Бабскія гісторыі  Міра Лукша

Бабскія гісторыі

Міра Лукша
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 195с.
Беласток 2001
35.61 МБ
расхацелася жыць.
— He хачу быць вялікай. He буду! Я памру! — заплакала Люцынка ў дзедавых абдымках.
Шукаў яе быў на ровары, задыханы; здалёк бачыла хісткае святло ліхтара, што сунулася ад хутароў. Ведала — ён прыедзе. Хацела памерці да таго моманту, пакуль ровар не наблізіцца да месца, дзе схавалася, і дзед з плачам кінецца яе ратаваць, шкадаваць, і будзе туліць яе халоднае цела да сваіх шырокіх цвёрдых грудзей, гладзіць па пацямнелых валасах, і дзедавы слёзы будуць капаць на яе мёртвы нерухомы твар...
— Дзедку, тут так холадна... Дзедку, я яшчэ не нарадзілася, мяне яшчэ няма, — прашаптала Люцынка ў глыбокай цемры, з далонькаю ў дзедавай руцэ.
Яны ішлі па старой сцежцы. Далёка азываліся сабакі. Лес маўчаў, не дыхаў, слухаў іхнія крокі і шоргат колаў. На красавіцкім небе не свяцілася аніводная зорачка.
За імі застаўся ён, дуб, — пільнаваць сваё месца. Перажыў, павалены, яшчэ адно жыццё.
Спосаб на поспех у каханні
Фідзяль крышыў пацяруху ў жылаватых далонях. Чэрвеньскае сонца пякло ў карак, чырванелі малінаю адкрытыя рукі пад кароткімі рукавамі белай кашулі. Кароткае вудзільна ўваткнуў у руды бераг. Сачыў за паплаўком.
— Вы што, дзядзька Фідзяль, думаеце звабіць на гэта сур’ёзную рыбку?
Фідзяль павярнуўся сваім каржакаватым целам у бок голасу, туды, адкуль сляпіла амаль летняе сонца. Вывернуў кішэні, вытрас рэшту смецця.
— А ну, прычапіў штучную муху. Дурная рыбка на
такое зловіцца, як і чалавек, — прыжмурыў стары свае выцвілыя вочы на Борку, саракагадовага кавалера, мускулістага, ужо траха палыселага пуцатага бландзіна. — Маеш да мяне важную справу, ці так дзеля прыліку пытаешся пра рыбку?
Борка падышоў бліжэй, моўчкі патупаў, пачухаў патыліцу пад палатнянай кепкай, уважліва ўгледзеўся ў ваду, якая кругамі абводзіла чырвоны паплавок, плюнуў як найдалей ад берага.
— Ффу-у, машкара пачынае збівацца пад карчамі, — заўважыў, — мусі на дождж пад вечар. — Зараз будзе лепш кляваць. А ты тут не палохай мне ўлоў, адразу кажы, па што прыйшоў, Борка, — штурхнуў яго пад бок Фідзяль. — He ўстыдайся!
— У мяне справа сур’ёзная. Сакрэтная. He месца тут яе рашаць...
— Гавары, гавары. Тут нас ніхто не пачуе. Адчыніць які сурок табе трэба, замовіць што, ці даць якое прываротнае зелле на каханне?..
— О, во-во! Каб хоць на мяне Галенка глянула!
— To ты якую сабе дзеўку выбраў? Чыя яна сама будзе?
— To ж Анісімава Галенка.
— To ж дзіця яшчэ, толькі што ў пяску гуляла.
— Ужо матуральны дыплом у сельскагаспадарчай школе зрабіла, у тэхнікуме.
— Ну, то ў нас у вёсцы яе не затрымаеш, не! Вучоная.
— Але, дзядзечка Фідзяль, вы ж такі шпец ад чараў, ну, дайце мне якое зелле ці замову, каб мяне захацела.
— Ну, добра, Борка, дам табе такое, дам, але глядзі, як дзеўка ўкляпаецца ў цябе, то валамі яе ад сябе не адцягнеш. А ці хоць добрая гаспадынька з яе будзе? Плодная? Краса — не найважнейшая справа. Маю Параску насватаў мне мой дзядзька, не найхарошчая з твару, як на дзеўку, была, але баба добрая, анёл не чалавек, і гаспадыня дай божа, і палюбіў я яе як сваю
душу. Памерла пры родах. I так я з тае пары бабыль, дапамагаю людзям, а сам сабе ніяк не дапамог, ды і не шукаў сабе суцехі.
— He ведаю, як там з ёю, дзеўка з выгляду сам мёд. А мне ўжо нават хай кульгавая ці лянівая, абы была. Давайце, Фідзяль, што-кольвек, абы каханне падзейнічала, як гром. Хай трава, хай напой які, нават які парашок магільны, — я чуў, што такое вы калісь давалі. Або пару слоў, што звалілі б яе з ног... Усё зраблю, як скажаце, бо самота ўжо да касці заела...
Пайшлі Фідзяль з Боркам у бок хутара на Зайчым Хвасце, дзе стаяла хата ў засені трох магутных ліп. Вудачку стары закінуў за спіну — зноў не злавіў нічога. Найчасцей трапляліся яму асцістыя плотачкі ці шчупачкі ў мезенец, тую малечу і выпускаў, шкадаваў, або Бегемоту прыносіў. Тоўсты чорны блішчасты кот выбег на сцежку, з надзеяй у жоўтых вачах пачаў церціся ля ног гаспадара, прасіць пачастунку. Фідзель тыцнуў яму пад нос вудачку: глядзі, нічога нямашака, і Бегемот злосна фыркнуў і плітануў у маладое жыта.
— Во жыву з ім адным, як і быць павінна чарадзею. Ну, ты, Борка, хочаш, каб табе даць лякарства на кампанію, і яшчэ, каб каханне было... Мне самому лепш было б чаго напіцца і прыгаварыць якую адзінокую цётачку, але якая пойдзе ў такую глуш, на такое “багацце”! Усе выгоды хочуць. Лепш ісці дагледзіць да смерці якога скручанага раматусам пенсіянерыка ў блёку, чым са мною тут у карчах сядзець, хоць я яшчэ дужы, моц маю, і не зусім лысы...
— А чаму і не, маю на воку для вас бабку як трэба, у вёсцы Янава. Аўтобусам пад яе хату даедзеце. А мне парайце, як здабыць Галенку, заплачу, не пашкадуеце...
— Добра, добра. Палічымся. Шчасцю няма цаны.
Паставіў Фідзяль на стол слоік кампоту і шклянкі,
палез у шкапчык за Кнігай. Доўга глядзеў гараскопы, чарціў нейкія лініі і колцы на лістку пажаўцелай паперы, меркаваў...
— Гэта Кніга мне асталася ад прадзеда Нічыпара. Як паміраць буду, трэба мне будзе каму яе перадаць. Веды тут шмат, не на кожную галаву...
— Я не хачу! — замахаў рукамі Борка. — Каб пасля чэрці мэнчылі?! Ну, дзядзька, сходна там што мне з Галенкай у Кнізе, так ці не?
— Ну, як сказаць... Лёс у вас інакшы. Лепш злаві ты ў Купалле жабку, зачыні яе ў гаршчочак, завяжы яго, засунь у мурашнік. 3 чыстага шкілеціка вазьмі з ножкі костачку загнутую ў кручок, тою косткай і прыцягні дзяўчыну да сябе. А гавары вось што паціху...
Запісаў усё дзядзька Фідзяль Борку на паперцы, бо той ніяк не мог спамятаць рэцэпт.
— А як будзеш мець дзеўкі досыць, той костачкай адпіхні яе ад сябе...
— Што адпіхаць, я хачу мець бабу ў хаце! А цяпер пішыце сабе заметку: Карная Лёнька, з Янава, хата напроціў аўтобуснага прыпынка. Ну, вельмі ж цікава, хто першы будзе піць “горкую гарэлку”!
Нядоўга збіраўся Фідзяль да цёткі Лёнькі, заехаў ранішнім аўтобусам яшчэ ў чэрвені. Цётка не спадзявалася сватаў і не думала пра жаніцьбу, але на тое “чараўнік” ведаў свае чары, каб спадабацца вясёлай удавіцы. Файная з іх пара — сцвердзілі і старыя, і маладыя: кругленькая, мілавідная жвавая бабулька і жылісты дужы дзед, разважлівы і вучоны. За Пакрову абое ўжо сядзелі ў добра напаленай хаце на Заячым Хвасце над Нарвай (нічога, што да аўтобуса адсюль далей).
Борку таксама ўдалося — на Купалле злавіў зялёную жабку, са слязамі ў вачах усадзіў бедную ў завязаны анучкай рандэлек ды загроб у мурашнік. На забаве прыцягнуў гарачую дзеўку чыстай костачкай, прыціснуў Галенку ў танцы, нашаптаў “чары-мары” ў
вушка, а тая і не была супраць. Справа пайшла хутка і з пажаданым Борку вынікам — Галенка зранку прачнулася ў Боркавым разбэрсаным ложку.
А зранку відней — сёмы месяц. Або і восьмы, калі на цвярозае вока.
Спахапіўся Борка, выцягнуў з кішэні пакамечаных нагавіц жабіну ножку, тыцнуў каханцы ў грудзі: ідзі прэч! I дзяўчына злезла з пасцелі ды пайшла дахаты.
Вырадак
Алене Май не жылося добра ў ейнай сям’і. Усе пра гэта ведалі — і суседзі, і паліцыя, і сямейны суд. Чаму? Вядома, як гэта бывае. Чымсьці ў сужонстве “не дапасаваліся”, як кажуць людзі. Выйшла Алена замуж добра, ледзь абсохла “матуральнае” пасведчанне, за багатага і нестарога яшчэ мужчыну, з кватэрай у пяць пакояў, з аўтамашынай. Мужык яе на выгляд добры чалавек — ветлівы для суседзяў, кожнаму першы “дзень добры” дасць, заўсёды ахвочы да дапамогі — нават грашыма амаль чужых людзей ратаваў. I нябрыдкі — на вуліцы яны ўтрох, з чатырохгадовым бялявым хлопчыкам вельмі прыгожа глядзеліся, — толькі прыклад з іх можна было браць. Адам Май, працуючы шмат і амаль без выхадных і канікул, не шкадаваў грошай і клопату, каб маладая жонка з дзіцём жылі добра, высылаў іх на курорты, нават за мяжу.
Алена Маіха, падгадаваўшы дзіцё з дапамогай нянькі да трох гадоў, адправіла яго ў садок. Вазіла малога на сваёй апошняй машыне, якую атрымала ад мужа на імяніны — макавым “Фіаце-чынквечэнта”, пасля ехала купіць сабе “абноўку”. Вярталася ў розны час, і малы, бывала, доўга заседжваўся ў садку, калі
ўжо ўсе бацькі забралі сваіх дзяцей, чакаў маму. Да трох гадоў меў шмат нянек, усе былі цёці файныя, падабаліся Фэлюсю амаль усе, толькі не ўсе маглі дагадзіць мамулі — то былі запрыгожыя, то заразумныя, то занадта іх хваліў тата... Алена не працавала, бо якія ж грошы атрымлівала б, як сакратарка нават у добрай фірме і пры добрым дырэктары; больш магла мець за тое, што сядзіць дома. На тое ўзяў Адам Май такую прыгожую дзяўчыну, каб была аздобай і цешыла вока пана дому і тых, каму хацеў яе паказаць.
Вядома, кожны чалавек заняты сваімі справамі. Хіба што толькі хворыя збыткам цікаўнасці плеткары нахабна заглядаюць бліжнім пад покрыўку гаршкоў. Бачылі людзі маладую прыстойную сям’ю, шмат хто ёй зайздросціў, і раптам пачалі прыходзіць павесткі з суда да суседзяў, як да сведкаў.
Дома ў Маеў бывалі па некалькі разоў толькі Вікторыя Супрунчыха, пенсіянерка, якая адразу пасля пасялення ў блёку наведала ўсіх суседзяў і прадставілася ім, і Януш Кавальчук, “залатая ручка”, якога разы тры прыгожая суседка прасіла дапамагчы пры хатніх аварыях. Пані Вікторыя не магла нахваліцца: такая вялізная кватэра, але, на яе думку, зусім небагата абстаўлена. Пакоі ўсе пабелены, мэбля або чорная або светлая, скураныя канапы і фатэлі, процьма кніг на паліцах. Цётка Вікторыя лічыць, што багацце відно найбольш па выстаўках крышталю на сценках-рэгалах, а тут нават тыя сценкі як не сценкі, a чорт ведае што. Дыван толькі адзін, і то нейкі як канапляны, ці што, усюды на падлозе якаясь цэгла, a не гладзенькія пліткі, а на сценах багамазы ў простых рамах. Апаратаў толькі многа — то нейкія экраны, то слупы, з якіх слухаюць музыку, а як загудзяць яны, то як арган у касцёле чуеш... Рэха! Вось прастор, калі некаторыя ціснуцца ў сваіх клетках! I як чыста — тры разы ў тыдзень прыходзіць пакаёўка, прыбірае. У
малога свой пакой, і, папраўдзе, Фэлюся зусім не чуваць, таропіцца ў камп’ютэр, ледзь яго адгоніш, вочы сабе марнуе... А Януша Кавальчука захапляла ўсё ў гэтай кватэры, а найбольш адмысловыя краны ў блакітнай лазенцы з паўкруглай ваннай і агромністай кухні-сталовай... Вось жывуць жа людзі!
Што маглі сказаць сведкі ў судзе? He бачылі ж, што тварылася ў хаце сужонства Маяў. He бачылі, але чулі! Як тут не ўчуць, як пані Алена просіць ратунку, вішчыць немым голасам, нясецца страшэнны ляскат і грукат, валіцца нешта на падлогу, аж сцены трасуцца!? He ўсе чулі, бо крыкі былі паміж дзесятай і поўднем або паўгадзінкі да трэцяй. Дзякуй Богу — дзіцё не бачыць, як бацька-вырадак мардуе матку! Вызывалі паліцыю і суседзі, і спадарыня Май, але паліцыянты або не хацелі ўмешвацца ў “сямейную справу”, або прыязджалі тады, калі гаспадара не было ўжо дома. Ніхто з суседзяў ніколі не прыбег на ратунак.