Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі
Том 1. Кніга 2
Памер: 851с.
Мінск, Нью Йорк, Вільня, Прага 1998
палякам душыць нашу справу. Ён — «председатель белорусской секцнн Государств. об’едннення на Кресах», ён склікае з’езды, ён піша адозвы, ён зарабляе грошы на беларуск. справе. А мы ціхенька сядзім, мы маўчым, мы нібы-то ня ведаем хто такі Ладнов. Сваім маўчаньнем вы пакрываеце яго чорную пагромную працу5 — адна мэта каторай задушыць беларускі рух, прадаць яго палякам...
А «бацька» Балаховіч — правая рука Ладнова? ці ня сорам што гэты бандыт і злодзей яшчэ жыве? Хто прычынаю — ваша парт. эс-эраў!!! Будзьце пэўны, калі б сталася, што магчыма было усім вам паехаць на бацькаўшчыну — Балаховіч з 20-30 сваімі граміламі усіх вас перадушыў бы у цёмных кутках!..
Што ён робіць цяпер? Зенкевіч1 (што гэта за птах? ці ня адной кампаніі гэтых бандытаў і шпікоў польскіх?) піша, што ён працуе «як інжынер» разам з Балаховічам і «салдатамі яго быўшае арміі». Як вы думаеце — чаго па[сл]алі пагромшчыка Балаховіча з яго бандай у Белавежск. Пуоду?
Ясна — гэта асабістая ахрана і наагул «ахранка» каля тых, хто выцінае беларускія лясы. Гэта банда бароніць палякаў ад нашых партызан, гэта банда сьцяной стаіць на абароне польск. капіталістаў, яны нагаямі падганяюць нашых бедных сялян, што ідуць рубіць лес каб не памерці з голаду!
Каб спыніць гэта ёсьць адзін шлях — схаваць ініцыатараў назаўсёды.
Пачытайце адозву Балаховіча — яна ўся моліць і заклінаець эс-эраў, каб гэта было апошні раз.
Што да Зенкевіча, то з яго пісем чуецца штось склізкае, падобна да Дубейкоўскага. Два бота — пара. Але трэба яго высмактаць да канца, матар’ялы вы можа й не надрукуеце, але яны прыдадуцца для чаго іншага. Партрэт Каліноўскага я ад яго хоць хітрасьцю хоць ахвяраю двух-трох кніжак, але выдзеру і надрукую на пачтоўках.
Зьвязь з ім парываць ня трэба, бо праз яго магчыма дастаць патрэбныя дакумэнты і матар’ялы (напр. аб Дубейкоўскім, аб Ладнове, аб Зял. Дубе), атрымаць інфармацыю аб таемных махінацыях варожых вам груп і т.п. Як відаць — ён пралаза добры!
Барані Божа толькі авансавацца перад ім! Ніякіх абяцанак, ніякіх асобых праў на выступленьня перад грамадзянствам.
Яшчэ пару слоў хачу сказаць аб адносінах Коўны да Вільні. Я так да сяго дня ня ведаю — згадзіліся вы з выбарамі ці не, рады вы што ў Варшаўскі сойм пайшлі дэпутаты беларусы ці не? «Нявыразны твар» — ваш ковенскі лёзунг, будзь ён пракляты ва векі вякоў! Вы ў нац. русла хочаце зьліць дзесяткі крыніц — тут і незалежнікі, тут і фэдэрацыя, і самаўрад, і аўтаномія — верачы што зробіце моцную амальгаму. Мыліцеся — алей з вадой не зьмяшаць вам.
А<ляксандар>6 піша, што ён хоча спаткацца з Тарашкевічам, з Луцкевічам... Пашто? Гутаркі, гутаркі! Значыцца вы заадно з аўтаномцамі, са сьпіскам №167 і яго праграмай, калі вы лічыце магчымым і пажаданым (!?) з імі страчацца! Ці вы можаце сядзець за адным сталом з тымі, хто б’е гвазды у гроб, каб на 100 гадоў пахаваць нашу незалежнасьць?
Ці ж магчыма спадзявацца, што беларускія паслы зробяць так як украінскія — сказаць у Сойме, што яны прыехалі у сойм каб бароцца за Незалежн. Укр. дзяржаву?
Палякі праваляць усё, бо проці нас будзе блёк ад паноў да с-дэкаў! На што ж спадзявацца? На дзіва, на усенароднае паўстаньне — слабая уцеха.
Маску трэба зьняць і сказаць: мы — незалежнікі, мы проці выбараў на акупаванай тэррыторыі ды яшчэ у Варшауск. польскі сойм (хоць бы так як [у] Менску — свой беларускі з’езд), мы не падтрымаем дэпутатаў, a будзем бароцца з імі да канца усімі сіламі, мы лічым учасьце у польск. сойме на польск. тэрыторыі — ганьбай для беларуск. пасла і здрадай беларуск. нац. барацьбе.
Вы — незалежнікі мусіце сказаць урэшці раз назаўсёды: «Хто не з Hawi за цэльную незалежную Беларусь — той проці нас, той наш вораг, з тым мы борамся». А то я вас не разумею — як пытаньне пасур’ёзней, пытаньне прынцыповае, ад якога залежыць усё, вы робіце невыразны твар і чакаеце. (падобна як з літвінамі — поў года ня можаце атрымаць просты і чэсны адказ). Гонару болей, самапавагі да сваёй праграмы (калі ёсць толькі?). Жыцьцё адапхне вас з дарогі, адсуне узад!
У вас ва усіх там няма аканчальнай рэвалюцыйнасці, вы увесь час ідзецё паўкрокамі («шаг вперед, шаг назад! Два шага направо, два шага налево»!), вы ўсе адзін аднаго стрымліваеце, заместа таго каб падбіваць на сьмелы крок. Гісторыя, а рэвалюцыя асабліва, толькі тых адмячае хто ніколі не ставіўся сьпіною да ворагаў. I за такімі пойдуць масы народныя.
Кіньце цацкацца з польскім соймам (хаця ж свой сойм — гэта ваша праграма, вашае сьвятое сьвятых!!) кідайце «паслоў»... яшчэ ляпей — змагайцеся з імі.
Адзіны стары-стары кліч: «Вон палякоў-паноў і польскія войскі з Беларусі» падыме сялян, бо ён ім зразумелы, блізкі, выкукоблены у муках і сьлязах і крыві!
Цяжка лежачы пісаць ды й галава якаясь дурная ад двухтыднёвага ляжаньня. Але мушу з вамн падзяліцца некаторымі думкамі.
А<ляксандар> злуецца, што нельга атрымаць газэту з Менску. Гэта ж сорам! Перавядзіце ў рэдакцыю газэты праз банк адпаведную суму грошы — за патрэбны вам тэрмін і будзеце мець кожнаю поштаю сьвежую «Сав. Беларусь». Праўда, дарагавата, але верна. Урад можа «позволіць сабе» гэта. 3 Вільні так сама: выпісалі б праз мяне на Берлін, а я вам дасылаў бы. П[а]радку ў вас няма, выбачайце за шчырасьць!
Міністр загран. спраў ня ведае, што творыцца на бацькаўшчыне. Як жа можна вясьці палітычную працу? Здохнуць можна з вамі ад сьмеху, даль-бог!
У інформац. бюл. №1 піша што у Менску — Кнорын і Адамовіч тое і тое. Па праўдзе ж Кнорына ужо даўно (з лета) няма там8, а Адамовіч9 вучыцца у Маскве ў Акадэміі ген. Штаба. Што варты будуць вашыя інформацыі, калі яны будуць выдумляцца А<ляксандрам> за добрым куфлем піва?!
Асабліва, калі інфармац. прызначаецца дзеля свайго ужытку, не для прэсы, куды часамі трэба бывае пусьціць качку.
Пасьля... аб стварэньні «Партыі беларускіх незалежнікаў». Але аб гэтым можна напісаць дзесяць такіх пісьмаў і ня кончыць. Партыя мусіць быць ультра-дэмакратычная, накшталт камуністычнай, з ярка выяўленым селянскім характарам, з дэтальна апрацованай праграмай і г.д. Першым крокам яе — партыйны маніфэст, у якім даць схему парт. праграмы і паказаць тактыку, сказаць народу як трэба ісьці да Незалежнасьці.
А<ляксандар> кажа — трэба шмат часу каб распрацаваць асобн. пункты праграмы, напр. аграрнае пытаньне. Усе гэта ужо распрацавана добра і ляпей ня выдумаць.
Тут справа ў тым, каб іскру высячы, бо «ваш» невыразны твар як мыдла абрыд усім і «вам» у першую чаргу.
Пісьмо з Вільні калі адчыняў, адарваў разам з надворнаю кувэртаю таксама уложаную і не зауважыўшы выцягнуў пісьмо і адкрытку. Выбачайце.
Пасылаю усё разам.
Будзе ахвота і час пішыце
Усяго лепшага
Жонцы вашай нізенькі паклон
2/1 23. І.Цв.
582.1.43:131&г-136&г
1 Зямкевіч. 2 Маюцца на ўвазе выбары ў польскі Сойм і Сэнат 5 і 11.11.1922. 3 Пілсудзкага. 4 Магчыма маецца на ўвазе Аляксандар Цьвікевіч. 5 Інфармацыйную запіску пра дзейнасьць Ладнова Ўрад БНР выдаў 10.05.1923. 6 Цьвікевіч. 7 Адзіны выбарчы сьпіс нацыянальных меншасьцяў, у якім кандыдавалі прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў і партыяў. 8 Кнорьін ад лета 1922 году — у апараце Маскоўскага гарадзкога камітэту ВКП(б). 9 Язэп Адамовіч.
3370. Запрашэньне Вацлаву Ластоўскаму на Баль Артыстаў Дзяржаўнага Драматычнага Тэатру, які мае адбыцца 5.01.1923 у залі Літоўскага Клюбу
582.1.43:014
3371. Ліст Кастуся Езавітава (Дзьвінск) Вацлаву Ластоўскаму (Коўна) за 6.01.1923
6.1.1923.
Дзьвінск. Даражэнькі Вацлаў Юстынавіч,
добра разумею я і становішча Ваша і настроі Вашы і ад усяе душы спачуваю!
У палітычна-грамадскай працы здараюцца штодзенна прыклады гэткага змаганьня, а часам і у шмат горшых формах: — яшчэ сёнека гудзіць па Польшчы рэха ад выстрэлу Невядомскага і чарнее крэп на траурных павязках ў памяць Першага Прэзыдэнта, Гр. Нарутовіча1.
Дык — не сумуйце.
Час — найлепшае лекарства.
Пішыце успаміны, зьбірайце дакумэнты.
Правых і вінных разбярэ гісторыя, а мо’ дажывем яшчэ і да таго, што разбярэ грамадзянства пры канцы жыцьця нашага.
Кр<аскоўскі> вядзе гэткую-ж палітыку, што і Л<уцкевіч>: «солнцэ павінна сьвеціць толькі там, дзе яны, і толькі ад іх павінен ісьці сьвет; рэшта — павінна быць у цені, а калі яна і у цяні сьвеціць, дык закідаць яе брудам».
Ен пачаў тутака з падкопаў пад Сахарава2, бо ня меў веры у тое, што Гімназыя адчыніцца, і хацеў быць у Рызе. Я змагаўся. Ен зьліўся. Дайшло да асабістых з яго боку мне абраз. Але я вяду працу у старым маштабе: на Люцын і Дзьвінск.
Пасылаю Вам копію ліста майго да яго.
У Прэсу пакуль што не давайце, бо суд яшчэ не адбыўся. А потым я дам знаць.
Напішыце мне што Вы усё, з поваду гэтага ліста, думаеце і як пагляд Вас на Гр. Краскоўскага. Напішыце і аб тым, якую ролю ён іграў у працы Ураду БНР.
Тутака выбрыкі яго спачатку мелі усьпех, дзякуючы таму, што у яго чорная барада і што я сам яго дужа рэкламаваў. Цяперыка-ж ён страціў шмат павагі і разсварыўся з рожнымі дзеячамі і грамадскімі коламі.
Шчыра вітаю Вас усіх з Новым Годам і крэпка жадаю, каб Ураду БНР удалося у гэтым годзе умацаваць свой аўтарытэт і уплывы, як на бацькаўшчыне, гэтак і па-за межамі яе. Думаю, што, калі Віленшчына і Горадзеншчына убачаць як мала могуць дабіцца нашые паслы у Сойму і як цяжка ім тамака працаваць, — думка аб Незалежнай Беларусі з новай сілай захопіць шырокія народныя массы, інтэллігэнцыю, ды і саміх паслоў і ўсе яны аднадумна і адналітна перайдуць да арганізаванага змаганьня за Незалежнасьць. А таму гэты новы перыад руху, перыад парламентарны, будзе новым крокам да Незалежнасьці.
К.Езавітаў
582.1.43: 182&г
1 Прэзыдэнта Габрыэля Нарутовіча 16.12.1922 застрэліў эндэк-тэрарыст Элігіюш Невядомскі. 2 Загадчык Беларускага Аддзелу Міністэрства Асьветы Латвіі.
3372. Дасланая Вацлаву Ластоўскаму копія ліста Кастуся Езавітава (Дзьвінск) Івану Краскоўскаму (Дзьвінск) за 1.01.1923
Копія.
Грамадзяніну Яну Ігнатавічу КРАСКОУСКАМУ.
Паважаны Грамадзянін,
блізка году таму назад, задыхаючыся тутака у Латвіі пад непамерным ціжарам нацыянальна-культурнай працы, пры поунай адсутнасьці нацыянальна-усьвядомленых элементау, якім можна-б было даручаць самастойнае спауненьне тых, ці іншых, нацыянальна-культурных заданьняу, — Беларускае Культурна-Прасьветнае Таварыства «Бацькаушчына» з Вашай згоды і жаданьня, а па маей рэкамэндацыі, просьбе і націску, запрасіла Вас і прэдставіла Латвійскаму Ураду для працы у Дзьвінскай Беларускай урадовай Гімназыі.