• Газеты, часопісы і г.д.
  • Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

    Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей


    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 421с.
    Мінск 1996
    142.72 МБ
    Асаблівасці дзеяння лекавых рэчываў пры паўторным увядзенні ў арганізм. Пры шматразовых паўторных увядзеннях лекавых рэчываў у арганізм можа наступіць аслабленне або ўзмацненне іх лячэбнага дзеяння.
    Аслабленне дзеяння лекаў у арганізме называюць прывык а н н е м. Прывыканне да лякарства абумоўлена ў асноўным
    развіццём прыстасавальнай функцыі да хуткага частковага або поўнага разбурэння — біятрансфармацыі лекавага рэчыва і звязанымі з гэтым зніжэннсм або стратай яго актыўнасці. Прывыканне макраарганізма развіваецца да нейралептыкаў, болесуцішальных, слабіцельных, мачагонных, гіпатэнзіўных сродкаў. Адносна лёгка развіваецца прывыканне мікраарганізмаў да антыбіётыкаў.
    Зрэдку прывыканне суправаджае лекавую залежнасць, звязаную з узнікненнем неабходнасці ў паўторных прыёмах лякарства. Некаторыя лекавыя рэчывы валодаюць спецыфічнай асаблівасцю аказваць уздзеянне на падкоркавыя цэнтры галаўнога мозга і выклікаць эйфарыю — стан фізічнага і псіхічнага спакою, радасны настрой, прыемныя адчуванні і перажыванні.
    Такая лекавая залежнасць, якая суправаджаецца эйфарыяй і патрэбнасцю паўторных прыёмаў лякарства ва ўсё большых дозах, называецца прыхільнасцю, або наркаманіяй. Наркаманія можа ўзнікаць да наркатычных анальгетыкаў (марфінізм), да алкаголю (алкагалізм), да какаіну (какаінізм) і інш.
    Некаторыя лекавыя рэчывы слаба падвяргаюцца біятрансфармацыі і павольна выводзяцца з арганізма (наперстаўка, браміды, снатворныя і інш.). Пры доўгім ужыванні яны могуць накоплівацца ў арганізме да таксічных доз, якія выклікаюць сімптомы атручвання.
    Здольнасць лекавых рэчываў накоплівацца ў арганізме называюць кумуляцыяй (ад лац. cumulatio — накапленне). Каб пазбегнуць таксічнага дзеяння лякарства з прычыны яго кумуляцыі, Фармакапеяй прадугледжаны вышэйшыя разавыя, сутачныя і курсавыя дозы лекаў.
    Пры паўторным прымяненні лекавых рэчываў бываюць выпадкі павышэння адчувальнасці арганізма да звычайных лекавых доз, ці сенсібілізацыя (ад лац. sensibilis — адчувальны). Сенсібілізацыю могуць выклікаць некаторыя антыбіётыкі (пеніцылін, стрэптаміцын, сінтаміцын, біяміцын і інш.), снатворныя (веранал), ненаркатычныя анальгетыкі (пірамідон, фенацэцін), саліцылаты, вітаміны, гармоны, седатыўныя сродкі і іншыя рэчывы. Сенсібілізацыя тлумачыцца здольнасцю некаторых прэпаратаў звязвацца ў комплексныя злучэнні з бялкамі і ўтвараць антыгены — не ўласцівыя індывідууму рэчывы, супраць якіх у арганізме паступова выпрацоўваюцца спецыфічныя антыцелы. Паўторнае ўвядзенне ў арганізм такіх прэпаратаў выклікае рэакцыю паміж антыгенамі і антыцеламі, што вядома як з’ява алергіі, ці імуннай рэакцыі. З’яўленне прымет такіх рэакцый называюць сенсібілізацыяй.
    Сенсібілізацыя можа суправаджацца высыпкай на скуры, павышэннем тэмпературы, узнікненнем ацёку слізістых, болем у суставах
    і іншымі больш цяжкімі сімптомамі (падзенне артэрыяльнага ціску, пачашчэнне пульсу, халодны пот, бронхаспазм і г. д.). Пры з’яўленні першых прымет сенсібілізацыі лякарства неадкладна адмяняюць і праводзяць дэсенсібілізацыю антыгістаміннымі сродкамі.
    Іншы раз сустракаюцца выпадкі асабліва высокай адчувальнасці асобных суб’ектаў да некаторых лекавых рэчываў. Гэта з’ява называецца ідыясінкразіяй (ад грэч. idios — своеасаблівы, synkrasis — змяшэнне, сумесь). У такіх людзей нават мінімальныя дозы лекаў праяўляюць таксічнае дзеянне: узнікаюць высыпка на скуры, ацёк слізістых, боль у суставах і г. д.
    2.3.	ХВАРОБЫ ОРГАНАЎ ДЫХАННЯ
    2.3.1.	Асноўныя сімптомы захворвання органаў дыхання
    Да асноўных прымет захворвання органаў дыхання адносяцца кашаль, выдзяленне макроты, крывахарканне, боль, задышка, лёгачны крывацёк.
    Кашаль — гэта рэфлекторны ахоўны акт, які складаецца з міжвольных фарсіраваных выдыхальных рухаў, абумоўленых раздражненнем пераважна слізістай абалонкі дыхальных шляхоў. З’яўляецца адным з найбольш частых сімптомаў захворвання лёгкіх. Узнікае галоўным чынам у адказ на пападанне ў дыхальныя шляхі іншародных цел, накапленне макроты, гною, крыві. Часам крыніца кашлю знаходзіцца па-за дыхальнымі шляхамі.
    Кашаль адрозніваюць: 1) па працягласці — прыступападобны (пры каклюшы), перыядычны (пры бранхіце), безупынны, кароткі (пры плеўрыце); 2) па тэмбры — лаючы (пры пашкоджанні гартані і істэрыі), сіплы і бязгучны ( пры запаленні галасавых звязак).
    У залежнасці ад прысутнасці макроты кашаль бывае вільготны — з выдзяленнем макроты і сухі — без макроты. Вільготны кашаль сустракаецца пры бранхітах, бронхаэктазах, запаленні лёгкіх, туберкулёзе легкіх. Сухі кашаль узнікае ў пачатковых стадыях захворванняў верхніх дыхальных шляхоў і лёгкіх.
    Макрота — гэта выдзяленні слізістых абалонак дыхальных шляхоў, якія суправаджаюць кашаль і выдаляюцца з арганізма. Па характары змесціва макрота можа быць слізістая, серозная, гнойная, крывяністая і змешаная.
    Серозная макрота — вадкая, празрыстая, злёгку пеністая вадкасць. Бывае пры ацёку лёгкіх.
    Слізістая макрота — вязкая, бясколерная або белаватая вадкасць. Узнікае пры захворванні бронхаў, запаленні лёгкіх.
    Гнойная макрота — смятанкападобная зеленаватая маса, якая ўтвараецца пры гнойных працэсах у лёгкіх.
    Крывяністая макрота змяшчае прымесі крыві і выдзяляецца пры розных захворваннях лёгкіх і сэрца. У залежнасці ад колькасці крыві макрота бывае ў выглядзе крывяных згусткаў (пры туберкулёзе лёгкіх, пухлінах лёгкіх і г. д.), ружовая (пры ацёку лёгкіх), іржавая (пры запаленні лёгкіх), малінавага колеру (пры пухлінах), амаль чорнага колеру (пры інфаркце лёгкіх).
    Крывахарканне — выдзяленне крыві з дыхальных шляхоў у выглядзе пражылак з макротай або асобных пляўкоў крывёй.
    Лёгачны крывацёк — выдзяленне крыві з дыхальных шляхоў у вялікай колькасці.
    Крывахарканне і лёгачны крывацёк могуць узнікаць пры туберкулёзе, раку лёгкага, бронхаэктазах і інфаркце лёгкага, пнеўманіі і іншых захворваннях.
    Задышка (дыхавіца) — расстройства частаты, рытму і глыбіні дыхання, якое суправаджаецца адчуваннем недахопу паветра. Задышка з’яўляецца прыстасавальнай рэакцыяй арганізма пры ўзмоцненым фізічным напружанні ці хваробе.
    Задышка пры хваробе можа быць: цэнтральнага паходжання, звязаная з паражэннем дыхальнага цэнтра галаўнога мозга, выкліканым атручваннем ядамі; лёгачная, выкліканая паражэннем лёгкіх (пнеўманія, туберкулёз, бранхіяльная астма і г. д.); сардэчная, якая развіваецца пры сардэчнай недастатковасці. Задышка можа суправаджацца пасіненнем скуры, слізістых абалонак, ахаладжэннем канечнасцяў, узбуханнем шыйных вен, адутлаватасцю твару. У механізме развіцця задышкі галоўная роля належыць накапленню ў арганізме недаакісленых прадуктаў абмену і вуглекіслаты, якія выклікаюць раздражненне дыхальнага цэнтра галаўнога мозга. Лёгачная задышка па сваім характары можа быць: інспіраторная, калі цяжка ўдыхаць, экспіраторная, пры якой цяжка выдыхаць (бранхіяльная астма, эмфізема лёгкіх), і змешаная, якая суправаджаецца цяжкімі ўдыхам і вадыхам (пры атручваннях).
    Удушша — гэта вельмі моцная задышка, якая суправаджаецца рэзкім недахопам у арганізме кіслароду і накапленнем вуглякіслага газу.
    Астма — гэта удушша, якое ўзнікае прыступамі. У залежнасці ад механізма развіцця астма можа быць бранхіяльная і сардэчная.
    Болі ўзнікаюць пры захворваннях лёгкіх у асноўным пры пашкоджаннях плеўры.
    2.3.2.	Асноўныя метады абследавання пры захворваннях органаў дыхання
    Пры вонкавым аглядзе хворага звяртаюць увагу на форму грудной клеткі, удзел у дыханні абедзвюх яе палавін. Калі размах рухаў адной палавіны грудной клеткі меншы, чым другой, то гэта сведчыць пра наяўнасць захворвання, якое абмяжоўвае ўдзел у дыханні гэтага лёгкага.
    Пальпацыя грудной клеткі дазваляе вызначыць стан касцей, змяненне іх формы, тэмпературу скуры і агульную рухомасць грудной клеткі. Акрамя таго, пальпаторна праз сценку грудной клеткі адчуваюцца хрыпы ў лёгкіх, шум ад трэння плеўры і змены ў характары галасавога дрыжання.
    Галасавое дрыжанне — спецыфічнае адчуванне рук, прыкладзеных далонямі да сіметрычных участкаў грудной клеткі абследуемага, які гучна вымаўляе словы «трыццаць тры». Гэтыя словы даюць найболыпую вібрацыю голасу і страсенне, якое перадаецца праз грудную клетку. У мужчын галасавое дрыжанне мацнейшае, чым у жанчын.
    Пры захворваннях галасавое дрыжанне можа быць узмоцненае або аслабленае. Узмацняецца яно пры ўтварэнні ў лёгкім запаленчага інфільтрата (пнеўманія, туберкулёз), аслабляецца — пры закрыцці бронха, умераным плеўральным эксудаце, патаўшчэнні грудной сценкі і слабым голасе ў цяжкахворых, адсутнічае — пры ўтварэнні значнай колькасці вадкасці ў плеўральнай поласці.
    Перкусія з’яўляецца абавязковым метадам даследавання лёгкіх. Яна дазваляе на падставе змен перкуторнага гуку вызначыць наяўнасць паталагічнага працэсу ў лёгачнай тканцы і плеўральнай поласці. Спачатку з дапамогай параўнальнай перкусіі на ўсім працягу лёгкіх выяўляюць пашкоджаны ўчасгак, а потым тапаграфічнай перкусіяй вызначаюць памеры запаленчага працэсу і ў якой долі лёгкага ён знаходзіцца, а таксама граніцы лёгкіх і іх рухомасць. У норме рухомасць ніжняга краю лёгкіх па сярэдняй падпахавай лініі складае каля 8 см: 4 см пры максімальным удыху і 4 см пры поўным выдыху.
    Аускультацыя праводзіцца ў сіметрычных месцах грудной клеткі ў любой паставе цела хворага — стоячы, седзячы або лежачы. Болып зручнай лічыцца пастава стоячы або седзячы на табурэце. Выслухванне праводзяць зверху ўніз: спачатку выслухваюць пярэднюю паверхню грудной клеткі, затым бакавыя і, нарэшце, заднюю паверхню. Гукі, якія выслухваюцца над лёгкімі, падзяляюцца на 3 асноўныя групы: 1) дыхальныя шумы; 2) хрыпы і крэпітацыя; 3) шум трэння плеўры.
    Дыхальныя шумы па сваім тэмбры бываюць бранхіяльныя і везікулярныя.
    Бранхіяльны шум нагадвае гук «х»; на выдыху ён мацнейшы і даўжэйшы, чым на ўдыху. Гэты шум ствараецца ў гартані, калі паветра праходзіць праз галасавую шчыліну. У норме бранхіяльнае дыханне выслухваецца над гартанню, трахеяй і буйнымі бронхамі: спераду — на грудзіне і ззаду — у міжлапатачнай прасторы на ўзроўні 3—4-га грудных пазванкоў. Паталагічнае бранхіяльнае дыханне ўзнікае і над іншымі ўчасткамі лёгачных палёў у выпадках зацвярдзення ўчастка лёгкіх значнага памеру, наяўнасці ў лёгкім поласці, якая злучаецца з бронхам.