• Газеты, часопісы і г.д.
  • Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей

    Асновы медыцынскіх ведаў і аховы здароўя дзяцей


    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 421с.
    Мінск 1996
    142.72 МБ
    Пры больш цяжкім паражэнні ў гэтым перыядзе раней узнікаюць трамбацытапенія, выпадзенне валасоў і паражэнне скуры.
    Перыяд разгару хваробы, або в ы я ў ных клінічных праяўленняў, працягваецца ад аднаго да двух-трох тыдняў. Пачатак перыяду звязваюць з пагаршэннем самаадчування і павышэннем тэмпературы. Услед за гэтым пачынаецца развіццё ўсяго сімптомакомплексу хваробы: з’яўляюцца галаўныя болі, галавакружэнні, бяссонніца, развіваецца рэзкая слабасць.
    Страўнікава-кішачныя парушэнні, якія мелі месца ў першым перыядзе, аднаўляюцца і значна абцяжарваюцца. Узмацняецца рвота, зніжаецца або зусім прападае апетыт, развіваецца панос са слізістымі ці крывянымі выдзяленнямі. Паносы і рвота моцна абязводжваюць арганізм і прыводзяць да схуднення са зніжэннем масы цела на 25—30 %.
    Пашкоджанні ў генетычным апараце клетак прыводзяць да парушэння абмену рэчываў, дыстрафічных з’яў, пры якіх падае згусальнасць крыві, узнікаюць кровазліцці і крывацёкі. Кровазліццё ў жыццёва важныя органы яшчэ больш абцяжарвае клінічную сімптаматыку прамянёвай хваробы. Часта назіраюцца насавыя, матачныя, а таксама кішэчныя крывацёкі, якія суправаджаюцца стулам з крывёю. У скурных покрывах і бачных слізістых абалонках з’яўляюцца ачагі кропкавага і масіўнага кровазліцця.
    Рыс. 2.4. Дыфузная эпіляцыя і множныя ачагі кровазліццяў у скуру галавы. Язвы на губах
    На слізістых абалонках узнікаюць язвава-некратычныя ўтварэнні з пераважнай лакалізацыяй у стрававальным тракце, якія ўскладняюцца запаленчымі працэсамі — язвавым гінгівітам, стаматытам, некратычнай ангінай, эзафагітам і гастраэнтэракалітам. Часцей за ўсё гэта праяўляецца на месцах папярэдняга кровазліцця. Узнікаюць цяжкасці з прыёмам ежы. У лёгкіх пачынаюцца запаленчыя гемарагічныя і некратычныя працэсы.
    У трэцім перыядзе працягваецца выпадзенне валасоў. На вала-
    сяных участках скуры, якія атрымалі інтэнсіўнае апраменьванне, ідзе дыфузнае выпадзенне валасоў і настае аблысенне (рыс. 2.4).
    Гарачка, якая суправаджае гэты перыяд хваробы, з’яўляедца вынікам далучэння інфекцыі, развіцця сепсісу, парушэння функцыі многіх органаў і сістэм арганізма. У выніку рэзкага падзення ахоўнай бар’ернай функцыі слізістых абалонак і скуры звычайная непатагенная і ўмоўна-патагенная мікробная флора можа пранікаць у кроў з поласці рота, страўнікава-кішачнага тракту і дыхальных шляхоў. Тэмпература цела адлюсгроўвае цячэнне септычнага працэсу. Яна можа павышацца да 40 ° С і ўтрымлівацца на працягу ўсяго перыяду разгару хваробы.
    Паталагічныя змены ў перыферычнай крыві ўзмацняюцца. Колькасць лімфацытаў і трамбацытаў працягвае зніжацца, пры вельмі цяжкіх паражэннях явы зусім знікаюць з перыферычнага русла крыві. Колькасць лейкацытаў можа змяншацца да 1 • 103—0,5 • 103 клетак у 1 мкл крыві і нават ніжэй. Падзенне колькасці лейкацытаў ніжэй 1 • 103 у 1 мкл крыві называецца агранулацытозам. Апошні сведчыць аб рэзкім зніжэнні ахоўных сіл арганізма, што можа прывесці да развіцця інфекцыйных ускладненняў. Колькасць эрытрацытаў пры цяжкіх паражэннях падае да 2 106-1-106 клетак у 1 мкл крыві і ніжэй, паніжаецца гемаглабін, развіваецца анемія. Падзенне колькасці форменных элементаў крыві суправаджаецца якаснымі іх зменамі. Неспрыяльнай прагнастычнай прыметай служыць поўнае знікненне рэтыкулацытаў з перыферычнай крыві.
    Цяжкасць інфекцыйных ускладненняў прамянёвай хваробы залежыць ад глыбіні парушэння крывятворнай функцыі і характару далучанай інфекцыі. Найбольш часта назіраюцца гемарагічна-некратычныя пнеўманіі, якія развіваюцца пры цяжкіх паражэннях у 50 % выпадкаў.
    У перыядзе разгару вострай прамянёвай хваробы з дозамі апраменьвання звыш 2,5 Гр без аказання неабходнай медыцынскай дапамогі магчымы смяротны зыход. Прычынай яго з’яўляецца касцёвамазгавы сіндром з уласцівымі яму гемарагічнымі праявамі і інфекцыйнымі ўскладненнямі.
    У выпадках спрыяльнага зыходу хваробы у канцы трэцяга перыяду на фоне карціны панцытапеніі з’яўляюцца прыметы рэгенерацыі крывятварэння — маладыя клеткі крыві ў касцявым мозгу і рэтыкулацыты ў перыферычнай крыві.
    Перыяд аднаўлення працягваецца ад некалькіх тыдняў да трох—шасці месяцаў, а пры цяжкіх паражэннях — і болей (адзін—тры гады). Пачатак перыяду звязваюць з падзеннем тэмпературы цела да нармальнай і паляпшэннем самаадчування. Паступова адступаюць парушэнні нервова-рэгуляторнага парадку,
    памяншаюцца галаўныя болі, паляпшаецца сон, аднаўляецца сакраторна-маторная функцыя страўнікава-кішачнага тракту, спыняюцца рвоты і паносы, загойваюцца язвавыя ўчасткі слізістых, знікаюць гемарагічныя прыметы, павольна аднаўляецца функцыя крывятварэння. На месцах аблысення праз два—шэсць месяцаў пасля апраменьвання пачынаецца рост валасоў.
    Паступовае адступленне асноўных сімптомаў хваробы не заканчваецца пры цяжкіх паражэннях поўным знікненнем. На доўгі час, а то і на ўсё жыццё могуць заставацца нейрацыркуляторная дыстанія гіпатанічнага тыпу, нервовая знясіленасць, недахоп функцыі крывятварэння, эндакрынныя расстройствы.
    Па даных замежных аўтараў, аднаўленне пашкоджаных клетак пасля апраменьвання пачынаецца з чацвёртага дня і пры лёгкіх паражэннях дасягае ў суткі 2,5—3 %, на працягу месяца — 50 %, за два месяцы — да 85 %. Незваротныя пашкоджанні дасягаюць 10-15 %.
    Аддаленыя вынікі апраменьвання. Згодна з уяўленнямі вучоных МКРА аб тым, што не існуе поўнасцю бяспечнай парогавай дозы, ніжэй якой пранікальная радыяцыя не аказвае шкоднага ўздзеяння, можна меркаваць, што аддаленыя вынікі могуць узнікаць ад апраменьвання не толькі вялікімі, але і малымі дозамі.
    Аддаленыя вынікі пасля апраменьвання вялікімі дозамі добра вывучаны на вопыце японскіх гарадоў Хірасімы і Нагасакі. Назіранні замежных вучоных над вялікімі групамі людзей, якія перанеслі прамянёвую хваробу, паказалі, што ў гэтых гарадах адбыліся значныя зрухі ў структуры агульнай захворвальнасці і смяротнасці. Гэтыя зрухі тлумачацца не толькі аднаразовай дозай агульнага апраменьвання, але і ўздзеяннем радыеактыўных нуклідаў, якія выбіральна накопліваліся ў асобных органах.
    Па даных Сусветнай федэрацыі навуковых супрацоўнікаў, у Хірасіме на 340 тыс. жыхароў страты пасля ядзернага выбуху склалі 130 тыс., ў Нагасакі на 270 тыс. жыхароў — 60—70 тыс. 3 улікам аддаленых вынікаў апраменьвання да 1950 г. страты ў Хірасіме дасягнулі 200 тыс., у Нагасакі — 140 тыс. чалавек. У Хірасіме захворвальнасць лейкозамі падвоілася пры дозах апраменьвання ад 10 да 50 бэр, у Нагасакі — пры дозах звыш 100 бэр. Гэтыя адрозненні тлумачацца тым, што ў Хірасіме ў складзе пранікальнай радыяцыі пераважала нейтроннае выпраменьванне, а ў Нагасакі — гама-выпраменьванне. Пры дозах апраменьвання звыш 200 бэр у абодвух гарадах захворвальнасць лейкозамі ахапіла 90 % апрамененых.
    Сярод вялікай колькасці жыхароў Хірасімы і Нагасакі ў тэрмін ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў (у залежнасці ад дозы
    апраменьвання) зарэгістравана ўзнікненне катаракты (памутненне хрусталіка). Пры гэтым ў Хірасіме катаракта адзначана ў 50 % апрамененых, якія атрымалі дозу звыш 153 бэр.
    Аддаленыя вынікі апраменьвання могуць развівацца як пры ўздзеянні іанізуючай радыяцыі на ўвесь арганізм, так і пры апраменьванні асобных участкаў цела. Узнікаць яны могуць праз розныя прамежкі часу. У цяперашні час вядома, што мінімальны латэнтны перыяд ад апраменьвання да развіцця лейкозаў і раку касцей працягваецца два—чатыры гады, найбольш часта гэтыя хваробы ўзнікаюць праз пяць—восемь гадоў, а рак іншых органаў і тканак — праз дзесяць і болей гадоў.
    Да аддаленых вынікаў уздзеяння іанізуючых выпраменьванняў на арганізм можна аднесці паніжэнне супраціўляльнасці ў адносінах да ўзбуджальнікаў інфекцыйных хвароб, агульнае знясіленне, расстройства абмену рэчываў, тармажэнне росту і разумовага развіцця дзяцей, пачашчэнне захворвальнасці лейкозам і ракам, развіццё катарактаў, поўнае ці часовае бясплоддзе, ранняе старэнне, пасівенне валасоў, скарачэнне працягласці жыцця.
    Пры апраменьванні жанчын у першыя 17 тыдняў цяжарнасці дзеці нараджаюцца з паменшаным памерам галавы, з затрымкай разумовага развіцця.
    У мужчын пры апраменьванні дозай 200 бэр можа ўзнікаць устойлівая стэрыльнасць. У жанчын адчувальнасць да апраменьвання ў значнай ступені залежыць ад узросту. Так, ад дозы 400 бэр толькі ў 30 % маладых жанчын наступае стэрыльнасць, у той час як ва ўзросце старэй 40 гадоў — у 100 %.
    Наследаванне прымет арганізма ажыццяўляецца спецыяльнымі структурнымі ўтварэннямі клетак — генамі, лакалізаванымі ў храмасомах. Ужо ў першым перыядзе вострай прамянёвай хваробы адзначаюцца структурныя змены ў храмасомах клетак касцявога мозгу і ў лімфацытах. Хоць аднаўленне структурных пашкоджанняў клетак і пачынаецца з чацвёртага дня пасля ўздзеяння іанізуючых выпраменьванняў, значная колькасць гэтых пашкоджанняў неабарачальная. У сувязі з гэтым генетычныя пашкоджанні могуць прыводзіць да перадачы непаўнацэнных спадчынных прымет, нараджэння нежыццяздольнага патомства, з’яўлення выродлівасці. Найвялікшую небяспеку для пашкоджанняў храмасом уяўляе паток нейтронаў. Частата храмасомных пашкоджанняў прапарцыянальная дозе апраменьвання.
    Вядома, што ў кожным пакаленні людзей у выніку генных мутацый больш 4 % дзяцей нараджаюцца з заганамі развіцця і пакутуюць спадчыннымі хваробамі. Па даных МКРА, пры радыяцыйным апраменьванні ў дозах ад 10 да 100 рад самаадвольны тып муціравання ў чалавека падвойваецца.
    Канцэпцыя ацэнкі беспарогавага дзеяння іанізуючых выпраменьванняў, прынятая МКРА, тэарэтычна дапускае праяўленне аддаленых вынікаў нават тады, калі дозы практычна мала адрозніваюцца ад нуля. Гэтая канцэпцыя дазваляе лічыць, што нават пры самай малой дозе магчымае праяўленне аддаленых вынікаў у выглядзе прыроджаных выродстваў, злаякасных пухлін і генетычных пашкоджанняў. Праяўленне гэтых вынікаў носіць магчымасны характар, бо для іх узнікнення патрабуецца значны латэнтны (скрыты) перыяд — ад 5 ад 35 гадоў (у сярэднім 10—15). Магчымасць узнікнення аддаленых вынікаў узрастае з павелічэннем дозы апраменьвання.
    Аднак магчымасць узнікнення аддаленых вынікаў дапускаецца чыста тэарэтычна. Штогод на адзін мільён насельніцтва ад рака памірае дзве тысячы чалавек. Гэта спантанны (звычайны) узровень. Ён можа вагацца ў пэўных межах. Па ўсім свеце ідзе рост захворвальнасці $лаякаснымі пухлінамі. Магчымыя ўзнікненні пухлін ад радыяцыі знаходзяцца ў межах зменлівасці спантаннага ўзроўню, іх немагчыма вылучыць, а тым больш даказаць, што яны з’яўляюцца вынікам дзеяння радыяцыі, а не ваганнем спантаннага ўзроўню.