• Газеты, часопісы і г.д.
  • Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

    Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей


    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 421с.
    Мінск 1996
    142.72 МБ
    Востры прыступ боляў вызываецца рэзкім парушэннем адтоку мачы з ныркі, павелічэннем ціску ў лаханцы і расцяжэннем фібрознай капсулы ныркі, а таксама раздражненнем слізістай абалонкі мачаточніка пры праходжанні каменя.
    Прыступ боляў спыняецца, калі камень спусціцца ў мачавы пузыр. Пасля прыступу ў мачы часта знаходзяць камяні. Працягваецца прыступ некалькі гадзін або дзён.
    Асноўныя ўскладненні нырачнакаменнай хваробы — развіццё піеланефрыту, нырачнай недастатковасці, гідранефрозу, артэрыяльнай гіпертэнзіі.
    Дыягназ устанаўліваюць на падставе даных анамнезу, клінічнай карціны, лабараторнага аналізу мачы і рэнтгеналагічнага абследавання.
    Л я ч э н н е. Пры нырачнай коліцы хвораму забяспечваюць поўны спакой, прымяняюць цеплавыя працэдуры — грэлкі на вобласць паясніцы, гарачыя ванны. Зняцця боляў і расслаблення гладкай мускулатуры мачаточнікаў дасягаюць ін’екцыяй марфіну або прамедолу разам з 1 мл 0,1 % раствору атрапіну. Пры адсутнасці абязбольвальнага эфекту ін’екцыю можна паўтарыць. У крайнім выпадку прымяняюць паранефральную блакаду — увядзенне ў калянырачную клятчатку 0,25 % раствору навакаіну.
    Пры зашчымленні вялікага каменя ў мачаточніку звяртаюцца да аператыўнага ўмяшання.
    Немалаважнае значэнне пры лячэнні нырачнакаменнай хваробы мае дыетычнае харчаванне з улікам віду парушэння абмену рэчываў.
    Пры ўтварэнні аксалатных камянёў абмяжоўваюць ужыванне прадуктаў, якія ўтрымліваюць шмат шчаўевай і лімоннай кіслаты (перац, салат, шчаўе, шпінат, агрэст, парэчкі, суніцы, цытрусавыя, бабовыя і інш.). Назначаюць працяглы прыём прэпаратаў магнію (аксід, карбанат, сульфат) па 0,5 г 2—3 разы на дзень пасля яды, якія замаруджваюць утварэнне камянёў.
    Пры ўтварэнні уратных камянёў абмяжоўваюць прадукты, якія ўтрымліваюць пурыны (мяса, печань, кава, какава, шакалад). Колькасць бялку ў рацыёне не павінна перавышаць 1 г на 1 кг масы хворага. У дыеце перавага аддаецца малочна-раслінным прадуктам.
    Для паніжэння канцэнтрацыі соляў пры аксалатных і уратных камянях рэкамендуецца павялічыць прыём вадкасці да 2—2,5 л у суткі.
    Пры фасфатных камянях у ежы абмяжоўваюць кальцый (бульба, малочныя прадукты, яйкі і інш.), выключаюць прадукты і лекавыя сродкі, якія ашчалочваюць мачу (шчолачы, лімоны і інш.), рзкамендуюць прадукты, якія павышаюць кіслотнасць мачы (мяса, рыба, тлушчы, алей, сметанковае масла), назначаюць лекавыя сродкі, якія садзейнічаюць акісленню мачы (метыянін па 0,5 г 3 разы на дзень, аскарбінавая, борная, бензойная кіслоты па 0,2 г 2—3 разы на дзень і інш.). Прыём вадкасці — да 1,5 л.
    Для хворых з камянямі змешанага хімічнага саставу харчаванне павінна быць рознабаковае з абмежаваннем прадуктаў, якія садзейнічаюць утварэнню камянёў.
    3 мэтай выгнання дробных камянёў з нырак прымяняюць авісан, аліметын, цыстэнал і інш,, фізіятэрапеўтычныя працэдуры, лячэбную фізкультуру і бальнеатэрапію. Пры здавальняючай мочавыдзяляльнай функцыі нырак 1—2 разы ў тыдзень хворым назначаюць водную нагрузку — прыём спазмалітычнага прэпарата і 1,5 л слабага чаю або цёплай вады на працягу 1—2 гадзін. Водная нагрузка проціпаказана пры сардэчна-сасудзістых захворваннях, гіпертанічнай хваробе і ў час прыступу нырачнай колікі.
    2.6.6.	Урэмія. Урэмічная кома
    Урэмія, або мачакроўе, — самаатручванне арганізма, абумоўленае нырачнай недастатковасцю. Пры гэтым у арганізме парушаецца кіслотна-шчолачная раўнавага і накопліваюцца ядавітыя прадукты бялковага абмену, што вядзе да цяжкіх парушэнняў функцый усіх органаў і сістэм. Адрозніваюць вострую і хранічную урэмію.
    Вострая урэмія з’яўляецца вынікам вострай нырачнай недастатковасці, што ўзнікае пры расстройстве агульнага кровазвароту, вызваным шокам ад цяжкіх цялесных пашкоджванняў, пры страце крыві, апёках, адмаражэннях, абязводжванні, алергіі, атручваннях, сепсісе.
    Хранічная урэмія развіваецца пры захворванні нырак (нефрыты, піеланефрыты), парушэнні праходнасці мачавых шляхоў (камяні, пухліны).
    Клінічная карціна. Спачатку сімптомы урэміі праяўляюцца ўзнікненнем агульнай слабасці, хуткай стамляльнасці, галаўнога болю, парушэннем сну і апетыту, зніжэннем памяці. Паяўляюцца моцная смага, сверб скуры, млоснасць. Скура становіцца сухая. Выяўляецца павялічанае ўтрыманне ў крыві азоцістых шлакаў (мачавіны і інш.).
    Пазней гэтыя азоцістыя шлакі пачынаюць інтэнсіўна выдзяляцца скурай, слізістымі і серознымі абалонкамі і раздражняць іх. Гэта
    вядзе да ўзнікнення урэмічнага гастрыту, каліту, плеўрыту, перыкардыту, парушэння функцыі печані, касцявога мозгу, зроку. З’яўляецца схільнасць да кроватачывасці і крывацёку.
    Без своечасовага эфектыўнага лячэння развіваецца урэмічная кома: хворы страчвае прытомнасць, змяняюцца рытм і глыбіня дыхання (па тыпе Кусмаўля або Чэйна—Стокса), паяўляецца пах мачы з рота, мачавы пузыр пусты, мача не выдзяляецца, твар бледны, ацёкі па ўсім целе, артэрыяльны ціск высокі, у некаторых выпадках шум трэння перыкарда чуваць на адлегласці, тэмпература цела нармальная або паніжаная, зрэнкі звужаныя. У канечнай стадыі хваробы назіраюцца сутаргі. Пры незваротнасці працэсаў азатэмічнай урэміі зыход бывае лятальны. Працягласць комы — да 8 дзён.
    Л я ч э н н е павінна быць накіраванае ў першую чаргу на ўстараненне захворвання, што з’явілася прычынай урэміі.
    Пры хранічнай урэміі назначаюць дыету з абмежаваннем бялку да 40—30 г у суткі, што змяншае накапленне таксічных азоцістых шлакаў. Абмяжоўваюць таксама ўжыванне кухоннай солі і кіслых прадуктаў. Калі няма проціпаказанняў з боку сэрца і адсутнічае схільнасць да ацёкаў, назначаюць шчодрае піццё, пераважна шчолачнае. Дыета павінна быць вітамінізаваная.
    Пры ўзнікненні урэмічнай комы, калі няма выразнай анеміі, прымяняюць кровапусканне (0,5 % ад масы цела). Пасля гэтага ўнутрывенна ўводзяць 40—100 мл 40 % раствору глюкозы, а потым капельна ўнутрывенна (або ў клізме) уводзяць 200—500 мл сумесі 5 % раствору натрыю гідракарбанату і 5 % раствору глюкозы. Страўнік прамываюць 2 % растворам натрыю гідракарбанату. Праводзяць інгаляцыі кіслароду. Падскурна ўводзяць 1 мл кардыяміну або 1 мл 10 % раствору кафеіну. Пры ўпартай частай рвоце падскурна ўводзяць 0,5—1 мл 0,1 % раствору атрапіну і ўнутрывенна — 10—15 мл 10 % раствору натрыю хларыду. Пры выражаным узбуджэнні і сутаргах унутрымышачна ўводзяць аміназін (50—75 мг).
    Калі праведзеныя мерапрыемствы неэфектыўныя, арганізм ачышчаюць ад азоцістых шлакаў метадам гемадыялізу з дапамогай anapara «штучная нырка».
    2.7.	НЕРВОВА-ПСІХІЧНЫЯ РАССТРОЙСТВЫ
    2.7.1.	Паняцце аб неўрозах
    Неўрозы — група функцыянальных нервова-псіхічных захворванняў, якія абумоўлены псіхічным перанапружаннем.
    Этыялогія. Прычынамі развіцця неўрозаў могуць з’яўляцца
    працяглае ўздзеянне псіхатраўміруючых фактараў, эмацыянальнае або разумовае перанапружанне, перанесенае інфекцыйнае або іншае захворванне.
    Па клінічным цячэнні адрозніваюць наступныя віды неўрозаў: неўрастэнію, або астэнічны неўроз, істэрыю, або істэрычны неўроз, і неўроз навязлівых станаў.
    Неўрастэнія (нервовае знясіленне, слабасць) — від неўрозу, які праяўляецца павышанай раздражняльнасцю ў спалучэнні з хуткай стамляльнасцю і знясіленнем, а затым затрыманым узнаўленнем псіхічных працэсаў.
    Клінічная карціна. У развіцці хваробы вылучаюць 3 стадыі.
    •	Пачатковая стадыя характарызуецца перыядычнымі хістаннямі настрою і павышанай раздражняльнасцю. Адзначаюцца абцяжаранае засынанне, сэрцабіцце, павышаная патлівасць, якія ўзмацняюцца пад уздзеяннем невялікіх эмацыянальных або фізічных нагрузак. Пры гэтым звычайныя знешнія раздражняльнікі (яркае святло, рыпенне дзвярэй, гучная размова і інш.) выводзяць хворага з раўнавагі, ён не можа стрымлівацца, павышае голас, крычыць. Гэтыя з’явы няўстойлівыя і хутка праходзяць пасля лячэння і адпачынку.
    •	Другая стадыя характарызуецца больш устойлівым станам раздражняльнай слабасці, павышанай псіхічнай стамляльнасцю, паслабленнем актыўнай увагі, хуткім наступленнем пачуцця стомленасці. На першы план у клінічнай карціне выходзяць цяжкасці пры выкананні разумовай працы. Хвораму цяжка сканцэнтравацца, ён не можа засвоіць прачытанае, утрымліваць у памяці імёны, даты, хутка страчвае ўвагу і рассейваецца, а затым заўважае, што думае пра другое. У хворага ўзрастае цяжкасць засынання, узмацняюцца функцыянальныя сардэчна-сасудзістыя расстройствы (адчуванне пульсацыі сасудаў, гіпаці гіпертэнзія), галаўныя болі, функцыянальныя расстройствы стрававання. Часцей адзначаюцца зніжэнне мышачнага тонусу, трэмар пальцаў рук, языка, зніжэнне палавой цягі.
    •	Трэцяя стадыя неўрастэніі наступае адносна рэдка — пры працяглай псіхатраўміруючай сітуацыі, якая спалучаецца з ператамленнем і саматычным недамаганнем. Характарызуецца рэзкім знясіленнем, апатыяй, вяласцю, адынаміяй.
    Дыягназ неўрастэніі ўстанаўліваюць на аснове клінічнай карціны і пры наяўнасці ў анамнезе псіхатраўміруючай сітуацыі і ператамлення.
    Л я ч э н н е. Найбольш эфектыўным з’яўляецца спалучэнне медыкаментознай тэрапіі з рацыянальнай псіхатэрапіяй і аўтагеннай
    трэніроўкай. Рэкамендуюцца прэпараты седатыўнага (транквілізатары, прэпараты брому і інш.) і стымулюючага (прэпараты жэныпэню, лімонніку і інш.) дзеяння, псіхастымулятары (кафеін, фенамін, мерыдыл, індапан і інш.) у спалучэнні з агульнаўмацавальным лячэннем і фізіятэрапеўтычнымі працэдурамі (цёплыя ванны, электрасон і інш.). Для паспяховага лячэння неабходныя нармалізацыя рэжыму працы і адпачынку.
    Прафілактыка неўрастэніі скаладаецца з рацыянальнай арганізацыі працы і адпачынку, выключэння працяглых перагрузак.
    Істэрыя — псіхічнае захворванне, якое адносіцца да групы неўрозаў. Можа развівацца ў асоб з аслабленай нервовай сістэмай пад уздзеяннем псіхічнай траўмы. Часцей узнікае ў маладым узросце, пераважна ў жанчын.
    Клінічная карціна. Істэрыя суправаджаецца функцыянальнымі расстройствамі з паліморфнымі сімптомамі, якія ўмоўна можна падзяліць на 4 групы: рухальныя, сенсорныя (адчувальныя), вегетатыўныя і псіхічныя.
    Рухальныя расстройствы могуць праяўляцца істэрычнымі прыпадкамі, узнікненнем паралічоў, парэзаў, мышачных кантрактур, парушэннем паходкі, заіканнем.
    Істэрычны прыпадак узнікае звычайна ў чыёй-небудзь прысутнасці і пачынаецца з павольнага падзення, якое не ўяўляе небяспекі. Хворыя качаюцца па падлозе, дрыжаць, бьюць рукамі і нагамі, выгінаюцца дугой, абапіраючыся аб падлогу патыліцай і пяткамі, •стогнуць, равуць, рвуць адзенне, валасы, кусаюць сабе рукі, драпаюць твар і цела і г. д. Істэрычны прыпадак можа працягвацца ад некалькіх хвілін да некалькіх гадзін і можа быць спынены знешнім уздзеяннем (абліванне халоднай вадой, моцны гук, рэзкая каманда і г. д.). Пасля заканчэння прыпадку хворы хутка ўключаецца ў навакольныя абставіны, зрэдку пераходзіць у плач, адчувае стомленасць. Пра істэрычны прыпадак у яго застаюцца частковыя, адрывачныя ўспаміны.