Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
Везікулярны шум — гэта мяккі шум, падобны да гуку «ф» пры ўцягванні паветра ў сябе. На ўдыху ён мацнейшы і даўжэйшы, на выдыху — слабейшы і карацейшы. Везікулярны дыхальны шум называюць везікулярным дыханнем. У норме везікулярнае дыханне выслухваецца на ўсіх астатніх участках лёгачных палёў, за выключэннем месцаў, дзе выслухваецца бранхіяльнае дыханне. Болып інтэнсіўна везікулярнае дыханне выслухваецца на пярэдняй паверхні грудной клеткі ў падключычных абласцях, крыху слабей — у падлапатачных абласцях.
Везікулярнае дыханне бывае аслабленае і ўзмоцненае. Пры аслабленым везікулярным дыханні ўдых становіцца карацейшы, a выдых часта зусім не праслухваецца. Гэта можа быць: 1) пры звужэнні верхніх дыхальных шляхоў; 2) пры страце лёгачнай тканкай эластычнасці з прычыны эмфіземы лёгкіх; 3) пры ўзнікненні перашкоды для правядзення шумаў да вуха (вадкасць у плеўральнай поласці, атлусценне, ацёк) і інш. Узмоцненае везікулярнае дыханне бывае, калі альвеолы распростваюцца з болыпай інтэнсіўнасцю: 1) пры фізічнай рабоце; 2) у адным лёгкім, калі другое выключана з дыхання (пнеўматоракс, закрыццё прасвету бронха, сцісканне лёгкага плеўральным выпатам і г. д.).
Жорспгкае дыханне — гэта больш рэзкае везікулярнае дыханне. Часта яно бывае і ўзмоцненае, сустракаецца пры бранхітах, ачаговых пнеўманіях.
X р ы п ы ўзнікаюць пры накапленні ў дыхальных шляхах макроты або звужэнні прасвету бронхаў. Па характары сакрэту, які выдзяляецца слізістай абалонкай дыхальных шляхоў, хрыпы падзяляюць на сухія і вільготныя.
Сухія хрыпы бываюць пры паяўленні ў бронхах вязкага сакрэту, які пры праходжанні паветра стварае ваганні. Сустракаюцца пры бранхіце і бранхіяльнай астме.
Вільготныя хрыпы выслухваюцца пры наяўнасці ў бронхах вадкай макроты. Пры гэтым паветра ў час дыхання выклікае бульканне — стварэнне і лопанне пузыркоў.
Крэпітацыя — своеасаблівы шум, які ўзнікае пры выслухванні лёгкіх на вышыні ўдыху ад разліпання альвеол, што змяшчаюць лішак вільгаці. Можа сустракацца пры ацёках, запаленні, інфаркце лёгкіх і г. д. Можна імітаваць гук крэпітацыі, калі пальцамі расціраць каля вуха пучок валасоў.
Шум трэння плеўры — гэта сухі перарывісты гук, які выслухваецца як пры ўдыху, так і пры выдыху. Нагадвае скрып снегу, скрып пры размінанні новай скуры, трэнне шаўковай тканіны, а таксама гук, які чуецца ў тым выпадку, калі ля вуха пацерці адзін палец аб другі. Выслухваецца часцей у ніжнебакавых частках грудной клеткі, дзе найбольшая экскурсія лёгачнага краю. Такі шум можна пачуць: 1) пры трэнні запаленых лісткоў плеўры, на якой адклаўся фібрын і ўтварыліся няроўнасці; 2) пры высыпанні на плеўры вузельчыкаў пры туберкулёзе і пухлінах; 3) пры рэзкім абязводжванні арганізма і сухасці плеўры, якія ўзнікаюць у час халеры; 4) пры таксічным паражэнні плеўры ў час урэміі.
Бронхафанія — гэта правядзенне голасу на грудную клеткў, вызначаемае пры аускультацыі па яго чутнасці. У нармальных умовах над усёй паверхняй лёгкіх мова даследуемага ўспрымаецца пры аускультацыі як глухі шум. Над зацвярдзеннем участка лёгкага словы чуваць больш выразна. Лепш за ўсё бронхафанія выяўляецца, калі хворага просяць шэпатнай мовай вымавіць словы «шэсцьдзесят шэсць», таму што над нармальнай лёгачнай тканкай яны не чутныя зусім. Бронхафанія выкарыстоўваецца для выяўлення дробных участкаў зацвярдзення лёгкіх. Гэты метад больш адчувальны, чым выслухванне дыхальных шумаў.
2.3.3. Востры бранхіт
Бранхіт — запаленне бронхаў. Па цячэнні хваробы бываюць вострыя і хранічныя бранхіты.
Этыялогія. Востры бранхіт звычайна мае інфекцыйную прыроду. Узнікненню хваробы садзейнічаюць пераахаладжэнне арганізма, курэнне, празмернае ўжыванне алкаголю, рэзкія ваганні тэмпературы, аслабленне арганізма з прычыны хранічных захворванняў. Часам хвароба ўзнікае пасля раздражняльнага дзеяння ядавітых газаў, пылу, эфірных масел і інш.
Клінічная карціна. Хвароба пачынаецца агульным недамаганнем, узнікаюць мышачныя болі, нярэдка насмарк, запаленне глоткі, гартані, трахеі, адчуванне цяжару ў грудзях, шчымлення за грудзінай. Затым пачынаецца кашаль, спачатку сухі, a пазней — са слізістай або слізіста-гнойнай макротай. Тэмпература цела можа павышацца да 38,0—40,0 °C, але часцей нармальная. Пры перкусіі адхілення ад нормы не выяўляецца. Пры аускультацыі
выслухваюцца жорсткае дыханне і розныя хрыпы. Галасавое дрыжанне і бронхафанія — без адхіленняў ад нормы. He выяўляецца змен і пры рэнтгеналагічным даследаванні.
Працягласць хваробы — ад некалькіх дзён да 2—3 тыдняў.
Л я ч э н н е. Пры высокай тэмпературы хворым неабходны пасцельны рэжым на працягу 5—7 дзён. У выпадку віруснай этыялогіі хворых неабходна ізаляваць у асобным пакоі, даць ім асобны посуд і прадметы догляду. Пры неабходнасці назначаюць гарачкапаніжальныя сродкі (амідапірын, ацэтылсаліцылавую кіслату і інш.), сульфаніламіды (сульфадыметаксін, этазол і інш.), антыбіётыкі.
П р а г н о з пры звычайным цячэнні спрыяльны.
Прафілактыка вострага бранхіту прадугледжвае мерапрыемствы па загартоўцы арганізма (ранішнюю гімнастыку на свежым паветры, абліванне ног халоднай вадой, кароткачасовы халодны душ або купанне перад сном), а таксама папярэджванне інфекцый і дзеяння іншых шкодных фактараў, якія спрычыняюць захворванне (праветрыванне памяшканняў, выкананне правіл асабістай гігіены, забарону курэння і г. д.).
2.3.4. Бранхіяльная астма
Бранхіяльная астма — хранічнае захворванне органаў дыхання, якое характарызуецца паўторнымі прыступамі экспіраторнай задышкі, выкліканай парушэннем праходнасці бронхаў. Прычынай прыступаў з’яўляецца спазм мышачных валокнаў дробных бронхаў — брахіёл і звужэнне іх прасвету. Прыступы бываюць рознай інтэнсіўнасці і паўтараюцца без пэўнай заканамернасці.
Этыялогія. Брахіяльная астма адносіцца да алергічных захворванняў і ўзнікае ў людзей з павышанай адчувальнасцю да алергенаў, якія бываюць інфекцыйнай і неінфекцыйнай прыроды.
Ва ўзнікненні бранхіяльнай астмы, выкліканай інфекцыйнымі алергенамі, важную ролю адыгрываюць мікробы, якія прыводзяць да алергічнай перабудовы арганізма, што развіваецца на фоне хранічных захворванняў органаў дыхання або іншых запаленчых працэсаў.
Неінфекцыйныя алергены, якія выклікаюць бранхіяльную астму, бываюць жывёльнага і расліннага паходжання. Алергенамі жывёльнага паходжання могуць быць шэрсць, пер’е, конскі волас, луска рыбы і інш. Сустракаецца алергія да насякомых — клапоў, тараканаў, кляшчоў, матылькоў і інш. Да алергенаў расліннага паходжання адносіцца пылок раслін. Прыступы бранхіяльнай астмы, выкліканыя алергенамі расліннага паходжання, узнікаюць у перыяд цвіцення раслін (красавік — ліпень).
Узнікненне паўторных прыступаў бранхіяльнай астмы можа мець
нервова-рэфлекторны механізм. Вядомыя выпадкі, калі ў хворых, якія мелі алергію на пах ружы, прыступ удушша пачынаўся нават ад выгляду штучнай ружы. Вызваць паўторныя прыступы могуць адмоўныя эмоцыі, напружаная праца, кліматычныя фактары. Хвароба часта абвастраецца вясной і восенню, у ветранае надвор’е, пры зменах тэмпературы, атмасфернага ціску, павышанай вільготнасці паветра.
Клінічная карціна. Асноўным праяўленнем хваробы з’яўляецца прыступ удушша, які пачынаецца, як правіла, раптоўна, часцей уначы. Хворы пакутліва адчувае недахоп паветра. Дыханне запаволенае — 8—12 разоў у хвіліну, удых кароткі, выдых цяжкі і падоўжаны, суправаджаецца свісцячымі хрыпамі, чутнымі на адлегласці. Для аблягчэння дыхання хворы прымае вымушаную паставу — стоячы або седзячы, абапіраючыся рукамі на край ложка, стула, напружваючы дыхальныя мышцы. У канцы прыступу дыханне становіцца спакойнае, з’яўляецца кашаль з макротай. Прыступ спыняецца. Працягласць прыступу — ад некалькіх хвілін да некалькіх гадзін і нават дзён. У час прыступу тэмпература цела застаецца нармальная, у рэдкіх выпадках яна можа павышацца, але не вышэй за 38 ° С. Са спыненнем прыступу тэмпература зніжаецца да нормы.
Пры аглядзе ў час прыступу відаць, што грудная клетка расшырана, нібы застыла на вышыні ўдыху. Наді падключычныя ямкі напоўненыя. Пры перкусіі над лёгачнымі палямі адзначаецца каробачны перкуторны гук, экскурсія краю лёгкіх абмежаваная. Пры аускультацыі выяўляюцца ў фазе выдыху шматлікія сухія свісцячыя хрыпы.
Пры даследаванні макроты хворага ў час прыступу знаходзяць эазінафілы, спіралі Куршмана і крышталі Шарко—Лейдэна.
У першы перыяд хваробы пасля прыступу ўсе знойдзеныя пры аб’ектыўным даследаванні сімптомы знікаюць. У далейшым, з развіццём захворвання і пачашчэннем прыступаў, могуць узнікаць парушэнні сардэчнай дзейнасці і эмфізема лёгкіх.
Лячэнне. У час прыступу трэба забяспечыць прыток у памяшканне свежага паветра і расшпіліць на хворым цеснае адзенне.
Для зняцця прыступу ўдушша прымяняюць сродкі, якія здымаюць спазм гладкай мускулатуры бронхаў. Іх назначаюць у таблетках, аэразолях або ін’екцыях. 3 гэтай мэтай можна ўвесці падскурна 0,5—1 мл 0,1 % раствору адрэналіну, 1 мл 5 % раствору эфедрыну або 1 мл 0,1 % раствору атрапіну. Адрэналін дзейнічае хутка, але кароткачасова, а эфедрын, наадварот, павольна, але больш працягла. Атрапін зніжае ўзбуджальнасць блукаючага нерва. Для атрымання хуткага і працяглага эфекту гэтыя прэпараты ўводзяць сумесна.
Эфектыўны пры зняцці прыступу ўдушша таксама эуфілін —
5—10 мл 2,4 % раствору ўнутрывенна. Эфект настае хутка і працягваецца 9—10 гадзін.
Пры лячэнні зацяжных прыступаў прымяняюць дэсенсібілізацыйныя сродкі, у прыватнасці стэроідныя гармоны (прэднізалон, гідракартызон і інш.).
Для зняцця лёгкіх прыступаў удушша рэкамендуецца эфедрын у таблетках па 0,025 г 3 разы на дзень або ў ін’екцыях 5 % раствору па 1 мл 1—2 разы на дзень. 3 гэтай жа мэтай могуць прымяняцца інгаляцыі алупенту, ізадрыну і інш. з дапамогай кішэнных інгалятараў.
У час прыступу рэкамендуецца таксама прымяненне банек, гарчычнікаў, гарачых ручных і нажных ваннаў.
У перыяд паміж прыступамі рэкамендуюцца: 1) выяўленне і ліквідацыя фактараў, якія выклікаюць прыступы хваробы; 2) дэсенсібілізацыйная тэрапія, якая прадугледжвае прыём 10 % раствору кальцыю хларыду па сталовай лыжцы 3 разы на дзень на працягу некалькіх тыдняў, 5 % раствору натрыю браміду па сталовай лыжцы 3 разы на дзень, дымедролу па 0,03 г або фенкаролу па 0,025 г у таблетках 3 разы на дзень; 3) ультрафіялетавае апраменьванне або іншыя сродкі фізічнага ўздзеяння, якія зніжаюць адчувальнасць арганізма.