Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI - XIX стст.
Генадзь Каханоўскі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 120с.
Мінск 1984
Г. А. КАХАНОЎСКІ
АРХЕАЛОГІЯ
I ГІСТАРЫЧНАЕ КРАЯЗНАЎСТВА БЕЛАРУСІ
ў XVI—XIX стст.
Навуковы рэдактар доктар гістарычных навук Л. Д. ПОБ АЛЬ
МІНСК «НАВУКА 1 ТЭХНІКА» 1984
ББК 63.3 (2Б) КЗО
Р э ц э н з е н т ы:
М. М. Улашчык, д-р гіст. навук, М. А. Ткачоў, канд. гіст. навук, М. М. Чарняўскі, канд. гіст. навук
КЗО
Каханоўскі Г. А.
Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI — XIX стст. /Навук. рэд. Л. Д. Побаль — Мн.: Навука і тэхніка, 1984,— 120 с.
У nep.: 1 р. 40 к.
Манаграфія змяшчае багаты крыніцазнаўчы матэрыял па праблемах развіцця археалогіі і краязнаўства Беларусі ў дарэвалюцыйны час, уклад у навуку 3. Даленгі-Хадакоўскага Т Нарбута, Я. і К. Тышкевічаў, А. Кіркора, У. Сыракомлі і інш. Расказана пра дзейнасць Віленскага музея старажытнасцей, Археалагічнай камісіі, некаторых прыватнаўласніцкіх музеяў. „
Разлічана на выкладчыкаў і студэнтаў, навукоўцаў, работнікау Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
0505040000—149
К 17—84
M316—84
ББК 63.3(2Б)
© Выдавецтва «Навука і тэхніка», 1984.
УВОДЗІНЫ
Зямля, на якой мы жывём, стагоддзямі захоўвае незлічоныя помнікі старажытнасці. 3 маленства яны ўваходзілі ў нашу свядомасць праз легенды, паданні і песні. Рэшткі мінулага ў выглядзе курганоў, гарадзішчаў, замкаў заўсёды захаплялі сваёй таямнічасцю. Разгадкі іх — вось стымул пазнання, які захапляе этнографаў, фалькларыстаў, а найбольш і найперш становіцца кампетэнцыяй археалогіі — навукі, якая даследуе гістарычнае мінулае па помніках старажытнасці на падставе рэчавых крыніц, здабытых у асноўным шляхам раскопак.
Першавытокам археалогіі з’яўляецца гістарычнае краязнаўства — галіна гістарычнай навукі, якая займаецца вывучэннем мінулага краю, акрэсленай, параўнальна невялікай тэрыторыі ці асобнага населенага пункта, што праводзіцца пераважна мясцовымі аматарамі вывучэння рэгіёна. Менавіта гістарычнае краязнаўства да XIX ст. заставалася вызначальнай з’явай у вывучэнні мінулага краю. I толькі на рубяжы XVIII і XIX стст. археалогія вылучылася ў самастойную галіну ведаў. Хоць і ў гэты час у іх развіцці вялікай розніцы не было. Толькі з канца XIX— пачатку XX ст. археалогія стала вядучай навукай у даследаванні далетапіснай гісторыі.
Сучасная археалагічная навука мае вялікія магчымасці для свайго развіцця. Штогод у экспедыцыі па Беларусі накіроўваюцца дзесяткі атрадаў даследчыкаў. Шляхам разведак і раскопак вывучаюцца самыя разнастайныя помнікі ад часоў палеаліту да позняга сярэдневякоўя. Грунтоўней і глыбей даследуюцца археалагічныя культуры з прыцягненнем вынікаў дасягненняў іншых галін ведаў. На падставе археалагічных крыніц больш аргументавана распрацавана дапісьмовая гісторыя Беларусі.
Поспехаў дасягнула і гістарычнае краязнаўства. У рэспубліцы працуе каля 50 музеяў гэтага профілю, пад уплывам якіх сотні аматараў вывучаюць родныя мясціны. Сучаснае краязнаўства грунтуецца толькі на навуковай аснове даследаванняў і спрыяе вывучэнню і ахове помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку і помнікаў археалогіі.
Выдавецтвы рэспублікі ў пасляваенны перыяд выпусцілі каля 50 кніг пра беларускія гарады, а таксама брашуры, буклеты пра найболын славутыя мясціны, што яскрава сведчыць пра інтэнсіўнасць развіцця краязнаўства на сучасным этапе. Прапагандуе помнікі старажытнасці інфармацыйна-метадычны бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», на старонках якога пастаянна змяшчаюцца артыкулы і даследаванні па археалогіі і гістарычным краязнаўстве.
14 ліпеня 1978 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», у якім знайшлі адлюстраванне і помнікі археалогіі. У Канстытуцыі БССР (раздзел «Асноўныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян БССР») у арт. 66 запісана: «Клопат аб захаванні гістарычных помнікаў і іншых культурных каштоўнасцей — доўг і аба-
вязак грамадзян Беларускаіі ССР». Гэта значыць, што турботы аб. захаванні помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку і археалогіі, маюць характар канстытуцыйнага патрабавання.
Гісторыя археалогіі Беларусі — гэта маладая галіна гістарычнай навукі. Даследчыкі-археолагі пераважна пісалі толькі пра свае адкрыцці і вельмі рэдка цікавіліся перадгісторыяй адкрыцця. Бясспрэчна, гэта прыносіла шкоду самой жа навуцы. Ніхто цяпер не стане адмаўляць, што вытокі сённяшніх поспехаў археолагаў і краязнаўцаў у намаганнях многіх пакаленняў вучоных і нават аматараў-даследчыкаў, якія яшчэ да XX ст. назапасілі багаты эмпірычны матэрыял, закладвалі асновы археалагічнай навукі і гістарычнага краязнаўства. На ўсіх этапах развіцця кожнай навукі, у тым ліку і археалогіі Беларусі, уласціва падсумоўваць свае дасягненні, і тады кожны вынік уваходзіць у яе фонд, пры гэтым не перакрэсліваецца пазнейшымі поспехамі, а толькі крытычна ацэньваевда і ўдакладняецца. Між тым некаторыя адкрыцці ў археалогіі Беларусі былі зроблены ў першай палове XIX ст., якія не страцілі сваёй актуальнасці нават і зараз. Так, ЯП. Тышкевіч, вывучаючы пахавальны абрад крывіцкіх курганоў, першым адзначыў іх асаблівасць— скроневыя кольцы ў жанчын. А спосаб вызначэння па форме скроневага кальца месца жыхарства крывіцкіх плямёнаў быў унікальным для свайго часу. Археолагі Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы першымі ў Расіі звярнулі ўвагу на важнасць вывучэння эпохі каменя. Яны сваімі даследаваннямі першымі ў Расіі практычна пацвердзілі тэорыю трох эпох дацкага археолага КТомсена. Такіх прыкладаў ёсць нямала. Цікавыя і самі прадметы знаходак, інтэрпрэтацыю якіх можна даваць незалежна ад той, якую давалі іх адкрывальнікі. А значыць, і цяпер яны могуць быць на службе археалагічнай навукі.
Аўтар манаграфіі паставіў задачу на аснове апублікаваных і выяўленых у архівах і музеях матэрыялаў падсумаваць звесткі пра развіццё археалогіі і гістарычнага краязнаўства Беларусі ў эпоху феадалізму, канчаючы перадрэформенным перыядам XIX ст. Пачаткам даследавання паслужылі краязнаўчыя матэрыялы XVI—XVII стст., у якіх сустракаем першыя ўпамінанні пра помнікі старажытнасці Беларусі. Звернута асаблівая ўвага на гістарычны працэс развіцця навукі, на тыя.цяжкасці не толькі даследчыцкага, але і сацыяльнага плана, пры якіх працавалі археолагі і краязнаўцы ў эпоху феадалізму, на праблемы, якія ўзнікалі перад імі. Бясспрэчна, што пры вывучэнні гістарычнага працэсу станаўлення навукі нельга абысці маўчаннем тагачаснае палітычнае становішча на Беларусі, якое адбівалася на дзейнасці арганізацый, навуковых таварыстваў і асобных даследчыкаў. Аўтар гэтай працы правёў адбор найважнейшых матэрыялаў, звёў некаторыя факты з гісторыі вывучэння і аховы помнікаў, погляды на іх захаванне з боку розных колаў, і ў першую чаргу дзяржаўных устаноў і прыватных асоб.
Акрамя таго, пры напісанні гэтай кнігі былі цяжкасці і такога роду, як вызначэнне этнаграфічных межаў Беларусі. Многія тагачасныя даследчыкі па-рознаму яе называлі. Як гэта ні парадаксальна гучыць сёння, але ў эпоху феадалізму Беларусь не мела сваёй адзінай назвы. Сама назва «беларусы» канчаткова ўсталявалася ў другой палове XIX— пачатку XX ст. У ранейшыя часы жыхары Беларусі называлі сябе «рускімі», «палякамі», «ліцвінамі», «тутэйшы.мі», «палешукамі», «пінчукамі» і г. д. Асабліва ўплывала на самавызначэнне мясцовых жыхароў іх веравызнанне: праваслаўныя лічылі сябе рускімі, католікі— палякамі. Гэта ў пэўнай меры ўскладняла даследчую работу.
У гэтай кнізе ў асобныя падраздзслы вылучана даследаванне дзейнасці такіх вядомых дзеячаў археалагічнай навукі, як Зарыян Даленга-Хадакоўскі, Тэадор Нар'бут, Яўстафій Тышкевіч, Канстанцін Тышкевіч, Адам Кіркор і інш., чый уклад у вывучэнне беларускіх старажытнасцей найболып значны на фоне аматарскіх захапленняў.
У кнізе даецца характарыстыка развіцця археалогіі і гістарычнага краязнаўства Беларусі ў эпоху капіталізму. У гэты час з найбольш грунтоўнымі даследаваннямі выступілі Е. Р. Раманаў, А. П. Сапуноў, М. Ф. Кусцінскі, М. М. Турбін, У. 3. Завітневіч і інш. Аўтар завяршае сваё даследаванне IX Археалагічным з’сздам у Вільні (1893 г.), які даў штуршок развіццю музейнай справы і краязнаўства.
Улічваючы, што ранейшыя даследчыкі глядзелі на прадмет археалогіі вельмі шырока, намі адбіраліся тыя матэрыялы, звесткі і факты, якія характарызавалі іх уяўленні па важнейшых пытаннях навукі і якія маюць цікавасць для сённяшніх даследаванняў (этнагенез славян, некаторыя аспекты метадалагічнага парадку і інш). Тэрміны «каменны век», «бронзавы век», «жалезны век» і іншыя ўжыты намі ў тым значанні і сэнсе, як іх разумелі даследчыкі эпохі феадалізму.
Асобны раздзел кнігі прысвечаны вывучэнню археалагічных калекцый, якія былі ў тагачасных музеях і ў прыватных асоб. Асаблівая ўвага звернута на дзейнасць Віленскага музея старажытнасцей і Віленскай археалагічнай камісіі, дзе працавала большасць выхадцаў з Беларусі і якія зрабілі важкі ўклад у станаўленне і развіццё археалагічнай навукі, ахову помнікаў гісторыі і культуры.
ГІСТАРЫЯГРАФІЯ
Той узровень, якога дасягнула беларуская археалогія, — гэта плён не аднаго пакалення вучоных і аматараў краязнаўства. Першыя старонкі гістарыяграфіі археалогіі Беларусі пісаліся амаль адначасова з узнікненнем гэтай галіны ведаў. Ужо ў сярэдзіне XIX ст. КП. Тышкевіч у сваіх працах1 пазнаёміў чытачоў не толькі з тагачаснымі даследаваннямі археолагаў і краязнаўцаў, але ўпершыню паспрабаваў ахарактарызаваць іх погляды на старажытную гісторыю, разгледзець ідэі і гіпотэзы сваіх папярэднікаў. Найбольш высока ацаніў ён уклад 3. ДаленгіХадакоўскага. К. П. Тышкевіч пісаў пра навуковыя поспехі Т. ЯНарбута, A. ККіркор'а, Я. П. Тышкевіча, У. А. Сыракомлі, М. Ф. Кусцінскага, адзначыўшы іх уклад у зараджэнне і станаўленне беларускай археалогіі і гістарычнага краязнаўства. Ен параўнаў іх працы з аналагічнымі працамі вучоных Расіі, Польшчы, Украіны і некаторых заходнееўрапейскіх краін і зрабіў выснову, што мясцовая археалогія ў асноўным знаходзілася на ўзроўні свайго часу. Кожную наступную манаграфію ён пачынаў з гістарыяграфічнага агляду, уводзячы ў навуковы ўжытак новыя імёны даследчыкаў. Напрыклад, сярод ранніх даследчыкаў мясцовых старажытнасцей ён назваў Крыштафа Яна Хартнюха (1644—1687)2.