Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі
Том 1. Кніга 2
Памер: 851с.
Мінск, Нью Йорк, Вільня, Прага 1998
Тэрміну не устанаўліваю: выбірайце самі, але так каб гэта прыпадала на якое-кольвек сьвята, або нядзелю. Аб выездзе загадзя пішыце, або тэлеграфуйце, бо мне трэба вясьці лекцыі у Гімназіі.
Яшчэ-б было ляпей, каб Вы прыехалі да мяне у Люцын. Пабачылі-б маіх гімназыстаў, паслухалі хор, дэклямацыю, аркестр.
Вам жа гэта патрэбна як паветра, ці хлеб штодзённы.
Візу бярыце ў Рыгу, а з туль — сюды (без ўсякіх ужо візаў!)
«Вітабскую старыну» хоць яна і дужа мне ўжо патрэбна, пазычу Вам з ахвотай.
Маю надзею худка Вас пабачыць!
Бывайце здаровы!
Прывет жонцы!
3 пашанай
Ваш К.Езавітаў
582.1.49:041&Г-042
582.1.49:040 — канвэрт
3577. Паштоўка Кастуся Езавітава (Люцын) Вацлаву Ластоўскаму (Коўна) за ?.03.1924
Дужа зацікавіўся я было пабачыцца з Вамі, але Вы зноў неяк нічога аб гэтым не пішаце. Калі-ж выйдзе «Крывіч»? Калі будзе «Слоўнік» Ваш? Чакаемо яго з вялікай цікавасьцьцю!
3 пашанай
К.Езавітаў
582.1.49:033
Дакладная дата невядомая.
3578. Нататкі алоўкам на аркушы паперы
Наркомнндел. Бнкнеру. Для передачы Матушеўскаму
Latwija Daugavpils. Bulwarna iela, 30. Мнцкун1
582.1.49:009a
Дата невядомая. 1 Супрацоўнік кансуляту савецкай Расеі ў Дзьвінску.
3579. Паштоўка Ўладыслава Грыневіча (Прага) Вацлаву Ластоўскаму (Коўна) за 3.04.1924 з пытаньнем аб лёсе дасланага ў «Крывіч» рукапісу «За што?»
582.1.49:011&г
3580. Ліст Рамуальда Зямкевіча (Варшава) Вацлаву Ластоўскаму (Коўна) за 9.04.1924
Даражэнькі Пане Вацлаве!
Ліст Ваш атрымаў і ўраз адказываю.
Гэта другі Ваш ліст, які дайшоў да мяне. Першы быў з Берліна з запрашэньнем мяне да супрацоўніцтва ў Вашым месячніку. Лісты і рукапісы высылаў Вам на адрэс гэтаго «Хлестакова» Цьвікевіча. Hi адказу не атрымаў, ні мае працы надрукаваны нігдзе у Вас не былі. Думаў ужо я, што мяне ніхто знаць і ведаць ня хочэ.... Перш на перш шчыра і горача дзякую Вам за прысланы мне камплект «Крывіча». Па адрэсу пісанаму Вашай рукою пазнаў я, што гэта Вы мне яго выслалі з Кролеўца (=Кэнігсбэргу). Ня маючы Вашаго адрэсу, зьвярнуўся я да рэдакцыі «Голаса Беларуса»1 і прасіў, каб у адказе ад рэдакцыі (лістовая скрынка) далі неколькі слоў ад мяне рэдакцыі «Крывіча». Хацеў я гэткім спосабам навязаць з Вамі ніць перапіскі. Але нічога не выйшло, бо Ваш «шчыры прыяцель» Антон Луцкевіч спрацівіўся гэтаму. Мусі быць ня хочэцца гэтаму пану, каб я быў з Вамі у зносінах. Лішне ужо многа я ведаю, маю ядавіты язык і мог бы непажаданае ... пісаць у карэспандэнціях да закордонных газэт Будучы у Вільні у рэдакцыі ніякаго загранічнаго адрэсу я дабіцца ня мог!
Вось прычыны дзеля якіх нічога не выходзіло з майго стараньня.
Калі я Вашых лістоў не атрымовываў, дык магчыма, што былі яны канфіскаваны «чорным кабінэтам», бо я ад часу Беластоцкага працэссу2 знаходжуся пад вялікай апекай «польскіх патрыётаў» — шпікоў тайнае паліцыі. Асабліва пасьля таго як Якавюк уцёк3, аб чым я нічога ня ведаў, папаў я пад падазрэньне, што гэта я памог і дарадзіў яму выезд у Гданск. Якавюка шукалі на маёй кватэры, гвалтам упэўнялі маю (пакойную цяпер) матку, што ён у мяне кватэраваў, хаваўся і я павінен яго выдаць. Шмат непрыемнасьцей і нэрвіроўкі перажыў я ад 31.XII. 1923 (дзень засуду Якавюка) да гэтаго амаль часу. Што рабіць, сьмелым і праўду рэзка кажучым людзям заўсёды кепска на сьвеці....
Прапазіцыю Вашу супрацоўніцтва прыймаю ахвотна. Са свайго боку уважаў бы аднак, што для кніжкі4 лепшы быў бы загаловак: Памяці Франціска Скорыны. У 400 летні юбілей беларускаго друку. Кніжка павінна быць вялікай, злажыцца працамі на яе павінны усе беларускія пісьменьнікі паважнаго і ідэйнаго напрамку. Хай кожны пастараўся бы ушанаваць памяць вялікаго культурнаго і ідэйнаго працаўніка Беларусі. Трэба кніжку злажыць і выдаць гэтак, каб паказаць сьвету, што такое беларусы. Варта было бы перадрукаваць белы верш Бядулі аб Скарыне5, хаця ён ужо і друкаваны. Адным словам у кнізе павінно быць усё: проза, паэзія, гісторыя, навука, штукарства, бібліаграфія — словам усе аддзелы. 3
гэтаго я бяру на сябе: бібліяграфію, іллюстрацыі, гісторыю беларускаго друкарства і друкароў, аддзел рукапіснае літэратуры. Што датычэ беларускіх рысоўнікоў і рытаўнікоў — справа цяжкая, але я цяпер канчаю польскую бібліографію рытаўніцтва, каторую як здам у друк, дык яна як друкаваная польская праца, дасьць мне доступ у польскія бібліатэкі, як напрыклад, у бібліятэку графоў Пржэздзецкіх (з Патав) у Варшаві, на каторую я астру зубы, бо праца у ёй утруднена надзвычайна, а па вестках шмат у ёй беларускага матэр’яла. Пржэздзецкіе дасталі гэтые скарбы ад графоў Тызэнгаўзоў і сама бібліятэка перавезена з Вялейшчыны у Варшаву.
У кожным разе аб беларускім рытаўніцтве магу даць хоць невялічкую, але добрую стацьцю.
Сваей прапазыцыі загалоўка я не адстаіваю. Рабеце як уважаеце самі. Падкрэсьліваю толькі што трэба напружыць усе сілы каб гэтакі 400 летні юбілей паважна і дастойна адсьвяткаваць.
I Купала і Колас і усе больш выдатные сілы ня могуць не паказацца на страніцах гэткай юбілейнай, надзвычайнай кніжкі.
Затым прашу Вас напішэце яшчэ да мяне, бо гэтакую справу трэба паважна і дэтальна абдумаць і абгаварыць.
Навяжыце стасункі з Кролеўцам або з Гданскам, каб можна нам было перапісывацца. Пастарайцеся знайсьці у гэтых гарадох асобу, якая будзе пасреднікам нашае карэспандэнцыі і пасылкі кніг, брашур, газэт. Маю дублеты, хацеў бы іх выме[ніць]. Вашых выданьнёў амаль нічога ня маю. Прашу вышліце іх ці праз Гданск, ці праз Кролевец, ці праз Латвію. За мною астаноўкі ня будзе. Патрэбны мне камплекты «Бел. Сьцягу», Сьветазара6, Бел. вайсковаго7, Селянскай Долі8, Беларус<кага> Пар<тыза>на9 і наагул усіх Вашых закордонных газэт. Судзячы з таго, што «Крывіча» я атрымаў, думаю што і іншыя «скаромныя» газэты і рэчы дойдуць да мяне, калі будуць, напрыклад добра зьмешаны з іншымі газэтамі. У цэнзуры тутэйшай шмат галічан-палякоў, якіе рускіх літэр не разьбіраюць, a калі друк такі ідзе з Нямеччыны, дык яго і не прагледаюць. Ахвотна, нават з радасьцю пачну Вам пасылаць друкаваны уселякі матэр’ял патрэбны Вам да варстата працы!
Жыву ціха і скромна. Працую у інстытуцыі «Najwyzsza Izba Kontroli Paristwa» y інжэнерным аддзелі чыгунак. Зарабляю у месяц 540 мільёнаў марак, якіе ледзь хапаюць на жыцьцё. А маю на сваім утрыманьні: дачку, сястру і двое яе дзетак. Выбіла мяне з калеіны сьмерць маей маці (27.11.1924), за кошт хаўтур мяне здорово рэзануло. Працую ціха і нікаму ня лезу у вочы. Праз справу Якавюка і яго уцёк амаль мяне не выкінулі са службы. Атстаялі мяне коллегі інжэнеры (па службе у Кантролі), усе родам з Крэсаў. Прыходзіцца мне цяпер сядзець як мыш пад венікам, бо жыць трэба, а жыцьцё у нас дарагое.
Шмат цікаваго мог бы Вам сказаць аб усім і аб усіх. Пісаць аб гэтым усім і цяжка і трудна і шмат часу бы занело. Калі дастану на службе urlop wypoczynkowy дык можа зраблю захады каб з Вамі з’ехацца дзеколечы: Бэрлін, Гданск, Кролевец ці Тыльжа10.
Кланяйцеся ад мяне Душэўскаму і Якавюку.
Як бы мне зьвязацца перапіскай з Янулайтісом і з Біржышкай. Маю цікавыя рэчы да абгаварэньня з імі у дзедзіне літоўскай гісторыі ды літэратуры. Кланяйцеся ім і скажыце што заўсёды знойдуць мяне шчырым і атданым іх прыяцелем.
Кожны дзень ад 4-10 гадзіны вечара пасьля службы працую у бібліятэках. Матэр’ял расьце. Кніжкі мяне не цікавяць, бо я іх ужо даўно прагледзеў. Цікавяць мяне адны газэтныя стацьці ды рукапісы і гравюры. Гэтым я цяпер і займаюся. Гатоўлю да друку: Bibliografi? litewsk^ — усё што аб літвінах і Літве (праўдзівай, этнаграфічнай) напісано у польскай мове. Маю такі матэр’ял аб якім бібліограф Балтрамайтіс і Gawetek нічога ня ведалі. Хачу гэта выдаць папольску, але з літоўскай перадмовай.
Што да беларускае бібліаграфіі хацеў бы сарганізаваць моладзь, каб парабіць выпіскі з газэтных стацей аб Беларусі, выпіскі такіе збрашураваць і ... злажыць у «Беларускай Бібліятэцы імяні Ф.Скорыны» для карыстаньня нашых цяперашніх і будучых пісьменьнікоў і працаўнікоў. Тое самае ў перадмове літоўскай бібліяграфіі запрапаную літвінам. Цікавы я, як будзе прынята мая ідэя?
Шмат, шмат аб чым хацелося бы мне напісаць да Вас, але нідахват часу (пішу гэты ліст у маім бюро Kontroli) не пазваляе мне зрабіць гэта цяпер.
Канчаючы мой ліст прашу Вас часьцей пісаць, на адказы і супрацоўніцтва з майго боку лічыць можэце сьмела і пэўна (прашу толькі назначыць мне тэрмін-срок). Газэты і кніжкі пачну Вам высылаць, калі дастану, больш даступны (што да часу атрымовываньня праз Вас лістоў) Ваш адрэс.
Шчыра прыхільны і прыязны Вам
Р.Земкевіч
582.1.49:012&г-013
1 Газэта, выдавалася ў Вільні 14.02-19.04.1924. 2 Р.Зямкевіч выступаў на працэсе як сьведка. 3 У Літву. 4 В.Ластоўскі рыхтаваў кнігу, прысьвечаную 400годзьдзю беларускага друку. Сабраныя матэрыялы леглі ў аснову «Гісторыі крыўскай кнігі». 5 Магчыма, маецца на ўвазе верш «Беларусь» (зборнік «Пад родным небам», 1922). 6 «Сьветазар» — пэрыядычнае выданьне для вайскоўцаў Беларускага Батальёну Літоўскага Войска, выходзіла ў Коўне ў верасьні 1921 красавіку 1922 году. 7 «Вайсковы» («Karys») — двутыднёвік для беларусаў-вайскоўцаў Літоўскага Войска, выходзіў у Коўне ў траўні 1921 красавіку 1922 году. 8 «Сялянская Доля» — часапіс, выдаваны Міністэрствам Беларускіх Справаў, выходзіў у Коўні ў чэрвені 1921 красавіку 1922 году. 9 «Беларускі Партызан» — часапіс беларускіх партызанаў, выходзіў у Коўне ў 1922 годзе. 10 Тыльзіт, цяпер — Савецк у Калінінградзкай вобласьці.
3581. Ліст Аляксандра Ружанцова (Панямуне) Вацлаву Ластоўскаму (Коўна) за 9.04.1924
[...Waclail Birzyska] z pryjemnasciu abiacail padtrymac Wasuju prozbu ab wysylcy knih z Dorpatu da uniwersitetskaj biblioteki u Койпі [...]
Praf. Wacl. Birzyska prosic Was zajsci da jaho biblioteki (uniwersiteckaj), jon maje dziela Was niekalki knizok ab staradrukach bielaruskich [...] «Kry-
wic» jamu spadabausia wielmi i ab dumcy stwaryc B.Tawarystwa jon deklaravafl pamyslic i dapamahcy [...]
582.1.49:014&r
3582. Ліст Кастуся Езавітава (Люцын) Вацлаву Ластоўскаму (Коўна) за 11.04.1924
11.IV.24. Высокапаважаны Вацлаў Юстынавіч,
толькі што атрымаў ліста ад гр. Земкевіча з дадаткам лісту да Вас. Перасылаю зараз-жа.