Аўтаспынам па Галактыцы
Дуглас Адамс
Выдавец: Логвінаў
Памер: 224с.
Вільня 2015
Фольксваген збянтэжана зіркнуў на спадара Просэра.
Ясна, зразумела... Але ж ён можа зрабіць гэта і ў тваю адсутнасць? запытаўся ён.
Але ж я не хачу, каб ён гэта рабіў!
А-а...
Ды што з табой, Фольксвагене, такое?!
Нічога. Нічога асаблівага. Паслухай мяне я мушу распавесці табе самую важную навіну за ўсё тваё жыццё. Яе трэба паведаміць зараз, і зрабіць гэта ў карчме «Конь і конюх»...
Чаму?!
...бо пасля такой навіны табе давядзецца моцна заліць вочы.
Фольксваген уперыўся ў Артура, і Артур са здзіўленнем адчуў, што яму напраўду вельмі хочацца пайсці ў карчму.
Ён не ведаў, што гэта здарылася дзякуючы старой застольнай гульні, у якую Фольксваген навучыўся гуляць у касмічных партах, што абслугоўвалі мандранітавыя капальні планеты Салізорск. Гульня нечым нагадвае зямныя «глядзелкі» і праходзіць наступным чынам: два спаборнікі садзяцца за стол адзін насупраць аднаго, і перад кожным ставяць па пустой шклянцы.
У сярэдзіне стала ставяць бутэльку віскару «Ку-Палёнка», які ўнесмяроціла старадаўняя песня салізорскіх шахцёраў:
«Ку-Палёнкі», «Ку-Палёнкі» поўныя бочкі,
Поўныя бочкі на тры абадочкі.
Тыя бочкі ды ў садочку мы ўсю ноч глушылі,
Мы ўсю ноч глушылі, тут нас і рашылі...
Абодва спаборнікі засяроджваюць волю на бутэльцы і робяць намаганне нахіліць яе, каб наліць віскі ў шклянку апанента. Апанент жа ў выпадку такога развіцця падзеяў абавязаны будзе яе выпіць.
Потым бутэльку напаўняюць наноў. Пасля гуляецца яшчэ адна партыя. I яшчэ адна.
Прайграўшы аднойчы, вы, пэўна, будзеце працягваць прайграваць, бо адзін з эфектаў уздеяння «Ку-Палёнкі» на арганізм аслабленне тэлепсіхічных здольнасцяў.
Калі вызначаная наперад колькасць шклянак будзе выпітая, пацярпелы паразу павінны выканаць фант, які зазвычай мае фізіялагічна непрыстойны характар.
Фольксваген Гольф заўсёды гуляў на паразу.
Фольксваген не зводзіў позірку з Артура, які пачаўбыўдумаць, што. можа, ён сапраўды мае неадольнае жаданне пайсці ў «Конь і конюх».
- Але што будзе з маім домам? пацікавіўся ён жаллівым галаском.
Фольксваген перавёў позірк на спадара Просэра, і раптам яска азарэння выбліснула ў ягонай галаве.
- Гэты спадар хоча пабурыць твой дом?
- Так, яны хочуць пабудаваць замест яго...
- Але гэтага ён зрабіць не ў стане, бо ты лёг перад бульдозерамі?
- Так, і яшчэ...
- Я перакананы, што мы зможам прыйсці да сякіхтакіх кампрамісаў, сказаў Фольксваген.
- Выбачайце! паклікаў ён спадара Просэра.
Спадар Просэр (які цяпер вымушаны быў абмяркоўваць з прадстаўніком бульдазерыстаў, ці не нанёс Артур Дэнт сваімі дзеяннямі шкоды разумоваму здароўю бульдазерыстаў ды колькі ім трэба будзе заплаціць у выпадку, калі факт прычынення шкоды іхняму здароўю пацвердзіцца) азірнуўся.
Ён быў здзіўлены і крышачку ўстурбаваны, убачыўшы, што да Артура далучаюцца людзі.
Так, слухаю? азваўся ён. Ці вярнуўся спадар Дэнт да здаровай развагі?
— А ці можна на момант дапусціць, што не вярнуўся? перапытаўся Фольксваген.
Ну і?.. выдыхнуў спадар Просэр.
I ці можам мы дапусціць таксама, працягваў Фольксваген, што ён застанецца на гэтым месцы да вечара?
I?..
I, знакам тым, вашыя людзі ўвесь дзень будуць стаяць наўкола ў поўным бяздзеянні?
Цалам верагодна, цалкам верагодна...
Добра. I калі вы можаце ўявіць гэтую карціну, дык тады сам Артур, што ляжыць тут, робіцца вам без патрэбы?
Чаго-чаго?
Артур Дэнт тут вам больш не патрэбны, так? паўтарыў Фольксваген цярпліва,
Спадар Просэр паварушыў мазгамі.
Так, праўда, не настолькі патрэбны... вымавіў ён.
Патрэбы ў ім няма.
Спадар Просэр устрывожыўся. Ён падумаў, штословы аднаго з іх дваіх пазбаўленыя ўсякага сэнсу.
Фольксваген сказаў:
Дык калі вы прымеце гэта як дадзенае, то ён і я зможам выслізнуць на паўгадзінкі ў карчму. Як вам такі план?
Спадар Просэр падумаў, што план абсалютна касамозгі.
Талковы такі план, сказаў ён упэўненым тонам, губляючыся ў здагадках, каго гэта ён хоча ўпэўніць.
I калі вы пазней самі захочаце перадыхнуць і хуценька адскочыць па справах, дадаў Фольксваген. дык мы заўжды, у сваю чаргу, зможам вас прыкрыць.
Дзякуй вялікі, сказаў спадар Просэр, які болыл не ведаў, як трэба гуляць у гэтую гульню. Дзякуй вялікі. Ага, гэта вельмі прыемна чуць.
Ён насупіўся, потым усміхнуўся, потым паспрабаваў рабіць і тое, і тое адначасова, заблытаўся, схапіўся за казырок сваёй футровай шапачкі і пачаў сутаргавата
круціць яе на макаўцы. 3 усяго сказанага яму было зразумела адно ён толькі што перамог.
Дык вось... працягваў Фольксваген Гольф. Ці не былі 6 вы так ласкавы падысці сюды і легчы...
Чаго?! перапытаў спадар Просэр.
Ой, прашу прабачэння, сказаў Фольксваген. Магчыма, я не да канца ўсё патлумачыў. Бо нехта ж мусіць легчы перад бульдозерам наўзамен. У адваротным выпадку, баюся, не застанецца нічога, што магло 6 зашкодзіць бульдазерыстам рушыць простай наводкай на дом спадара Дэнта.
Чаго?! зноў перапытаў спадар Просэр.
Усё вельмі проста, працягваў тлумачыць Фольксваген. Мой кліент спадар Дэнт сказаў, што спыніць ляжанне ў гэтай гразюцы пры адной-адзінай умове: яго месца зоймеце вы.
Што ты вярзеш? спытаў Фольксвагена Артур, але той штурхануў яго ботам, маўляў, памаўчы.
Вы хочаце, каб я падышоў... уголас сабе самому пачаў вымаўляць гэтую новую ідэю спадар Просэр, і лёг у гразюку?
- Так.
Перад бульдозерамі?
- Так,
Замест Артура Дэнта?
- Так.
У гразюку?
У... як вы выразіліся, гразюку.
Як толькі спадар Просэр уцяміў, што насамрэч пераможаны якраз ён, усё роўна як якісьці цяжар прыбіў ягоныя плечы да зямлі. Суцяшала толькі тое, што цяперашняя сітуацыя больш нагадвала знаёмы яму расклад рэчаў у свеце. Ён уздыхнуў.
Сесці тут дзеля таго, каб вы са спадаром Дэнтам схадзілі ў карчму?
Так, вы абсалютна слушнаўсё зразумелі, адказаў Фольксваген. Менавіта дзеля гэтага.
Спадар Просэр зрабіў два знерваваныя крокі ўперад і спыніўся:
Абяцаеце?
Слова гонару, паабяцаў Фольксваген. Потым павярнуўся да Артура. Давай падымайся, загадаў Фольксваген, вызвалі для чалавека месца.
Артур падняўся з адчуваннем, што спіць.
Фольксваген кіўнуў спадару Просэру, які, засмучаны, агаломшаны, садзіўся ў гразюку.
Спадар Просэр падумаў, што ўсё ягонае жыццё нагадвала сон, і ён часам пытаўся, чый гэта сон і ці хоць мае яго ўладальнік насалоду ад таго сна. Гразь атачыла ягоны азадак, далоні ды прашылася ў боты.
Фольксваген строга зірнуў на спадара Просэра.
I ніякіх паспешлівых руйнаванняў дамоў у нашую адсутнасць, ясна? папярэдзіў ён.
Ды проста думка да галавы прыйшла! прастагнаў спадар Просэр. Я ж нават абдумваць яе не пачаў, працягваў ён, паваліўшыся на спіну, проста мне падумалася, што такое дзеянне магчымае, і ўсё.
Ён убачыў, як прадстаўнік прафсаюза бульдазерыстаў набліжаецца да яго, і тады спадар Просэр, адкінуўшы галаву назад, заплюшчыў вочы. Ён спрабаваў упарадкаваць свае аргументы, якія мелі на мэце давесці, што ўжо ён сам не ўяўляе пагрозы душэўнаму здароўю сябраў прафсаюза. Аднак ён не быў пэўны на гэты конт яго мозг, здавалася, поўніўся галасамі, тупатам капытоў, дымам і пахам крыві. Гэтак адбывалася шторазу, калі ён пачуваўся ашуканым і яму рабілася шкада сябе. Спадар Просэр ніколі не мог гэтага сабе патлумачыць. У вышэйшых вымярэннях, пра якія мы анічога не ведаем. магутны хан у такіх выпадках раз’юшана рыкаў, а спадар Просэр адно дрыжаў і румзаў. Ён ужо адчуваў кропелькі вадкасці пад сваімі павекамі.
Бюракраты, якія напартачылі са зносам дому, узлаваны чалавек, што лёг у гразюку, няўцямны чужаніца,
які ўзвёў на яго дзікі, але да канца не зразумелы праклён, і невядомае войска коннікаў, што смяяліся з яго ў ягонай жа галаве, ну і дзянёк!
Ну і дзянёк. Фольксваген Гольф ведаў, што Артуравы дом не каштуе цялер і затычкі ад дзіравай бочкі і што абсалютна няважна, зруйнуюць яго ў хуткім часе ці не.
А вось Артур па-ранейшаму нерваваўся.
Але ці можам мы яму давяраць? запытаў ён.
Як на мяне, дык я 6 даверыўся гэтаму спадару ажно да канца свету, сказаў Фольксваген.
Ну, вядома, сказаў Артур. А гэта надоўга?
Прыкладна на дванаццаць хвілін, сказаў Фольксваген, давай, мне трэба выпіць.
А вось што Вялікая Галактычная Энцыклапедыя кажа пра алкаголь. «Алкаголь. пішуць у ёй. бясколерная лятучая вадкасць, зробленая з броджанага цукру, якая вядомая сваім ап'яняльным уздзеяннем на некаторыя формы жыцця з вугляроднай асновай».
Іншае аўтарытэтнае выданне, «Падарожная кніжка для аматараў Галактычнага аўтаспыну» таксама прыгадвае алкаголь. «Найлепшы алкакольны напой у Сусвеце, паведамляе яна, гэта «Пангалактычны Мазгатрушч».
Яшчэ «Падарожная кніжка» даводзіць, што эфект уздзеяння «Пангалактычнага Мазгатрушчу» нагадвае ўдар па галаве скрылікам цытрыны, у які загарнулі самавіты злітак золата.
«Падарожная кніжка» таксама падкажа, на якіх планетах мяшаюць найлепшы «Пангалактычны Мазгафушч», зарыентуе па сярэднегалактычных цэнах за порцыю, а таксама падасць пералік добраахвотных арганізацыяў і санаторных установаў, якія дапамогуць прайсці курс рэабілітацыі пасля яго спажывання.
«Падарожная кніжка» нават падкажа, як можна згатаваць гэты славуты кактэйль самастойна.
Вазьміце змесціва адной пляшкі марсіянскай гарэлкі «Брэзент», раіць «Падарожная кніжка», дадайце тудысама адну порцыю марской вады з Сантрагінуі-5.
О, гэтая сантрагінуэзская марская вадзічка, лірычна адступаюць аўтары «Падарожнай кніжкі». О, гэтая сантрагінуэзская рыбка!!!
Укіньце тры кубікі арктурыянскіх пладовых мегачарніл, каб яны расплавіліся ў кактэйлі. Мегачарнілы мусяць быць як след замарожаныя, інакш выпарыцца бензін. Дадайце чатыры літры фаліянскага балотнага газу дзеля ўзбагачэння вадкасці бурбалкамі і з мэтаю ўшанавання памяці ўсіх тых адурманеных аўтаспыннікаў, што сканалі ад духмянай асалоды ў балотах Фаліі.
На кончыку срэбнай лыжкі насыпце каліва экстракту паляшускай звышмяты, напоенай усімі тымі п’янкімі водарамі запаветных куткоў планеты Паляшус, што прыўносяць у напой вытанчаную слодыч таямнічасці.
Укіньце тудысама зуб алгольскага сонечнага тыгра. Патрошкі размешваючы, пачакайце, пакуль у глыбінях напою не разбяжыцца назапашаны жар алгольскіх сонцаў.
Шыпучую замфару. I аліўку. Смачна піць!... але... вельмі, вельмі асцярожна...
«Падарожная кніжка для аматараў Галактычнага аўтаспыну» піярыць тавары і з’явы значна лепей за «Вялікую Галактычную Энцыклапедыю».