Аўтаспынам па Галактыцы  Дуглас Адамс

Аўтаспынам па Галактыцы

Дуглас Адамс
Выдавец: Логвінаў
Памер: 224с.
Вільня 2015
36.26 МБ
У новай версіі Зямлі, якую мы цяпер будуем, кіраўніцтва даручыла мне рабіць Афрыку. I я, ясная рэч, стаў будаваць яе з усімі маімі ўлюбёнымі ф’ёрдамі. Я шмат пажыў, каб дапяць, што яны дададуць любому кантыненту адчуванне барочнай вытанчанасці. А кіраўніцтва кажа, што гэта «недастаткова экватарыяльна». Ну і слова «экватарыяльна»! з ягоных вуснаў вырваўся смяшок. Каго хвалюе нейкая там экватарыяльнасць? Так, згода: навука навучылася рабіць колькі прыгожых рэчаў, але як на мяне, дык лепей мець шчасце, чым рацыю.
Дык, знакам тым, ты шчаслівы?
He. Якраз тут і пачынаюцца нестыкоўкі.
Шкада, са спагадай прамовіў Артур. Але выдае на тое, што ты колісь быў як сыр у смятане.
Недзе на сцяне выбліснуў белы агеньчык.
Хадзем, -сказаў Пердылюбібляйц, мышы прызначылі табе аўдыенцыю. Тваё прыбыццё на планету ўсіх тут моцна ўзрушыла. Гэта трэцяя паводле сваёй неверагоднасці падзея за ўсю гісторыю Сусвету.
А якія былі першыя дзве?
Ну, гэта ўсякія-розныя супадзенні, няўважна адказаў Пердылюбібляйц.
Адчыніўшы дзверы, ён спыніўся, чакаючы, што Артур паследуе за ім.
Артур яшчэ раз азірнуўся, потым глянуў на сябе, на закарэлую вопратку, у якой ён валяўся ў гразюцы чацвярговым ранкам.
Ну скажы, што за жыццё ні куецца ні плешчацца! сам сабе прамармытаў Артур.
Што, выбачай? перапытаў яго дзядок.
Ды нічога спрабую жартаваць, адказаў Артур.
31
Шырока вядома, што нядбала кінутыя фразы тояць у сабе небяспеку, аднак жа, далібог, публіка часта не ўсведамляе ўсяе глыбіні гэтай праблемы.
Да прыкладу, у тое самае імгненне, калі Артур сказаў: «Ну скажы, што за жыццё ні куецца ні плешчацца!», у тканцы прасторава-часавага кантынууму нечакана адкрылася недарэчная чарвяточынка і адымчала прамоўленае далёка-далёка назад у часе, амаль праз усё бязмежжа касмічнага абсягу, да адной зацішнай Галактыкі, дзе вычварныя, узброеныя да зубоў істоты балансавалі на мяжы жудаснай міжзоркавай вайны.
Два кіраўнікі варожых бакоў у апошні раз сустрэкаліся за сталом перамоваў.
Жахлівая ціша панавала па-над тым сталом. Палкаводзец Ул’гёргскага войска ён блішчэў чорнымі баявымі шортамі, упрыгожанымі каштоўным каменнем, пыхліва глянуў на палкаводца Дж’дзугвунцкага ваярства (той жа лунаў у зялёнай аблачыне слодычных выпарэнняў і адчуваў за спінай падтрымку мільёна бліскучых і жудасных касмічных крэйсераў, якія па адным слове каманды былі гатовыя прынесці ворагу высакавольтную смерць), і запатрабаваў ад свайго апанента, гэтага касмічнага выпаўзня, узяць назад словы, сказаныя наконт яго мамы.
Выпаўзень сваім рухам скалануў моташныя выпарэнні, што атачалі яго, і ў гэтае самае імгненне словы: «Ну скажы, што за жыццё ні куецца ні плешчацца!» праплылі па-надсталом перамоваў.
На вялікі жаль, па-ўл’гёргску гэтая фраза найпякельнейшая лаянка, якую толькі можна сабе ўявіць, і варожым бакам не засталося нічога, як на стагоддзі працягнуць смертазабойчую вайну.
Па каторым часе пасля таго як большая частка тамтэйшай Галактыкі пакрышылася ў друзачкі, высветлілася, ясная рэч, што ўвесь вэрхал з абразай не варты і грызенай рэпы, і тады два варожыя касмафлоты, залагодзіўшы свой канфлікт, задзіночылі свае парадкам пашкуматаныя шэрагі з мэтаю нанесці агульны ўдар ужо па нашай Галактыцы, якая, як урэшце выявілася, і была крыніцай абразлівай заўвагі.
Яшчэ праз якую тысячу гадоў магутныя зоркалёты прадраліся праз пустэльныя абсягі космасу і ўрэшце з ваяўнічым воклічам абрынулі ўсю сваю збройную моц на першую-лепшую планету нашай Галактыкі а ёй абсалютна выпадкова сталася Зямля. На Зямлі ж, дзякуючы жудасным памылкам у вылічэнні маштабаў, цэлы баявы флот прыхадняў з космасу незнарок праглынуў невялічкі цюцька.
Тыя, хто вывучае складаны суплёт і ўзаемны ўплыў прычынаў і наступстваўу гісторыі Сусвету, зазначаюць, што пададзеныя вышэй выпадкі надараюцца спрэс і штохвіліны, але ж мы не ў стане іх пазбегнуць.
Што паробіш жыццё, кажуць тыя навукоўцы.
Пасля невялічкага падарожжа на летаку Артур і Пердылюбібляйц апынуліся ля нейкіх дзвярэй.
Яны вышлі з летака і наблізіліся да дзвярэй, што вялі ў пачакальню, поўную журнальных столікаў са шклянымі стальніцамі, і чые сценкі былі ўвешаныя ганаровымі граматамі, узятымі пад аргшкло. Амаль імгненна па-над двярыма ў процілеглым баку пакою запалілася святло. Яны зайшлі.
Артуру, ты жывы! пачуўся нечы голас.
Няўжо?! хутчэй спалохаўся, чым адрэагаваў на рэпліку Артур. Ну, жывы дык жывы.
Асвятленне сляпіла вочы, і таму мінула каторая секунда, перш чым ён згледзеў Фольксвагена, Трыліян і Зафода Біблброкса. Яны сядзелі пры даўжэзным стале, шчодраўстаўленым дзіўнымі стравамі: няўцямнымі слодычамі і вычварнай садавіной ды трускалі за абедзве шчакі.
Што з вамі здарылася? хацеў ведаць Артур.
Ну... пачаў Зафод Біблброкс, налягаючы на смажаную на вуглях рульку. Гаспадары затуманілі нашыя мазгі газам, сцёрлі памяць адным словам, тварылі з намі не разбяры-бяры што. I вось цяпер яны ў якасці кампенсацыі частуюць нас ад шчырага сэрца.
На, пакаштуй вегетарыянскую катлетку з насарожаніны, дадаў ён. Ласы кавалак. Вядома, калі табе да душы такія прысмакі.
Гаспадары? перапытаў Артур. Якія ‘шчэ гаспадары? He бачу я ніякіх гас...
Ласкава запрашаем на перакусон, зямлянін! пачуўся таненькі галасок.
Артур азірнуўся і ўскрыкнуў:
Фу! Мышы на стале!
Усе шматзначна паглядзелі на Артура, і ў пакоі ўсталявалася няёмкая ціша. Ён утаропіўся на дзвюх белых мышэй. Яны сядзелі ў ёмістасцях, якія нагадвалі шклянкі з-пад віскі. Артур пачуў маўчанне і азірнуўся на сваіх спадрожнікаў.
Ой! раптам скеміў ён. Ой! Я прашу прабачэння, я быў не гатовы да...
Давай я цябе пазнаёмлю, сказала Трыліян. Fa­ra мышаня Бэнджы.
Салют! сказала адна з мышэй.
Яе вусікі дакрануліся, мусіць, да адчувальнай на дотык клавіятуры, што, пэўна, знаходзілася знутры шклянкі, і тая крыху пасунулася наперад.
А гэта мышаня Фрэнкі.
Рады пазнаёміцца, павіталася другое мышаня і таксама трохі пасунула сваю шклянку наперад.
Артур адступіў.
Дык гэта тыя...
Так, адказала Трыліян, гэта тыя мышы, якіх я ўзяла з Зямлі.
Яна зазірнула яму ў вочы, і Артуру падалося, што яна сарамліва прызналася, маўляў, я і сама нічога не разумею.
Ці не меў бы ты ласку перадаць вось тую місу з тоўчанай мегаасляцінай? папрасіла Трыліян.
Э-э, выбачайце... Пердылюбібляйц з ветлівасці кашлянуў.
А, сапраўды! Дзякуй, Пердылюбібляйцу, ты можаш ісці, сказала мышаня Бэнджы.
Га?.. Э-э, добранька... адказаў Пердылюбібляйц, падаючыся крыху назад. Тады я сапраўды пайду хацелася давесці да ладу пару-тройку ф’ёрдаў.
Ат, хутчэй за ўсё табе больш не трэба будзе тут завіхацца, сказала мышаня Фрэнкі. Выдае на тое, што новая Зямля нам больш не спатрэбіцца.
Мышаня павяло з боку на бок сваімі ружовымі вочкамі:
Прынамсі, неспатрэбіцца цяпер, калі мы адшукалі тубыльца, які знаходзіўся на планеце за лічаныя секунды перад ейным руйнаваннем.
Вы што, сур’ёзна?! абурыўся Пердылюбібляйц. У мяне ўжо тысячу ледавікоў стаяць адбалансаваныя і гатовыя для ўсталявання на афрыканскім мацерыку.
Ну, можа быць, перад дэмантажом ледавікоў ты яшчэ паспееш пакатацца па іх на лыжах, з’едліва заўважыла мышаня Фрэнкі.
Вы што, здзекуецеся якія катанні?! працягваў злавацца Пердылюбібляйц. Гэтыя ледавікі рукатворныя шэдэўры! Дзіўныя выгіны, вытанчанае хараство спічастага лёду, шляхетныя цясніны! Катацца па такіх творах мастацтва блюзнерства і здзек!
Дзякуй, Пердылюбібляйцу, ты ўсё сказаў, сувора перарвала яго мышаня Бэнджы.
Так ёсць, камандзіру! холадна адказаў Пердылюбібляйц. Дзякуй вялікі за ўсё. Ну, да пабачэння, зямлянін! звярнуўся ён да Артура. Спадзяюся, у цябе ўсе будзе кавацца і пляскацца.
Хапатліва кіўнуўшы на развітанне рэшце кампаніі, Пердылюбібляйц павярнуўся і панура выйшаў з пакою.
Артур глядзеў яму ўслед, не ведаючы, што тут сказаць.
А цяпер будзьма думаць, вымавіла мышаня Бэнджы.
Пачуўшы гэтыя словы, Фольксваген і Зафод Біблброкс стыкнулі свае чаркі.
Будзьма!!! грымнулі яны.
Выбачайце, што? не зразумеў Бэнджы.
Фольксваген азірнуўся:
Я думаў, вы тост прапанавалі.
Два мышаня нецярпліва заварушыліся ў сваіх шкляных транспартных сродках. Урэшце яны сабраліся з сіламі, і мышаня Бэнджы падалося наперад, каб пагаварыць з Артурам.
Дык вось, зямлянін,сказала мышаня Бэнджы. Сітуацыя такая: як ты ведаеш, у апошнія дзесяць мільёнаў гадоў менавіта мы збольшага кіравалі тваёй планетай, маючы на мэце знайсці гэтае Тое Самае Пытанне да Таго Самага Адказу, хай яго няхай.
Навошта? рэзка запытаў Артур.
Не-а, мы ўжо абмяркоўвалі гэты варыянт,уплішчылася ў размову мышаня Фрэнкі. Але ён не пасуе да адказу. Пытанне: «Навошта?» Адказ: «Сорак два». Бачыш не падыходзіць.
Ды не! запярэчыў Артур. Я хацеў сказаць «Нашто вам гэтыя пошукі трэба?»
А-а! скеміла мышаня Фрэнкі. Ну, калі быць шчырым, дык думаю, мы пакрысе папрывыкалі. To ж бо: нам да вусікаў абрыдла ўсё гэтае валадаранне, і ця-
пер, пасля таго выпадку з гэтымі апантанымі воганамі, толькі ад думкі паўтарыць увесь цыкл развіцця, у мяне кошкі на сэрцы шкрабуцца, уцяў? У той дзень мы працавалі толькі да абеду і таму паспелі пакінуць Зямлю, а потым вярнуліся на Магратэю пры дапамозе тваіх сяброў.
Магратэя праход у нашае вымярэнне, прыткнула свае тры шэлегі мышаня Бэнджы.
I стуль, працягваў яго пацукаваты сябрук, мы атрымалі проста раскошную прапанову зрабіць у пяцівымеры аўтарскае ток-шоў і медыя-турнэ па нашым родным вымярэнні. Няма чаго казаць, тлустая прапанова, ад якой немагчыма адмовіцца.
Я б не адмовіўся, мройна вымавіў Зафод Біблброкс.
Ды з рукамі адарваў бы! пагадзіўся Фольксваген. Артур зірнуў на яго, узважваючы, да чаго яны хіляць. Але для гэтага мы мусім мець тавар на руках, уцяў? сказала мышаня Фрэнкі. To бок, нам па-ранейшаму да зарэзу трэба Вялікае Пытанне да Таго Самага Адказу, у той ці іншай форме.
Зафод Біблброкс нахіліўся да Артура.
Разумееш, сказаў ён, калі яны будуць проста сядзець у студыі, разняволеныя і паблажлівыя, і кінуць у публіку, што даведаліся Той Самы Адказ аб Сэнсе жыцця, Сусвеце і Усім Такім, а потым ім давядзецца ўдакладніць, што гучыць ён як «сорак два», дык іхняе ток-шоў вельмі хутка завяршыцца. Ніякіх табе абгавораў і дыскусій у студыі...
I таму нам трэба адказ, нейкая фраза, якая будзе гучаць прыстойненька, сказаў Бэнджы.