Бабскія гісторыі  Міра Лукша

Бабскія гісторыі

Міра Лукша
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 195с.
Беласток 2001
35.61 МБ
Захацела была Насця з тае нуды, што рабіць цяпер папраўдзе няма чаго, пайсці на якую працу ў людзі. Стала ў краму. Стаіць, працуе, грошы лічыць, а тут раптам убягае Коля і пачынае яе пры людзях бэсціць, цягаць за кудлы: куды падзела каханка?
Людзям смех, а кабеце бяда. Трэба ж крыху прыхарашыцца, калі ў людзі ідзеш, ды і ёсць за што тую парфуму купіць. Усю касметыку Коля ў печ уваліў, бензінам падліў, каб хутчэй гарэла. Нашто старой бабе ўсе тыя пудры? Завяла кобеля, няйначай.
Колю семдзесят чатыры, а кавалераў во колькі наўкола, усе на Насцю вырачаюцца. Колькі разоў вазілі яе ў гміну “на разлічэнне”! Папахадзіла тады Несцерча ў цёмных акулярах і густых панчохах! Але на паліцыю не падавала. Аж краму зачынілі, прывозіць цяпер прадукты “прывацяж”. Пачала Насця ездзіць у гмінную школу, рабіць кухаркай. Цэлымі днямі дома няма, вяртаецца на школьным аўтобусе. Паездзіла так месяцы тры. Прыехаў Коля на аўтобусе ў мястэчка, забег у гасподу для адвагі. Наведаў школьную кухню. Папабегала Насця па школьных калідорах, перад мужам узброеным у цясак ды апалонік! Вядома, скандал быў на ўсю гміну. Села тады Насця ў хатні арышт, вязаць швэдры, гафтаваць у “рышэлье” абрусы і пасцель для ўсяе вёскі. Ды колькі ўсяго гэтага каму трэба! Звяжа кофту Насця, прымервае перад трумо ў гардэробе, а тут Коля ўбягае з падворка, і раве: “Здзяру з цябе гэту анучу, сука! Для каго так фарсіш?! Куды зноў выбіраешся?!” Сам неяк апусціўся, зусім перастаў дбаць пра сябе, а раней то паголены, чысты нават у хлеў хадзіў.
— Праўда, выглядаў крыху як хворы, але хто ў нас у вёсцы не хворы ў яго гадах! — махае рукой баба Олішча. — Работа ўсе сокі з чалавека высмакча, а хто мае час лячыцца! Яшчэ бабы ўзіраюцца, што там дзе якой баліць, адна адной кажуць, што рабіць, калі нямогласць якая нойдзе, да таго ж не п’юць, не кураць. А мужыкі — ледзь трымцяць. Гляньце на нашых кавалераў...
— Папраўдзе і Насці мала бракавала, каб здурэць. Вазьмі вытрымай такое! Невядома, калі на Колю нойдзе дурны настрой. Уцякала да мяне найчасцей, — кажа Косця Паўтаран, кавалер каля 50 гадоў. — Цераз плот ад іх жыву. Меркаваў нас адно да аднаго ўжо здаўна. А мне проста шкада было глядзець, як іх сям’я гіне. Калі б мяне ў той час не было, то што б там натварылася!
Косця, пачуўшы страшны крык Насці, убег на першы паверх Несцеравай вілы. Дзякуючы ягонаму сведчанню не абвінавацілі Настасію Несцер у спробе забіць мужа.
— Коля, як сляпы, размахваў сякерай наўкол сябе, сек, дзе папала, — расказвае Паўтаран, падкрэсліваючы ход гісторыі жэстамі. — Рубануў па дзвярах. Насця, у парванай блузцы, ускудлачаная, з нажом у руцэ, спачатку ўцякла на падстрэшак, пасля другімі сходамі збегла да мяне. Я стаяў як укапаны. Коля ляцеў з сякерай на нас, а я не мог нават крыкнуць. “А, я цяпер усё ведаю і бачу!” — Коля вішчаў пабабску. — “Цяпер-то я вас зарубаю насмерць!” Насця раптам кінулася ў яго бок, з нажом аберуч, і паляцела на яго. Я ззаду быў, думаў, што забіла, бо раптам абое яны пападалі...
У тую секунду на іх галовы скочыў Мурза, стары прыблудны кот.
Мурзу Коля ненавідзеў хіба больш яшчэ, чым Насцю. I вешаў быў яго, і біў чобатам па галаве, і вывозіў, а той усё вяртаўся дахаты. Каціска стараўся сыходзіць гаспадару з дарогі, як і ўсе ў вёсцы, але гаспадыні не кідаў, прымошчваўся каля яе ў хаце, хадзіў, як сабачка, за Насцяй па вёсцы, адводзіў на аўтобусны прыпынак...
— Каб я не бачыў гэтага на ўласныя вочы, не паверыў бы! Мурза ўздыбіўся, зрабіўся рыхтык чорт, заверашчаў і ўчапіўся Колю ў галаву, — Косця аж ускінуў над галавою рукі. — Заднімі лапамі задзергатаў па вачах! Такога віску я не чуў, колькі жыву! Насця самлела, выпусціла нож з рукі. Я ў першую хвіліну не ведаў, хто каго забіў! Насця прабіла Колю руку, ён чарахнуў яе сякерай па вуху, абое ў крыві ляжалі на дыване, а кот стаяў на Колевай галаве і вішчаў, як дзіця. На ватных нагах я пабег да солтыса...
— Штотыдзень езджу да Колі ў псіхушку. Лечаць
яго, але ці вылечаць! — пацірае Насця Несцер загоенае ўжо вуха. — Каб справа была толькі ў вачах! Адно яму Мурза выдзер, на другое ледзь бачыць. Усё жыццё нармальны быў... Цяпер мне кажа: “Ты, Насця, я цябе люблю, чакай мяне, але таго чорта і так павешу!”
Трохколерны Мурза, сыты і лагодны, дрэмле на дыванку ў кухні. “Як жывеш, гаспадар?” — пытаюся ў яго. Адплюшчвае жоўтыя вочы: “Мур-р-р, добр-р-ра, Міра. Паррррадак!”
Зязюльчыны слёзы
Зноў упалявалі куры зязюлю. Адкуль яны, тыя нялётныя зязюляняты бяруцца на падворках на беластоцкіх Баярах? 3 аднаго боку, хоць бы — Паўль, з другога Мілер, пасярэдзіне жывуць Паўшукі. Усіх хаты салідныя — як не мураванка, дык драўляная, але з гарышчам, крытыя бляхаю. I агародчыкі ў квецені. На падворку аўтамабіль, які б ні быў, але ездзіць. У хляўчуку як не свінка, дык хоць куры. I тыя куры штораз ловяць на сцежцы малое зязюляня. Хіба ж не зязюля падкідае сваіх ужо вялікіх дзяцей курам на выхаванне?-Хоць тое спачатку было зразумела, што зязюльчаня знайшлося на падворку Зязюляў. Дурны жарт, пэўна, Мілера ці Кавальскага. Бо той увішны Мілераў Костак дык не толькі зязюляня дастане з чужога гнязда, але абкрадзе сароку так, што тая нават не застракоча. Ды адкуль узяць зязюляня пасярод Беластока?
Куры абступілі вялікавокае, начупуранае шэрае птушаня. Раскрычалася квактуха. Певень залапатаў крыллем. Ды певень не вельмі цікавіўся гэтым цудам, пабег за маладымі. А куры ўзяліся разглядаць птушку.
He спадабалася, відаць. Сталі дзяўбці проста ў грудзі. Дабраўшыся да сэрца, выбралі яго па кавалачку ды пабеглі пад куратнік. Трупка не чапаў мурзаты кот Прот. Відаць, спужала яго тая апусцелая сярэдзіна яшчэ цёплае птушкі. А, можа, гідзіўся браць пасля курэй? He першую зязюлю падабрала з падворка баба Жэня Зязюліха. Злосна праклінйючы свайго трэцяга сына Вінцуся, які зноўку павыносіў усё лепшае з хаты на гарэлку, узяла птушаня ў руку цераз паперыну ды панесла да нужніка.
Жэня Зязюля, выдатная краўчыха калісь, жыла цяпер адна з сынам. Той трэці сын зусім ёй не ўдаўся. Старэйшыя паканчалі студыі, а гэтага выкінулі ў першым класе з сярэдняй. Навучыўся ў жыцці толькі піць ды біцца. Былі калісь славутыя Баяры сваімі “баярамі”, ды тыя баяры мелі свой гонар, хоць бандыцкі. Рабавалі не сярод сваіх. А цяпер во павялося!.. Матцы забірае. Пэўна, тыя зязюлі носіць, каб старую трапіла халерыя. Ну, злаўчыўся!
Меў Вінцусь жонку, ды не ўжылася са свякрухай. Бо дзе ж ёй, дачцэ гаўнавоза, да сына краўчыхі “цяжкага адзення” ці не лепшае ва ўсім Беластоку! Ані хаты, ані пасагу, нават тае красы ні крышкі. Што ў той Люсьцы Вінцусь убачыў? А яна ў ім... Ну, хоць харошы, бестыя! У матку ўдаўся: васільковыя вочы, чуб светлы, целам мажны, спрытны! Ухапіўся за тую бязродную п’яўку! Сама падлезла. Калі сучка не дасць, сабака не возьме. Дурная, тады яшчэ можна было легальна пазбыцца дзіцяці. A то нарадзіць уперлася. А куды, хамутка, прэшся! Ну, як жыць з такою, што не ўмее ні зварыць, ні пашыць, ні прыбраць па-людску! He, не выганяла Жэня Люські з хаты, сама пайшла. I ўнучкі свае, Крысі, Жэня даўно не бачыла.
Скрыпнула брамка. На падворак убегла трохгадовая дзяўчынка, за ёю цягнуўся возік з лялькай. Дзіця ўпэўнена падбегла да Зязюліхі.
— Баба! Дай цукерку!
— Я табе дам, як і тваёй мацеры! — гыркнула бабуля ды піханула нагой калясачку з лялькай.
Енкнула. Зноў ухапілі яе колікі ў правым баку. I ў калене стрэльнуў боль. Каб толькі не ўбачыла тае грымасы Люська! Жэня старалася трымацца проста, ды не ўдалося.
— Пакладзіцеся на ляжанку, — падсунула Люська свякрусе паласаты ляжак, што стаяў пад бэзавым кустом.
— Бабця, табе ножка баліць? — абняла бабуліну нагу Крыся. — Я табе пацалую ў каленка, дык адразу перастане.
На суседнім падворку заверашчала Паўлёва: цяпер яе куры накінуліся на зязюляня.
Галіна Тычка
Жаночы погляд Міры Лукшы
Паводле свайго ўзросту Міра Лукша ( аўтарка паэтычных зборнікаў “Замова” (1993), “Ёсьць” (1994), а таксама празаічных кніг “Дзікі птах верабей” (1992), “Выспа” (1994)) належыць да шумнага пакалення “Тутэйшых”, якое напрыканцы 80-ых гучна абвясціла свой маніфэст аб стварэнні новага мастацтва, кардынальна адрознага ад літаратуры былой, сацрэалістычнай. (Дарэчы, зазначу, творчая дзейнасць Адама Глобуса, С. Адамовіча, А. Сыса, У. Сцяпана на працягу апошніх дзесяцігоддзяў пацвердзіла іхнюю арыентацыю на тэматычнае і стылёвае супроцьстаўленне традыцыйнай альбо так званай вясковай літаратуры старэйшага пакалення.)
Здабыткі і страты постмадэрністычных пошукаў маладых беларускіх літаратараў, аднак, мала закранулі творчасць Міры Лукшы, якая ў сваёй прозе плённа, а і паслядоўна працягвае традыцыі беларускай тыпова вясковай, сялянскай літаратуры. Вызначэнне “сялянскае” —■ у многіх сёння не абуджае энтузіязму, бо асацыіруецца перш за ўсё з прымітыўна-кансерватыўным узроўнем выяўлення, тэматыкай учарашняга дня і няздольнасцю далучэння да інтэлектуальна-тэхнічных дасягненняў сучаснага свету. Аднак гэта павярхоўна абывацельскае ўспрыманне, разлічанае на масаваспажывецкую свядомасць, якая не ўлічвае складаных сацыяльна-эканамічных і светапоглядавых асноў фарміравання і існавання беларускай нацыянальнай самасвядомасці, генетычна і гістарычна якараз і найбольш цесна і арганічна паяднанай з сялянствам.
Трагедыю разбурэння і нівеліроўкі этнічнай беларускай самасвядомасці, непасрэдна звязаную з руйнаваннем і знікненнем устойлівага свету старой беларускай вёскі, у 70-ыя
гады актыўна распрацоўвалі, бадай, усе беларускія празаікі. Хто не памятае балюча-прарочыя словы А. Адамовіча пра беззваротную пагібель аграмаднага мацерыка (Атлантыда) старой беларускай вёскі, роспачнага закліку пісьменніка ратаваць, пакуль можна, хоць бы ў мастацкім слове рэшткі той велізарнай і унікальнай культуры, якая знікае навекі? Трэба сказаць, што і сапраўды ў тыя часы ратавалі, ці, прынамсі, стараліся ратаваць у меру сваіх сілаў і магчымасцяў. Аднак занадта разгарнуцца ў гэтым высакарадодным памкненні перашкаджалі абмежавальныя слупы сацрэалізму, што няўклюдна вытыркаліся сканструяванымі штучна постацямі “добрых” сакратароў парткамаў, “разумных” старшыняў калгасаў ці “сумленных” радавых камуністаў.
Самае дзіўнае ўсё ж, што са знікненнем так званага “сацрэалістычнага метаду” з беларускай літаратуры амаль сыходзіць і тэма апакаліптычнай пагібелі унікальнага свету вёскі. Што паспрыяла таму: ці то чарнобыльская трагедыя, якая зацьміла ўсе ранейшыя беларускія крыўды і беды, ці то атмасфера большай, у параўнанні з ранейшым часам, разняволенасці ў выбары тэм і сродкаў мастацкага выяўлення, ці то нешта іншае, — цяжка адназначна сказаць. 1 ў выніку сёння найбольш паслядоўнымі аналітыкамі працэсу размывання беларускага сялянства выступаюць якраз тыя літаратары, якія аддзелены межавымі слупамі ад метрапольнай тэрыторыі, і якія даследуюць з’яву на матэрыяле беларускага жыцця напаўапалячанай Беласточчыны.