Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 421с.
Мінск 1996
Зборы лекавыя (species — наз. скл., мн. л.) — уяўляюць сабой сумесі частак лекавых раслін у здробненым і высушаным выглядзе. Зборы, як і парашкі, могуць быць дазіраваныя і недазіраваныя. Прымяняюцца для прыгатавання настояў і адвараў, прызначаных для прыёму ўнутр, паласкання горла і інш. Збор — адна з самых старажытных лекавых форм, якая дагэтуль не страціла свайго значэння.
Вадкія лекавыя формы. Да вадкіх лекавых форм адносяцца растворы, настоі, адвары, настойкі, экстракты, суспензіі, эмульсіі і мікстуры.
Растворы (solutiones — наз. скл., мн. л.; solutio — наз. скл., адз. л.; solutionis — род. скл., адз. л.) — гэта празрыстыя вадкасці, якія змяшчаюць растворанае лекавае рэчыва.
У якасці растваральнікаў выкарыстоўваюцца дыстыляваная вада, этылавы спірт у канцэнтрацыі ад 40 да 95°, вазелінавае масла, алеі і інш. Часцей за ўсё для прыгатавання раствораў прымяняюць дыстыляваную ваду. Аднак яна не растварае некаторыя каштоўныя лекавыя рэчывы. Этылавы спірт з’яўляецца добрым растваральнікам для многіх нерастваральных у вадзе лекавых рэчываў. Акрамя таго, спірт валодае бактэрыцыдным дзеяннем, што забяспечвае доўгае захаванне спіртавых раствораў у адрозненне ад водных. Алеі прымяняюць у прыгатаванні лекаў, прызначаных для вонкавага скарыстання і для ін’екцый.
Пры выпісванні рэцэпта ў пропісі ўказваецца від растваральніка. Калі ж такое ўказанне не зроблена, раствор рыхтўецца на дыстыляванай вадзе.
Лякарствы ў выглядзе раствораў могуць прымяняцца для ін’екцый, для ўнутранага і вонкавага ўжывання. Растворы для прыёму ўнутр гатуюць на дыстыляванай вадзе, выпісваюць іх на 3—4 дні і захоўваюць у халадзільніку. Такія растворы назначаюць мензуркамі, сталовымі, дэсертнымі або чайнымі лыжкамі, а таксама каплямі. Растворы для вонкавага ўжывання назначаюць для прымочак, паласкання, прамывання, інстыляцый, спрынцавання, а таксама як каплі: вочныя, вушныя і ў нос.
Пры выпісванні рэцэптаў на растворы карыстаюцца дзвюма формамі пропісяў: разгорнутай і скарочанай.
У разгорнутай пропісі асобна ўказваюць назву лекавага прэпарата з яго масай і назву растваральніка і яго аб’ём. Заканчваюць
пропісь словамі: Misce. Da. Signa (M. D. S.) — Змяшай. Дай. Абазнач. Напрыклад:
Rp.: Furacilini 0,2
Aquae destillatae 1000,0
M.D.S. Для паласкання, прамывання.
У скарочанай пропісі спачатку пішуць слова Solutionis, затым указваюць назву лекавага прэпарата, яго канцэнтрацыю і аб’ём раствору. Пры гэтым канцэнтрацыю прэпарата ў растворы выражаюць адным з наступных спосабаў: 1) у працэнтах; 2) у суадносінах 1 г прэпарата да масы ці аб’ёму растваральніка, у якім ён можа быць раствораны (1:1000, 1:2000, 1:3000, 1:5000, 1:10 000 і г. д.); 3) у сапраўдных суадносінах масы лекавага прэпарата і растваральніка, прынятых у рэцэпце (0,5—180,0; 2,0—200,0; 4,0—200,0 і г. д.). Заканчваюць пропісь словамі: Da. Signa (D. S.) — Дай. Абазнач.
Адсюль, тая ж разгорнутая пропісь фурацыліну можа быць выпісана ў скарочаным выглядзе так:
1. Rp.: Sol. Furacilini 0,02 % — 1000,0
D.S. Для паласкання, прамывання.
2. Rp.: Sol. Furacilini 1:5000—1000,0
D.S. Для паласкання, прамывання.
3. Rp.: Sol. Furacilini 0,2—1000,0
D.S. Для паласкання, прамывання.
Масляныя і спіртавыя растворы выпісваюцца з абавязковым указаннем растваральніка як у разгорнутым, так і ў скарочаным выглядзе. Напрыклад:
Rp.: Sol. Vitamini Е oleosae 100,0
D.S. Па 1 чайнай лыжцы 1 раз на дзень.
Rp.: Sol. lodi spirituosae 5 % — 20,0
D.S. Для змазвання ранак і іншых мікратраўм.
Калі ў састаў лякарства ўваходзіць толькі пэўны растваральнік, то прымяняюць разгорнутую пропісь. Напрыклад:
Rp.: Protargoli 0,2
Glycerini 5,0
Aq. dest. ad 20,0
M.D.S. Для арашэння галасавых звязак.
Разлік агульнай колькасці раствору пры састаўленні пропісі робяць зыходзячы з масы разавай дозы. Яе памнажаюць на лік прыёмаў лякарства ў суткі і на лік сутак, на працягу якіх будзе
праходзіць лячэнне. У розных дозах раствору, які прадпісана прымаць мензуркамі, сталовымі, дэсертнымі або чайнымі лыжкамі ці ў каплях, павінна ўтрымлівацца аднаразовая доза сухога лекавага прэпарата.
Настоі і адвары (infusa — наз. скл., мн. л.; infusum — наз. скл., адз. л.; infusi — род. скл., адз. л.; decocta — наз. скл., мн. л.; decoctum — наз. скл., адз. л.; decocti — род. скл., адз. л.) — уяўляюць сабой водныя выцяжкі з лекавых раслін. Настоі часцей за ўсё гатуюць з лекавых траў, іх кветак і лісця, якія ўтрымліваюць малаўстойлівыя лятучыя рэчывы. Адвары ў большасці выпадкаў гатуюць з пладоў, кары, карэння і карэнішчаў раслін, якія ўтрымліваюць больш устойлівыя да награвання рэчывы. Прыгатаванне настояў і адвараў адрозніваецца працягласцю выцяжкі дзейных рэчываў.
Для прыгатавання настояў і адвараў адважваюць патрэбную колькасць высушанай і здробненай расліннай сыравіны, высыпаюць у спецыяльны посуд — інфундзірку, заліваюць халоднай вадой пакаёвай тэмпературы, закрываюць накрыўкай і ставяць на кіпячую вадзяную баню. Пры частым памешванні настоі награваюць 15, a адвары — 30 хвілін. Пасля гэтага інфундзірку здымаюць з вадзяной бані, адвары працэджваюць гарачымі (праз 10 хвілін), а настоі — пасля поўнага ахаладжэння, рэшткі вадкасці адціскаюць. Атрыманы настой або адвар даліваюць вадой да зыходнага аб’ёму, бо частка яго выпарваецца.
Пры выпісванні рэцэптаў карыстаюцца скарочанай формай пропісі настояў і адвараў. Пропісь пачынаюць словам Infusi (настою) або Decocti (адвару) у родным склоне адзіночнага ліку. Затым указваюць часгкі расліны: foliorum (лісця), herbae (травы), corticis (кары), radicis (кораня). Пасля гэтага пішуць назву расліны. Канцэнтрацыю настою і адвару ўказваюць як суадносіны колькасці расліннай сыравіны да зыходнай колькасці вады. Напрыклад: 0,5— 200,0 (4,0—200,0; 6,0—180,0 і г. д.). Гэта азначае, што для прыгатавання настою або адвару патрэбна ўзяць 0,5 г расліннай сыравіны на 200 г вады і г. д.
Выпісваюць настоі і адвары не больш чым на 3—4 сутак у сувязі з тым, што яны хутка псуюцца. Напрыклад:
Rp.: Infusi foliorum Digitalis 0,5—200,0
D.S. Па 1 сталовай лыжцы 3 разы на дзень.
Rp.: Infusi herbae Leonuri 15,0—200,0
D.S. Па 1 сталовай лыжцы 3 разы на дзень.
Rp.: Infusi rad. Valerianae 6,0—200,0
D.S. Па 1 сталовай лыжцы 3 разы на дзень.
Rp.: Decocti radicis Cichorii 20,0—200,0
D.S. Па 1 сталовай лыжцы 3 разы на дзень перад ядой.
Н а с т о й к і (tincturae — наз. скл., мн. л.; tinctura — наз. скл., адз. л.; tincturae — род. скл., адз. л.) — гэта празрыстыя выцяжкі, атрыманыя настойваннем лекавых раслін на спірце рознай канцэнтрацыі (33—95°) на працягу некалькіх сутак. У адрозненне ад настояў яны могуць захоўвацца працяглы час, і іх рыхтуюць на фармацэўтычных заводах. Пры выпісванні настоек карыстаюцца скарочанай пропіссю. Пачынаюць пропісь словам Tincturae, затым указваюць назву расліны і колькасць настойкі. Звычайна настойкі ўжываюцца ўнутр: ядавітыя і моцнадзейная — ад 3 да 8 капель, а ўсе астатнія — ад 10 да 40 капель на пр'ыём. Выпісваюць іх у аб’ёме ад 5 да 50 мл. Напрыклад:
Rp.: Tincturae Leonuri 30,0
D.S. Па 30 капель на прыём 3 разы на дзень.
Экстракты (extracta — наз. скл., мн. л.; extractum — наз. скл., адз. л.; extracti — род. скл., адз. л.) уяўляюць сабой згушчаныя выцяжкі з лекавых раслін. Пры гатаванні экстрактаў у якасці выцяжнікаў прымяняюць вінны спірт, эфір, ваду і іх сумесі. Затым экстрагенты выпарваюцца да патрэбнай кансістэнцыі, у залежнасці ад якой экстракты могуць быць вадкія, густыя і сухія. Пры выпісванні экстрактаў карыстаюцца скарочанай пропіссю. Пачынаюць пропісь словам Extracti (экстракту), затым указваюць назву расліны і колькасць экстракту. Вадкія экстракты дазіруюць, як і настойкі, — у каплях, густыя і сухія — у адзінках масы. Напрыклад:
Rp.: Extracti Frangulae fluidi 40,0
D.S. Па 40 капель на прыём нанач (слабіцельнае).
Э м у л ь с і і (emulsa — наз. скл., мн. л.; emulsum — наз. скл., адз. л.; emulsi — род. скл., адз. л.) — гэта сумесі ўзаеманерастваральных вадкасцей, Састаўнымі інгрэдыентамі з’яўляюцца алей і вада. Знешне яны падобныя да малака. Прымяняюцца ўнутр, перад ужываннем іх рэкамендуецца ўзбоўтваць. Пры выпісванні эмульсій карыстаюцца скарочанай і разгорнутай пропісямі. Напрыклад:
Rp.: Emulsi olei Ricini 180,0
Sirupi simplicis 20,0
M.D.S. Па адной сталовай лыжцы праз гадзіну да наступлення слабіцельнага эфекту.
С у с п е н з і і (suspensiones — наз. скл., мн. л.; suspensio — наз. скл., адз. л.; suspensionis — род. скл., адз. л.) уяўляюць сабой завісь цвёрдых здробненых нерастваральных часцінак лекавага рэ-
чыва ў расгваральніку. Прымяняюцца вонкава, унутр і ўнутрымышачна. Перад ужываннем іх трэба ўзбоўтваць. Пры выпісванні рэцэпта прымяняюць скарочаную і разгорнутую пропісі. Напрыклад:
Rp.: Suspens. Cortisoni 2,5%—10,0
D.S. Па 2 мл унутрымышачна адзін раз на дзень.
М і к с т у р ы (mixturae — наз. скл., мн. л.; mixtura — наз. скл., адз. л.; mixturae — род. скл., адз. л.) — гэта складаныя вадкія лекавыя формы, якія складаюцца з сумесі некалькіх лекавых рэчываў і растваральніка. Адрозніваюць тры тыпы мікстур: 1) мікстуры, якія з’яўляюцца сапраўднымі растворамі і знешне празрыстыя; 2) мікстуры, якія пры захоўванні ўтвараюць апалесцэнцыю, або муць; 3) узбоўтвальныя мікстуры, у якіх лекавыя рэчывы знаходзяцца ва ўзважаным стане і пры захоўванні даюць асадак. Перад прымяненнем іх трэба ўзбоўтваць. Пры выпісванні рэцэптаў карыстаюцца разгорнутай пропіссю. Напрыклад:
Rp.: Inf. herbae Adonidis vernalis 6,0—180,0
Natrii bromidi 6,0
Codeini phosphatis 0,2
M.D.S. Па адной сталовай лыжцы 3 разы на дзень (мікстура Бехцерава)
Лекавыя формы для ін’екцый. Ін’екцыямі называюць увядзенне вадкіх лекаў у арганізм праз скуру ці слізістыя абалонкі шляхам парушэння іх цэласнасці з дапамогай спецыяльнай тонкай іголкі і шпрыца.
Вадкія лекавыя формы, прызначаныя для ін’екцый, спачатку падвяргаюцца стэрылізацыі, або абясплоджванню, — пазбаўленню жывых мікраарганізмаў і іх жыццядзейных спор. Стэрылізацыю праводзяць фізічнымі, механічнымі і хімічнымі метадамі.
Фізічныя метады стэрылізацыі заснаваны на скарыстанні розных фізічных бактэрыцыдных агентаў. Найбольш часта прымяняюць уздзеянне высокай тэмпературай. 3 гэтай жа мэтай карыстаюцца ультрафіялетавымі і інфрачырвонымі прамянямі, гама-прамянямі, токамі высокай частаты і ультрагукам.