Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
Пасля ачысткі страўнікава-кішачнага тракту хворага ўкладваюць у ложак, на падлыжачную вобласць кладуць грэлку. Пры моцных болях прымяняюць болесуцішальныя сродкі (ін’екцыя 1 мл 1 % раствору прамедолу і інш.), спазмалітычныя сродкі (ін’екцыя 1 мл 0,1 % раствору атрапіну сульфату падскурна).
У першыя 1—2 дні рэкамендуецца цёплае пітво (вада, чай). Затым, калі знікнуць вострыя праяўленні хваробы, рэкамендуецца вадкая цёплая ежа — слізістыя супы, слабы булён, кефір, кісель. Пазней дадаюць вадкія кашы, бульбяное пюрэ, яйкі ўсмятку, працёртае мяса з дабаўленнем агародніны і садавіны. На працягу 1,5—2 тыдняў праводзіцца дыетатэрапія (сталы дыеты № 1).
Звычайна востры гастрыт заканчваецца выздараўленнем. Аднак пры наяўнасці паталогіі з боку слізістай абалонкі страўніка (частае ўжыванне алкаголю, курэнне і інш.) ён можа перайсці ў хранічны.
Прафілактыка вострага гастрыту прадугледжвае санітарны нагляд за работай харчовых прадпрыемстваў, захоўваннем і продажам насельніцтву дабраякасных прадуктаў харчавання. Маюць значэнне індывідуальныя меры засцярогі, прытрымліванне правіл асабістай гігіены, пазбяганне ўжывання недабраякаснай ежы, вострых страў, прыпраў і марынадаў, пераядання.
2.5.4. Язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі
Язвавая хвароба — хранічнае захворванне, якое характарызуецца ўзнікненнем язваў на слізістай абалонцы страўніка ці дванаццаціперснай кішкі, болямі ў падлыжачнай вобласці, сезоннымі абвастрэннямі і іншымі сімптомамі.
Этыялогія. Асноўнай прычынай узнікнення язвы з’яўляюцца патагенныя кіслотаўстойлівыя мікробы — хелікабактэр-пілоры, якія пранікаюць у страўнік разам з ежай ці недабраякаснай пітной вадой. Вялікае значэнне ў развіцці хваробы маюць нервова-псіхічнае перанапружанне, парушэнне рэжыму харчавання, ужыванне грубай ежы, курэнне, злоўжыванне алкаголем.
Клінічная карціна. Найбольш устойлівай прыметай хваробы з’яўляецца боль, звязаны з прыёмам ежы, які мае строга абмежаваную лакалізацыю. У залежнасці ад лакалізацыі язвы ў страўніку ці дванаццаціперснай кішцы бываюць раннія, познія і «галодныя» болі.
Раннія болі звычайна ўзнікаюць праз паўгадзіны-гадзіну пасля ежы, познія — праз 2—3 гадзіны, а часам і пазней, «галодныя» з’яўляюцца нашча і ўначы. «Галодныя» болі характэрныя для язвы дванаццаціперснай кішкі, бываюць інтэнсіўныя і часта знікаюць пасля прыёму невялікай колькасці ежы ці некалькіх глыткоў вады. Ва ўзнікненні болю значную ролю адыгрывае вострая і грубая ежа.
Нярэдка праз 2—3 гадзіны пасля яды ў хворых узнікае моцная пякотка, якая вызываецца закідваннем са страўніка ў стрававод кіслага змесціва. Пасля прыёму натрыю гідракарбанату пякотка хутка знікае.
Падчас хворыя скардзяцца на адрыжку, млоснаць, ірвоту, звязаныя з прыёмам ежы. Пасля рвоты, якая звычайна развіваецца на ўзроўні болевых адчуванняў, настае палёгка.
Алетыт у хворых можа не парушацца, нават пры абвастрэнні захворвання.
Абвастрэнні хваробы часцей узнікаюць вясной і восенню, працягвдюцца да 1—2 месяцаў і праяўляюцца ўзмацненнем сімптомаў хваробы, а ў шэрагу выпадкаў прыводзяць да ўскладненняў.
Пры аглядзе хворага выяўляецца белаваты налёт на языку. Пры моцных болях хворы прымае вымушаную паставу — ляжыць на баку з падцягнутымі да жывата нагамі, пры частай ірвоце з’яўляюцца прыметы абязводжвання — вяласць скуры, сухасць слізістых, схільнасць да сутаргаў.
Пры пальпацыі жывата адзначаецца напружанне мышц пярэдняй брушной сценкі, балючасць у эпігастральнай вобласці ці справа ад пупка.
Пры лабараторным даследаванні страўнікавага соку часцей выяўляецца павышаная кіслотнасць, хаця ў шэрагу выпадкаў яна бывае нармальнай і нават зніжаная.
Пры рэнтгеналагічным даследаванні выяўляецца язвавы дэфект слізістай абалонкі — так званы сімптом «нішы».
Пры гастрадуадэнаскапіі даследуюць стан слізістай абалонкі, характар і памер язвы, а таксама кантралююць яе зажыўленне пры паўторным аглядзе.
Д ы я г н а з хваробы ўстанаўлівааюць на аснове клінічнага і рэнтгеналагічнага абследавання хворага, пры выяўленні сімптома «нішы».
Сярод ускладненняў могуць быць: 1) унутраны крывацёк, які праяўляецца крывавай ірвотай пры язвах страўніка і кішэчным крывацёкам пры язвах дванаццаціперснай кішкі; 2) перфарацыя (прабадзенне) язвы, якая выражаецца раптоўнымі вострымі болямі ў падлыжачнай вобласці, якія распаўсюджваюцца па ўсім жываце; 3) расшырэнне страўніка ў выніку стэнозу (звужэння) прываротніка з характэрнымі болямі па ўсім жываце праз 3—4 гадзіны пасля яды і ранішняй ірвотай стравай, з’едзенай напярэдадні; 4) перараджэнне язвы страўніка ў рак.
Прабадзенне язвы з’яўляецца найболып небяспечным для жыцця хворага ўскладненнем і патрабуе тэрміновай хірургічнай дапамогі.
Л я ч э н н е язвавай хваробы павінна быць комплекснае і ўключаць медыкаментозную тэрапію, дыетычнае харчаванне, фізіятэрапеўтычныя працэдуры, выкананне рэжыму працы і адпачынку.
Медыкаментозная тэрапія ў першую чаргу павінна быць накіравана на ўстараненне ўзбуджальніка хваробы. Пасля вызначэння адчувальнасці ўзбуджальніка да медыкаментаў назначаюць курс лячэння двума-трыма процімікробнымі сродкамі шырокага спектру дзеяння, якія паказалі найбольшую эфектыўнасць (дэ-нол, метранідазол, оксацылін, амоксацылін, тэтрацыклін і інш.). Прэпараты назначаюць дробна (4—5 разоў у суткі) са зменшанай (дэ-нол — 120 мг, метранідазол — 250 мг, оксацылін — 0,25 г, амоксацылін — 0,5 г) разавай дозай, каб дасягнуць высокай канцэнтрацыі іх у страўніку і ў дванаццаціперснай кішцы. Курс лячэння — болей як 10—14 дзён.
Пры болях назначаюць спазмалітычныя сродкі (метацын, атрапін, папаверын, но-шпа), на працягу 7—10 дзён — антацыдныя прэпараты (альмагель, вікалін, вікаір, натрыю гідракарбанат і інш.), якія зніжаюць кіслотнасць страўнікавага соку.
Карыснае процізапаленчае дзеянне аказваюць срэбра нітрат (10— 20 мл 0,05 % раствору ўнутр за 15 хвілін да яды) і вінілін (1,4 г прэпарата ў капсуле 1 раз у суткі праз 5—6 гадзін пасля яды).
Для паскарэння загойвання язвы назначаюць вітамінатэрапію, анабалічныя стэроіды (метандрастэналон, фенабалін, рэтабаліл), якія ўзмацняюць абмен рэчываў у арганізме.
Пры адсутнасці пагрозы ўнутранага крывацёку прымяняюць цеплавыя працэдуры (грэлкі, парафін, азакерыт).
Пры ўнутраным крывацёку хвораму назначаюць строгі пасцельны рэжым, на эпігастральную вобласць кладуць пузыр з лёдам на 30 хвілін. Для павышэння згусання крыві прымяняюць каагулянты (10 мл 10 % раствору кальцыю хларыду ўнутрывенна, 1 мл 1 % раствору вікасолу падскурна, 50—100 мл 5 % раствору амінакапронавай кіслаты ўнутрывенна капельна). Карыснае ўздзеянне аказвае пераліванне аднагрупнай крыві (100—150 мл). Пры адсутнасці эфекту вырашаюць пытанне аб магчымасці хірургічнага лячэння.
Пасля спынення крывацёку на працягу двух дзён хворым назначаюць галаданне, потым ежу даюць у вадкім і халаднаватым выглядзе.
Дыетатэрапія ажыццяўляецца на аснове дыеты № 1. На працягу першага тыдня хворым назначаюць стол № 1а, другога — 16, на працягу ўсяго астатняга часу лячэння — № 1.
Хворым катэгарычна забараняецца курэнне і ўжыванне алкагольных напіткаў.
Прафілактыка язвавай хваробы прадугледжвае прытрымліванне здаровага ладу жыцця і рацыянальнага харчавання, адмову ад курэння і ўжывання алкагольных напіткаў і бескантрольнага прымянення медыкаментаў (аспірын, бутадыён, прэднізалон і інш.), якія могуць садзейнічаць узнікненню рэцыдыву хваробы.
2.5.5. Востры энтэрыт і каліт
Энтэрыт — запаленчае захворванне тонкай кішкі. Асобна востры энтэрыт сустракаецца адносна рэдка. Звычайна ў клінічнай практыцы сустракаецца энтэракаліт або гастраэнтэрыт.
Каліт — запаленчае паражэнне тоўстай кішкі.
Энтэракаліт — адначасовае запаленчае паражэнне тонкай і тоўстай кішкі. Энтэракаліты, як і энтэрыты і каліты, бываюць восгрыя і хранічныя.
Этыялогія энтэрытаў і калітаў. Вострыя энтэрыты і каліты часцей маюць інфекцыйную прыроду. На другім месцы па частаце стаяць таксічныя энтэрыты і каліты, вызваныя недабраякаснымі прадуктамі і харчовымі токсікаінфекцыямі. Акрамя таго, у развіцці хваробы могуць мець значэнне аліментарныя алергія і дыспепсія і іншыя прычыны.
Востры энтэракаліт. Клінічная карціна. Сімптомы
хваробы залежаць ад перавагі запаленчага працэсу ў тонкай або тоўстай кішцы. Болып цяжкія сімптомы характэрныя для пераважнага паражэння тонкай кішкі. Узнікаюць схваткі болю ў жываце, панос і рвота. Стул часты, вадкі (5—10 разоў у суткі), могуць быць балючыя пазывы на ніз, экскрэменты ўтрымліваюць слізь. Хворы адчувае агульную слабасць, страту апетыту, млоснасць, смагу. У першыя дні хваробы гарачка дасягае 38—40 ° С. Пры пераважным паражэнні тоўстай кішкі адзначаюцца тэнезмы (балючыя пазывы на ніз) і больш часты стул (да 30 разоў у суткі).
Пры аглядзе хворага выяўляецца сухасць, абложанасць языка. Жывот напружаны, балючы. Выпаражненні вадкія з гніласным пахам і прымессю слізі.
У лёгкіх выпадках хвароба можа скончыцца на працягу некалькіх дзён, а часам зацягваецца на некалькі (4—6) тыдняў. У цяжкіх выпадках магчымы ўскладненні (востры нефрыт, перытаніт, сепсіс і інш.).
Д ы я г н а з устанаўліваюць на аснове даных клінічнага абследавання хворага і бактэрыялагічнага даследавання яго экскрэментаў.
Л я ч э н н е пры харчовых атручваннях пачынаюць з ачышчэння кішэчніка. Хвораму прамываюць страўнік і даюць салявое слабіцельнае (25 г магнію або натрыю сульфату). Пасля гэтага назначаюць пасцельны рэжым, грэлкі на жывот і да ног. Для прафілактыкі сардэчна-сасудзістай недастатковасці прымяняюць кардыямін, кафеін або камфару.
У якасці процімікробных сродкаў прымяняюць сульфаніламіды (фталазол або сулыін — па 1 г праз 4 гадзіны, дысульфармін — па 1 г 4—6 разоў на дзень і інш.), антыбіётыкі (тэтрацыклін — па 0,2 г 4—5 разоў на дзень, эрытраміцын — па 0,25 г 4—6 разоў на дзень, леваміцэцін — па 0,5 г 4 разы на дзень).
Пры болях і бурчанні ў жываце назначаюць экстракт беладонны — па 0,015 г 3 разы на дзень і карбален — па 1 г 3 разы на дзень.
Пры вялікай страце вадкасці і абязводжванні арганізма хворым рэкамендуюць піць мінеральную ваду, чай, кісель, кампот — да 2—5 л у суткі, унутрывенна ўліваюць 5 % раствор глюкозы, падскурна — ізатанічны раствор натрыю хларыду па 300 мл 3—4 разы ў суткі.