Бабскія гісторыі  Міра Лукша

Бабскія гісторыі

Міра Лукша
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 195с.
Беласток 2001
35.61 МБ
Але вось паявілася ў хаце гаспадыня! Маладая, з дзіцяткам — наняла Соньчыну хату сям’я з далёкае пушчанскае вёскі; мужу бліжай на працу ў мястэчка. Прыехала ў гэтае лета Сонька пабачыць, што там у сяле робіцца, магілкі наведаць, а суседка найбліжэйшая бокам яе абыходзіць, не азываецца.
— Ты што, Любо, на мяне бочышся? — падсела да яе на лавачку госця.
— Ты нашто хату сваю наняла?! — злосна глянула на Соньку Люба Паўліха.
— А што мела пуставаць... I грош невялікі будзе, пійсят злотаў у месяц. I зімою апаляць, не будзе стыла. A то грыб вылез у кухні на сцяне... Добра, што яны якраз маю хатку ўпадабалі, ды яшчэ з дзіцяткам... Як добра! He мела яна, мая хатка, ужо надзеі няньчыць малое.... А ты чаму злосная на мяне? Здаецца, суседзі з іх добрыя, дый з маладымі весялей...
— А не лепш было маю Ірку зноў на лета туды ўпусціць?
Змаўчала Сонька. Крыўдна, бачыш, суседцы: дарам дагэтуль пускалі, нічога не казалі на паламаныя кусты парэчак, паабіваныя яблыні, засыпаную смеццем студню, загаджаны чужымі гусьмі падворак... А тут на яшчэ раптам: пяцьдзесят злотых кожны месяц, і за святло заплацяць... Куды ёй, Соньцы, гэты грош патрэбен? To ж нават ужо помнік сабе пры жыцці паставіла на местачковых могліцах, з партрэтам. Колькі да шчасця ёй яшчэ трэба?!
Паедуць Любіны мястовыя ўнукі пад восень дадому. Апусцее ўся Вёска, змоўкне. А ў Соньчынай старой хаце расце яшчэ адзін малы.
Сасанна
Баба Сасанна ўжо гадоў пятнаццаць сядзіць у блёку. Дастала двухпакаёўку за работу ў будаўнічакватэрным кааператыве. Бо раней жыла, гаспадарыла на хутары пад Гадышэвам. Пасля, кінуўшы ўсё, бо дзеці пайшлі вучыцца, перасялілася ў Беласток. Рабіць, каб дарабіць да пенсіі. А на вёсцы... О-го, якая ў яе была гаспадарка! Коні, як лялькі, кароўкі малочныя, свіней поўны хлеў. Ды як жыць з такім мужыком — зусім як парабак у гаспадарцы: скажаш падмяці ток, то падмяце, ідзі паары — то выарэ як пападзе... Ніякага догляду не меў Антоні да тае гаспадаркі, ано бег бы пад склеп. Выцягне з каморы кумпяк, паляндвіцу, урэжа добры кавал, або і цэлае забярэ, прэ пад краму, там ужо адзін мае вішнёўку, іншы віно, трэці які буталь “экспартнага” спірту, Антоні — тую закусь, і маюць баль. А ты, кабета, рабі! А дапусціш яго да каня ці каровы — жывёла шарахаецца, вішчыць, не слухае гаспадара — то ж б’е таго канягу, як у мех, за тое, што не слухаецца. Жарэбчыка так напалохаў, збіўшы, што той пайшоў па падворках, па агародах чужых — не дагнаць, не ўпрасіць, каб вярнуўся. Конь — жывёла далікатная, крыўдлівая. Выйшла Сасанка, клікнула: “Бобік, Бобічак... Хадзі да мяне...” Падбег конік да гаспадыні, заіржаў. “Як ты, Сасанка, будзеш яго браць, без уздэчкі, без кантара?..” Жанчына ўшчыкнула ў руку пару валосін з конскай грывы, і павяла радага Бобіка дахаты. А ўпусціць таго яе Антоняга ў хлеў! Пару тыдняў Сасанка хворая была, то ў той хлеў не было як улезці. Гною не разгроб, стаяць каровы пысамі ўніз, зады на горбах адходаў, а дзверы дык ледзь адчыніла — так той гной іх аброс. А то ж трэба дагледзець, добра ўсё разгарнуць, падаслаць каровіне...
У Сасанчынай гаспадарцы ўсім было добра. Хіба толькі мышам не — тры тлустыя, укормленыя свежым малаком коткі спраўляліся з імі аж надта: кожны ранак за гумном ляжала горба падушаных грызуноў. Бо звер умее аддзячыць. Звер — пад Божай апекай. I грэх такому брыду рабіць, бо не дасць Тварэц пакрыўдзіць бездапаможнага. Так як і сама Сасанка, — ёй жа, калі слепла, перад аперацыяй, Маці Божая паказалася, у Сасанчынай кватэры ў Беластоку. Вось тут, над парэнчай фатэля з’явілася, паміж выявай Сына і Яе, Гадышэўскай, што на блёкавай сцяне павешаны, і голасам далікатным, цененькім, прамовіла да Сасанкі: “He бойся, усё добра будзе!” I пайшла Сасанка без страху, і аперацыя ўдалася, і бачыць вось добра. А тады, калі Хрыстафора нараджала, таксама Маці Ласкавая яе ўратавала. Бо ніц, казалі дахтары, і з яе не было б, і з малога. Махнулі на іх рукамі. Дзіцяня шчыпцамі вывалакалі з лона. А і яна жывая, і ў сына ўжо сваіх дзяцей трое. A ўбачыла медсястра тады ў шпітальнай пасцелі медалік з Багародзіцай, і са слязамі прамовіла: “Пані Сасанна, сына свайго Маці Божай ахвяруйце, і калі вырасце, няхай заручыцца адпаведную ахвяру дасць, і на каленях вакол алтар у гэтым святым месцы абыдзе”. Так з Хрыстафорам яшчэ раз было, як то яго машыну збілі. I тады Сасанка паручыла яго апецы Ласкавай Маці, і ахвяраваўся сам, і занёс дар, і абышоў гадышэўскі алтар, праўда, не на каленях, бо не мог, і адразу паправіўся, хоць дахтары ўжо невялікую давалі яму надзею, каб выжыў...
А Сасанка... Праўда, стараецца жыць без граху, каб злым словам ні чынам каго не пакрыўдзіць. 1 ўсё жыццё так. У Сібір яе прыехалі, маладую, забраць, дык тыдзень у канаплях сядзела, не піўшы, не еўшы. Немцы ўвайшлі, дык выйсці адтуль магла. Пытаюцца: “Хто вас, сям’ю гаёвага, вывезці хацеў, хто спіскі састаўляў на вывозку, хто даносіў?..” Ды Сасанка
нічога не сказала, хоць пасля дастала добра ў скуру. Бо як жа выдасць свайго суседа, у яго ж чацвёра малых дзяцей! Hi немцы, ні хто іншы не пастаўлены Богам, каб караць. Ён адпомсціць, Ён адплаціць! I не адчувае Сасанка на сябе граху за тое, што хтосьці праз яе загінуў.Але хоць стараецца не грашыць, ды кожны тыдзень спавядацца ідзе, прычасце прымае. Ніколі невядома, калі што з чалавекам здарыцца можа. Бачыць з акна свайго блёку, з балкона, што павісае над цэнтральнымі вуліцамі Беластока, над патройным скрыжаваннем, як штодзень штосьці страшнае дзеецца. Ну, у людзей бы д’ябал уступіў! He азіраюцца, пруць на сваю бяду, як сляпыя, на сваіх машынах (і п’яных колькі!), пешаходы лезуць, бы нічога не бачаць... У кожнага ў галаве муць^ страх, прага нажывы... А іншы думае, адкуль узяць на кавалак хлеба, каб дзеткам даць. А бываюць такія гаўнаеды, як у яе ў былой вёсцы, што за страву б’юцца пры сямейнай місцы, скрабуць гаршкі, замест тых пару бульбін больш укінуць, жменю крупы, каб і хатнім хапіла, і коціку, і сабаку каб не палову са свіной бульбай ляпнуць, а ўкінуць таго, што і сам ясі... Тую бульбу ці лыжку кашы акрасіць і ім малаком ці скваркай... Пакінула была Сасанка, адыходзячы з вёскі, свайго Бурку, гладкага і разумнага аўчара, у суседа. Загадала карміць добра, бо такі з яго памочнік у гаспадарцы — і коней дапільнуе, і кароў, і чалавека з паганай думкай вычуе! Словам, можна ўсю гаспадарку на Бурыка пакінуць, і не прападзе нават яечка. Прыехала — не пазнала. Гаспадароў сама не было дома. Бурык на кароткім ланцузе ўзвіваўся ад смагі. На старой патэльні ляжала жменя сухое свіное стравы. Кінуўся сабака да Сасанкі, абняў паўпол сваю былую гаспадыню, заплакаў. I сама плачучы ад крыўды і злосці старая Сасанка дастала са свае торбы прыпасы, што ўзяла на дарогу, дала сабаку, а тую патэльню — як размахнулася, дык і шуганула за
гумно! I да гаспадаровага сына зайшла, і да солтыса. Пасля той солтыс на найбліжэйшым сходзе пра людскае трактаванне жывёл казаў. Прысаромеў пры грамадзе тых людзей, што і з-пад сябе салому жэрлі б, калі б маглі, абы ўсё прадаць. Дадуць есці — карове, свінні, бо малако, бо мяса... А з такога сабакі — што за карысць... Аж дзіўна, што пасля таго сходу сталі тыя людзі лепш Бурыка карміць...
Бабуля Сасанка дома адна сядзіць. Родныя далекавата. Наведваюць яе суседзі, лекар, што яе вочы лячыў. Кажа той дохтар: ‘Тэта ваша вера вас вылечыла”. Ага, і птушкі да яе на балкон прылятаюць. I пасёлкавыя хатнія і бяздомныя звяры заходзяць. I яны таксама ў гэтым горадзе адчуваюць сябе недарэчна.
2.	МОЦНЫ ЯНАК
Яська з-пад бору
Дом пад сасновым борам. Стройныя карабельныя сосны на пагорку, на падворак уваходзяць каржакаватыя, шырокакроныя самасейкі гадоў па 60-70. Пад соснамі расце пажухлая тонкасцёблая рэдкая трава, у цёплым пяску грабуцца і грэюцца старыя куры з даўгалыгім пеўнем з трыма пёркамі ў хвасце. Баявіты, хоць абдзерты, певень ускочыў на пянёк, залапатаў крыллем, уздымаючы пілавінне і пачаў злосна дапытвацца: “Куды то ты? Куды?!”
Я сёння ў госці да гаспадара гэтай грамадкі курэй, няполатага агародчыка, у якім лебяда і чарнобыль выбуялі да паўвакна дома з сівых бярвенняў, што яшчэ дзед ставіў зараз пасля вайны... Да ўнука сёння іду ў госці таго дзеда Міхайлы, якога ведаю з пажоўклага здымка, што заўсёды насіў з сабою Яська.
Унук сам бы мог ужо быць дзедам, калі б так, як Міхайла, сына меў у дзевятнаццаць гадоў. А так Яську толькі трыццаць восем, а, можа, лепш сказаць “ужо” аж столькі, і сына ў яго няма, ні дачкі, ні жонкі, а тым больш унука. Нядаўна гаспадарку ў свае рукі ўзяў — бацька паспеў перад смерцю (“закурыўся насмерць”, казала Яськава маці, Люба) перадаць яе Яську.
He думаў Яська, што давядзецца вярнуцца яму ў сваю вёску. He мог уседзець на адным месцы. Ужо да арміі кавалак свету пабачыў, за свой грош жыў. За мяжу збіраўся з’ехаць, ды граніцы пазачынялі, а яму, ужо ў вайсковым адзенні, дзеўка-студэнтка ў твар наплявала, калі ў восемдзесят другім спакойна ішоў па варшаўскай вуліцы, з польскім арлом на шапцы.
— Плюй, дурная, на свайго арла, ён не мой! — адказаў Яська дзяўчыне.
— Ludzie, ruskie w naszych mundurach! — збегся да Яські раз’юшаны натоўп.
Яська не хоча ўспамінаць таго часу. За службу ў Ярузэльскага прапанавалі яму вучобу ва універсітэце без экзаменаў. Чаму адмовіцца — “матуру” меў, ненайгорш вучыўся ў сваім тэхнікуме, варта было б пабыць “вольным студэнтам”. Выбраў гістарычны факультэт. Думаў узяцца салідна за навуку, а піў увесь першы семестр. На занятках адчуваў сябе страшна — не ведаў так многа, саромеўся, і зноў піў, каб не думаць пра тое, што ён — горшы. Мелі яго за блазна і студэнты, і выкладчыкі, якім патрапіў сказаць: “Ты, Мецё, пачакай, зараз свой пенал знайду...” Спачатку здаваўся ім збунтаваным героем з лесу, нейкім Робінам з пушчы, што ваюе з нячыстай сілай таталітарызму ў думках, але замала было ягонай здаровай кемлівасці вясковага разумніка, каб адолець праграму гуманітарных студыяў. Тым больш, што алкаголь з Яськавай галавы не выветрываўся, не даваў ніякіх шанцаў запоўніць прабелы ў адукацыі. Спакаваў свой рукзачок Яська зараз пасля Новага года і паехаў да сябра з арміі, які меў сваю кватэру недалёка інтэрната. Паўгода бадзяўся ў горадзе, з хаты браў харчы і грошы, якія крадком хавала для яго маці за прададзеныя яйкі і смятану. Дзяўчына з польскай філалогіі, Ёлька, адна з найлепшых студэнтак на аддзяленні, з якой “круціў” ад кастрычніка, заходзіла да яго ў госці штораз радзей, і