паспелі падрасці, і перастарак, якія патрохі дзічэлі без жаніхоў-аднагодкаў, што пайшлі па мабілізацыі ды не вярнуліся зноў. Парфён прывёў аднекуль чужую маладзіцу, вядома, для нас чужую, прывёў ледзьве не за руку, і менавіта маладзіцу, калі можна сказаць так, бо акрамя таго, што была яна маладая і прывабная, здаецца, яшчэ і ні разу не насіла ў сабе
малое. Дзеці ў іх з Парфёнам з’явіліся ўжо ў Латаках. Два хлопцы. Цяпер і іх няма ў вёсцы, падаліся кудысьці ладзіць уласнае жыццё ў другое месца, таксама як і няма Парфёнавай жонкі — не захацела заставацца адна, адразу па мужавай смерці паехала ці то да кагосьці з сыноў, ці, можа, нават туды, адкуль браў яе Парфён.
Так і не стала яшчэ адной сям’і ў Латаках, жыла, а цяпер няма. Адзін успамін сярод людзей застаўся ды Парфёнава магіла.
Калі здараецца, што я трапляю ў Латакі, то кожны раз хаджу таксама і на могілкі. Звычайная жыццёвая з’ява. У кожнага чалавека такі абавязак ёсць. Хтосьці ляжыць-спачывае з блізкіх ці родзічаў. Тады не абмінаю я і Парфёнаву магілу, тым больш што знаходзіцца яна пры самай сцежцы, што вядзе адразу з вясковай вуліцы. Нават без сыноў, без жонкі магіла заўсёды дагледжана — на Радаўніцу, да абеду, людзі кожны раз наогул папраўляюць магілы, каб не збуцвелі дачасна, не зраўняліся з зямлёй. He забываюць, вядома, і Парфёнаву, як і свае, засцілаюць ручніком і ставяць бліжэй да крыжа міску з аладкамі ці яшчэ з якой такой стравай, няйначай, усё яшчэ верачы, што душы нябожчыкаў і праўда маюць у гэтым патрэбу.
Месца для апошняга спачыну Парфёну было выбрана блізка да партызана, што пахаваны тут улетку сорак другога года. Я і таго партызана помню, маладога і кволага, яшчэ амаль падлетка; толькі помню не жывога — куля дагнала яго недзе на пераправе праз Бесядзь, але паколькі партызанскі атрад тады стаяў непадалёку ад Латакоў, у Шурышчы, хаваць забітага прывезлі ў нашу вёску. I, можа, таму, што ляжаць яны, Парфён і той партызан, блізка, амаль побач, то і на памяць на могілках прыходзяць разам, услед адзін за адным. Дзіўна, аднак бываць мне
тут паступова становіцца няцяжка, а хутчэй за ўсё з тае прычыны, што каля гэтых магіл нічога не трэба гаварыць, ніхто не вымагае ні споведзі, ні апраўдання. Да таго ж адсюль, ад гэтых дзвюх магіл, адкрываецца трохі ў нізіне ледзьве не ўся вёска, якую адразу можна пабачыць, і стары бальшак, па якім прыйшло ў Латакі і адышло зноў у свет багата народу. Па гэтым балыпаку прыйшоў у сорак пятым і Парфён Канапелькін. Быў ён адзеты ў адно летняе, бо на дварэ стаяў яшчэ жнівень, але вяскоўцаў вельмі ўразіла раптам, што разам з выцвілай, моцна паношанай салдацкай гімнасцёркай меў чалавек на сабе шыкоўныя генеральскія штаны, на якіх кідка вылучаліся шырокія чырвоныя лампасы, хоць і не надта чыстыя. Выгляд гэ^ых лампасаў проста-такі збянтэжыў нашых мужыкоў, бадай, нават падумалася сяму-таму — няйначай, сапраўдны генерал неспадзявана завітаў у глухую і далёкую вёску, дарма што не на аўтамабілі. У кожным разе, чырвоныя стужкі на дыяганалевых штанах прыцягнулі да сябе ўсю ўвагу тых, каму давялося ў той дзень пабачыць незнаёмага чалавека на вуліцы, ды так прыцягнулі, што ажно мала кім была прыкмечана маладзіца пры ім. Самому мне не выпала тады сустрэць іх, таму прыгадваю гэты момант я па ўспамінах другіх людзей, але, відаць, і праўда яно было так, бо толькі пасля ўжо, дні праз два ці тры, выявілася нарэшце, што ў прышлага чалавека да таго ж вельмі прывабная жонка, ад якой не адвесці вачэй. Сам Парфён меў характар шырокі, трохі бунтоўны, усё роўна як нават крыклівы, бо іншы раз, асабліва ўвечары, калі чалавек бываў выпіўшы, ягоны голас пачуць можна было ажно з другога канца вёскі, якая разлеглася, па старых мерках, на цэлыя дзве вярсты; яна ж, ягоная жонка, заставалася заўсёды ціхая і роўная, акурат назнарок у процівагу мужу, нібыта саромеючыся яго няўрымслівасці.
Дарэчы, звычайна такім вось чынам і падбіраюцца для добрага жыцця пары, можна сказаць нават, для зайздроснага. А зайздросціць Канапелькіным усёткі было ў чым, найперш той прыстойнасці, якой вылучаліся іх адносіны паміж сабой і з суседзямі, атрымлівалася неяк так, што мала хто ведаў, як жылі гэтыя людзі, хоць яны і не зачыняліся ні ад кога, і не таіліся. Ну, калі і не зайздросціць, то браць прыклад з іх, пераймаць у іх было што, няйначай.
Першы дзень, як прыйшлі Канапелькіны ў Латакі, ніхто не ведаў, тым больш не здагадваўся, чаго з’явіліся яны тут. Перабылі ноч у старога Піліпчыка, проста папрасіліся абначыцца, як гэта і здараецца ў падарожных людзей, у першай жа хаце, якая кінулася ім, а тады Парфён пайшоў у сельсавет, узяўся на вайсковы ўлік, а гэтым нібыта прапісаўся на сталае жыхарства. Але пасля не стаў туляцца па чужых хатах, вывез лес, які яму выпісалі ў Панках, пачаў будаваць сваё жытло. Удзень працаваў у калгасе, бо спраў па брыгадзірстве хапала, ну, а на золку, хоць, бадай, болып у вечаровае сутонне, ляпаў сякерай па зрубе, што вырастаў вянок за вянком на выгане паміж вёскай і Чыкавымі печамі. Мала чаго адступіў Парфён ад таго месца і як складваў хату на мох, балазе што і пасунуцца дужа не было куды... Далей ужо належала б рабіць расцяроб. Хата атрымалася ў яго звычайная, як і астатнія ў Латаках, бо тутэйшыя мужыкі, маючы зусім пад бокам колькі хочаш лесу, тым не менш чамусьці не замахваліся на вялікія палацы, можа, у двух ці трох гаспадароў, калі прайсці з канца ў канец вёску, і ўбачыў бы нешта незвычайнае ў гэтым сэнсе. А так — будаваліся хоць і трывала, але захоўваючы сялянскую прастату, якая з’яўлялася своеасаблівай мерай: самым прыгожым будынкам была школа, што спярша называлася школай сялянскай моладзі, пасля — сямігодкай.
Словам, была для чалавека чужой наша вёска, зрабілася сваёй; не было сям’і ў дэмабілізаванага салдата, хутка з’явілася сям’я. Але вось генеральскія штаны, пакуль будаваўся, Парфён знасіў — працёр у шмат якіх месцах, запэцкаў смалой, так што і глядзець ужо не было на што. Дзіўна, але ў Латаках людзі шкадавалі Парфёнавых штаноў, якія, як аказалася, былі ў яго адны: хто з усмешкай шкадаваў, таксама, як і ўсміхаўся тады, калі ўпершыню ўбачыў лампасы на прышлым чалавеку, хто па-сапраўднаму, можа, зразумеўшы нарэшце, што, няйначай, не толькі напаказ насіў ён іх. Ну, а як разжыўся радавы салдат імі, адкуль яны дасталіся яму,— невядома. Гэтая акалічнасць з’яўлялася тайнай, на якую, здаецца, нават ніхто не квапіўся, бо зрэзаў жа ён з гімнасцёркі тыя некалькі чырвоных і залацістых нашывак, што меў права насіць за цяжкія і лёгкія раны свае. Тым не менш жыла ў гэтым чалавеку і нейкая... ну, ці то пахвальба, ці то яшчэ штосьці такое, што можна назваць іншым словам, болып далікатным, аднак атрымаць тую ж праўду — не заўсёды мог Парфён устрымацца, каб нечым не выдаць сябе, дакладней, не вылучыць сярод іншых. Так пачулі аднойчы вясковыя і пра тое, што ён... герой. Hi больш ні менш. Генеральскія штаны яшчэ маглі дараваць яму, тут куды ні ішло. Але ж герой!.. Праўда, у вайну ўсе былі героі. Найперш, канечне, тыя, што палеглі ў бітвах... Бо ў кожнай пахавальнай, якія прыходзілі з фронту, пісалася: «Ваш сын (муж) ... загінуў смерцю героя...» Іначай тады не гаварылі над магіламі і не пісалі ў пахавальных... А ці ж той, хто прайшоў вайну і застаўся жывы, не быў таксама героем?.. Таму і адносіны да героя, геройства былі асаблівыя. У кожным разе, пасля вялікага і ўсенароднага гераізму людзі нібыта саромеліся гаварыць так, ужываць словы, якія гучалі адным часам і высока, і звычайна.
Іншая справа тыя, хто сапраўды атрымліваў гэтае званне паводле Указа Вярхоўнага Савета...
Адным словам, трапіў Парфён наш са сваім геройствам на языкі, пачаліся кепікі — за вочы, a то і ў прысутнасці, дарма што быў ён пры пасадзе, гэта значыць, у тых умовах не бяспраўным чалавекам, у якога хапала сродкаў прымусіць прыціхнуць хоць каго. Асабліва, бывала, пасміхаліся з брыгадзіра браты Варывончыкі. Іх жыло трое ў Латаках. I ўсе яны былі нежанатыя. Але ўсе як адзін былі таксама і лайдакі, нават разам узятыя — лайдакі і задзіры. У чым гэта выяўлялася? Мяркуйце самі. Па-першае, працаваць у калгасе ні адзін з іх не хацеў. I Парфёну шмат каштавала голасу, каб іншы раз вытурыць на работу. За гэта яны і не любілі брыгадзіра. Прызнацца, ён іх таксама не шанаваў. Спытаеце — чым жылі Варывончыкі? Звычайна. Зрабілі самагонны апарат і давалі яго па чарзе тым, хто рашчыняў брагу. А былі і такія ў Латаках, што самі баяліся гнаць самагон, няхай нават і патрэбу мелі ў ім, тады прасілі заняцца гэтым братоў Варывончыкаў, і тыя ў прысутнасці гаспадароў ціснулі за адпаведны рахунак «кустоўку». Але быў у іх і іншы занятак, праз яго яны і падтрымлівалі сваё матэрыяльнае існаванне. Напрыклад, яны ўтрох вельмі ахвотна прымалі ўдзел ва ўсіх вяселлях, якія спраўляліся не толькі ў Латаках, а і ў чужых, нават дужа аддаленых вёсках, лічы, на краі свету. Раней людзі чамусьці казалі — вяселле без бойкі гэта не вяселле: нібыта маладыя ад ціхага вяселля блага жыць стануць. Таму і запрашалі на вяселлі братоў Варывончыкаў, каб тыя знарок задраліся сярод званых гасцей ды распачыналі бойку, а там ужо ў ёй прымуць удзел усе, у каго рукі свярбяць. Між тым у канцы бойкі заўсёды высвятлялася, што найбольш даставалася ў такой справе самім жа Варывончыкам. Яны доўга хадзілі пасля з сінякамі.