Бабскія гісторыі  Міра Лукша

Бабскія гісторыі

Міра Лукша
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 195с.
Беласток 2001
35.61 МБ
вёску К. — Ёзікавы сабакі ўсё існавалі, як вечныя статуі на нацягнутых ланцугах. Усё мянялася ў вёсцы, уміралі людзі, валіліся хаты, а Аза і Рэкс усё дыхалі.
Ac хадзіў жаліцца да суседзяў, найчасцей да цёткі Надзеі, якая шкадуе ўсё жывое, усякае Божае стварэнне. На жаль, не магла запрасіць Аса жыць да сябе — у яе ёсць свой сабака, стары Бурка-пенсіянер. Раз Асаў гаспадар, убачыўшы, што сабака есць костку за цётчынай брамкай, усчаў скандал на ўсю вёску: па якому праву бабуля падкрадае чужога сабаку!? Цётка Надзея загаласіла, уся ў слязах: “Дай, чалавеча, есці жывіне, ён жа стораж, пільнуе твае бацькаўшчыны! I жыцця свайго не марнуй, не пі! Хто ж гэта бачыў такое, такі малады, харошы хлопец!..” Накінуўся Ёзік на бабулю, схапіў яе за каўнер: “He твая справа, бабо, што раблю я і мае сабакі! П’ю за сваё. Маё жыццё — не ваша справа! Хай і згіну, то не вы пойдзеце ў магілу! А маё хай прападае, але з мае рукі!”
Апошні раз я быў у верасні ў вёсцы К. Ac ужо не бегаў па вуліцы. Казалі, пераехаў яму трактар лапы, трэба было дабіць. Даканаў яго гаспадар калком па галаве. Рэкса забрала Ёзікава сястра ў мястэчка, там у яе свой дом, дзеці — будзе малым забаўка, Рэкс лагодны, ласкавы, толькі лякаецца крыку, і тады кідаецца кусаць. А Аза павесілася — з бочкі ўскочыла на сліўку, што расце ля курніка; там вісела на галінках пару слівак, хацела дастаць іх, бо ўсе, што пападалі на зямлю, з’ела разам з костачкамі. Ланцуг перавесіўся цераз галіну, сучка пакаўзнулася, так і закончыла сваё невясёлае жыццё. Праз тыдзень заўважыў яе сусед, зняў ды пахаваў.
Ёзіка доўга не было. Перад тым прадаў кароў і свіней, парэзаў птушак. Казалі, за мяжою быў, на Захадзе думаў шчасця шукаць, у Нямеччыне.
— А каму там такія трэба! — махае рукою дзед Аноп. — To ж па-нямецку ні гу-гу, ні рабіць каб што ўмеў. Каб пастараўся, то і ў нас якась жыў бы. Каб
быў на якую бабу добрую нарваўся, то быў бы з яго чалавек...
— I пільнаваць гыньдзе няма чаго. Што тут украсці! Колечка ў магіле бакі сабе намуляў, варочаючыся — так сыночак змарнаваў гаспадарку і сваё жыццё! — уздыхае цётка Надзея.
З’ехаў кудысьці наш знаёмы трыццацігадовы Ёзік, Мікалаеў сын, з вёскі К. Знік, не дае знаку жыцця. Што ён цяпер робіць, з чаго жыве?.. Можа, бачылі вы яго недзе? 3 хаты нічога цёплага не ўзяў, а зіма ж не за гарамі...
Машка і Золька
Жылі Машка ды Золька ў адной вёсцы, што доўгімі кіламетрамі цягнецца хутарамі ды прысёлкамі, з цэнтрам з дзвюма вуліцамі-брукаванкамі накрыж. Былі ў вельмі далёкім сваяцтве, недзе ў сёмым ці восьмым калене, але з маленства вадзіліся як родныя сёстры. Маленькую Зольку мучыла лушчыца-залатуха, усе дзеці брыдзіліся ёю, і толькі Машка, дачка бедняка Івана Клімюка, не пакідала сваю хворую суседку-аднакласніцу ў бядзе і ў радасці.
Абедзве нарадзіліся ў канцы верасня 1939 года. 3 ваеннага часу Золька памятае клуню, з якой феерверкамі вылятаюць дымна-чырвоныя снапы і бухаюць снарады, сабраныя для партызанаў дзедам Вікентам. Машцы цьмяна прыгадваецца сырая зямлянка ў цёмным лесе і забінтаваная чырвонай анучай галава партызана, якога стогны і енкі страшна яе палохалі. На папялішча вёскі, парослае палыном і чарнобылем, жыхары вярнуліся ў сорак чацвёртым. Хаты ставілі ўжо большыя, з дубальтовымі вокнамі, дахі крылі драніцай. 3 амаль гатовага дома,
завяршаючы шчыт бярозкай, зваліўся Зольчын бацька, Сцяпан Зубрынскі, паламаў абедзве нагі. Крыва яны яму зрасліся, і потым чыкілдаў ён па хаце ды панадворку, не прыносячы вялікай карысці ў гаспадарцы. От, парады толькі даваў ды распараджаўся, стругаў нешта сцізорыкам у драўніне, бульбу перабіраў навесну... Ад пояса — Сцяпан мужык як мужык, плячысты, дужы, а ногі — як асінавыя калочкі. 3 часам і плечы моц страцілі. Добра, што ўдалося атрымаць яму пасаду “дыспазітара” — каператыўнага дыспетчара машын. Праўда, гэта было ўжо пры Гамулцы, атады, пасля таго выпадку, забралі былі Сцяпана ў турму — тры гады прысудзілі яму за крадзеныя бэлькі. He ён краў, а брат ягоны Васіль; той сабе накраў на цэлы дом, Сцяпану даў шэсць бэлек. Узяў на сябе віну калека. Выйшаў не чалавек, а цень. Малая Золька з маткай падалі з сіл, аралі, сеялі, збіралі, не азіраючыся на іншых. Праўда, Васіль адчуваў сябе ў даўгу, дапамагаў братавай. Людзям Ганна адрабляла за дапамогу, Золечка таксама бегала па суседзях, працавала — то серпікам жала, то палола, то снапкі вязала, пакуль бацька не вярнуўся...
Людзі з іхняй вёскі не падаліся ў калгас, як у суседняй, і з нейкай зайздрасцю пазіралі то на жняярку, то на трактар з плугамі, але больш было ўсмешак: вось паглядзіце, колькі ўсяго марнуецца, колькі каласоў паламаных, колькі зерня асыпалася, колькі агрэхаў у жыце!.. Праз гадоў дзесяць сарганізавалі ў сябе кааператыў — “ральнічае кулка”; пабыло яно ў іхніх руках, і стала фірмай дзяржаўнай. Сцяпана выбралі загадваць машынамі. Так, самі выбралі яго, дбайнага гаспадара, хоць “парція” выказалася ясна: “вораг народа”, сын “ворага народа” — багацея-крамніка, злодзей народнай маёмасці! Найбольш працівіўся Іван Клімюк — ён-та і данёс быў на пастарунак міліцыі, што бэлькі ў доме Зубрынскіх — з пушчы, нецэхаваныя. Сам Клімюк і
цяпер, хоць надзяліла яго народная ўлада ладным кавалкам урадлівае зямлі, голы сядзеў, перабіваўся з бульбы на квас. Ну, не наракаў і не плакаў, што чамусьці не так яму ўсё расце, — жыў ды напяваў, са “спортай” вечна прыклеенай да вуснаў, і толькі дзеці ў яго не зводзіліся, жонка ў трэску высахла. Ну і што, што бедны Іван, але на дзяцей проста не наглядзецца! А гляньце на Зольку Сцяпанаву — адно лушпінне з яе лезе, каравая такая, а кормяць яе адно жаўткамі, малаком і мёдам, каб паправілася, а ўсё такая нягеглая! I адна ў бацькоў, і з багатай сям’і, а хто возьме такую брыдоту, хоць і з пасагам?..
Праўда, гідзіліся школьнікі Золькі. На перапынках стараліся нават не дакрануцца, хоць частавала бутэрбродамі з мясам ці каўбаскаю, а ў іх быў толькі часам хлеб з салам ці соллю. Неахвотна сядалі вучні з Золькай за партай, але дзяўчынка вучылася добра і давала спісваць на кантрольных; было выгадна мець яе за суседку. Колькі паперак і перажаваных прамакатак ды гумак ляцела ў яе кучаравую галаву! Колькі непрыемных слоў яна пачула! “Золькасролька-кабадолька! Лупіна! Цыбуліна! Рак!” He дапамагалі нават папрокі настаўнікаў. Але і пані Гражына, якая правярала, ці няма вошай у галовах вучняў, разгортвала Зольчыны валасы, трымаючы ў пальцах прымочкі-бібулкі і хутка пасля бегла ў калідор, памыць рукі ў “куточку чысціні”. Толькі Машка Клімючанка старалася не рабіць прыкрасцяў сяброўцы. Дзеці і дарослыя меркавалі, што, пэўна, таму, каб бываць у Сцяпанавых ды добра наесціся. Але ж Машчын бацька, Іван Клімюк, усім і ўсюды даказваў, што Сцяпан Зубрынскі, паганы “кулак” з кораня (ад Клімюка да самай смерці ў 1981 годзе не адчапілася “рэвалюцыйная” фразеалогія), а як “дыспазітар” кулковых машын ён “абсалютна не на месцы”, хто з ім вып’е, казаў Іван, да таго трактар ці жняярку Сцяпан вышле. Найлепш, браткове, значыць,
касіць касою і не лезці да Сцяпана ў кішэню.
Калі Золька пайшла вучыцца ў ліцэй, пацягнулася за ёю ў горад і Машка. Клімюк грошай шкадаваў на адукацыю дачцэ, бо іх у яго і не было, а хоць “навука дармовая”, усё ж каштуе. “Хочаш вучыцца — вучыся за сваё”, — сказаў бацька Машцы. Дзяўчына працавала, вучылася ў вячэрнім тэхнікуме, жыла разам з Золькай у пакойчыку, нанятым у хатцы на прадмесці. Золька пасля ліцэя пайшла ў сталічны універсітэт, Машка асталася ў Гайнаўцы...
Спачатку часта адна другой пісалі, сустракаліся. Праз пару гадоў сяброўства “разлілося”.
Сустрэліся ў чэрвені 1995 года ў Беластоку. Абедзве ўжо на пенсіі — былая настаўніца пані Зося і рэнтыстка з прычыны хваробы вачэй пані Марыся, выдатная краўчыха. Так іх завуць цяпер. У Золькі двое дзяцей: сын Адам і дачка Ганя, абое за мяжой у бацькі; кажа, добра жывуць. Дачка Машчына, Зоська, у Італіі, выйшла замуж за пажылога ювеліра, разводніка, выхоўвае яго сына. Сын Машчын Зютак працуе інжынерам, толькі нядаўна паканчаў школы, дактарат рабіў па пабудове дарог і мастоў, думае з’ехаць за мяжу, бо тут няма за што хату купіць, і зарабіць трэба, каб сям’ю ўтрымаць і жыць палюдску.
Сустрэліся на аўтобусным вакзале ў Беластоку. Ехалі ў сваю вёску, на возера. Там у кожнае з іх — бацькаўшчына. У Машкі — хатка пустуе, бацькі памерлі. Думала ўсё ўзяць і прадаць, але дзеці пераканалі, што не варта, зямля ж не згарыць, не скісне, не папсуецца. Можа, уздумае Зютак вярнуцца з заграніцы?.. Усе Машчыны браты і сёстры — колькі іх было? васьмёра? — разбегліся па свеце і знаку жыцця амаль не даюць. Зольчын бацька Сцяпан таксама памёр, кажуць, з нуды — пасля смерці Ганны ў 1986 годзе моцна расхварэўся на сэрца. Хацела Золька забраць яго да сябе, але Сцяпан і не думаў
пакідаць свой дом. Прыходзіла да яго медсястра з грамадскай апекі, рабіла ўсё ў хаце. Меў неблагую пенсію, шмат прысылала дачка, хапала, каб добра і спакойна жыць. Памёр Сцяпан ціха, як і жыў у апошнія гады.
Паехалі разам Золька з Машкай у сваю вёску. Зайшлі ў пусты Сцяпанаў дом. 3 добрага дрэва ён пастаўлены, моцны, стаіць, як стаяў.
— To што, Машка, давай тут пажывем? Нарэшце, пагаворым уволю. Варшава і Беласток не ўцякуць.
Панас
— Ой, які ты брыдкі-брыдкі! Цьфу на цябе! — глянула было на румяны тварык Панаса суседка. — A назвалі цябе, хай на іх! — Панас!
Гэта, каб не сурочыць — падміргнула матцы немаўляці, але ж сапраўды скаланулася: Панасік не быў прыгожы, нават як на толькі што народжанае стварэнне людскога роду.
Але ўсё ж замова Макарчыхі падзейнічала, ці што, бо вырас Панас на хлопца харошага і разумнага. Шкада, што не перадасць свае красы і розуму ў наступнае пакаленне гэты зусім талковы хлопец, абдораны бацькамі непапулярным імем, выклікаючым усмешку ў паненак. Ды што яму:
— Па нас хоць бы патоп! — махае рукой Панас, невядома, ці з адчаем, ці абыякава, папіваючы сабе піва пад вясковай крамай.
... Гэта ўсё, каб угаварыць і загаварыць лёс. Калі нават не слухае ён цябе, то ў рэшце рэшт абрыднеш яму, як тая назойлівая муха. Калі не прыхлабушчыць мухабойкай, то мо выжане ручніком, а кыш! — ляці, паскуда, сваёю дарогай!
He выгаварвай лёсу тое, што прыносіць, лепш адразу дагаварыся з ім адносна ўмоў і варункаў.