Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
Харчаванне хворых вядзецца на аснове ашчаджальнай дыеты № 4. Пасля аднадзённага галадання назначаюць слізістыя супы (рысавы, манны, аўсяны, ячны) са сметанковым маслам, чарнічны кісель.Паступова пераходзяць да працёртых каш на вадзе са сметанковым маслам, да белых сухароў, нямоцнага булёну. Ашчаджальная дыета захоўваецца да 5 дзён.
Прафілактыка зводзіцца да прадухілення кішэчных інфекцый, выканання рацыянальнага харчовага рэжыму і санітарнагігіенічных патрабаванняў пры гатаванні ежы.
2.5.6. Востры халецыстыт. Пячоначная коліка
Халецыстыт — запаленне жоўцевага пузыра. Па цячэнні хваробы адрозніваюць востры і хранічны халецыстыт. У болыпасці выпадкаў хвароба ўзнікае пасля ўтварэння камянёў у жоўцевым пузыры. Сусгракаецца часцей у жанчын сталага і пажылога ўзросту.
Этыялогія. Асноўнай прычынай развіцця халецыстыту з’яўляецца мікробная інфекцыя (кішэчная палачка, кокі і інш.), якая можа пранікаць у жоўцевы пузыр узыходным шляхам з дванаццаціперснай кішкі, а таксама гематагенным або лімфагенным шляхам з іншых ачагоў інфекцыі ў арганізме (карыес зубоў, хранічны танзіліт, атыт, аднексіт, гаймарыт і г. д.). Развіццю хваробы спрыяюць парушэнне адтоку жоўці ў сувязі з нерэгулярным харчаваннем, перыядычнае пераяданне, маларухомы лад жыцця, прывычныя запоры, цяжарнасць, спадчынна-канстытуцыянальная схільнасць.
Востры халецыстыт. Клінічная карціна. Найбольш тыповым праяўленнем вострага халецыстыту з’яўляецца прыступ пячоначнай колікі. Прыступ праяўляецца раптоўнымі болямі ў правым падрабрынні і падлыжачнай вобласці, якія носяць нясцерпны характар і аддаюць у правае плячо і правую лапатку. Болі звычайна суправаджаюцца моташнасцю, рвотай, павышэннем тэмпературы да 38—39 ° С.
Пры аглядзе ў час прыступу хворы ўстрывожаны, не можа знайсці такую паставу, пры якой боль змяншаецца. Часта на другітрэці дзень пасля прыступу з’яўляецца жаўтушнасць склер і скуры, мача набывае колер піва. Выяўляюцца напружанасць і рэзкая балючасць брушной сценкі ў правым падрабрынні. Пастукванне па краі правай рабрыннай дугі выклікае востры боль. Лакальны боль узнікае пры націсканні на 3—4 см управа ад 10—12-га асцістых адросткаў грудных пазванкоў.
Нярэдка прыступ вострага халецыстыту ўзнікае праз 2—4 гадзіны пасля ўжывання ежы, багатай на тлушч (сала, смажаная свініна, бараніна і інш.).
Пры лабараторным даследаванні крыві хворага адзначаюцца лейкацытоз і павялічаная ХАЭ.
Наяўнасць камянёў у жоўцевым пузыры выяўляюць пры рэнтгеналагічным і ультрагукавым даследаванні.
Працягласць цячэння вострага халецыстыту — ад 2—3 тыдняў
да 2—3 месяцаў, што залежыць ад магчымых ускладненняў, такіх, як гнойнае запаленне жоўцевага пузыра і жоўцевых пратокаў, перытаніт ці панкрэатыт.
Нярэдка востры халецыстыт сустракаецца ў дзіцячым узросте. У большасці выпадкаў ён працякае без прымет утварэння камянёў у жоўцевых шляхах. Клінічная карціна характарызуецца павелічэннем і балючасцю печані пры пальпацыі, прыметамі перытаніту, агульнай інтаксікацыяй і іншымі сімптомамі.
Д ы я г н а з устанаўліваюць на падставе даных аб’ектыўнага абследавання хворага з улікам анамнезу і скаргаў.
Л я ч э н н е хворых з вострым халецыстытам праводзіцца ў хірургічным аддзяленні, таму што пры ўзнікненні ўскладненняў можа спатрэбіцца неадкладная аператыўная дапамога.
Пры сярэдняй цяжкасці і параўнальна лёгкім цячэнні хваробы праводзяць кансерватыўнае лячэнне.
Прыступ пячоначнай колікі знімаюць увядзеннем наркатычных анальгетыкаў (марфін, прамедол, амнапон) і спазмалітычных сродкаў (атрапін, папаверын, но-шпа). Хвораму даюць выпіць шклянку цёплага чаю, на вобласць правага падрабрыння кладуць грэлку ці назначаюць цёплую ванну. Калі прыступ болю не знімаецца, вырашаюць пытанне аб хірургічным лячэнні.
Пасля болевага прыступу на працягу 1—2 дзён хвораму назначаюць галаданне, а затым дробнае харчаванне (4—6 разоў на дзень) у выглядзе ашчаджальнай дыеты № 5 з абмежаваннем тлушчу (вараная агародніна, тварог, каша, паравы бялковы амлет, вараныя рыба ці мяса, адвары шыпшыны, чорных парэчак, фруктовыя сокі, печаныя яблыкі).
У якасці процімікробных сродкаў назначаюць антыбіётыкі шырокага спектру дзеяння і сульфаніламіды.
Прафілактыка прадугледжвае падтрыманне рацыянальнага рэжыму харчавання, устараненне ці змяншэнне застою жоўці ў жоўцевым пузыры (часты прыём ежы, барацьба з адынаміяй, свабодная вопратка), прадухіленне атлушчэння, запораў, захворванняў органаў брушной поласці.
Для прафілактыкі ўтварэння камянёў у жоўцевых хадах рэкамендуецца штодзённа ўжываць нашча чвэрць шклянкі любой вадкасці (вада, сокі і інш.). Вадкасць, прынятая нашча, не затрымліваецца доўга ў страўніку, а пераходзіць у дванаццаціперсную кішку і выклікае рэфлекс жоўцевага пузыра з выкідам у кішку начной згусцелай жоўці. Калі гэтага не рабіць, то згушчэнне жоўці працягваецца да паступлення ў кішку ежы, ператраўленай у страўніку. Згусцелая жоўць можа ператварыцца ў жоўцевыя камяні. У сваю чаргу, для эмульгавання тлушчу ў тонкай кішцы дастаткова жоўці, якая паступова выходзіць з пратокаў печані.
2.5.1. Цукровы дыябет
Цукровы дыябет — эндакрынна-абменнае захворванне, звязанае з недахопам у арганізме гармону падстраўнікавай залозы — інсуліну, які вызывае парушэнне абмену рэчываў.
Этыялогія.У паходжанні цукровага дыябету вялікае значэнне мае спадчынная схільнасць. Другім істотным фактарам у развіцці хваробы э’яўляецца сістэматычнае пераяданне і залішняе ўжыванне лёгказасваяльных вугляводаў. Пастаянна павышаны ўзровень цукру ў крыві можа спарадзіць функцыянальнае знясіленне падстраўнікавай залозы, якая прадуцыруе інсулін. Часам цукровы дыябет развіваецца пасля запаленчага, траўматычнага, інфекцыйнага ці іншага паражэння падстраўнікавай залозы.
К л і н і ч н а я карціна. У выніку недахопу ў арганізме інсуліну парушаецца галоўным чынам абмен вугляводаў, мышцы і печань губляюць здольнасць ператвараць глюкозу, якая знаходзіцца ў крыві, у глікаген. Гэта вядзе да павышэння ўзроўню цукру ў крыві — гіперглікеміі і вывядзення яго з мачой — глюкозурыі замест выкарыстання ў якасці крыніцы энергіі.
* Характэрнымі сімптомамі хваробы з’яўляюцца: 1) пастаянная моцная смага — полідыпсія; 2) павышанае выдзяленне мачы (да 6 і больш літраў у суткі) — поліурыя; 3) павышэнне апетыту аж да пастаяннага пачуцця голаду — буліміі ці, наадварот, зніжэнне апетыту і страта масы цела; 4) схільнасць да гнайнічковых захворванняў скуры. Смага вызываецца абязводжваннем арганізма, сухасцю слізістых абалонак, прыгнечанасцю функцыі слінных залоз. Часта хворыя адзначаюць упарты скурны сверб, асабліва ў вобласці прамежнасці.
Парушэнне вугляводнага абмену цягне за сабой разлад тлушчавага і бялковага абмену. У крыві накопліваюцца недакісленыя прадукты тлушчавага абмену (ацэтон, ацэтавоцатная і бэта-аксімасляная кіслоты), развіваецца кіслотнае атручванне арганізма — ацыдоз. У выніку ацыдозу ўзнікае ўскладненне цукровага дыябету — дыябетычная кома.
Дыябетычная кома развіваецца пасгупова пасля папярэдніх прадвеснікаў (страта апетыту, санлівасць, галаўны боль, моташнасць). У мачы паяўляюцца ацэтон і ацэтавоцатная кіслата. Узмацняюцца смага і поліурыя. Пры набліжэнні да хворага можна адчуць пах ацэтону з рота. Калі ў гэты час не будзе пачата лячэнне інсулінам, у хворага з’яўляецца глыбокае, шумнае дыханне тыпу Кусмаўля з рэзкім пахам ацэтону ў выдыхаемым паветры, падае артэрыяльны ціск, пачашчаецца пульс, нярэдка ўзнікае рвота, скура становіцца маршчыністая, сухая, вочныя яблыкі мяккія, свядомасць зацемненая. Затым настае поўная страта прытомнасці, часам развіваецца
калапс. Пры гэтым тонус мышц рэзка зніжаны, зрэнкі расшыраныя. Хвораму трэба неадкладна ўводзіць інсулін.
Аднак пры перавышэнні неабходнай дозы інсуліну ўтрыманне цукру ў крыві хутка падае ніжэй нармальнага ўзроўню (80— 120 мг %), што можа вызваць гіпаглікемічную кому. Пачынаецца яна востра. У хворага праз 1—2 гадзіны пасля ўвядзення інсуліну ўзнікаюць пачуццё голаду, слабасць, патлівасць, сэрцабіцце, дрыжанне ва ўсім целе, галавакружэнне, галаўны боль, твар робіцца бледны. Пры гэтым пульс пачашчаецца, артэрыяльны ціск зніжаецца, зрэнкі расшыраюцца. У далейшым могуць узнікаць невялікія сутаргі, дваенне ў вачах, трызненне, затым настае поўная страта прытомнасці.
Л я ч э н н е цукровага дыябету прадугледжвае дыетатэрапію (стол № 9), тэрапію інсулінам або іншымі прэпаратамі, якія зніжаюць узровень цукру ў крыві.
Пры лёгкім цячэнні хваробы лячэнне павінна прадугледжваць галоўным чынам захаванне дыеты. Пры сярэдніх і цяжкіх формах хваробы акрамя дыетатэрапіі неабходна прымяненне інсуліну або прэпаратаў сульфанілмачавіны (бутамід, букарбон, цыкламід, глібуцыд і інш.), доза якіх устанаўліваецца ў залежнасці ад узроўню цукру ў крыві і мачы.
Пры дыябетычнай коме ўводзяць спачатку ўнутрывенна і затым адразу ж падскурна па 40—50 АД інсуліну. Праз 1—1,5 гадзіны ўводзяць 5 % раствор глюкозы (капельна ўнутрывенна, падскурна або ў клізме). Падскурныя ін’екцыі інсуліну па 25—50 АД робяць праз кожныя 2—4 гадзіны, пакуль хворы апрытомее. Адначасова з першай ін’екцыяй інсуліну капельна падскурна або ўнутрывенна ўводзяць 1—3 л ізатанічнага раствору натрыю хларыду, а таксама ўнутрывенна або ў клізме 250 мл 5 % раствору натрыю гідракарбанату.
Пры гіпаглікемічнай коме ўнутрывенна ўводзяць 20—40 мл 40 % раствору глюкозы. Калі гэта не ўдаецца, глюкозу ўводзяць падскурна або ў клізме (100—200 мл 5 % раствору). Варта даць хвораму выпіць 1 сталовую лыжку 10 % раствору кальцыю хларыду або ўвесці яго ўнутрывенна (10 мл 10 % раствору). У цяжкіх выпадках паказана ўвядзенне адрэналіну (0,5—1 мл 0,1 % раствору падскурна).
Прафілактыка прадугледжвае рацыянальнае харчаванне, якое выключае пераяданне і празмернае ўжыванне ласункаў, захаванне нармальнай масы цела, прадухіленне і своечасовае лячэнне запаленчых захворванняў печані, жоўцевых шляхоў і падстраўнікавай залозы. Пры спадчыннай схільнасці паказаны дыспансерны нагляд з перыядычным медыцынскім абследаваннем для ранняга выяўлення і карэкцыі прымет парушэння абмену рэчываў.
2.6. ХВАРОБЫ МОЧАПАЛАВОЙ СІСТЭМЫ
2.6.1. Асноўныя сімптомы захворвання нырак і мочавывадных шляхоў
У працэсе жыццядзейнасці ў арганізме ўтвараюцца канечныя прадукты абмену рэчываў — так званыя шлакі, якія выводзяцца з арганізма. Больш за ўсё шлакаў утвараецца ў працэсе бялковага абмену. Гэта мачавіна, мачавая кіслата, аміяк, крэацінін і інш. Функцыю вывядзення з арганізма прадуктаў абмену выконваюць ныркі. Разам са шлакамі выводзяцца вада, солі і іншыя рэчывы.