• Газеты, часопісы і г.д.
  • Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі Том 1. Кніга 2

    Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі

    Том 1. Кніга 2

    Памер: 851с.
    Мінск, Нью Йорк, Вільня, Прага 1998
    205.96 МБ
    Няўжо я вырадак нейкі?
    Асабіста ў жыцьці нічога ня хочу; мне нічога ня трэба. Я гатоў жыць у самых скромных абставінах. Жыву даволі скромна і цяпер. Што-ж я — скромны студэнт філёзоўскага факультэту Карлавага Унівэрсытэту ў Празе. Свае жыцьцёвыя патрэбнасьці зьвёў да крайняга мінімума. Увесь аддаўся студыям. Дзеля чаго? — каб знайсьці праўду. Я толькі праўду шукаю.
    Тры гады ўжо мінае, як я упарта працую. Акуратна хадзіў на лекцыі ўнівэрсытэцкія, пільна прынімаў учасьце ў сэмінарах: пісаў рэфэраты,
    прыймаў учасьце ў дыскусыях. Прачытаў шмат кніг па філёзофіі, лёгіцэ, псыхолёгіі, соцыолёгіі, біолёгіі, гісторыі, этыцы, пэдагогіцы; паўтара гады студаваў славянскую філялёгію і літэратуру. I што-ж: знайшоў праўду? Дзе яна, тая праўда?
    Да гэтага мушу дадаць, што за гэты час я шмат перажыў. О, што я перажыў за гэты час... Асабліва за апошні год. У маім асабістым жыцьці адбылася цяжкая драма. Трэ было перажыць. I я перажыў. Чую, што шмат пастарэў. Hi вайна, ні рэволюцыя гэтак на мяне ня мелі ўплыву, як ўсё тоя, што сталася тут на чужыне, ў адносна мірных умовах. Магчыма і тоя, што гэта была рэакцыя на ўсе папярэднія уражаньні — усё ў адзін раз паўстала, ўзбурылася. Скажу проста: я перажыў глыбокую ўнутраную рэволюцыю. У ціхім Радоціне, пад Бэрункай я больш адчуў і перадумаў чым за ўвесь час майго папярэдняга жыцьця. I ні адзін раз ка мне прыходзіла думка аб самагубстве. Усё ідзе ня так, як гэтага я хачу, то хай споўніцца хоць адно маё жаданьне — жаданьне сьмерці. Але інстынкт сябезаховы браў верх. Думка аб самагубстве зьнікала. Тагды з’яўлялася іншая мара: мо’ я хворы, вар’ят і маё мейсца вун там, у Богніцах1? Дзе крытэрыон праўды? Што можа перасьведчыць мяне, што я не вар’ят? Успамінаю словы св. Тамаша Аквінскага: veritas est adaquatio rei et intelectus. A ці тоя, што я думаю разыходзіцца з істотнасьцю ці-то рэчавістасьцю? He. Правяраю ў каторы ўжо раз і пераконываюся, што не, мае думкі не разыходзяцца з істотнасьцю. Знача я не ўтраціў пачуцьці рэальнасьці, знача я не вар’ят. Бо першая ступень вар’яцтва — ўтрата пачуцьця рэальнасьці. Чалавек пляце тоя, чаго ўзапраўднасьці няма. Інакш кажучы — чалавек пачынае жыць ня ў сьвеце рэальнай істотнасьці, а ў сьвеце ім самым створаных галюцынацый.— Адлятае і мара вар’яцтва.
    Але там у вар’яцкім доме за жалезнымі кратамі сядзіць мой былы сябра2: чым дапамагчы ёй? Падымаю на ногі найбольш выдатных прафэсароў-псыхіатраў, дахтароў-практыкаў. — Усё марна. Аднагалосна ставяць прысуд: не зьлячыма. Дык што -ж тая навука, што тая мэдыцына, калі вось жывы канкрэтны чалавек гібее? На што ўся філёзофія, соцыолёгія, лёгіка, псыхолёгія, этыка, калі яны бязсільныя ў бядзе? Дык няўжо ўсе гэныя веды не для чалавека, ня дзеля таго каб скрасіць жыцьцё чалавеку? — У маіх вушах гудзіць страшэнным гоманам слова сказанае перад сьмерцю Дюбуа-Рэймморнам3: ignorabis et ignorabimus. Ну, а як-жа быць тагды, калі веда нічога ня ведае і ведаць ня будзе, ніколі не прасякне ў сутнасьць рэчаў? Зьвярнуцца да веры; мо’ вера дапаможа? Мо’ пасьці на калені ды пачаць маліцца да вышэйшай боскай моцы? О, сьвятая наіўнасьць. Гэта-ж ужо сталецьці праходзяць, як людзі адно толькі і робяць, што моляцца, але той да каго зьвернуты ўсе гэныя мольбы маўчыць, як падзямелья муры; ён не пасылае буры, каб раздзьмухала увесь гэты сьвет крыўды, сьлёз, цярпеньняў. Няма ў мяне веры. Я бачу няшчасьце і ні з куль не бачу ратунку. Як слабыя мы людзі ў бядзе нашай, як безрадны. Іншым умеім даваць рады, а сабе ніяк рады даць ня можам. I меў праўду той лотра, які побач павешаны на крыжы з Іезусам казаў: іншым дапамагаў, то чаму-ж не дапаможаш цяпер сабе. Ён быў сцэптык. Іншы
    быў веруючы. Таму Іезус паабецаў быць на другі дзень у раі. Але ці папаў ён у рай? Хто можа сьцьвердзіць гэта? Ніхто. Што будзе па нашай сьмерці з намі, таго ніхто ня ведае. Ці ёсьць той рай, ці не — усё гэта адны толькі дагадкі. Але вось конкрэтны прыпадак і хай хто небудзь дасьць раду, як дапамагчы чалавеку ў бядзе. Hi з куль няма рады на гэта.
    Пачынаю уважаць аб нашай Бацькаўшчыне. Яна так сама хворая. З’яўляюцца розныя дахтары. Даюць розныя рады. Якая з іх найлепшая? Ці ўсё тоя, што я дагэтуль рабіў было добрае? Я працаваў, шчыра хацеў дабра свайму народу, змагаўся і заклікаў іншых на змаганьне. Ці ўсё гэта я мусіў рабіць? — Іншыя так сама рабілі. Але я ці мусіў, а што мне іншыя, мо’ і яны памыляліся? А цяпер, напрыклад, іншыя ідуць з паклонам да ўчарайшых сваіх ворагаў, то ці і я так сама мушу ісьці? Яны-ж мне прапанавалі, радзілі, пагражалі, угаворвалі. Але чамусьці не пайшоў. Чаму? Бо я знайшоў сваю праўду. Ведама, і мая праўда, як усе іншыя праўды ёсьць умоўная праўда, абсалютнай праўды няма. Усе праўды ёсьць толькі людзкія праўды; усе людзкія праўды маюць служыць чалавеку спосабам дзеля удасканаленьня ягонага жыцьця, як асабістага, гэтак і грамадзкага. Каб чалавек мог жыць, мог паляпшаць сваё жыцьцё ён павінен ведаць праўду. Гэна праўда — ведаць дасканальна тыя абставіны сярод якіх ён міма сваей волі апыніўся. Чалавек нарадзіўся на сьвет міма свайго жаданьня. А нарадзіўшыся, як і кожная жывая бытасьць, мае інстынкт сябезахаваньня. Раней гэны інстынкт уплывае на жыцьцё чалавека, як не усьвядомленая нейкая сіла; з часам усьведамляецца, чалавек сьвядома жыве. Або інакш кажучы — чалавек сьвядома ставіць сабе мэты і заданьні. Усьвядомляны інстынкт сябезахаваньня, безупынна уплываючы на жыцьцё чалавека, у відзе жаданьня чагосьці або нежаданьня, адчуваньня прыемнага і непрыемнага; прыемнае чалавек імкнецца затрымаць на даўжэйшы час, а няпрыемнае ўхіліць; на вышэйшай ступені разьвіцьця чалавечай індывідуальнасьці, гэта тады, калі інстынкт чалавекам усьведамляецца, гэты інстынкт становіцца воляй. Воля як усьвядомлены інстынкт, з’яўляецца найвялікшай, дынамічнай сілай у жыцьці чалавека і ўсей людзкасьці. Чалавек, або грамада людзей усьведамляе, што вось нешта прынясе кожнаму чалавеку і ўсей грамадзе многа прыемнага, што скрасіць жыцьцё, удасканаліць, прыблізіць чалавека сучаснага да ўзапраўднага чалавека, як разумнай, сябеведамай псыха-фізычнай бытасьці. У кірунку жаданага напружана працуюць людзі, сваей упартасьцю напраўленай на ўцелаішчаньне пастаўленай мэты захопліваюць і іншых — воля незначнай лікам грамады людзей, але з ясна усьвядомленай мэтай, якая гэта вялізарная псыхо-маторная сіла! — Людзі ёсьць людзі. Чалавека трэба браць такім як ён ёсьць з усімі ягонымі недастаткамі і дастойнасьцямі. Адзін у адным мае больш недахватаў, іншы ў другім, як і дастойнасьцяў. А ў грамадзе ўсё гэта неяк адно на адно прыдзе так, што, казаў той: згодная грамада — адзін вялікі чалавек!
    У нас беларусаў — гэта неабходна ясна і рашуча сьцьвердзіць — няма такой грамады. Аднэй з многіх прычын — мы ня ведаем Беларусі ні ў яе мінуўшчыне, ні ў сучаснасьці. Мы або ідэалісты-романтыкі, натхненыя
    сваім каханьнем да бацькаўшчыны, жывём у намі створаных поэтычных марах-лятуценьнях, якія вельмі далёка стаяць ад рэальнага жыцьця; або матэрыалісты, што жывуць толькі сёняшнім днём, кіруючыся, казаў той, «законам ліцытацыі: хто больш дасьць». Аднак ні тоя, ні другоя не вядзе да пастаўленай мэты. Бо да яе уцелаішчаньня вядзе адзін толькі шлях: усьведамленьне тых абставін у якіх жыў беларускі народ да гэтага часу, у якіх абставінах жыве цяпер, і ўжо выходзячы з гэнага сьцьверджэньня істнуючых фактаў, ствараць ідэал на будучыню, ставіць мэту і за яе уцелаішчаньне змагацца, гэта зн. усьведамляць, арганізоўваць, прабуджаць пачуцьце ініцыатывы і самадзеяльнасьці ў гушчы народных грамад. Наш ідэалізм павінен выходзіць з рэалізму, павінен абпірацца на істнуючыя ў рэальным штодзенным жыцьці факты. Наша праўда ніколі не павінна разыходзіцца з ўзапраўднасьцю, г.зн. з істотнасьцю, з рэчавістасьцю, з рэальнасьцю. Інакш кажучы: беларусы маюць свае вызвольнае змаганьне абперці на моцным фундаманце істотнасьці, адкінуўшы ў бок усе марылятуценьні, што перашкаджаюць разуменьню ды ўсьведамленьню гэнай істотнасьці.
    Такім чынам, у шуканьні канкрэтнага вызвольнага ідэалу беларускай нацыі, або — праўды аб Беларусі, я прыйшоў да гэткага выснаўку. — Наша праўда, ёсьць наша людзкая праўда, ёсьць праўда для чалавека. Мы займаемся досьледам Беларусі, каб ведаць добра істотны стан яе патрэбнасьцяў. Гэны патрэбнасьці ёсьць натуральным вынікам прыроднага разьвіцьця народа. Імкнемся задаволіць усе гэныя патрэбнасьці. Патрэбнасьць свабоды — гэта ёсьць першая неабходная ўмова. Гэтай свабоды цяпер беларускі народ ня мае. Трэ’ яе здабыць. Першае заданьне наша: адваеваць свабоду Беларусі. Гэта ня ёсьць ні максімум ні мінімум. Свабода есьць неабходнай умовай жыцьця; гэта ёсьць прыродная неабходнасьць, як яда, паветра ды інш. функцыі біолёгічнага арганізму. Форма ўцелаішчаньня свабоды — незалежнасьць. Інакш ня будзе свабоды. Без поўнай незалежнасьці Беларусі зусім немагчыма свабодная Беларусь. Гэта ясна. А таму другое заданьне: незалежнасьць. Але як свабода, гэтак і незалежнасьць могуць быць толькі ад кагосьці, або ад чагосьці. Беларусь мае быць свабодна і незалежна, але ад каго ці-то ад чаго? Мы і кажамо: ад гнёту і падняволяньня, якоя цяпер істнуе. Дамагаемся волі ад комуністычна-большавіцкага тыранства і ад панска-шляхэцкага самаўпраўства, дамагаемся незалежнасьці ад Масквы і ад Варшавы, якія аж да апошняга часу трымалі гвалтоўна наш родны край у сваей залежнасьці.
    Мы рашуча і катэгорычна сьцьверджаемо, што воля і незалежнасьць Беларусі ёсьць прыродная патрэбнасьць, першая падваліна на шляху гістарычнага разьвіцьця беларускага народу. I чым хутчэй гэта патрэбнасьць будзе здаволяна, тым ляпей.
    Я дапускаю магчымасьць, што далёка ня увесь беларускі народ усьведамляе гэну сваю прыродную патрэбнасьць волі ды незалежнасьці, як напрыклад, ня кожны чалавек усьведамляе сваё палавое пачуцьцё, у аснове якога ляжыць інстынкт захаваньня свайго роду. Але як палавы інстынкт чалавек адчувае, гэтак сама ён адчувае інстынкт волі ды незалежнасьці.
    Наша трэцяе заданьне: ўсьвядоміць гэны інстынкт волі ды незалежнасьці, каб з неўсьвядомленага пачуцьця свабоды і незалежнасьці стала усьвядомленая воля дасягнуць гэтага. Мы павінны ўсьведамляць народ наш беларускі, вясьці неустанна прапаганду ў неабходнасьці змаганьня за волю ды незалежнасьць; мы павінны неустанна прабуджаць волю да змаганьня. А тагды настае чацьвертае наша заданьне: арганізацыі народнай волі, арганізацыі народнай псыхікі. Без арганізацыі немагчыма ніякае змаганьне; хто мае ствараць гэну арганізацыю народнай волі, народнай псыхікі? Адказ дужа просты: ягоная актыўная меньшасьць, што да канца прадумала і ўсьвядоміла яго долю. Гэна актыўная меныпасьць не павінна быць ужо такая і малая, але даволі значная, на тоя, каб магла спраўна працаваць у адпаведным кірунку. Прыходзім да пятага заданьня: стварэньня адзінай згоднай грамады змагароў за Беларусь. Найлепш, каб гэто была адзіная партыя. Немагчыма гэта, па тых ці іншых прычынах — сувязь партый, арганізацый, актыўных змагароў. Гэта сувязь беларускіх змагароў мае сабе сказаць: у імя праўды — ў рукі меч.