Аўтаспынам па Галактыцы
Дуглас Адамс
Выдавец: Логвінаў
Памер: 224с.
Вільня 2015
Новае заданне якраз адцягне тваю ўвагу ад цяжкіх роздумаў, адказала Трыліян. У ейным голасе пракінулася ледзь прыкметная спагада.
Скулля яе чым адцягнеш, заныў Марвін. У мяне неверагодна аб’ёмныя мазгі.
Напрамілы Бог, Марвіне! пачала пагражаць Трыліян.
Добра, добра, адказаў Марвін. Што трэба зрабіць?
Спусціцца да другога шлюзу і прывесці сюды двух прыбышоў.
Пасля мілісекунднай паўзы з дасканала падабранымі тэмбрам і інтанацыяй адкрыта крыўдаваць тут сапраўды не было на што Марвін змадэляваў сваю вялікую пагарду і агіду стасоўна ўсяго людскога роду:
I гэта ўсё?
Усё, пацвердзіла Трыліян.
Ідыёцкае заданне, падсумаваў Марвін.
Зафод ажно падкінула з фатэля.
-Трыліян пляваць, ідыёцкі або інтэлектуальны гэты занятак! выгукнуў ён. Яна адно хоча, каб ты гэта зрабіў! Уцяў?
Будзе зроблена, бомкнуў Марвін, нібы вялікі паколаты звон. Абавязкова.
Выдатна... амаль спакойна прамовіў Зафод. Цудоўна... Дзякуй.
Марвін павярнуўся і падняў на Зафода свае пляскатыя трохкутнікі чырвоных вачэй.
- Я ж вас не прыгнятаю? поўным невымоўнае тугі голасам спытаў ён.
- Што ты! хуткастрэльна адказала Трыліян. Абсалютна не прыгнятаеш, далібог...
- Прыгнятаць вас мне б не хацелася.
- Ды не бяры ты да галавы, зноў жвавенька адпарыравала Трыліян. Пачувайся і паступай натуральна, і ўсё будзе добра.
- Дык усё ў парадку? працягваў дапытвацца Марвін.
- У абсалютным, Марвіне! ціўкнула Трыліян. Будзь такім, які ты ёсць... Гэта ж частка нашага жыцця.
Марвін адарыў яе сваім электронным позіркам.
- Жыццё... прамовіў ён. Хто вы такія, каб казаць мне пра жыццё?!
Ён панура развярнуўся на пятках і пацёгся прэч з кабіны. Дзверы з задаволеным «бахам» бразнулі за яго спінай.
Зафодзе, у мяне няма болыд моцы трываць гэтага робата, прастагнала Трыліян.
Вялікая Галактычная Энцыклапедыя вызначае робата як механічнае прыстасаванне, прызначанае рабіць працу чалавека. Рэкламны аддзел вытворчага аб’яднання ўсегалактычнага значэння «Піксельмаш» вызначае робатаў як «твой асабісты прышпільны мабільны шпаркі дамавік».
«Падарожная кніжка для аматараў Галактычнага аўтаспыну» вызначае рэкламны аддзел вытворчага аб’яднання «Піксельмаш» як «хеўру бязглуздых доўбняў, якіх першымі паставяць да сценкі, калі пачнецца рэвалюцыя». Пад артыкулам ёсць зноска, якая інфармуе чытачоў, што рэдакцыя «Падарожнай кніжкі» з вялікай радасцю прыме на працу карэспандэнта, абазнанага ў робатабудаўнічай тэматыцы.
Па неверагодным супадзенні ў адным з асобнікаў «Вялікай Галактычнай Энцыклапедыі», які праваліўся праз расколіну ў часе з тысячагадовай будучыні, рэкламны аддзел аб’яднання «Піксельмаш» акрэслены як «хеўра бязглуздых доўбняў, якіх першымі паставілі да сценкі, калі пачалася рэвалюцыя».
Ружовы пакойчык знік-выпарыўся, малпы-пісьменніцы адляцелі ў лепшае вымярэнне. Фольксваген і Артур апынуліся ў пагрузачным адсеку зоркалёта. Выглядаў ён шыкоўна.
Слухай, карабель навюткі, зазначыў Фольксваген.
Скуль ведаеш? запытаў Артур. У цябе што, у запасе ёсць яшчэ адна штучка-дручка для вымярэння ўзросту металу?
He, я проста падняў з падлогі гэты рэкламны буклет, поўны бязглуздых слоганаў у стылі «I Сусвет будзе тваім» і «Галактыка на далоні»... О, бачыш, я меў рацыю!
Фольксваген тыцнуў на адну са старонак і прадэманстраваў яе Артуру.
Тут пішуць: «Рэвалюцыйнае вынаходства ў фізіцы неймавернага. Як толькі рухавік зоркалёта пераключаецца на рэжым Бясконцай Неймавернасці, ён праходзіць праз усе пункты Сусвету адначасова. Хай кіраўнікі звышдзяржаў зайздросцяць вам чорнай касмічнай зайздрасцю!..»
Потым Фольксваген дадаў:
Гэтае «Залатое Сэрцайка» сур’ёзная цацка!
Фольксваген заглыбіўся ў тэхнічныя характарыстыкі зоркалёта, а калі зрэдку вынырваў з іх, дык раззяўляў рот ад здзіўлення. Відавочна, за часы яго вымушанага гібення на Зямлі астратэхналогіі сягнулі новых даляглядаў.
Артур крыху паслухаў сябра, аднак, не зразумеўшы большасць з таго, пра што захоплена вяшчаў Фольксваген, перастаў слухаць, а стаў вандраваць пальцамі па шэрагу няўцямных клавіш на клавіятуры. На крайняй панэлі ён, пацягнуўшыся, націснуў завабліва чырвоную
кнопку. Запаліўся надпіс: «Калі ласка, не націскайце гэтую кнопку другі раз».
Артура перасмыкнула.
Тут такое праграмнае забеспячэнне хавайся ў бульбу! пачуўся голас Фольксвагена. Бетэльгейзіянец быў па-ранейшаму занураны ў рэкламны буклет.
Вось: «Новае пакаленне піксельмашаўскіх робатаў і камп’ютараў, аснашчаных УЧХ-сістэмай.
УЧХ-сістэмай?
Робаты з уштукаваным чалавечым характарам.
А-ёй жа, гучыць брыдка, заўважыў Артур.
Голас за яго спінай пагадзіўся:
Так і ёсць стоадсоткавае паскудства.
Голас быў нізкі, поўны безнадзейнасці, яго суправаджаў лёгкі металёвы ляскат.
Усе азірнуліся і згледзелі панурага робата, які згорблена стаяў у дзвярах.
Чаго? у адзін голас перапыталі яны робата.
Брыдка і ёсць, паўтарыў Марвін. Поўны гамон... I не гаварыце. Вось зірніце лепей на гэты люк, дадаў ён, праходзячы праз вушак.
Марвін пачаў пераймаць стыль і тон рэкламнай абвесткі, і ў ягоны голас сталі пранікаць іранічныя ноткі:
«Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што абсалютна ўсе дзверы і люкі нашага зоркалёта займаюць свае месцы. Ім уцешна адчыняцца перад вашым носам, іх поўніць пачуццё выкананага абавязку, калі яны зачыняюцца за вашай спінай».
Калі за Марвінам зачыніўся люк, дык зрабілася ясна, што люк сапраўды атрымлівае ад гэтага дзеяння неверагодную насалоду, якую ён выяўляе падобным да кароткага ўздыху рыпам.
«Оохххххххммоххххххххх! выдыхнуў люк.
Гэты ўздых Марвін перажыў з халоднай агідаю на твары. Некаторыя ягоныя лагічныя ланцугі разваг проста тачыліся грэблівасцю і былі занятыя ідэяй ужывання супраць люка фізічнага гвалту. Больш прасунутыя і
ліберальна настроеныя ланцугі перарвалі тое заўвагай: «Нашто сваркі і звадкі? Якая рацыя? Гары ўся Галактыка гарам!» Гэтыя ланцугі сталі забаўляць сябе тым, што заглыбіліся ў падрабязны аналіз малекулярнага складу люкаў і дзвярэй, а таксама нервовых клетак гуманоідаў. Потым на «біс» памералі ўзровень вылучэння вадароду ў кубічным парсеку, а пасля, ужо ўшчэнт знуджаныя, самохаць вымкнуліся. Калі робат павярнуўся, яго працяла дрыготка адчаю.
Хадзем, прабурчэў ён. Мне загадалі завесці вас на капітанскі масток... I гэта мне, у якога мозг велічынёй з планету, загадваюць суправаджаць людзей да мастка! «Робат самарэалізоўваецца», скажаце вы? Скулля!
Ён павярнуўся і пайшоў у бок ненавіднага люка.
Э-э... Выбачайце, а Ураду якой планеты належыць гэты зоркалёт? спытаўся Фольксваген, ідучы за робатам.
Марвін абмінуў пытанне ўвагай.
Асцярожней з гэтым люкам, прамармытаў робат, ён ізноў хоча адчыніцца. Я адчуваю хвалю самазадаволенасці, якая сыходзіць ад яго.
3 ліслівым скавытаннем люк пакрысе зноў адчыніўся. Марвін пратупаў праз яго.
Хадзем, паўтарыў ён.
Іншыя пакрочылі за ім, тымчасам як люк, спакваля, з паслужлівым шчоўканнем і зумканнем, зачыніўся.
Дзякуй табе, рэкламны аддзел вытворчага аб’яднання «Піксельмаш», сказаў Марвін, стомлена і роспачна валюхаючыся па зіхоткім латку калідора, што вышнураваўся перад ім. «Давайце пабудуем робатаў з чалавечым характарам», вішчалі яны. I вось, калі ласка, выпрабавалі свае ідэі на мне. Я прататып асабістасці чалавека. А якой, дык адразу ж відаць, праўда?..
Фольксваген і Артур неяк няўцямна прамармыталі непераканаўчы пратэст.
Ненавіджу люкі! працягваў Марвін. Потым звярнуўся да парачкі сяброў:
Я ж вас не прыгнятаю сваёй прысутнасцю?
Дык урад якой планеты валодае... пачаў быў Фольксваген ізноў.
Ніякі Урад ніякай планеты гэтым зоркалётам не валодае! раздражнёна адказаў робат. Ён сагнаны.
Сагнаны?!
«Сагнаны?!», перадражніўФольксвагена Марвін.
Кім? настойваў Фольксваген.
Зафодам Біблброксам.
3 Фольксвагенам здарылася нешта дзіўнае. Прынамсі пяць адценняў ашаломленасці адначасова перакрывілі яго твар. Выдавала, што яго левая нага, якая ўзнялася была па-над зямлёю, мела праблемы з пошукам падлогі. Фольксваген вытарашчыўся на робата і намаганнямі цягліцаў паспрабаваў выблытацца з усіх сваіх грымас.
Зафодам Біблброксам? перапытаўся ён, ледзьве варушачы вуснамі.
Перапрашаю. Я, можа, кажу якія непрыстойнасці? перапытаў Марвін, працягваючы валюхацца. Ну, ужо выбачайце, што ўвогуле дыхаю ў вашай прысутнасці хаця, наагул кажучы, я ніколі не дыхаю, таму я не разумею, чаму я гэтак сказаў... Божа мой, Божа, у мяне такая дэпрэсія! Вось яшчэ адзін самазакаханы люк. Гэтае жыццё... Хто вы такія, каб казаць мне пра жыццё?!
Ды ніхто тут не кажа табе пра жыццё! раздражнёна прамармытаў Артур. Фольксвагене, ты як?
Фольксваген узорыўся на Артура.
Робат толькі што сказаў «Зафод Біблброкс»? перапытаў Фольксваген.
12
Кожны раз, калі Зафоду Біблброксуўдавалася злавіць хвалю якой-небудзь субэфірнай радыёстанцыі, а ён хацеў паслухаць навіны пра сябе, моцнае бразгатанне джанк-музыкі напойвала адсекі «Залатога Сэрцайка». Кіраваць радыёпрымачом той яшчэ галаўны боль. Шмат гадоў радыё наладжвалі, націскаючы кнопкі і круцячы ручкі. Потым тэхналогіі ўдасканаліліся: панэль зрабілі сэнсарнай. Сёння ж вам варта ўсяго толькі з надзеяй на лепшае памахаць рукой у неакрэсленым кірунку і досыць. Гэта, ясная рэч, ашчаджае энергію цягліцаў, аднак адсюль вынікае, што калі вы маеце жаданне заставацца на адной хвалі, вам давядзецца псіхуй-не псіхуй, аднак, сядзець абсалютна нерухома.
Зафод паварушыў рукой усталяваўся новы канал. Фастфуд-музыкі на ім было больш, аднак цяпер яна зрабілася адно фонам для навін.
Тэкст на гэтым канале бязлітасным чынам падладжвалі пад музычны рытм.
...Суб-эфірнае радыё вяшчае для вас дваццаць чатыры гадзіны на содні. Стоадсоткавая зона пакрыцця па Галактыцы, загарлала радыё. Скажам сваё шчырае, сардэчнае «прывітанне» ўсім разумным формам жыцця ў Сусвеце... А таксама ўсім астатнім адстальцам. Любыя аўтсайдэры! Самы галоўны сакрэт поспехуляснуць каменем па камні... I, вядома, найгучнейшая навіна на сёння сенсацыйнае выкраданне дзіва над
дзівамі, цуда над цудамі эксперыментальнай мадэлі зоркалёта з Рухавіком Бясконцай Неймавернасці! Выкраданне здзейсненае нікім іншым як Прэзідэнтам Галактыкі Зафодам Біблброксам! I пытанне, над якім чухае патыліцу ўся-ўсенькая Галактыка: «Няўжо Вялікі Бібл нарэшце ўкляпаўся па самыя вушы ці ён выкруціцца зноў?» Так-так, той самы Зафод Біблброкс, які ўласнаручна вынайшаў Пангалактычны Мазгатрушч, колішні махляр і аферыст, мужчына, якога Зюзя Ангорская назвала ў сваіх мемуарах «сэкс-тытанікам», бо яго полавая моц саступае адно Саюз-Апалону Бельведэрскаму. Біблброкс, які перамагаў у «Еўрасабачанні» сем разоў, з лёгкасцю перасабачыўшы сваіх канкурэнтаў... Ці ёсць яму што сказаць у сваю абарону і апраўданне гэтым разам? На гэтае пытанне адказвае Зафодаў асабісты мазгазнаўца Зіг Мундфройд.