Бабскія гісторыі  Міра Лукша

Бабскія гісторыі

Міра Лукша
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 195с.
Беласток 2001
35.61 МБ
Ужо ўзыходзіла першая зорка, як пад хатай забурчэлі машыны. У хаце стала яшчэ цясней, і Бурык падсунуў сваё старое стомленае цела бліжэй да печкісцяноўкі. Брала яго дрымота, уздыхалася, разнімаліся пашчэнкі, плюшчыліся вочы. Пахла добрым, дарагім, пяшчотным. Людзі тапталіся, шапталі, крычалі, пыталіся, малое кугакала, а сон нахлынаў на сабаку як магутны лес. Але ўспомніў: сёння ж Вілея! У такі вечар можна прамовіць жывёле чалавечымі словамі!
— Ну, памаўчалі б крыху! — азваўся Бурык з-пад печкі.
Ніхто гэтага ці не пачуў, ці не зразумеў. Толькі немаўлятка замоўкла, вытарашчыла вочкі, павярнула чырвоны тварык ад трасучай яго на сваіх вялікіх грудзях бабы Ганны Бароўскай у бок старога сабакі.
Яно першы раз зразумела чалавечыя словы.
Найму хату добрым людзям
— Найму хату добрым людзям, найлепш нашым, —вырашыў Іван Ванякоўскі. Вярнуўся пад старасць у вёску, сваю трохпакаёвую кватэру ў цэнтры Беластока хацеў пакінуць наймалодшаму ўнуку, які студыяваў у сталіцы. Утрымаць такую хату за пенсію цяжка
аднаму, нават калі яна, тая пенсія, немалая, бо ваеннага ветэрана. Абы людзі хоць чынш аплацілі і крышку больш далі, каб які рамонт час ад часу зрабіць — вядома, людзі, як і рэчы — псуюцца.
Узяў Іван на кватэру маладое сужонства Агату і Янка Суркоўскіх. Занялі яны два пакоі. Трэці хацеў гаспадар зачыніць на ключ, для сябе. Прыедзе раз у месяц, пенсію ўзяць ды аплаціць хату... “He зачыняйце пакоя на ключ! — параіла Агата. — А што будзе, калі, напрыклад, батарэя лопне ў гэтым пакоі? Мы ім карыстацца не будзем. А і кніжачку пакіньце, самі ўсё ўплацім”. — “Ну, добра, але не заглядайце сюды. Тут мае рэчы хай ляжаць. Тут усяго няшмат, але ўсё ж... Калі буду прыязджаць па пенсію, пазваню раней”.
Кватаранты паводзілі сябе беззаганна. Суседзі не наракалі. Праўда, час ад часу гучала там музыка, але не нашмат гучнейшая ад дэцыбелаў, што даляталі з цэнтральнай вуліцы Беластока. Гаспадар прыязджаў раз у месяц, чакаў пісьманосца з пенсіяй, аглядаў хату, ці дзе што не патрабуе рамонту. Было досыць чыста. Праўда, у Агаты з Янкам надта ж рэчаў многа з’явілася — ну, вядома, маладыя, нажываюцца.
Аднойчы прыехаў Іван, не пазваніўшы. Трэба было лекара яму наведаць. 3 кухні даляталі прыемныя пахі. Іван скінуў куртку, з цяжкасцю знайшоў свае шлёпанцы, пайшоў у ванную памыць рукі. Зайшоў на кухню. Там завіхалася нейкая чарнявая цётка ў халаце.
— Я — Гаяна, — прадставілася жанчына. — Ты сюды? А колькі табе прыходзіцца на дзень?
Ванякоўскі пачухаў патыліцу, усеўся за сталом.
— Ну, хопіць мне 30 злоты на дзень, каб аднаму пражыць. He раскашэлішся. Усё купіць трэба. У вёсцы танней выходзіць, не тое, што ў горадзе.
— Нам прыходзіцца па 20 злотых ад чалавека. Галоўнае, добрае месца.
— Гэта, як лічыць. У Беласток з мае вёскі даезд добры, — падзівіўся Іван, як Гаяна спраўна рэжа хлеб на бутэрброды.
— Іван, частуйся. Хочаш супу? Наварыла на дзесяць чалавек, то і яшчэ аднаму хопіць. На свежай баранінцы, еш.
— А што, вы ў госці прыехалі?
— Э, тут мы ў Беластоку ўжо свае! Курсіруем амаль два гады, роўненька, як “Чэленджэр”! 3 гандлем горш цяпер ідзе, не тое, што раней. 3 базараў нашых ганяюць. Добра, што маем дзе жыць, спакойна тут. Але ж дзяруць з нас гаспадары! Уяві сабе — 20 злотых ад асобы! За суткі! Але бяспечна сябе адчуваем, зусім як у роднай хаце. Нас цяпер тут дзесяцёра.
Іван утаропіўся ў Гаяну:
— Вы што, вы тут жывяце?!
— Месца пастаяннае, добры даезд. Нават ключы маю. Толькі ў адзін дзень нам загадалі Агата з Янкам хату пакідаць. Чаму? Мы сумленныя, плацім ад рукі. Але пашпарты спісваюць. I маюць рацыю — так павінан быць: не вядома ж, каго ўпускаеш дадому. Але маглі б ужо зрабіць крыху рамонту, тараканы бегаюць. За апошні месяц зарабілі ж на сваім гатэлі амаль 60 тысяч! Падаткаў жа ж не плацяць. Маглі б крыху спусціць цану...
— А дзе ж яны жывуць самі?
— Купілі сваю кватэру. Пэўна, за заробак на гатэлі, бо, здаецца, самі нідзе не працуюць. Янак круціцца пры рынку, але што там робіць — не наша справа.
Івану бутэрброд стаў у горле колам.
— А ты што, брат, робіш? — зазірнула яму какетліва ў вочы нестарая армянка.
— А от, на пенсіі. Ветэран.
— О, як на вэтэрана, зусім добра трымаешся. Мо, удавец?
— Ara. А што, маеш для мяне нейкую дзеўку?
Люблю смуглявых.
— Ну, Іван, то можам зрабіць інтарэс. Возьмеш фіктыўны шлюб са мной, добра табе заплачу. Праўда, я яшчэ не развялася, але гэта ў нас хутка. I хутка магу з табою развесціся, не бойся.
— Фіктыўны?! Ты мне падабаешся.
-— Неразумны ты, Іван. Калі можна зрабіць інтарэс, там няма сентыментаў.
— Кажаш, Гаяна, плаціш заўсёды рэгулярна?
— У мяне, Іван, як у банку. I парадак трымаю, чысціню люблю.
— Ну, добра. Тады ўсе рахункі рэгулюй са мною, бо я тут гаспадар. Вось мой пашпарт, ордэр на кватэру. Зараз іду змяніць замкі. А ў разліку пагаворым яшчэ мы з табою, Гаяна, як сівы беларус з чарняваю армянкай.
Давялося Івану пасядзець у сваёй хаце да раніцы, чакаючы, калі паявяцца “гаспадары” па грошы. Было весела і прыемна — кампанія частавала яго арыгінальным каньяком. Кампанія не абы-якая: трое медыкаў, два шафёры (адзін — Гамлет!), былая акцёрка, два былыя студэнты — адзін філолаг, другі матэматык, прадаўшчыца, ну, і Гаяна, бухгалтарка. Культурныя людзі, якіх бяда і патрэба загнала ў далёкі край. Нагаварыліся, наспяваліся. Раніцай, пакуль рушылі на рынак, завітала Агата.
— Гаяна, давай грошы! — крыкнула яна ад парога і войкнула, убачыўшы гаспадара: — А... гэта вы?! Адкуль вы сёння тут?!.
— Замкі зменены. Сядай, мілая, будзем разлічвацца. Гамлет, Рафік, вытрасайце з гэтай сукі даўгі.
На жаль, не ўдалося разлічыцца Івану Ванякоўскаму з “маладой спакойнай сям’ёй нашых людзей”. Кватэру ж уступіў ім Іван без прапіскі. Грошы, заробленыя на “гатэлі”, паспелі ўкласці яны ў сваю хату ў сучасным квартале горада.
Гаяна Івану зусім даспадобы. I варта мець
знаёмую добрую, сумленную, паўнагрудую бухгалтарку, якая разбіраецца ў справах.
Да апошняе крыві
Цудам не страціла жыцця на падворку суседзяў Ганна Канцавая. А Насця Карацінская лечыцца ў Беластоку ад нерваў. Гэта апошняя кропка старое вайны ў Нарожках.
У вёсцы Нарожкі гаспадароў ужо няшмат, такіх, каб мелі свае абробленыя гектары, хлявы, поўныя паршукоў ды з тузін кароў у аборах. Але калі нават маеш тую адну фросю ды рагулю, ды акрайчык агарода і жывеш з пенсіі — ты і так пан-гаспадар, бо на сваім робіш.
— Як хто рабіў добра, трымаўся зямлі, то яму сёння сэрца баліць, калі твая зямля ляжыць аблогай, нікому непатрэбная, — матае галавою ў цёплай хустцы баба Насця Карацінская, удава ад пятнаццаці гадоў. — Калісь усе за тую зямлю біліся, з горла выдзіралі сябе апошні кавалак, каб аплаціць адвакатаў, бо за мяжу судзіліся па дваццаць гадоў!
Баба Насця жыве адна з коцікам, цюцькам і каровай зіму, вясну і восень. Летам да яе прыязджаюць унучка Веся і праўнук Радак. На канікулах у вёсцы дзяцей шмат — унучанят, меншых і большых. Шум і віск, кажа бабка, глухі і то пачуе, але і радасці колькі. А і крыўды...
— Прыехала Весечка да мяне. Толькі Юрка ад’ехаў, хапіла малая сваю торбачку з ласункамі і просіць: “Бабку, я пабягу да Канцавых, там да іх прыехалі Юлітка, Паўлінка і Роберт”. Я ёй кажу: “Адпачынь, не бяжы туды, там іх столькі, што не вытрымаць. Заўтра пойдзеш...” Да Гандзі Канцавое летам звальваецца
капа народу, дзеці чатырох сыноў, унукі. Так занадзіліся, што ў кожнае свята пруць да старых. 3 іх усіх, каб якая дапамога ў хаце была, у гаспадарцы, то не вельмі. Толькі Коля, не прасі яго нават, бярэцца за ўсё — як вылезе з аўтобуса (у астатніх усіх ёсць таксоўкі, а ён не дарабіўся, ці то мець яе не хоча), скідае гарадскі касцюм, чаравікі, адзявае цікавы “выхадны” касцюм ды чобаты, і адразу ў поле. Павел Канцавы, вядома, цешыцца, што сам яшчэ сілу мае, і сям’я так разраслася, што прыязджаюць, але пройдуць дзень-два, то стары за галаву хапаецца — куды ні стань у хаце, усюды пасцель ляжыць, на пліце ўсё варыцца для тае плоймы, поўна віску, шарпаніны, вядома, як з дзецьмі. Яшчэ адно дзіця туды не ўціснуць, нават на падворак. Але, вядома, Весечцы хочацца пагуляць, пацешыцца, пахваліцца. “Бабу, у мяне ёсць шакаладкі, пачастую іх, не з пустымі рукамі пайду. Даўно іх не бачыла...” I пабегла да Канцавых...
Канцавыя і Карацінскія былі перасвараныя яшчэ з таго часу, як з бежанства вярнуліся. Можа, нават і даўжэй, мяркуе сусед Антон Хадак, старажыл, але памяць яму служыць. Хвядось Канцавы і Сёма Карацінскі яшчэ перад першаю вайною да крыві біліся за дзеўку, ды яна трэцяга выбрала. Сварыліся то за сабак, то за свіней, то за абкошаную палоску... Канцавыя вельмі ж натуры прыдзірыстыя былі, скажы слова, не даслухае канца сказу, кідаецца ў злосць, бы ты яму найгоршы вораг. Кажуць, у каго хата з краю, той і ціха сядзіць, нічога не бачыць. Дом Канцавых доўгі час з краю вёскі стаяў, пакуль Нарожкі не рассыпаліся хутарамі, але Канцавыя, якім і прозвішча такое запісалі ў пашпартах, усюды былі першыя — і на воку ў людзей, і кожнаму ўмелі пад скуру залезці. Ды што тут памятаць пра тыя справы, калі чалавеку да шчасця патрэбны сажань зямлі — так мяркуе цяпер дзед Антон, перажыўшы пару войнаў, бунтаў і мардабояў — ад міжнародных, міжнацыянальных да
міжсуседскіх, а жыць чалавеку хоць на старасць спакайней хочацца. Вядома, боль у людзей нейкі астаўся, бо найдаўжэй памятаеш крыўду.
Вось пасля апошняе вайны ў Карацінскіх жаль у сэрцах запёкся, бо быццам бы з-за Міколы Канцавога іхні Пеця ў Сібір паехаў. Гэтая справа ніколі не была высветлена, хоць пасля вайны доўгі час выгаварвалася пры кожнай нагодзе. Часам хто з суседзяў быццам спецыяльна наводзіў кампанію на тую тэму, каб мець відовішча з раз’ятраных мужыкоў. Другі голас вялі бабы — таксама заўсёды знайшлася нагода, каб наляскатацца хоць бы за яйка, згубленае сваёй курыцай у чужой крапіве, ці за гузак на галаве дзіцяці. Калі маладыя павыбіраліся ў горад, страсці быццам бы прыціхлі.
У 1973 годзе Карацінскія з Канцавымі пабіліся былі ў апошні раз; Павел Канцавы пачаставаў Сашу Карацінскага штыкетай па галаве, іржавым цвіком распароў шыю. Іван Джала і Восіп Мядзьвецкі спрачаюцца пры мне між сабою, хто ў сапраўднасці быў тады вінаваты. Пачаў Саша, кажа дзядзька Восіп, бо чаго ж было разумнаму чалавеку лезці да падхмеленага Паўла, калі вядома, што будзе біцца да крыві? Саша быў стаў у абарону Толіка Зырэцкага, і за тое праляжаў месяц у бальніцы. Ледзь размінуўся са смерцю, кажа дзед Іван, той цвік прабіў цела міліметр ад аорты. Міліцыя і суд палічылі гэта агульнай бойкай. Усе бомкалі, што Канцавыя замазалі справу, Паўла нават не арыштоўвалі, сваяк адразу дахаты прывёз, той, што ў павятовай міліцыі тады працаваў. Дарэчы, што пра такое праз чвэрць веку ўспамінаць! Сёння судзіцца, здаецца, няма за што — Насцю-ўдаву Канцавыя не чапалі, а дзеці, калі спаткаюцца, маюць іншыя тэмы да гаворкі. Пра зямлю ніхто нават не ўспомніць, бо глядзелі б як на дзівака ці дурня, не то што за яе судзіцца! Каму яна патрэбная, хіба што ім, старэчам, пару сажняў у