Бабскія гісторыі  Міра Лукша

Бабскія гісторыі

Міра Лукша
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 195с.
Беласток 2001
35.61 МБ
Федзік бадзяўся па пушчы некалькі дзён, сам галодны і з прагаладнелым сабакам, а пасля адправіў ліст, у якім пісаў аб вялікім сяброўстве, якое намнога мацнейшае ад розных каханняў, бо можа быць вечнае.
Іза вярнулася ў сваё мястэчка. Карэспандэнцыя працягвалася.
Федзік паслаў Ізе радасны ліст — бяруць яго ў армію, у Варшаву, ад якой у мястэчка Ізы — паўгадзіны язды на электрычцы. Запрашае Ізу на ваенную прысягу — урэшце сустрэнуцца! Няхай толькі Іза не баіцца гэтай сустрэчы!
На прысягу дзяўчына не прыехала. Патэлефанаваў, паехаў да яе адразу пасля прысягі (далі яму водпуск на два дні).
He спалохаўся, калі дзверы адчыніла яму паненка кілаграмаў найменш сто дваццаць. He бачыў у яе вачах чагосьці, што нагадвае іронію. Пазнаёміла Федзіка з бацькамі і цёцяй, правяла праз мяшчанскія пакоі да сябе, пасадзіла ў крэсла.
— Чаго ты сюды прыехаў! Я табе гаварыла, каб ты
не думаў сур’ёзна! — і дадала брыдкае слова, якое пачуць можна пад піўной будкай, а якое цяжка перакласці нейтральна.
Федзіку заняло дух. Потым доўга гаварыў аб тым, чым было для яго іх сяброўства. Іза мусіла зрабіць гарбату і прынесці кавалак цётчынага пірага (цётцы ўсё ж хацелася дагадзіць госцю, хоць бацькі Ізы бурчэлі на яе, каб не дагаджала гэтаму галадранцу, што хацеў пасягнуць на іх адзіную дачушку і маёнтак).
Пад вечар, калі Федзіку здавалася, што пераканаў Ізу ў тым, што грэх было б разарваць усе ніткі, якія іх вязалі столькі гадоў, у пакой уварваліся Ізіны сябры — тры п’яныя хлопцы і не больш прытомная дзяўчына. Іза нават іх з Федзікам не пазнаёміла. З’явіліся на стале бутэрброды, бацька прынёс віно. Іза не звяртала ўвагу на Федзіка, які заціх у сваім куточку. Уціснулася на калені аднаму са сваіх добрых сяброў, ледзь не прыдушыўшы яго сваімі багатымі грудзьмі. Бацька данёс каньяк. Федзік не піў, думаў, не азываўся на п’яныя зачэпкі.
Іза правяла Федзіка да таксі. Па дарозе на чыгуначны вакзал маўчалі.
Тэлефанаваў потым Ізе некалькі разоў, але яе бацька казаў, што дачкі няма дома. Хлопец раз нават заехаў у Прушкаў і пакінуў на тэлевізары ў Ізіным пакоі запіску, каб чакала пісьма.
Хацеў адаслаць ёй усе лісты і здымкі ў пасылцы, перавязанай чырвонай стужкай, але ж было б гэта як жэст істэрычнай паненкі. Ліст пісаў доўга, амаль тыдзень. Ліст быў доўгі, пісаны густа, клетка ў клетачку, без абзацаў. Укінуў яго ў паштовую скрынку, па дарозе на суботнюю забаву ў Зяўровачцы.
Танцаваў цэлы вечар з дзяўчынай, якую прыкмеціў пад сцяной. Ніхто яе не браў у танцы, пэўна таму, што не была апранутая ва уніформу моладзі — “цюхі” з рынку па вуліцы Кавалерыйскай у Беластоку ці
“Пэвэксу”. Крыся збянтэжана слухала, што каштоўнасць душы чалавечай не ў тым, што ён носіць на спіне...
Федзік правёў гаманлівую грамадку дзяўчат на цягнік у Гайнаўку, а сам памалу пайшоў дахаты, у бок пушчы, што сінім берагам урэзвалася ў ружавеючае ўсходняе неба.
3.	НАШ ЧАЛАВЕК
Агледзіны
I не ведала б Нюра, што ў недалёкай гміне жыве Сенік, які ён, колькі ў яго ўсяго ёсць, калі б не стала ўдавою. Яшчэ папраўдзе не нажыліся добра з Жорам, а ўжо ўсяго хапіла. Дзяцей пагадавалі, дзядамі сталі. Лягчэй ужо быццам стала Нюры — стары як бы супакоіўся, пасталеў, кінуў дурэць і п’янстваваць, але ўзяў ды кіпнуў. Адпіў за сваё жыццё вантробы, развярэдзіў сваё сэрца ды нервы ўсёй радзіне. Найбольш зведала ўсяго, вядома, Нюра. Колькі слёз праліла, колькі прастагнала-праенчала, чакаючы з дзіцяткам ля грудзей, калі Жора вернецца з вясёлай кампаніі, або шукаючы яго па ўсёй ваколіцы, цягнучы мужа з-пад платоў... Працаваў, не скажаш, Жора рабіў усё шчыра, і ўмеў колькі — і дом паставіць, і печ зляпіць, і каня падкаваць, вылечыць ад ахваткі, і свінчо закалоць, асвяжыць, як сапраўдны мяснік. Расло яму ў полі і хляве. Але што з таго, калі ўсё праліваў на гарэлку! Вядома, пачало ўсё сыпацца, валіцца тое, што сабе паставіў, поле аддзячвала мізэрным плёнам. Якраз дзеці пайшлі вучыцца ў горад. Нюра, не шукаючы нідзе дапамогі, не плачучы па камітэтах, давяла іх да выхаду ў дарослае жыццё — Юрка скончыў завадоўку, пайшоў на працу слесарам,
Міхась, працуючы, закончыў вячэрні тэхнікум, Ганя ліцэй выдатніцай пакінула, на студыі дасталася, паехала вучыцца за мяжу. Жора не пытаўся, адкуль жонка бярэ грошы. А яна бегла амаль з кожным яйкам у краму (сама месяцамі не каштавала яечні), збірала смятану, біла масла, цадзіла сыры, вазіла прадаваць. Hi грыба, ні ягадкі не ўпусціла, ні лекавай раслінкі. У вёсцы ніхто кепскага слова пра Нюру сказаць не мог, можа толькі мужыкі, калі лаяла дзінатуршчыкаў, a найбольш гандляроў гарэлкай і “рускім спіртам”, выпівохі найбольшыя, рагаталі: “Дзяўгай, дзяўгай, цюцька, заробіш ад Жоржыка зноў фанар пад вокам!” На мужа таксама рэдка хто калі злое слова сказаў: піў ён жа сваё, жонку на вуліцы за кудлы не цягаў, з нікім не судзіўся, не біўся за мяжу, хіба што часам з-за палітыкі яго жылаватая магутная рука ламатнула ў стол або ў чэрап ідэалагічна іншага субяседніка, паясняючы Жораву дыялектыку.
He ў час абое, Жора і Нюра, пасівелі, але глядзеліся молада — ён поўны, румяны, яна хударлявая з твару, але не маршчыністая, тоненькая ў стане, грудастая, як маладзіца.
Жорж памёр у шпіталі, раптоўна. Аслаб у Гайнаўцы на вуліцы. Толькі кропельніцу падключылі, як сэрца спынілася. Аджыў сваё, адпіў. Паглядзелі лекары ў Жорава нутро — а там і не было б чаго ратаваць. A ўсім раней гаварыў, што нікацін ды гарэлка кансервуюць чалавека! На пахаванні суседкі лічылі кожную ўдавіную слязу, каментавалі зараз за парогам, пасля мярлін, што Нюра плакала не зашмат. Калісьці на пахаванні было на што дзівіцца — удовы кідаліся ўдол на труну, рвалі на сабе адзенне, валасы з галавы, млелі, дзеці галасілі не сваім голасам. “Жыў-жыў-іняма!!!” — лямантаваў звон над царквою, калаціў сваім сэрцам паветра, біў у свае бяздушна-металёвыя бакі, шкадаваў Жору, як усіх, якіх штораз часцей праводзіў у апошнюю дарогу. Анюта глядзела на
званіцу, на цёмнае цела звана, што хістаўся ў прасветах вежы, і думала: “Во, хто вечны, прынамсі, больш гадоў пабомкае, чым чалавек. Бо з металу ён. A дай яму лёс зваліцца з вежы, і разваліцца і ён таксама. He назвонішся, калі лёс не дасць...”
He паспела Нюра звыкнуцца з удовіным лёсам, як на яе ціхі падворак у засені разгалістых клёнаў пачалі з’язджацца сваты. 3 такіх вёсак, прасёлкаў, хутароў, пра існаванне якіх нават не падазравала, а назвы якіх у чужой гаворцы гучалі неяк смешна і незвычайна. Думала ўжо жыццё ў самоце закончыць. Вядома, бабуль столькі па вёсках адзінокіх жыве, адзін старэча на пяць-шэсць удавіц, а бабуля, бывае, нават і сотню на сваіх нагах перакрочыць. Трапляліся Нюры нават досыць цікавыя залётнікі, дзядулі непітушчыя, як самі казалі, з добрай рэнтай, да таго з садком, з пчоламі сваімі, з хатай, з вадой, з тэлефонам. Найбольш прыглядзеўся Нюры Сенік. Быў ён у нечым нават падобны на пакойнага Жору — каржакаваты, мяккацелы, румяны, з густым рудаватым чубам над пукатым лобам. Яшчэ гаспадарыў, бо і нестары, a пахаваў ужо другую жонку. Дзяцей у Сеніка не было — дай Божа, да Нюрчыных будзе добры. I той тэлефон у яго хаце ёсць, і ўсё ў хаце, як у горадзе. Цераз вёску аўтобус ездзіць, а ў Сеніка і свая таксоўка (праўда, “Трабант”, але ўсё ж — аўто...)
Паехала Нюра ў агляды, узяла з сабою суседку Марысю, каб людзі не гаварылі. Марыся была ў захапленні — вось дык трапляецца Нюры партыя! Расчырванеўся Сенік, забегаў па падворку, выскачыў з хаты ў святочным адзенні, завёў свой “Трабант”, што стаяў ля студні ў траве да паўкола, і папёр у краму за пачастункам, хаця ў халадзільніку было ўсё, каб па-людску прыняць гасцей. Кабеты селі за сталом у кухні, пазіралі праз акно — на вуліцу вылегла ці не ўся вёска, каб паглядзець на Сенікаву нарачоную. A яго штосьці даўгавата не было, пашпарыў, пэўна, у
Гайнаўку, быццам у мясцовай краме не было таго, чым мог бы кабет пачаставаць.
Нарэзалі сабе Нюра з Марысяй хлеба ды шынкі, закіпяцілі ў электрычным чайніку ваду на гарбату, уключылі відэа (Нюра разбіралася досыць добра ў гарадской тэхніцы, бо ейны Юрка меў відзік), ды ахнулі — на экране клубавала голая пара — чорны, як смала, негр ды хударлявая дзеўка ў чорных пантофлях. Плюнула Нюра, шчоўкнула выключальнікам.
— Алё, то пані Анна? — прагучаў у трубцы шэрага тэлефона з дыскам без лічбаў жаночы голас.
— Ага.
— Пані, уцікайтэ з сіетого дому!
— Чаго вам ад мане трэбо?
— Нас тут штыры звоніт до вас! Утікай, як нэ хочэш быті трэтёю ёго офярою!
Нюра войкнула, схапілася за сэрца.
— Марысё, гэты Сенік то забойца, кажут суседкі! Божа мой!
Марыся прыткнула трубку да свайго глухаватага вуха.
— А як жэ вуон іх усіх пазабіваў?..
— Ох, коб вы бачылі, што вуон з бабамі вычворае! Баба раком по хаті ходіт, а то і в город зажанэ іе, ночамі спаті людям нэ дае! У біелы дэнь посэрэд лонкі в копіцю тягнэ!..
— Алё! Ад рака яго жанкі памэрлі? Так кажэце? Я кепско чую...
Дрыжачаю рукою Нюра выхапіла трубку ў Марысі.
— Вуон тут нам каждуй обіцяв жэнітісе, але мы, о, зобралісе і постановілі, што што як што, але жыті побожому трэба. Ратуйтэсе і вы, пані Аню. Мы чулі, што вы такая веруюча. Плюньтэ на того старого чорта!
Пакуль Сенік вярнуўся з поўным багажнікам ласункаў, якіх хапіла б, каб прыняць з тузін гасцей, бабуль ужо і след прастыў. He чакалі яны аўтобуса,
пайшлі ў другую вёску. Сенікаў “Трабант” бачылі — схаваліся ў кусты ля дарогі.
— Ой, як добрэ, што так успулчэсно цяпэр па нашых вёсках, — прашаптала Марыся. — Каб ні той тэлефон у хаці, то трапіла б ты, Нюрачка, у пазурыэ забойцы і збачэнцаі Такіе зычлівые, сумленные тут кабеты!
— Але ж і бабска салідарнасць мае ўсё ж свае межы, — заўважыла Нюра, вылазячы з кустоў на шашу.
Антон
Антон Аліфярук не думаў у той вечар выбірацца ў госці. Ідучы ад аўтобуса з работы марыў добра памыцца, ухапіць што ў рот на хуткую руку, пакуль зварыцца бульба ды падсмажацца дзве катлеты, якія купіў на паўфабрыкатах, адкінуць ногі на тапчане... Уключыць тэлевізар, пагартаць “Зоркі кажуць” — паглядзець гараскоп на другі тыдзень: што цікавага можа яго спаткаць.
А што можа яго чакаць! Дзень-штодзённы — работа, фільм і сон. Цыгаркі. Падарожжа да бацькоў у вёску. Г нічога больш асаблівага. На танцы ўжо не хадзіў — на маладзёжныя дыскатэкі лічыў сябе Антон застарым, на “дансінгі” ў рэстаранах не меў такое пары, каб варта было на яе выдаваць такія грошы. Трыццаць пяць гадоў — мяжа маладосці, так лічылі ўсе знаёмыя Антона. А якую цяпер кампанію яму, “утылізаванаму кавалеру” шукаць — ці маладую, “неапераную” дзеўку, якой мела быць ягоная Магда? Думаў, яна нявінны і наіўны падлётак ледзь пасля “матуры”, а яна не была ні нявіннай, ні тым больш наіўнай. Пра такіх гавораць, што “не з адной печы хлеб ела”. Калі ўжо было запозна — нарадзіўся