Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
Працэс мочаўтварэння ажыццяўляецца шляхам фільтрацыі з крывяносных капіляраў нырачных клубочкаў у капсулу, што акружае іх, вады, глюкозы, натрыю хларыду, мачавіны, мачавой кіслаты, аміяку і іншых рэчываў. Пры гэтым у звілістых канальцах нырак адбываецца зваротнае ўсмоктванне ў кроў глюкозы, часткі вады, натрыю хларыду, амінакіслот.
У сярэднім за суткі чалавек выдзяляе каля 1,5 л мачы. Ваганне сутачнай колькасці мачы знзходзіцца ў межах ад 1000 да 1800 мл і ў норме павінна быць прыкладна роўнае колькасці вадкасці, выпітай за гэты перыяд. Пры захворваннях нырак колькасць мачы і яе састаў змяняюцца, і па гэтых зменах можна меркаваць аб характары паталагічнага працэсу.
Пратэінурыя — выдзяленне бялку з мачой, якое сведчыць пра павышэнне пранікальнасці капіляраў нырачных клубочкаў. Нармальная ранішняя мача, як правіла, не ўтрымлівае бялку, наяўнасць яго — з’ява паталагічная. Аднак пасля ўзмоцненай фізічнай нагрузкі, пасля пераядання, пры моцным ахаладжэнні бялок (да 0,4—0,5 %<>) можа прысутнічаць у мачы і пры здаровых нырках, што лічыцца фізіялагічнай пратэінурыяй. Сапраўдная, або нырачная, пратэінурыя сведчыць пра паражэнне нырак. Пры вострых нефрытах колькасць бялку ў мачы дасягае 3—6%о, а пры нефрозах — аж да 5—10 %<>.
Гематурыя — выдзяленне з мачой крыві. Адрозніваюць сапраўднуую гематурыю з наяўнасцю ў мачы форменных элементаў крыві і несапраўдную, або гемаглабінурыю, калі мача афарбоўваецца ў чырвоны колер прымессю крывяных пігментаў.
Эрытрацыты ў мачы могуць з’яўляцца пры нефрытах, інфекцыйных захворваннях, таксічных паражэннях, пухлінах, туберкулёзе нырак, нырачнакаменнай хваробе і іншых паражэннях мочавывадных шляхоў.
Для выяўлення крыві ў мачы ставяць трохшкляначную пробу. Хвораму прапаноўваюць у час аднаго мочаспускання сабраць асобна
першую, другую і апошнюю порцыі мачы у тры асобныя шклянкі, а потым параўноўваюць іх афарбоўку. Калі мача раўнамерна афарбавана крывёю ва ўсіх шклянках, то трэба лічыць, што кроў нырачнага паходжання, ^алі толькі ў першай — то яна з урэтры, а калі ў апошняй — то з мачавога пузыра. 3 дапамогай цыстаскапіі вызначаюць, з якой ныркі выдзяляецца кроў.
Ацёкі. Вядучая роля ў механізме развіцця нырачных ацёкаў належыць парушэнню функцыі выдзялення вады і солі. Перад з’яўленнем нырачных ацёкаў, прыметных воку, у арганізме затрымліваецца да 4—6 л вады (так званыя скрытыя ацёкі). У гэты час хворы хутка набірае масу. Пры нефрозах ацёчнай вадкасці ў арганізме можа збірацца да 20 л.
Нырачныя ацёкі трэба адрозніваць ад сардэчных: 1) яны пачынаюцца на твары ў вобласці павек, пасля чаго можа хутка ацякаць усё цела; сардэчныя ацёкі пачынаюцца на ніжніх канечнасцях у вобласці ступняў і нарастаюць павольна; 2) нырачныя ацёкі мяккія, вадзяністыя, рухомыя; сардэчныя ацёкі цвёрдыя, маларухомыя; 3) нырачныя ацёкі суправаджаюцца іншымі сімптомамі паражэння нырак; сардэчным ацёкам спадарожнічае павелічэнне печані.
Болі. Парэнхіма ныркі неадчувальная, і болі пры захворваннях нырак могуць зыходзіць з нырачнай капсулы і мочавывадных шляхоў. Болі з лакалізацыяй у паяснічнай вобласці бываюць пры вострым нефрыце і піеліце. Яны носяць тупы ныючы характар і могуць праяўляцца пры пастукванні па паяснічнай вобласці. Пры нырачнакаменнай хваробе болі маюць характар прыступаў нырачнай колікі. Яны звязаны з расцягваннем і рэзкім спазмам мачавых шляхоў пры праходжанні каменя па мачаточніку і распаўсюджваюцца ўніз — у мачавы пузыр, пахвінную вобласць, палавыя органы. Запаленне мачавога пузыра праяўляецца частымі пазывамі на мочаспусканне, якое суправаджаецца рэжучымі болямі.
Расстройства дыурэзу. Дыурэз — гэта працэс стварэння і выдзялення мачы. У сярэднім колькасць вады, якая паступае ў арганізм ў выглядзе вадкасці, складае каля 1500 мл у суткі, яшчэ каля 1000 мл дадаткова ўводзіцца з ежай і ствараецца ў арганізме ў працэсе абмену рэчываў (пры згаранні 100 г тлушчу ў арганізме ствараецца 100 мл вады, 100 г бялку — 40 мл, 100 г вугляводаў — 60 мл вады). Пры звычайным харчаванні і сярэдняй фізічнай нагрузцы ва ўмераным клімаце чалавек у норме выдзяляе з мачой каля 1500 мл вады, праз скуру — 500 мл, праз лёгкія — 400 мл, з калам — 100 мл.
Адрозніваюць сутачны дыурэз — колькасць мачы, якая выдзяляецца за суткі, дзённы — за дзень, начны — за ноч. На дзённы дыурэз у здаровага чалавека прыпадае 3/4 сутачнага дыурэзу.
Вызначаюць наступныя асноўныя расстройствы дыурэзу:
► поліурыю — павелічэнне дыурэзу для дарослага чалавека звыш 1800 мл за суткі. Поліурыя можа дасягаць 10—30 л і больш за суткі;
► полакіурыю — пачашчанае мочаспусканне, якое звычайна суправаджае поліурыю;
► алігурыю — выдзяленне малой колькасці мачы. Алігурыяй лічаць у дарослых дыурэз меншы за 500 мл;
► анурыю — спыненне паступлення мачы ў мачавы пузыр;
► ніктурыю — перавагу начнога дыурэзу над дзённым. Ніктурыя можа быць ныркавага і сардэчнага паходжання;
► дызурыю — абцяжаранае і балючае мочаспусканне. Можа быць прыметай розных захворванняў.
Ныркавая гіпертэнзія. Гіпертэнзія — гэта павышаны ўнутрысасудзісты ціск крыві. Бывае першасная і другасная артэрыяльная гіпертэнзія. Першаснай называюць гіпертэнзію пры гіпертанічнай хваробе, другаснай — павышэнне артэрыяльнага ціску, якое не звязана з гіпертанічнай хваробай і з’яўляецца сімптомам запалення нырак і нырачных сасудаў.
Артэрыяльная гіпертэнзія бывае сісталічная, калі максімальны (сісталічны) артэрыяльны ціск павышаны, а мінімальны (дыясталічаны) застаецца нармальным або злёгку павышаным ці зніжаным, і дыясталічная, якая працякае з пераважным павышэннем дыясталічнага ціску. Нырачная гіпертэнзія бывае ў асноўным дыясталічная. Мінімальны артэрыяльны ціск пры гэтым павышаецца да высокіх лічбаў — 120—160 мм рт. сл.
Змены з боку вочнага дна пры паражэннях нырак залежаць ад тонусу сасудаў сятчаткі. Пры гэтым могуць узнікаць кровазліццё ў сятчатку, ацёк сятчаткі і саска зрокавага нерва, белая пляма на месцы ацёку. Гэтыя з’явы суправаджаюцца расстройствам зроку.
2.6.2. Асноўныя метады абследавання пры захворваннях нырак
Пры распытванні хворых выяўляюцца скаргі на агульнае недамаганне, адчуванне слабасці, галаўны боль, млоснасць, страту апетыту, задышку, расстройства зроку.
Пры аглядзе хворых выяўляюцца ацёкі, бледнасць і сухасць скуры, пры цяжкіх паражэннях — асцыт, ацёк машонкі, кровападцёкі.
Пры пальпацыі вызначаюць павелічэнне або зрушэнне нырак. Нармальныя ныркі не пальпіруюцца. Ныркі могуць пальпіравацца
пры павелічэнні іх у 1,5—2 разы або апушчэнні. Для вызначэння зрушэння ныркі хворага пальпіруюць у паставе стоячы. Адрозніваюць тры ступені зрушэння нырак: 1) пальпіруецца толькі ніжні полюс ныркі; 2) пальпіруецца ўся нырка; 3) нырку лёгка перамясціць у другую палову брушяой поласці.
Пры перкусіі вызначаюць балючасць нырак (сімптом Пастарнацкага), а таксама павелічэнне мачавога пузыра пры затрымцы мачы.
Метад пасгуквання вобласці нырак ажыццяўляецца рабром далоні па паяснічнай вобласці. Калі пры пастукванні хворы адчувае боль, гэта ацэньваюць як станоўчы сімптом Пастарнацкага.
Інструментальныя метады даследавання даюць каштоўныя аб’ектыўныя даныя аб стане мочавыдзяляльнай сістэмы.
Рэнтгеналагічнае даследаванне з прымяненнем кантрастных рэчываў (цыстаграфія, ураграфія, піелаграфія) дазваляе меркаваць аб становішчы нырак, іх памерах, наяўнасці ў іх камянёў.
Пры цыстаскапіі даследуюць слізістую абалонку мачавога пузыра, вусце мачаточнікаў, назіраюць за функцыяй нырак па вывядзенні ўведзенага ў кроў кантрастнага ці фарбавальнага рэчыва. Паражоная нырка выдзяляе фарбу пазней, чым здаровая.
Функцыянальнае даследаванне нырак мае важнае значэнне ў дыягностыцы розных захворванняў. Найбольш часта пры гэтым прымяняюцца функцыянальныя пробы Фольгарда і Зімніцкага.
Проба Фольгарда — адна з найболып простых проб, якая дазваляе вызначыць дыурэз і адносную шчыльнасць мачы пад уплывам нагрузкі. Яна складаецца з дзвюх частак — воднай і канцэнтрацыйнай проб.
Водная проба: на працягу паўгадзіны хвораму даюць выпіць 1,5 л вады, а потым на працягу 4 гадзін праз кожныя паўгадзіны збіраюць мачу ў асобныя слоікі. Здаровы чалавек за 4 гадзіны выдзяляе 1,5 л мачы; пры гэтым адна з порцый павінна быць не меншая як 300 мл з адноснай шчыльнасцю 1,001—1,002. Пры парушэнні функцыі нырак за 4 гадзіны выдзяляецца менш як 1,5 л мачы, і асобныя порцыі яе не адрозніваюцца па адноснай шчыльнасці.
Канцэнтрацыйная проба бярэцца пасля воднай. На працягу ўсяго астатняга дня хвораму даюць толькі сухую ежу. Мачу збіраюць праз кожныя 2 гадзіны. Затым вызначаюць аб’ём і адносную шчыльнасць кожнай порцыі. У норме выдзяляецца па 20, 40, 60 мл мачы, адносная шчыльнасць якой к канцу дня ўзрастае да 1,030—1,035. Пры паталогіі нырак мача выдзяляецца па 80, 100 і нават 200 мл з нізкай адноснай шчыльнасцю — 1,010—1,012 ці 1,017—1,020.
П р о б а Зімніцкага ўяўляе сабой даследаванне функцыі нырак у натуральных умовах без нагрузак. На працягу сутак хворы застаецца на звычайнай дыеце, а мачу збіраюць асобнымі порцыямі праз кожныя 3 гадзіны (усяго 8 порцый). Потым у кожнай порцыі вызначаюцца аб’ём, адносная шчыльнасць мачы, а калі патрэбна — наяўнасць хларыдаў і мачавіны. Чым больш разнастайнымі атрымаліся велічыні, тым лепшая функцыя нырак. Параўноўваюць дзённы і начны дыурэз. У норме днём выдзяляецца 2/3—3/4 сутачнай колькасці мачы, пры паталогіі начны дыурэз болылы за дзённы.
Калі проба Зімніцкага не дала дакладных вынікаў, ставяць пробу Фольгарда.
Даследаванне мачы дазваляе ўстанавіць парушэнні функцыі нырак, а таксама парушэнне абмену рэчываў, якое ўзнікае ў сувязі з паражэннем розных органаў. Для клінічнага аналізу бяруць 100— 200 мл ранішняй мачы, сабранай у чысты шкляны посуд. Клінічны аналіз уключае вызначэнне фізічных уласцівасцей мачы (колер, рэакцыя, празрыстасць, адносная шчыльнасць) і хімічнага саставу, выяўленне нехарактэрных для нармальнай мачы кампанентаў (бялок, цукар, білірубін і інш.), а таксама мікраскапічнае даследаванне асадку, у якім пры паталогіі можа змяшчацца значная колькасць форменных элементаў крыві і іншых клетак.
Колер мачы. Нармальная мача — празрыстая вадкасць светла-жоўтага колеру са слабым аміячным пахам. Пры ўжыванні вялікай колькасці вадкасці яна больш светлая, а пры наяўнасці жоўцевых пігментаў нагадвае па колеры піва. Прысутнасць у мачы гемаглабіну надае ёй цёмна-чырвоны колер, наяўнасць крыві — колер мясных памыяў. Колер мачы можа змяняцца ў залежнасці ад прынятых лекавых рэчываў. Так, метыленавы сіні афарбоўвае мачу ў сіні колер, рэвень — у залаціста-жоўты, амідапірын — у чырвоны, акрыхін і біяміцын — у ярка-жоўты і г. д.