Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
ад грудзіны і спускаецца выпуклай звонку дугой да пятага міжрабер’я, у якім канчаецца на 1—2 см унутр ад левай сярэднеключычнай лініі.
Ніжняя мяжа сэрца перкуторна не вызначаецца, таму што сэрца тут датыкаецца да дыяфрагмы і печані.
Аускультацыя сэрца з’яўляецца найбольш паказальным фізічным метадам абследавання сардэчнай паталогіі хворага. Выслухваюць сэрца, калі дазваляе стан хворага, спачатку ў паставе лежачы на спіне, а потым — стоячы, пасля некалькіх рухаў. Пры гэтым, каб дыхальныя шумы не перашкаджалі выслухваць сэрца, хворага просяць зрабіць глыбокі ўдых, поўны выдых і затрымаць дыханне.
Скарачэнне сэрца і закрыццё яго клапанаў ствараюць характэрныя гукі, якія называюцца тонамі. У здаровым сэрцы выслухваюцца два тоны, раздзеленыя паўзамі. Пры выслухванні ў вобласці верхавіны сэрца першы тон праслухваецца ў форме кароткага моцнага гуку, За ім ідзе кароткая паўза, за якой выслухваецца больш кароткі і слабы гук — другі тон, пасля чаго наступае другая, больш доўгая, паўза.
Выслухваюць сэрца ў пяці пунктах: 1) у вобласці верхавіны сэрца; 2) у другім міжрэберным прамежку справа каля краю грудзіны; 3) у другім міжрэберным прамежку злева каля краю грудзіны; 4) па ніжнім краі грудзіны справа на месцы злучэння з мечавідным адросткам; 5) па краі грудзіны злева паміж трэцім і чацвёртым рэбрамі.
Тон мітральнага клапана найбольш выразна праслухваецца каля верхавіны сэрца, трохстворкавага клапана — у 4-м пункце, тон клапанаў аорты — у 2-м, тон клапанаў лёгачнай артэрыі — у 3-м пункце. Пры аускультацыі вызначаюць сілу, яснасць, рытмічнасць і частату тона, наяўнасць ці адсутнасць шумаў.
Ш у м ы сэрца — гэта працяглыя гукі рознага тэмбру, якія праслухваюцца ў час работы сэрца. Шумы ўзнікаюць пры арганічных захворваннях сэрца або могуць быць функцыянальныя. Ва ўтварэнні шумаў рашаючае значэнне маюць два фактары: праходжанне крыві праз звужаную адтуліну і павелічэнне хуткасці току крыві.
Шумы, якія праслухваюцца ў час сісталы (скарачэння) жалудачкаў сэрца, называюцца сісталічнымі. Шумы, што праслухваюцца ў час дыясталы — расслаблення сэрца, якое наступае пасля сісталы, — называюцца дыясталічнымі
Сісталічны шум узнікае пры недастатковасці двухстворкавага і трохстворкавага клапанаў сэрца і пры звужэннях вусця аорты і лёгачнай артэрыі. Дыясталічны шум праслухваецца пры звужэнні левай і правай перадсэрдзева-жалудачкавых адтулін і пры недастатковасці клапанаў аорты і лёгачнай артэрыі.
Функцыянальныя шумы могуць узнікаць пры малакроўі, інфекцыйных захворваннях, нервовым узбуджэнні і фізічным перанапружанні. Яны часцей выслухваюцца на лёгачнай артэрыі, a затым на верхавіне сэрца. Акустычна яны амаль заўсёды слабыя, зменлівыя і часовыя.
Часам эндакардыяльныя шумы выяўляюцца пальпаторна, калі далонь прыкладваюць да грудной клеткі ў вобласці сэрца. Пры гэтым адчуваецца лёгкае дрыжанне, якое нагадвае адчуванне рукі, пакладзенай на спіну мурлыкаючай кошцы («кацінае мурлыканне»). Яно часцей выяўляецца пры мітральным сгэнозе і пры звужэнні вусця аорты. «Кацінае мурлыканне», якое супадае з сісталічным шумам, называецца сісталічным, з дыясталічным шумам — дыясталічным.
Рэнтгеналагічнае абследаванне дазваляе ўдакладніць канфігурацыю сэрца, амплітуду яго скарачэнняў, стан крывяносных сасудаў пры вырашэнні пытання аб неабходнасці і магчымасці хірургічнага лячэння і г. д.
У дыягностыцы захворванняў сэрца вялікую дапамогу аказвае абследаванне з выкарыстаннем электрафізіялагічных прыбораў.
Электракардыяграфія прымяняецца з мэтай выяўлення захворванняў сардэчнай мышцы (міякардыт, інфаркт міякарда і інш.).
Фонакардыяграфія выкарыстоўваецца для рэгістрацыі гукаў, якія суправаджаюць работу сэрца, ацэнкі іх і вызначэння дыягназу.
Рэаграфія — прымяняецца для выяўлення крованапаўнення асобных органаў і тканак і аб’ектыўнай ацэнкі іх функцыі.
Ультрагукавая дыягностыка дапамагае ўстанавіць захворванне сэрца, назіраць за дынамікай паталагічнага працэсу і ацэньваць вынікі лячэння.
Лабараторнае даследаванне крыві дазваляе ўбачыць змены, якія нельга выявіць іншымі метадамі. Па ўзроўні колькасці халестэрыну ў крыві можна меркаваць аб наяўнасці атэрасклерозу і ішэмічнай хваробы сэрца. Стан сістэмы згусання крыві ацэньваюць па пратрамбінавым індэксе, працягласці крывацёку і інш.
2.4.3. Ішэмічная хвароба сэрца (ІХС)
Ішэмічная хвароба сэрца — сардэчна-сасудзістае захворванне, якое характарызуецца парушэннямі каранарнага кровазвароту і ішэміяй міякарда. Адрозніваюць некалькі форм ІХС, сярод якіх
асноўнымі з’яўляюцца: стэнакардыя (грудная жаба), інфаркт міякарда, атэрасклератычны кардыясклероз.
Этыялогія. Асноўнай прычынай ІХС з’яўляецца атэрасклероз вянечных артэрый, які стварае неадпаведнасць паміж патрэбай міякарда ў кровазабеспячэнні і фактычным прытокам крыві па паражонай артэрыі.
Вялікае значэнне ва ўзнікненні ІХС надаецца так званым фактарам рызыкі, да якіх адносяцца ўзрост хворага, прыналежнасць да мужчынскага полу, павышанае ўтрыманне ліпідаў у сываратцы крыві, артэрыяльная гіпертэнзія, курэнне, цукровы дыябет, атлусценне, недастатковая фізічная актыўнасць, спадчынная схільнасць і недастатковая жорсткасць пітной вады. Спалучэнне некалькіх фактараў рызыкі прыметна павялічвае верагоднасць развіцця атэрасклерозу і ІХС.
Вядома, што атэрасклероз прагрэсіруе з узростам. Адпаведна і ІХС часцей сустракаецца ў асоб старэйшага ўзросту. Сярод прычын смяротнасці насельніцтва ў развітых краінах сзету на долю ІХС прыпадае 1/3 усіх выпадкаў смерці.
Стэнакардыя. Клінічная карціна. Асноўным сімптомам хваробы з’яўляецца сціскаючы востры боль за грудзінай, які мае характар прыступаў. Прыступы болю часцей узнікаюць пры фізічным і нервовым напружанні, а падчас з’яўляюцца і ноччу ў час сну хворага. Боль звычайна ірадыіруе ў левую руку, распаўсюджваецца на далонь і ў левую палову шыі. Іншы раз боль можа аддаваць пад левую лапатку, у правую руку, падлыжачную вобласць. У час прыступу хворы прыпыняецца, асцерагаючыся зрабіць лішні рух, каб не ўзмоцніць боль.
Пры вонкавым аглядзе твар хворага бледнага ці попельна-шэрага колеру, пакрыты халодным потам. Пры аб’ектыўным абследаванні ніякіх змен з боку сэрца не вызначаецца. Часам можа назірацца некаторае павышэнне артэрыяльнага ціску.
Працягласць прыступу стэнакардыі — ад некалькіх секунд да некалькіх хвілін. Адрозніваецца і частата прыступаў — ад некалькіх прыступаў на дзень да аднаго ў некалькі месяцаў.
У выпадках атыпічнай лакалізацыі болю ў час прыступу (у падлыжачнай вобласці і інш.) распазнаванню хваробы дапамагае прыём таблеткі нітрагліцэрыну ці іншых сасударасшыральных сродкаў, пасля прыёму якіх боль хутка знікае.
Адрозніваюць стэнакардыю напружання і стэнакардыю спакою, ці спантанную. Стэнакардыя напружання характарызуецца з’яўленнем болю пры фізічнай нагрузцы ці моцным эмацыянальным узбуджэнні. Пры стэнакардыі спакою прыступы ўзнікаюць без бачнай сувязі з фізічнай ці эмацыянальнай нагрузкай.
Д ы я г н а з устанаўліваюць на падставе клінічных сімптомаў. Дыферэнцыяльны дыягназ неабходна праводзіць паміж стэнакардыяй і інфарктам міякарда. Аб інфаркце міякарда варта меркаваць, калі прыступ болю працягваецца больш як 30 хвілін і не знікае пасля прыёму нітрагліцэрыну. Удакладняюць дыягназ эдектракардыяграфічным даследаваннем.
Лячэнне. У час прыступу хвораму неабходны фізічны і псіхічны спакой. Для зняцця прыступу стэнакардыі прымяняюць нітрагліцэрын у таблетках па 0,0005 г пад язык ці 1—3 каплі 1 % спіртавога раствору на кавалачку цукру. Нітрагліцэрын знімае спазм каранарных сасудаў, паляпшае кровазабеспячэнне міякарда, і боль знікае. Дзеянне нітрагліцэрыну праяўляецца праз 1—2 хвіліны і працягваецца 20—30 хвілін. У гэты час можа з’явіцца галаўны боль, таму што дзеянне нітрагліцэрыну распаўсюджваецца і на сасуды галаўнога мозга.
Для купіравання лёгкіх прыступаў стэнакардыі можна прымяняць валідол у таблетках па 0,06 г пад язык. Ён аказвае рэфлекторнае сасударасшыральнае дзеянне. Апрача гэтага, валідол валодае заспакаяльным і процірвотным дзеяннем,
Рэфлекторны ўплыў на купіраванне прыступу стэнакардыі аказвае апусканне рук у гарачую ваду, а таксама прымяненне гарчычнікаў на вобласць сэрца.
Прафілактыка прыступаў стэнакардыі дасягаецца прымяненнем прэпаратаў нітрагліцэрыну, якія валодаюць пралангаваным дзеяннем (сустак, сустаніт, нітронг і інш.), лячэннем атэрасклерозу (рэтабаліл, фенабалін і інш.), адмаўленнем ад шкодных звычак (курэнне, ужыванне алкагольных напіткаў).
Інфаркт міякарда — гэта цяжкая форма ІХС, абумоўленая вострым развіццём ачага ішэмічнага некрозу ў сардэчнай мышцы, якая праяўляецца парушэннем дзейнасці сэрца.
У залежнасці ад памеру паражэння сардэчнай мышцы інфаркты бываюць буйнаачаговыя і дробнаачаговыя. Па распаўсюджанасці некрозу ў сценцы міякарда інфаркты падзяляюцца на трансмуральныя — з паражэннем міякарда, эндакарда і перыкарда, інтрамуральныя — з паражэннем толькі міякарда, субэпікардыяльныя — з паражэннем участка міякарда, які прылягае да вісцэральнага лісгка перыкарда, і субэндакардыяльныя — з участкам некрозу ў слоі міякарда, які прылягае да эндакарда.
Інфаркт міякарда можа здарыцца пры працяглым спазме адной з галін каранарнай артэрыі ці закупаркай яе згусткам крыві (тромбам) пры наяўнасці развітага атэрасклерозу і павышэнні згусання крыві. Узнікненню інфаркта часцей папярэднічаюць стэнакардыя і гіпертанічная хвароба. Садзейнічаюць развіццю інфаркта эмацыя-
нальнае і фізічнае перанапружанне, курэнне, пераяданне, прыём алкагольных напіткаў.
Клінічная карціна. Характарызуецца з’яўленнем прыступу вострага болю за грудзінай. Радзей боль адчуваецца ў іншых месцах грудной клеткі ці ў падлыжачнай вобласці. Боль можа ірадыіраваць у левую руку, плячо, шыю, ніжнюю сківіцу, пад левую лапатку і мае пякучы характар. Працягласць болю — ад 20—30 хвілін да некалькіх гадзін.
Боль суправаджаецца ^гульнай слабасцю, часам млоснасцю, рвотай, страхам смерці, патлівасцю, адчуваннем недахопу паветра. У першыя хвіліны ці гадзіны можа павышацца артэрыяльны ціск, які ў далейшым пераходзіць у гіпатанію, што з’яўляецца сімптомам вострай сардэчнай недастатковасці. Буйнаачаговыя інфаркты могуць прыводзіць да развіцця кардыягеннага шоку, сардэчнай астмы і ацёку лёгкіх.