Бабскія гісторыі  Міра Лукша

Бабскія гісторыі

Міра Лукша
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 195с.
Беласток 2001
35.61 МБ
Калі дзед Дарафей памёр, Міронаў бацька Васіль хацеў нават тую кнігу ў труну яму даць, бо з яе чытаць не ўмеў, але баба Маланея запярэчыла: досыць нябожчык на гэтым свеце начытаўся, хопіць яму “папера” ад бацюшкі, а такая кніга рэч каштоўная, да таго ж святая, хай будзе памятка па старым. I тая Біблія, разам са згадкай пра закапаны ў агародзе скарб і няяснымі прароцтвамі Сібіліі, якія мы слухалі як казкі, асталася ў памяці і Мірона, і нашай, суседскіх дзяцей.
Я была старэйшая за Мірона на год. Быў гэта той час, калі я была мацнейшая за яго, клала яго на лапаткі і абганяла ў мяч, даказваючы, што і я магу быць хлопцам. I Мірон тады слухаў мяне, і, пераможаны ў вялікай бітве на выгане, выконваў мае загады і прыслухоўваўся да маіх прапаноў. I я рашыла ў адзін жнівеньскі вечар, калі мы сядзелі з Міронам, яго малой сястрой Крысцінкай, Юзікам і Шурам пад ліпай, з вялікімі галушкамі таўканіцы ў пакусаных камарамі руках: будзем шукаць той дзедаў скарб!
Канікулы канчаліся ў момант, калі мы ўжо засумавалі па школе, настаўніках і сябрах. У школу хадзілі мы тры кіламетры і хапала нам часу на планаванне раскопак. Але як капаць, калі ў агародзе Мацюкевічаў на градках растуць яшчэ буракі, цыбуля, капуста?.. Узяліся мы ўсе дапамагаць збіраць увесь
плён, каб пакуль замаразкі, пачаць свае пошукі. За ганачкам паставілі рыдлёўкі і матычкі. Меркавалі, калі пачаць работу — можа, ноччу? Лепш, усё ж, пачынаць справу легальна.
— Цёця Каця, ці можна будзе вам скапаць агарод? Нам трэба “залічыць” практыку ў школе, маем такую “акцыю”, — запрапанавала я аднойчы ў палове кастрычніка матулі Мірона.
Стаялі мы як салдацікі, затаіўшы дыханне — дазволіць, ці прыйдзецца нам капаць ноччу, у таямніцы? Агарод вялікі, куст бэзу разрослы — работы шматбудзе...
— А не лепш брацца вам за свае агароды?.. Ну, калі хочаце, калі трэба вам, то працуйце. Павыбірайце ўсе кавалкі цэглы, што вам трапяцца, складвайце ля куратніка...
Мірон меў сон. Так сказаў нам назаўтра: “Я меў сон”, быццам цікавы каляровы фільм пра незвычайнаіе бачыў. Слухалі мы з разяўленымі ратамі, як Мірон пераканаўча апісвае з’яўленне ў сне дзеда Дарафея.
— Дзед у белым плашчы, у шапцы сіняй, кнігу трымаў пад пахай. Вывеў мяне з дому, завёў у агарод, сказаў капаць крок ад бэзу. Вось тут. Пальцам мне паказаў.
— Адкуль жа ведае на тым свеце дзед, у якім месцы капаць? — усміхнулася я скептычна. — Калі б ведаў тады, калі жыў, то сам пачаў бы раскопваць.
— Я думаю, што ў небе сустрэў дзеда Аніську, ад яго і даведаўся! — Мірон у гэтым быў упэўнены.
— Баба Маланея, як злавалася на дзеда, казала, што ў пекла яго возьмуць, а там і згарыць саўсім! — узгадаў Шурычак, якому таксама часта пагражалі пякельным агнём за збыткі.
— А дзе тое пекла! Мой дзед быў добры, пайшоў, напэўна, у неба! У Бібліі так напісана! — Мірона ўгнявіла такая дзедава перспектыва.
Вярнуліся мы са школы раней, узяліся за свае
прылады. Капалі памаленьку, варочалі чорную ўрадлівую зямлю, выбіралі абломкі і смецце. Павячэраўшы, быццам бы пайшлі спаць, а ў змрок узяліся капаць пад бэзам, у добра пазначаным месцы, тым разам углыб.
Я першая палезла ва ўсё больш глыбокую яму. Працавалі мы заўзята, і дол быў на здзіў глыбокі, як на малечыя сілы. Мая рыдлёўка стукнула ў нешта глуха. Скінулі мне зверху матычку. Зубы матычкі зачапіліся ў штосьці калмата-доўгае і цяжкое. Я стаіла дыханне, у скронях малаціла кроў. Над ямай, над маёю галавой у вузкім прасвеце мігцелі зоркі. Mae сябры цяжка дыхалі, саплі, хтосьці шморгаў носам, на мае валасы і за каўнер сыпаўся пясок.
— Ёсць скарб! :— закрычала я не сваім голасам. — Ёсць! Мірон, чаму батарэйка не свеціць?!
Мірон пабег па ліхтар у хлеў, але ніяк мы не маглі разгледзець у тую ноч тое, на што натрапілі.
Раніцай збеглася ўся вёска. Дзядзька Вася з маім татам і дзядзькам Стасем, бацькам Шурычка, вывалаклі з ямы скрыню, загорнутую ў збуцвелыя мяшкі, разбілі века.
— Э, тут якоесь г..., толькі старыя кнігі, звіткі, мапы, усё сыплецца! — абтрос свае нагавіцы і выцер рукі Міронаў татка. — Ніякага скарбу тут няма. Хто вам дазволіў агарод марнаваць?! — схапіў мяне за каўнер, а з другога боку ўчапіўся за белую Міронаву чупрыну.
I зноў увалілі куфар у яму і засыпалі жоўтым пяском.
Мне ўдалося ўварваць кавалачак старонкі. Было там напісана алоўкам па-руску — я ведала ўжо “рускія” літары з урокаў беларускай мовы — нешта пра Бельск. Я тады яшчэ ніколі ў Бельску не была.
Сёння, калі заязджаю ў гэты горад, ходзяць за мною думкі пра дзеда Дарафея і ягонага, дзедавага, дзеда Аніську, зруйнаваныя і спаленыя хаты, схаваныя кнігі
і думкі, узброеных у лапаты людзей, што, паплёўваючы ў далоні, зямлёй завалілі наш скарб.
Стражнік старое сцежкі
Выкапалі з Буяўкі чорны мораны дуб. Гэта тады было, як яе засыпалі, яе, калісьці небяспечны ў час веснавых разводдзяў прыток Нарвы. I падрэчкі Чарнушка і Пчолка зніклі ўжо пад роўняддзю возера. 3 Буяўкі месцамі дзе толькі роў застаўся, з жабурыннем і раскай на ўстаялай пеністай вадзе, а дзе зарослы сітнягом сухі паплавок. Хто яшчэ ведае, дзе была Буяўка, дзе ў гэтых месцах страшыла да вайны і послей, дзе стаяў жыдаў шынок, што потым згарэў, a хто не ведае — то і нашто такому пра гэта даведвацца, пытацца?.. Мораны дуб, якога не ўзяла ні сякера, ні піла, падцягнулі пад Марушку, дзе ўжо ляжалі тыркачы вывернутых соснаў з задзертым карэннем з кавалкамі зямлі, жоўтыя звалы адсунутага з раўнянай дарогі пяску, суглінкаў, што парасталі ўжо зеллем — лесам горкага драсёну і лебяды, жалязякі і ўчарнелыя рэшткі будынін з паламанымі ваконнымі рамамі, пакінутыя будаўнічымі вала і станцыі помпаў на дамбе.
Паўз гэту дарогу ўрочышча Марушка беляхцела анемонамі, з кожнай вясною драбнейшымі. Люцынка доўга шукала вядомых ёй сонечных палянак, дзе з іржавае травы першымі вылузваліся валахатыя званочкі сончыкаў. Дзяўчынка заўважыла, што з кожным годам, з таго часу, як сама ўжо прыязджае да дзеда Ляксандра і пачалі раптам цямнець яе белыя дагэтуль валасы, аколіца стала зусім іншая, не тая, што раней, з вяковымі дарогамі, якія пільнавалі мяжы Княства, з кшталтам рэчкі, што пасля разводдзя
вярталася ў свой бераг, дрэвамі, якія самотна вызначалі межы палеткаў... Цяпер, нават калі Люцынцы споўнілася дзесяць гадоў, дзед неахвотна дазваляў ёй адной выбірацца на вал над штучным возерам, якое ўпадабалі ўжо водныя птушкі — рух на дарогах пабольшаў, хаця перасталі з’яўляцца вялізныя грузавыя машыны з прычэпамі з гурбамі пяску і экскаватары. Люцынка цяпер не заўсёды казала дзеду, што возьме ровар і паедзе кудысьці; не меў замнога дзед Ляксандар ужо для яе часу, калі ў ягоным доме паявілася новая бабка, такая маладая, як Люцынчын татка. Пані Ганначка павыкідала за куратнік старыя бабуліны крэслы з мяккімі падушачкамі, дыван у макі — што вісеў у спальні — закінула на бэльку на падстрэшку... Прывезла з сабою прыгожы абедзенны набор (схавала ў шафу шлюбны бабчын посуд, маляваны ў лясныя званочкі, з якога шмат філіжанак пабілася), прыгожыя сукенкі і многа кніжак. Дзед Ляксандар, прыгожы, сівавалосы, значна памаладзеў пры пані Ганначцы. Новая бабка ўсё нешта пісала, стукала начамі на машынцы ў сваім пакоі на паверсе, але Люцынка не змагла даведацца, над чым яна так працуе. Калі запыталася, ці будзе гэта кніга з казкамі, пані Ганначка толькі ўсміхнулася і сказала:
— Гэта не твая справа. I будзь ласкавая ніколі больш не заходзь у мой пакой.
“Яе пакой” быў калісьці бабчыным, улюбёным Люцынкай, з камінам, шырокай канапай, з дываном на ўсю падлогу, дзе дзяўчынка любіла вылежвацца ў зімовыя вечары са старым выжлам Бобам, а бабка чытала ёй кнігі пра падарожжы. 3-за гэтых вечароў Люцынка любіла прыязджаць да бабы Зіны і дзеда. Цяпер, калі не мела доступу ў гэты пакой, адчувала сябе чужой у доме, пакрыўджанай дзедкам, але найбольш балела тое, што баба Зіна ўзяла ды памерла, знікла з жыцця, а разам з ёю рэчы, што пахлі чабаром і кацялапкамі. Люцынка калісьці забірала ў горад
бабуліны шпількі да валасоў — доўгая бабіна каса мацавалася на галаве дзесяткамі шпілечак — каб мець з сабою нешта, што было б згадкай жаноцкасці і матчынага цяпла. Люцынчына мама была далёка, прысылала толькі прыгожыя і дарагія цацкі і грошы тату. Бацька адкладаў грошы на Люцынчыну кніжку. Чула, як казаў дзеду, што не хоча ні граша ад Аліны і хай яна з той Амерыкі не вяртаецца, калі выбрала такое жыццё. Люцынка ведала, што мама абавязкова прыедзе да яе, разам паедуць у вёску, усе будуць цешыцца і назаўсёды застануцца разам... Матчыны лісты прывозіла перачытваць бабулі; не было іх шмат, як хацелася б, але чулыя словы, якія паўтарала за лістом баба Зіна, гучалі так, быццам сапраўды казала іх уголас мама.
Люцынка не змагла прыехаць на пахаванне — у студзені ляжала ў бальніцы. Магла б адляжаць сваю воспу і дома, але бацьку трэба было неадкладна на два тыдні ехаць у камандзіроўку, на нейкія курсы.
У красавіку ў дзедавым доме паявілася пані Ганначка. Люцынка памятае: яна ўвайшла ў кухню (дзе малая, разжаленая здрадаю бабкі Зіны, хліпала над кубкам гарачага малака, што наліў ёй дзед Ляксандар, выцірала вочы, быццам ад пары), пахнучая чымсьці салодкім і мяккім, стала над сталом, спахмурнела і сказала памалу, выціскаючы словы з чырвоных вуснаў:
— А хто гэта такі прыехаў у мой дом?
— Гэта не твой дом! — дзяўчынка адпіхнула кубак. — Гэта дом маіх дзеда з бабай, і мой!
— Ой, прыйдзецца нам удакладняць адносіны, бачу. Алесь, хіба ты забыў прадставіць мне гэтую маладую даму, — пані Ганначка ўсміхнулася да дзеда і ўскудлачыла яго белы чуб. — Я ж табе казала — ніякіх дзяцей!
— Гэта мая ўнучка, Люцына.
— Такая вялікая? Распусціў ты яе, бачу, мой мілы!
Ці прыйдзецца мне выхоўваць чужых дзяцей? He думала пра такое, кідаючы дзеля цябе працу ў сталіцы!
— Бачыш, жонка пакінула Адама, ён... у яго новая сям’я... а з гэтаю штосьці рабіць жа трэба... — залапатаў Ляксандар, хаваючы вочы ад унучкі. — Прыязджае сюды, на выхадныя, прынамсі да...
Люцынка кінула кубачак. He памятала, як выбегла з дому. Ляцела па новай жоўтай дарозе, паабапал якое ў цёмным лесе нізам бялелі анемоны. Веснавы малады вечар насунуўся хутка, пацягнула сырым холадам. Дзяўчынка агледзелася ўжо амаль над возерам. Вецер пранізваў да касцей. Баялася ісці лесам, але там было цяплей. Прытаілася паміж будкамі, за растапыранымі каранямі сасны з вялікім навісам зямлі, каля чорнага дуба, якога безуладнае цела выставала з-пад руінаў. Пра гэты дуб столькі расказваў дзед Ляксандар! Як ён рос, магутны, вялікі кароль дрэваў Белавежскае пушчы, як прыходзіў пад яго адпачываць пан Белы Воўк, стражнік старое сцежкі, што абарочваўся ў лесуна, і кахала яго жанчына, што прыручала дзікіх звяроў... I як потым дуб рашыў памерці, бо бачыў смерць лесу, а перажыў ужо ўсіх, але смерць не хацела прыходзіць, бо не на яе моц была сіла дуба... I не мог дуб сам учыніць сабе смерці. I рашыў тады Пярун даць яму падмогу, і зваліўся дуб. I заліла яго вада, што падышла на Сухі груд, і на доўгія стагоддзі знямеў дуб, пачарнеў, скамянеў. I дасталі яго з ягонае магілы брудныя рабочыя, што капалі тут возерамагілу рэчкі, і зламаўся тлусты ад алею зуб пілы, і гартаваная агнём і вадою няшчадная сякера. I натужыліся і пакацілі дуб рабочыя на сметнік, бо да нічога ён не быў ім прыдатны, і засыпалі ягонае ложа зямлёю. Дзед Ляксандар ведаў усё. I казаў дзед унучцы, што не трэба дубу спачуваць, бо і ён не шкадуе нас, што жывем так мала, што не пабачым таго, што пабачыў ён, і не адпакутуем столькі, каб нам